Тры таварышы
Шрифт:
Дзяўчына прынесла цёмна-чырвонае віно. Кёстэр наліў поўныя шклянкі. Сталы былі ўжо ўсе занятыя. Усюды сядзелі і размаўлялі людзі. Я адчуў, што Пат паклала сваю руку на маю.
— Каханы, — сказала яна вельмі ціха і пяшчотна, — я больш не вытрывала б.
XXVI
Я выйшаў з кабінета галоўнага лекара. Кёстэр чакаў мяне ў холе. Убачыўшы мяне, ён устаў. Мы выйшлі на двор і селі на лаўку
— Дрэнна, Ота, — сказаў я. — Горш, чым я думаў.
Міма нас з вясёлым шумам прайшла група лыжнікаў. Сярод іх было некалькі жанчын з шырокімі белазубымі ўсмешкамі на здаровых загарэлых тварах, тлуста змазаных крэмам. Яны крычалі, што хочуць есці, як сабакі. Мы пачакалі, пакуль яны пройдуць.
— І такія вось жывуць, — сказаў я. — Жывуць, здаровыя, як кабыліцы. Як агідна!
— Ты гаварыў з самім галоўным лекарам? — спытаў Кёстэр.
— З ім. Ён мне ўсё растлумачыў з многімі недагаворкамі. Але вынік ясны: стан пагоршыўся. Хоць ён і кажа, што стала лепш.
— Не разумею.
— Ён сцвярджае: калі б яна засталася ў горадзе, то надзея даўно была б страчана. А тут працэс быў запаволены. І гэта ён называе паляпшэннем.
Кёстэр чарціў абцасамі па жорсткім снезе. Потым ён падняў галаву.
— Значыць, у яго ёсць надзея?
— У лекара заўсёды ёсць надзея, гэта частка яго прафесіі. Але ў мяне яе вельмі мала. Я спытаў у яго, ці рабіў ён прадзіманне. Ён адказаў, што ўжо нельга. Некалькі год назад ёй ужо рабілі. Цяпер ужо пашкоджаны абодва лёгкія. Гэта як пракляцце, Ота.
Старая ў растаптаных галёшах спынілася каля нас. У яе быў бледны запалы твар і патухлыя вочы графітнага колеру, якія здаваліся сляпымі. Шыя была закручана старамодным баа з пёраў. Яна няспешна ўзняла ларнетку і паўзіралася на нас. Потым пасунулася далей.
— Агідны прывід!
— А што ён сказаў яшчэ? — спытаў Кёстэр.
— Ён мне растлумачыў, ад чаго магла з'явіцца хвароба. У яго ўжо было шмат пацыентаў такога ўзросту. Гэта — вынікі вайны. Недаяданне ў дзяцінстве. Але навошта мне гэта ўсё? Яна павінна паправіцца. — Я глянуў на яго. — Вядома, ён сказаў мне, што бачыў шмат цудаў. Менавіта пры гэтай хваробе часта здараецца, што працэс спыняецца, ачагі рубцуюцца і чалавек папраўляецца. Нават у самых безнадзейных выпадках. Але я не веру ў цуды.
Кёстэр не адказаў. Мы сядзелі моўчкі. А што было гаварыць? Мы абодва занадта шмат перажылі і пабачылі, каб суцяшацца словамі.
— Яна не павінна ні пра што здагадвацца, Робі, — нарэшце сказаў Кёстэр.
— Вядома, — адказаў я.
Мы сядзелі, чакаючы Пат. Галава ў мяне была пустая. Я не адчуваў нават адчаю, я здранцвеў, быў бяздумны.
— Вось яна, — сказаў Кёстэр.
— Яна ідзе, — сказаў я і ўстаў.
— Прывітанне! — Пат падышла да нас. Яна крыху хісталася і смяялася. — Я крыху зап'янела. Ад сонца. Заўсёды, паляжаўшы на сонцы, я хістаюся, як стары марак.
Я зірнуў на яе,
— Што гэта ў вас за твары? — спытала яна.
— Гарадскія твары, што не адпавядаюць месцу, — сказаў Кёстэр. — Не можам прывыкнуць да сонца.
Яна засмяялася.
— У мяне сёння добры дзень. Без тэмпературы. Мне можна выйсці. Сходзім у вёску, вып'ем там чарку.
— А ці не паехаць нам лепей на санях?
— Дайду пехатой, — сказала Пат.
— Я ведаю, — сказаў Кёстэр. — Але я ніколі не ездзіў на такой штуковіне. Хачу паспрабаваць.
Мы паклікалі фурмана і паехалі ўніз па звілістай дарозе ў вёску. Мы спыніліся каля кавярні з маленькай сонечнай тэрасай. Там ужо сядзела шмат наведнікаў, і сярод іх я пазнаў сяго-таго з санаторыя. Тут быў таксама італьянец, якога я бачыў у бары. Яго звалі Антоніа. Ён падышоў да нашага століка, каб павітацца з Пат. Ён расказаў, што нейкія жартаўнікі мінулай ноччу выкацілі ложак з сонным хворым з пакоя і завезлі ў пакой старой настаўніцы.
— Навошта яны гэта зрабілі? — спытаў я.
— Ён паправіўся і праз некалькі дзён ад'язджае, — адказаў Антоніа. — У такіх выпадках жартуюць гэтак.
— Славуты чорны гумар тых, хто застаецца, каханы, — сказала Пат.
— Тут, у санаторыі, людзі дзяціняцца, — прамовіў Антоніа, нібы прабачаючы ім.
«Паправіўся, — падумаў я. — Нехта паправіўся і вяртаецца дадому».
— Чаго ты хацела б выпіць, Пат? — спытаў я.
— Марціні. Сухога марціні.
Па радыё паліліся гукі венскіх вальсаў. Здавалася, што ў цёплым летнім паветры залуналі лёгкія светлыя сцягі. Кельнер прынёс віно. Яно было вельмі халоднае і, калі сонца трапляла на яго, іскрылася перламутрам.
— Як добра пасядзець вось так, праўда? — спытала Пат.
— Выдатна, — адказаў я.
— Але часам гэта бывае невыносна, — сказала яна.
Мы засталіся ў вёсцы да абеду. Пат гэта вельмі падабалася. У апошні час ёй не дазвалялі выходзіць з санаторыя. Гэта быў яе першы выхад. Яна сказала, што адчувае сябе ў два разы здаравейшай, калі абедае ў вёсцы. Антоніа таксама палуднаваў з намі. Потым мы зноў паехалі наверх, і Пат пайшла ў свой пакой. Яна хацела дзве гадзінкі адпачыць.
Мы з Кёстэрам вывелі «Карла» з гаража і агледзелі яго. Трэба было замяніць дзве паламаныя рысоры. У майстра з гаража знайшліся інструменты, і мы ўзяліся за справу. Потым мы змазалі шасі. Калі ўсё было гатова, мы выкацілі яго на вуліцу. Ён стаяў на снезе, абпырсканы гразёй і з абвіслымі вушамі.
— Памыем яго? — спытаў я.
— Не, у дарозе не будзем, — сказаў Кёстэр. — За гэта ён пакрыўдзіцца.
Падышла Пат. Яна выспалася і пасвяжэла. Вакол яе весела бегаў сабака.
— Білі! — клікнуў я.