Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:
Што ж яшчэ засталося ў мяне?
– Стомленае, дзёрзкае сэрца; нясталая воля; панiклыя крылы; змуляны хрыбет.
А пошукi маёй радзiмы! О Заратустра, ты ведаеш, што пошукi гэтыя былi цяжкiм выпрабаваннем, i вось растае мая сiла.
"Дзе ж мой дом?" - пра гэта i пытаўся я i нястомна шукаў яго, але так i не знайшоў. О вечнае "Усюды", вечнае "Нiдзе", о вечнае "Марна"!
Так гаварыў цень, i выцягваўся твар у Заратустры ад яго слоў. "Так, ты мой цень!
– вымавiў ён нарэшце жалобна.
Немалая
Такiя валацугi, як ты, канчаюць так, што нават турма здаецца iм шчасцем. Цi бачыў ты калi, як спяць злачынцы ў вязнiцы? Яны спяць спакойна, цешацца такой нязвыклай у iх бяспекаю.
Сцеражыся, каб урэшце не захапiла цябе якая-небудзь вузкая вера, прывiд нерухомы i суровы! Бо вось ужо i цяпер цябе спакушае i паняверыць усё абмежаванае i непарушнае.
Ты страцiў мэту: шкада, як знябыцца, як пазбыцца табе гэтай страты? Разам з мэтаю ты страцiў i шлях?
Нябогi бадзяга, летуценнiк, стомленая матылка! Цi не хочаш ты на гэты вечар здабыць прыстанак i спакой? Iдзi ж наверх у маю пячору!
Вось дарога, яна завядзе да пячоры. А я спяшаюся i пакiну цябе. I быццам ужо нейкi цень насоўваецца на мяне.
Каб зноў засвятлела вакол мяне, пайду далей адзiн. Бадзёрасць i радасць, а няхай жа яны будуць са мною ў дарозе! А ўвечары ў мяне будуць танцы!.."
Так сказаў Заратустра.
Аполуднi
А Заратустра ўсё бег i нiкога больш не сустракаў. Шмат гадзiн быў ён адзiн, знаходзiў сябе зноў i зноў, сёрбаў сваю адзiноту, цешыўся асалодай i думаў пра розныя добрыя рэчы. Але аполуднi, калi сонца стаяла проста над галавой, ён праходзiў каля старадрэвiны, крывое, з гузаватымi сукамi, любоўна i шчодра ўвiтае вiнаграднай лазой i схаванае ёю ад самое сябе: сакавiтыя жоўтыя гронкi звiсалi з дрэва на спакусу дарожнiку. Заратустра ўжо хацеў быў спатолiць лёгкую смагу i нават працягнуў быў руку па гронку, калi iншае, мацнейшае жаданне апанавала яго, захацелася яму легчы апоўднi ў зацiшку дрэва i заснуць.
Так ён i зрабiў; i як толькi лёг сярод таямнiчай цiшынi разнатраўя, адразу забыўся пра смагу i заснуў. Бо, як кажа Заратустрава прымаўка, патрэба за патрэбу патрэбнейшая. Але вочы яго не спалi: не маглi яны наталiцца раскошаю дрэва i любоўю лазы вiнаграднай i нахвалiцца iмi. А засынаючы, так казаў Заратустра сэрцу свайму:
"Цiха! Цiха! У гэтую хвiлiну свет цi ж зрабiўся дасканалы? Што са мною?
Як пяшчотны вятрэц нябачна скача па цiхiм, гладкiм моры, лёгкi, быццам пёрка, так сон скача па мне.
Ён не стуляе вачэй маiх, душа мая чувае. Сапраўды, няважкi ён, быццам парушынка!
Ён угаворвае мяне, сам не ведаю - як? Аднекуль з сярэдзiны падае ён ласкавую руку i злёгку дакранаецца да мяне;
Яна выцягваецца i робiцца доўгая-доўгая! Цiха ляжыць яна, дзiўная, душа мая. Надта многа добрага скаштавала яна, i ёй дакучае залатая журба, i крывяцца вусны ў яе.
Быццам карабель, якi ўваходзiць у цiхую бухту i прычальвае да берага, стомлены доўгiмi падарожжамi i невядомымi морамi. Хiба ж зямля не надзейнейшая?
– быццам карабель, якi прыстае, "прынiкае да зямлi, - i цяпер даволi павуку працягнуць да берага сваю павуцiну - i не трэба мацнейшага прычала;
– быццам стомлены карабель у цiхай затоцы, адпачываю цяпер i я паблiзу зямлi - даверлiвы, верны, чакальны, прывязаны да яе найтанчэйшымi нiткамi.
О шчасце! О шчасце! Ты ляжыш на траве, душа мая; цi не хочаш ты спяваць? Але ў гэтую таямнiчую, урачыстую гадзiну нiводзiн пастух не грае на жалейцы.
Сцеражыся! Спякотлiвы полудзень спачыў на нiвах. Не спявай! Цiха! Свет удасканалiўся!
Не спявай, палявая птушка, душа мая! Не гавары нават шэптам! Зiрнi навокал так цiха! Спiць стары полудзень, варушыць губамi ў сне: цi не п'е ён у гэтую хвiлiну сваю кроплю шчасця,
– бурштынавую кроплю шчасця, старога залатога вiна? Непрыкметна прабягае па старым полуднi ягонае шчасце i смяецца. Так смяюцца багi. Цiха!
"О, як мала трэба для шчасця!" - так казаў я калiсьцi i думаў, што я разумны. Але цяпер зразумеў, што гэта была няпраўда. Мудрыя вар'яты гавораць лепей.
Бо ўсё сама малое, сама цiхае i найлягчэйшае: шэлест яшчаркi, подых ветрыку, iмгненне - малое, вось што ёсць знак найлепшага шчасця. Цiха!
Што са мною: прыслухайся! Цi не адляцеў час прэч? Цi не падаю я? Цi не ўпаў я ў крынiцу вечнасцi?
Што са мною? Цiха! Я паранены - на жаль - у сэрца? У сэрца? О, разбiся, разбiся, сэрца, пасля такога шчасця, ад такое раны!
Што? У гэтае iмгненне свет не зрабiўся мне дасканалы? Круглы i спелы? О, куды ён iмчыцца, залаты шар? Пабягу за iм!
Цiха!" (I тут Заратустра пацягнуўся i зразумеў, што спаў.)
"Уставай, лежань!
– сказаў ён сабе.
– Уставай, калi заснуў апоўднi! Ану, падымайцеся, старыя ногi! Пара, даўно пара, яшчэ немалы кавалак дарогi перад вамi.
Вось вы i выспалiся, а цi доўга спалi? Паўвечнасцi! Ну, падымайся ж, старое сэрца! Цi многа часу табе трэба, каб прачнуцца пасля такога сну?"
(Але тут ён зноў заснуў, а душа ўсё адгаворвала яго, супрацiўлялася i прылегла зноў.) "Пакiнь мяне! Цiха! У гэта iмгненне свет цi ж не ўдасканалiўся? О залаты шар!"