Тры таварышы
Шрифт:
Мяне штурхнуў кельнер. Я, як п'яны, адышоўся крыху і зноў спыніўся. Зрабілася невыносна горача, я калаціўся ўвесь, далоні мае ўзмакрэлі. Цяпер я ўжо бачыў і астальных за сталом. Я пачуў, што яны з нахабнымі тварамі хорам спявалі нейкую песню, адбіваючы па стале такт куфлямі. Мяне зноў нехта штурхнуў.
— Не заступайце ж праход, — прабурчаў нехта.
Я механічна прайшоў далей, знайшоў умывальнікі, памыў рукі. Толькі цяпер я заўважыў, што ледзь не абварыў рукі гарачай вадой. Я вярнуўся.
— Што з табой? — спытаў Кёстэр.
Я не мог нічога вымавіць.
— Табе
Я пахітаў галавой і глянуў на суседні столік, адкуль скоса пазірала бялявая дзяўчына. Раптам Кёстэр збялеў. Яго вочы звузіліся. Ён нахіліўся над сталом.
— Ён? — ціха спытаў.
— Ён, — адказаў я.
— Дзе?
Я паказаў позіркам. Кёстэр павольна ўстаў. Здавалася, што выпростваецца кобра.
— Асцярожна, — шапнуў я. — Не тут, Ота!
Ён адмахнуўся кароткім жэстам і паціху пайшоў наперад. Я быў гатовы кінуцца за ім. Нейкая жанчына насунула яму на галаву зялёна-чырвоную папяровую шапачку. Яна абняла яго. Ота нават не варухнуўся, і яна адчапілася ад яго, здзіўлена гледзячы яму ўслед. Зрабіўшы круг па зале, ён вярнуўся назад.
— Яго ўжо няма.
Я ўстаў і глянуў у залу. Кёстэр гаварыў праўду.
— Ты думаеш, што ён пазнаў мяне? — спытаў я.
Кёстэр паціснуў плячыма. Толькі цяпер ён заўважыў каўпак на галаве і скінуў яго.
— Не разумею. Я ж мыў рукі адну-дзве хвіліны.
— Цябе не было хвілін пятнаццаць.
— Няўжо? — Я яшчэ раз зірнуў на той стол. — Астатнія таксама пайшлі. З імі была яшчэ дзяўчына, яе таксама ўжо няма. Калі б ён пазнаў мяне, ён знік бы, пэўна, адзін.
Кёстэр паклікаў кельнера.
— Тут ёсць другі выхад?
— Ёсць, з другога боку, на вуліцу Гардэнберга.
Кёстэр дастаў з кішэні грошы і падаў кельнеру.
— Пайшлі, — сказаў ён.
— Шкада, — сказала дзяўчына за суседнім столікам і ўсміхнулася. — Такія сур'ёзныя кавалеры.
На вуліцы ў твар нам ударыў вецер. Пасля духаты ў кавярні ён здаўся ледзяным.
— Ідзі дадому, — сказаў Кёстэр.
— Ён быў не адзін, — адказаў я і сеў у машыну.
Машына панеслася. Мы прачасалі ўсе вуліцы вакол кавярні, усё шырэй і шырэй, але нікога не ўбачылі. Нарэшце Кёстэр спыніўся.
— Выслізнуў, — сказаў ён. — Але нічога. Цяпер мы ўжо яго недзе дастанем.
— Ота, — сказаў я, — давай пакінем яго.
Ён зірнуў на мяне.
— Готфрыд мёртвы, — працягваў я на здзіўленне самому сабе. — Ад гэтага ён не ўваскрэсне.
Кёстэр усё яшчэ глядзеў на мяне.
— Робі, — павольна адказаў ён, — я ўжо не памятаю, колькі я забіў. Але я ўсё яшчэ памятаю, як я забіў маладога ангельца. У яго заела патрон, і ён нічога не мог зрабіць. Я быў са сваім кулямётам за некалькі метраў ад яго і бачыў яго спуджаны дзіцячы твар зусім блізка. У яго вачах быў страх. Гэта быў яго першы вылет, мы даведаліся пра гэта пасля. Яму было, можа, васемнаццаць год — і ў гэты спуджаны, бездапаможны прыгожы дзіцячы твар я з двух метраў даў кулямётную чаргу… Галава лопнула, як курынае яйка. Хлопец быў мне незнаёмы, ён не зрабіў мне нічога дрэннага. Мне цяжка было забыць той выпадак, цяжэй, чым звычайна, пакуль я не заглушыў сваё сумленне
— Разумею, — сказаў я.
