Тры таварышы
Шрифт:
Ён здзіўлена зірнуў, але не вельмі ўзрадаваўся. Ён не пазнаў мяне і зусім засаромеўся, калі Пат звярнула яго ўвагу на маю асобу.
— Вось як бывае, — сказаў я. — Дзякуй богу, што ў людзей крыху лепшая памяць. А дзе ж ён быў учора?
Пат засмяялася.
— Ён увесь час ляжаў пад ложкам. Ён раўнуе да маіх гасцей і ад злосці хаваецца.
— У цябе цудоўны выгляд, — сказаў я.
Яна шчаслівымі вачыма глянула на мяне. Потым наблізілася да «Карла».
— Хочацца зноў пасядзець у машыне і крыху пакатацца.
— Вельмі проста, — сказаў я. — Праўда, Ота?
— Без сумнення. На вас цёплае паліто, а ў нас ёсць яшчэ шалі і коўдры.
Пат села наперадзе
Мы выехалі з вёскі. Быў надвячорак, заснежаныя палі, асветленыя нізкім сонцам, паблісквалі ружовымі іскрамі. Некалькі стагоў сена, амаль занесеныя белым снегам, стаялі пад гарой. Апошнія лыжнікі маленькімі кропкамі скочваліся ў даліну. Пры гэтым яны праслізгвалі па чырвоным сонцы, якое вялізным шарам яшчэ раз паказалася з-за адхону, — вялізны ком сухога жару.
— Вы ўчора тут праязджалі? — спытала Пат.
— Праязджалі.
Машына ўскараскалася на вяршыню першай гары. Кёстэр спыніўся. Від адсюль зверху быў дзівосны. Напярэдадні, калі мы з цяжкасцю прабіраліся праз ледзяны сіні вечар, мы глядзелі толькі на дарогу.
За горнымі скаламі адкрывалася маляўнічая даліна. Абрысы далёкіх гор рэзка і выразна вылучаліся на фоне светла-зялёнага неба. Яны свяціліся золатам. Залацістыя плямы, нібы пыл, ляжалі на заснежаных адхонах вяршынь. Горныя схілы з кожнай хвілінай усё больш набывалі шыкоўны светла-ружовы колер, а сінія цені рабіліся ўсё цямнейшымі. Сонца стаяла якраз паміж дзвюма полымнымі вяршынямі, а шырокая даліна са сваімі пагоркамі і схіламі здавалася магутным, нямым, бліскучым парадам перад уладаром, які вось-вось схаваецца за небакраем. Фіялетавая стужка дарогі вілася вакол пагоркаў, знікала, зноў з'яўлялася, зацямнялася на паваротах, прабягала міма вёсак і ўпіралася якраз на перавале ў небасхіл.
— Так далёка ад вёскі я яшчэ ніколі не была, — сказала Пат. — Гэта дарога вядзе дадому?
— Так.
Яна маўчала, глядзела ўніз. Потым выйшла з машыны і засланіла даланёй вочы ад сонца.
— А колькі да горада? — спытала яна.
— Каля тысячы кіламетраў. У маі мы паедзем дадому. Ота забярэ нас.
— У маі, — паўтарыла яна. — Божа мой, у маі.
Сонца паволі садзілася. Даліна ажывала. Цені, якія да гэтага нерухома хаваліся ў складках зямлі, пачалі бясшумна вылазіць і паўзці ўсё вышэй, нібы сінія агромністыя павукі. Пахаладала.
— Трэба вяртацца, Пат, — сказаў я.
Яна зірнула на мяне, і яе твар раптам перамяніўся, нібы ад болю. Я імгненна заўважыў, што ёй усё вядома. Яна ведае, што ўжо ніколі не перасячэ гэты бязлітасны горны ланцуг на гарызонце, яна гэта ведае, але хоча схаваць, так, як і мы хочам схаваць гэта ад яе, але на нейкае імгненне яна страціла пільнасць, і ўвесь зямны боль выглянуў з яе вачэй.
— Давайце яшчэ крыху праедзем, — сказала яна. — Зусім крышачку ўніз.
— Паехалі, — сказаў я, зірнуўшы спачатку на Кёстэра.
Яна села каля мяне на задняе сядзенне, я абняў яе і накрыў нас коўдрай. Машына павольна пачала спускацца ўніз, у даліну, у цені.
— Робі, каханы, — шаптала Пат мне на вуха, — здаецца, мы едзем дадому, назад у наша жыццё.
— Праўда, — сказаў я і нацягнуў на яе коўдру да шыі. Чым ніжэй мы спускаліся, тым цямней рабілася. Пат была ўся ўхутана ў коўдры. Яна засунула руку мне пад сарочку на грудзі, я адчуваў яе
Асцярожна, каб яна не заўважыла развароты, Кёстэр павярнуў машыну да рыначнай плошчы наступнай вёскі, апісаўшы вялізную дугу, і мы паволі паехалі назад.
