Тры таварышы
Шрифт:
Нехта прапанаваў трыста марак.
— Чатырыста, — сказаў Гвіда.
— Чатырыста пяцьдзесят, — павагаўшыся, сказаў мужчына ў сіняй рабочай кашулі.
Гвіда дагнаў да пяцісот. Аўкцыёншчык паўтарыў, пазіраючы на прысутных. Мужчына ў сарочцы маўчаў. Гвіда падміргнуў мне і падняў чатыры пальцы.
— Шэсцьсот, — сказаў я.
Гвіда заматляў галавой і даў семсот. Я працягваў дабаўляць. Гвіда ў адчаі гнаўся. Калі дайшло да тысячы, ён пачаў рабіць мне знакі закляцця, паказваючы мне на пальцах, што я магу зарабіць яшчэ сотню. Ён заявіў тысячу дзесяць. Калі ён пачуў «тысяча
— Тысяча сто дзесяць!
Я заявіў тысячу сто дзевяноста, спадзеючыся, што ён дасць тысячу дзвесце. Я ўжо рашыў спыніцца.
Але Гвіда раз'юшыўся. Ён раззлаваўся, думаючы, што я яго выцясняю. Раптам ён даў тысячу трыста. Я хутка ўзважыў. Калі б ён сапраўды хацеў купіць, то на тысячы двухстах ён спыніўся б. Цяпер ён помсціў мне і паддаваў азарту. Пасля нашай размовы ён быў упэўнены, што я буду таргавацца да паўтары тысячы, і не бачыў небяспекі.
— Тысяча трыста дзесяць, — сказаў я.
— Тысяча чатырыста, — хутка адказаў Гвіда.
— Тысяча чатырыста дзесяць, — павагаўшыся, даў я.
Я баяўся трапіць у пастку.
— Тысяча чатырыста дзевяноста! — Гвіда глянуў на мяне пераможна і кпліва. Ён быў упэўнены, што добра падкузьміў мяне.
Я вытрымаў яго позірк і прамаўчаў. Аўкцыёншчык паўтарыў суму адзін раз, другі і падняў малаток. У той момант, калі ён стукнуў, аддаючы машыну Гвіда, пераможны выраз твару ў яго змяніўся на здзіўлены. Нічога не разумеючы, ён падышоў да мяне.
— Я думаў, што вы хочаце…
— Не, — сказаў я.
Ён апамятаўся і схапіўся за галаву.
— Чорт! Цяжка будзе растлумачыць у фірме! Я думаў, вы дадзіцё паўтары тысячы. І ўсё ж — хоць на гэты раз я забраў у вас гэту тачку!
— Што і трэба было, — сказаў я.
Гвіда не зразумеў. Толькі калі ён убачыў Кёстэра, які падыходзіў да нас, да яго дайшло, і ён учапіўся сабе ў валасы.
— О божа, гэта ваша машына? Асёл я, дурны асёл! Паддаўся! Клюнуў! Гвіда, так табе і трэба! Трапіць на элементарны падвох! Але няхай сабе! Самыя бывалыя хлопцы трапляюць на прасцейшую нажыўку. Але я сваё вазьму.
Ён сеў за руль і паехаў. Мы глядзелі ўслед машыне, і на душы ў нас было не вельмі радасна.
Аполудні прыйшла Мацільда Штос. Трэба было разлічыцца з ёй за апошні месяц. Кёстэр аддаў ёй грошы і абяцаў пагаварыць з новым гаспадаром майстэрні. Можа, ён возьме яе прыбіральшчыцай. Юпа мы ўжо ўладкавалі да яго. Але Мацільда пахітала галавой.
— Не, пан Кёстэр. Не хачу. Косці ўжо не гнуцца.
— Што ж вы будзеце рабіць? — спытаў я.
— Пайду да дачкі. Яна замужам у Бунцлаў. Вы чулі пра Бунцлаў?
— Не, Мацільда.
— Пэўна, пан Кёстэр чуў.
— Таксама не, фраў Штос.
— Дзіўна, — сказала Мацільда. — Ніхто не чуў пра Бунцлаў. Я ўжо шмат у каго пыталася. А мая дачка ўжо дванаццаць гадоў як там замужам. За сакратаром канцылярыі.