— А цяпер ідзі дадому. Я хачу давесці справу да канца. Гэта як сцяна. Я не магу прайсці, не разбурыўшы яе.
— Я не пайду дадому, Ота. Калі так, то мы застанемся разам.
— Глупства, — нецярпліва сказаў ён. — Ты мне непатрэбны.
Ён падняў руку, не даючы мне гаварыць.
— Я буду вельмі асцярожны. Я яго сустрэну аднаго, без астатніх, зусім аднаго! Не бойся.
Ён хутка саштурхнуў мяне з сядзення і пакаціў. Я ведаў, што яго цяпер не стрымаць. Я ведаў таксама, чаму ён не ўзяў мяне. Праз Пат. Готфрыда ён узяў бы.
Я пайшоў да Альфонса. Толькі з ім я мог пагаварыць. Я хацеў параіцца з ім, ці нельга штосьці зрабіць. Але Альфонса не было. Заспаная дзяўчына сказала мне, што ён гадзіну таму пайшоў на сход. Я вырашыў пачакаць і сеў за столік.
Кавярня была пустая. Над стойкай гарэла маленькая лямпачка. Дзяўчына села і зноў заснула. Я думаў пра Альфонса і пра Готфрыда, я пазіраў праз акно на вуліцу, якую зараз асвятляла поўня, што паволі плыла над дахамі, я думаў пра магілу за чорным драўляным крыжам са сталёвай каскай, надзетай на яго, і раптам я заўважыў, што плачу. Я выцер слёзы.
Праз нейкі час я пачуў нечыя хуткія, ціхія крокі. Дзверы адчыніліся, увайшоў Альфонс. На яго твары блішчаў пот.
— Гэта я, Альфонс, — сказаў я.
— Хутка сюды!
Я пайшоў за ім у пакой справа за стойкай. Альфонс падышоў да шафы і дастаў два старыя салдацкія перавязачныя пакункі.
— Перавяжы мяне, — сказаў ён і спусціў штаны.
У яго на сцягне была рана.
— Як кулявое раненне, — сказаў я.
— Так і ёсць, — буркнуў Альфонс. — Давай, перавязвай.
— Альфонс, — сказаў я, выпростваючыся. — Дзе Ота?
— Адкуль я ведаю, дзе Ота, — прамармытаў ён і выціснуў кроў з раны.
— Вы былі не разам?
— Не.
— Ты яго не бачыў?
— І не блізка. Разгарні другі пакунак і накладзі зверху. Толькі драпіна.
Ён, нешта мармычучы, займаўся сваёй ранай.
— Альфонс, — сказаў я, — мы бачылі сёння таго… ты ведаеш, які Готфрыда… Ота палюе на яго.
— Што? — Ён адразу насцярожыўся. — Дзе ён? Цяпер ужо не мае сэнсу. Яму трэба пакінуць гэта…
— Ён не пакіне.
Альфонс адкінуў убок нажніцы.
— Едзь туды! Ты ведаеш, дзе ён? Ён павінен знікнуць. Скажы яму, што справа Готфрыда закрыта. Я справіўся раней, чым вы. Ты ж бачыш! Страляў у мяне, але я адбіў яму руку. Потым выстраліў я. Дзе Ота?
— Дзе-небудзь у раёне Мёнкештрасэ.
— Дзякуй богу. Ён там даўно не жыве. Але ўсё ж забяры яго.
Я падышоў да тэлефона і патэлефанаваў на стаянку таксі, дзе звычайна спыняўся Густаў. Ён быў там.
— Густаў, — сказаў я, — ты можаш хутка пад'ехаць да рога вуліцы Візэнштрасэ і плошчы Бальвю? Хуценька! Я чакаю цябе там.