Калі мы дабраліся да вяршыні, сонца ўжо зайшло. На ўсходзе паміж воблакамі ўжо плыў бледны і чысты месяц. Мы ехалі назад, ланцугі аднастайна стукалі, перабіраючы зямлю. Зрабілася вельмі ціха, я сядзеў нерухома, адчуваючы слёзы Пат сэрцам, быццам там крывяніла рана.
Праз гадзіну я сядзеў у холе. Пат пайшла ў свой пакой, а Кёстэр накіраваўся на метэаралагічную станцыю, каб даведацца пра надвор'е. На дварэ сцямнела, вакол месяца пралегла светлая палоска, за вокнамі панаваў вечар, шэры і мяккі, як аксаміт. Неўзабаве падышоў Антоніа і сеў за мой столік. За адным з суседніх столікаў сядзеў чалавек, круглы, як гарматнае ядро, у грубым шарсцяным пінжаку і кароценькіх штанах-гольфах. У яго быў твар немаўляці з адтапыранымі вуснамі і халоднымі вачыма. Круглая чырвоная лысіна блішчала, як більярдны шар. Побач з ім сядзела хударлявая жанчына з глыбокімі ценямі пад вачыма, з пакутлівым журботным тварам. Таўстун быў ажыўлены, яго галава ўвесь час круцілася, ружовыя ручкі ўвесь час абводзілі плаўныя кругі.
— Цудоўна тут наверсе, проста шыкоўна! Гэтая панарама, гэта паветра, гэта абслуга! Тут сапраўды добра…
— Бернгард, — ціха прамовіла жанчына.
— Дальбог, мне хоць раз так пажыць бы спешчана, так дагледжана… — Ён тлуста рагатнуў. — Ну, хоць ты пакарыстайся…
— Ах, Бернгард, — бездапаможна сказала жанчына.
— А што, а што, — весела зашумеў таўстун. — Лепш і быць не можа! Ты тут нібы ў раі! Ты ўяўляеш сабе, што робіцца ўнізе? А мне заўтра трэба зноў у гэтую мітусню! Радуйся, што ты не бачыш нічога гэтага. Што ж, я вельмі рады быў убачыць, што табе тут добра.
— Бернгард, мне не добра, — сказала жанчына.
— Але, міленькая, — завуркатаў Бернгард, — не капрызнічай! Што я магу сказаць? Увесь час у клопатах, усюды банкруцтвы, падаткі… ну, але працуеш…
Жанчына маўчала.
— Спрытнюга, — сказаў я Антоніа.
— І яшчэ які! — адказаў той. — Ён прыехаў сюды пазаўчора і не дае жанчыне слова сказаць, дабіваючы яе сваімі: «Табе тут цудоўна!» Ён не хоча нічога бачыць, ведаеце, — ні яе страху, ні хваробы, ні адзіноты. Магчыма, ён ужо даўно жыве ў Берліне з іншай такой самай куляй, як сам, а сюды ездзіць ужо паўгода, выконваючы абавязак, паціраючы рукі, нахабна жартуючы, думаючы толькі пра сябе. Толькі каб нічога не чуць! Такое тут не рэдкасць!
— Даўно тут гэтая жанчына?
— Каля двух гадоў.
Гурт маладых людзей са смехам прабег праз хол.
— Вяртаюцца з пошты. Паслалі Роту талеграму.
— Хто гэта — Рот?
— Гэта той, хто ад'язджае першы. Яны тэлеграфавалі яму, што яму нельга ехаць дадому, бо там эпідэмія грыпу, і таму трэба яшчэ застацца тут. Звычайныя жарты. За тое, што ім самім трэба заставацца, разумееце?
Я зірнуў у акно на шэры аксаміт, якім былі завешаны горы. «Усё гэта няпраўда, — падумаў я. — Усё гэта нерэальна, такога не можа быць. Тут толькі нейкі тэатр, дзе злёгку іграюць смерць. Калі сапраўды памірае чалавек, дык гэта жахліва сур'ёзна». Мне хацелася б дагнаць маладых людзей, паляпаць іх па плячы і сказаць: «Тут жа толькі салонная смерць, ці не праўда, а вы толькі вясёлыя артысты, што іграюць смерць. Пасля вы зноў устанеце, каб пакланіцца. Ад павышанай тэмпературы і жорсткага дыхання не паміраюць. Трэба, каб стралялі, паранілі каго-небудзь, тады прыйдзе смерць. Мне гэта знаёма…»