— Тады Бунцлаў, напэўна, ёсць на свеце. Можаце быць упэўненая. Раз там жыве сакратар канцылярыі…
— Я і кажу. Але ўсё роўна смешна, што ніхто не чуў, праўда?
Мы пагадзіліся.
— А чаму вы за ўвесь час там не былі ні разу? — спытаў я.
Мацільда
— Так атрымалася. Але трэба ехаць да дзяцей. У іх ужо чацвёра.
— Мне здаецца, што ў той мясцовасці робяць нядрэнны шнапс, — сказаў я. — Слівоўку ці нешта такое…
Мацільда махнула рукой.
— У тым якраз і справа. Мой зяць належыць да тых, хто зусім не п'е.
Кёстэр дастаў з апусцелых паліц апошнюю бутэльку.
— Ну, фраў Штос, тады нам трэба кульнуць па чарцы на развітанне.
— Я — за, — сказала Мацільда.
Кёстэр паставіў на стол чаркі і наліў. Мацільда каўтнула ром так хутка, быццам выліла яго ў рэшата. Яе верхняя губа ўздрыгнула, а вусы захадзілі хадуном.
— Яшчэ адну? — спытаў я.
— Не адмоўлюся.
Яна выпіла яшчэ адну вялікую чарку і развіталася.
— Усяго найлепшага ў Бунцлаў, — сказаў я.
— Дзякую шчыра. Але ці не смешна, што яго ніхто не ведае, праўда?
Яна выйшла, хістаючыся. Мы яшчэ нейкі час пастаялі ў пустой майстэрні.
— Можна і нам ісці, — сказаў Кёстэр.
— Можна, — адказаў я. — Больш нам тут няма чаго рабіць.
Мы выйшлі і замкнулі дзверы. Потым забралі «Карла». Яго мы не прадалі, і ён стаяў у гаражы непадалёку. Мы заехалі на пошту і ў банк, дзе Кёстэр заплаціў за аўкцыённыя паслугі.
— Зараз я іду спаць, — сказаў ён, вярнуўшыся. — Ты потым будзеш дома?
— Я сёння цэлы вечар вольны.
— Добра, я прыйду ў восем.
Мы пасядзелі ў маленькім загарадным шынку, а потым вярнуліся ў горад. На першай жа вуліцы ў нас лопнула пярэдняе кола. Мы замянілі яго. «Карла» даўно не мылі, і я моцна запэцкаўся.
— Трэба было б памыць рукі, Ота, — сказаў я.
Непадалёк было даволі вялікая кавярня. Мы зайшлі ў яе і селі за столік каля дзвярэй. На наша здзіўленне, кавярня была амаль поўная. Іграў жаночы ансамбль, панавала ажыўленне. На аркестрантках былі стракатыя папяровыя шапачкі, многія наведнікі былі ў маскарадных вопратках, над столікамі лёталі стужкі серпанціну, паветраныя шары плавалі пад столлю, афіцыянты бегалі з поўнымі падносамі. Памяшканне было напоўнена рухам, смехам, шумам.
— Што тут адбываецца? — спытаў Кёстэр.
Суседка-бландзінка абсыпала нас жменяй канфеці.
— Адкуль вы зваліліся? — засмяялася яна. — Няўжо не ведаеце, што сёння першы дзень мясаеда?
— Ах, вось што, — сказаў я. — Тады прыйдзецца вымыць рукі.
Мне трэба было прайсці праз усю залу, каб трапіць да ўмывальнікаў. На нейкі час дарогу мне заступілі п'яныя, якія ўздымалі на стол жанчыну, каб яна спела ім. Жанчына з віскам супраціўлялася, стол перавярнуўся, а разам са сталом пападалі і людзі. Я пачакаў, пакуль вызваліцца праход, ды раптам мяне нібы ток працяў. Я здранцвеў, зала паплыла, усё знікла — і шум, і музыка, — засталіся толькі невыразныя мігатлівыя цені. Але выразна, незвычайна рэзка і ясна мне бачыўся стол, адзіны стол, а за сталом — малады чалавек у блазнерскім каўпаку на галаве. Ён абдымаў дзяўчыну, якая была на падпітку. Шкляны тупы позірк, вельмі тонкія губы, а пад сталом — светла-жоўтыя, прыкметныя, начышчаныя да бляску крагі.