Тры таварышы
Шрифт:
Я зняў з шафы чамадан. Гэта быў чамадан Ленца са стракатымі наклейкамі гатэляў. Я хутка ўпакаваўся і сказаў пра ад'езд фраў Залеўскі і гаспадару «Інтэрнацыяналя». Потым сеў у сваім пакоі каля акна, чакаючы Кёстэра. Было вельмі ціха. Я думаў пра тое, што заўтра вечарам буду ў Пат, і раптам мяне ахапіла гарачае, дзікае нецярпенне, перад якім усё астатняе адступала — страх, трывога, журба, адчай. Я заўтра вечарам буду з ёй, гэта было шчасце, якое цяжка нават уявіць сабе, тое, у што я ўжо амаль не верыў. З часу нашага расстання так шмат было страчана.
Я ўзяў чамадан і спусціўся ўніз. Раптам усё прыблізілася і пацяплела:
— Я ўзяў дзве коўдры, — сказаў Кёстэр. — Будзе холадна. Ухутайся як след.
— Мы павядзём машыну па чарзе? — спытаў я.
— Так. Але спачатку паеду я. Я не паспаў аполудні.
Праз паўгадзіны мы выехалі з горада, і нас паглынула бязмежная маўклівасць халоднай месячнай ночы. Дарога белай стужкай збягала за гарызонт. Было так светла, што мы не ўключалі фараў. Шум матора быў падобны да нізкіх гукаў аргана, але ён не парушаў цішыні.
— Табе трэба паспаць, — сказаў Кёстэр.
— Не магу, Ота.
— Тады хоць прыляж, каб заўтра раніцай быць свежым. Нам трэба праехаць праз усю Германію.
— Я і так адпачну.
Я сядзеў побач з Кёстэрам. Месяц павольна плыў над намі. Палі блішчалі, як перламутр. Час ад часу міма праляталі вёскі, зрэдку — горад, сонны, пусты. Цясніны вуліц паміж радамі дамоў былі залітыя прывідным месячным святлом, якое ператварала ноч у фантастычнае кіно.
…Пад раніцу зрабілася холадна. Лугі раптам заблішчалі ад інею, дрэвы, як сталёвыя, стаялі на фоне пабляклага неба, у лесе пачаў прачынацца вецер, з комінаў там-сям паплыў дым. Мы памяняліся месцамі, і да дзесяці гадзін руляваў я. Потым мы хуценька паснедалі ў шынку каля дарогі, і да дванаццаці я зноў вёў машыну. А потым Кёстэр зноў сеў за руль. Ота ездзіў хутчэй, і я больш не падмяняў яго.
На змярканні мы пад'ехалі да гор. У нас у машыне былі ланцугі на колы і рыдлёўка. Мы спыталі, ці далёка яшчэ можна ехаць на машыне.
— Паспрабуйце з ланцугамі, — сказаў сакратар аўтаклуба. — Сёлета мала снегу. Не ведаю толькі, як будзе на апошніх кіламетрах. Там, магчыма, засядзеце.
Да прыходу цягніка ў нас было шмат часу, і мы вырашылі паспрабаваць заехаць на гару. Было холадна, таму туман нам не пагражаў. «Карл» браў горны серпанцін віток за вітком. На сярэдзіне дарогі мы паставілі на колы ланцугі. Дарога была ачышчана ад снегу, але ў многіх месцах абледзянела. Машына буксавала і ёрзала з боку ў бок. Часам нам даводзілася вылазіць і падпіхваць яе. Два разы мы правальваліся ў снег. У апошняй вёсцы мы здабылі вядро пяску, бо на такой вышыні мы пабаяліся, што пры з'ездзе з гары будуць трапляцца абледзянелыя павароты. Зусім сцямнела, над намі ў змроку навісалі адвесныя голыя скалы, дарога звузілася, матор напінаўся на першай хуткасці, паварот за паваротам вёў нас уніз. Раптам промні фараў сарваліся са скалаў, горы расступіліся, і мы ўбачылі ўнізе перад сабой сузор'е вясковых агнёў.
Машына, равучы, імчала паміж стракатых крамаў на галоўнай вуліцы. Пешаходы адскоквалі ўбок, напуджаныя нязвыклым відовішчам. Нечыя коні панеслі, санкі перавярнуліся, а наша машына хутка дабралася па звілістай дарозе да санаторыя і спынілася каля пад'езда. Я выскачыў, як у тумане прамільгнулі цікаўныя твары, постаці, кантора, ліфт. Я прабег праз белы калідор, рыўком адчыніў дзверы і ўбачыў Пат, як я бачыў
— Дзякуй богу, — сказаў я, калі прыйшоў у сябе. — Я баяўся, што ты ў пасцелі.
Яна прытулілася да майго пляча і пахітала галавой. Потым выпрасталася, сціснула далонямі мой твар і ўважліва паглядзела мне ў вочы.
— Ты тут! — прашаптала яна. — Аж не верыцца!
Яна пацалавала мяне, асцярожна, сур'ёзна, пяшчотна, нібы дакрануўшыся да нечага і баючыся, каб не разбіць. Адчуўшы дотык яе вуснаў, я задрыжаў. Усё адбылося занадта хутка, і я не ўсведамляў яшчэ ўсяго. Я быў тут і не тут. Я яшчэ быў у палоне язды, шуму матора і дарогі. Я адчуваў сябе як чалавек, які з халоднай ночы трапляе ў цёплы пакой: ён адчувае цяпло на скуры, ён успрымае яго вачыма, але сам яшчэ не сагрэўся.
— Мы ехалі хутка, — сказаў я.
Яна не адказала. Яна ўсё яшчэ моўчкі глядзела на мяне. Яе твар кранаў сваім выразам, яе вочы былі вельмі блізка, і здавалася, што яна шукае і хоча знайсці штосьці вельмі важнае. Я абняў яе за плечы і апусціў позірк долу.
— Ты цяпер застанешся тут? Скажы мне адразу. Скажы, што табе трэба ехаць, каб я адразу ведала.
Я хацеў ёй адказаць, што яшчэ не ведаю, што мне, магчыма, прыйдзецца паехаць праз некалькі дзён, бо ў мяне няма грошай. Але пад яе позіркам я не мог сказаць.
— Праўда, — сказаў я. — Я застануся тут. Пачакаю, калі можна будзе паехаць разам.
Яе твар заставаўся нерухомым. Але ён раптам пасвятлеў, нібы асветлены з сярэдзіны.
— Ах, — прашаптала яна. — Я не вытрывала б…
Я паспрабаваў праз плячо прачытаць, што стаяла на тэмпературнай карце над ложкам. Яна гэта заўважыла, хутка зняла лісток, скамячыла яго і шпурнула пад ложак.
— Цяпер гэта не мае значэння, — сказала яна.
Я заўважыў, дзе ляжала паперка, і вырашыў забраць яе пасля, каб яна не бачыла.
— Ты хварэла? — спытаў я.
— Крышку. Але ўсё прайшло.
— А што сказаў лекар?
— Не пытай цяпер пра лекара. Увогуле ні пра што не пытай. Ты тут, і гэтага дастаткова.
Яна раптам змянілася. Не ведаю, ці таму, што я яе даўно не бачыў, але мне здалося, што яна была іншая, не такая, як раней. Яе рухі былі больш плаўныя, яе цела цяплейшае, і нават да мяне яна наблізілася неяк інакш. Цяпер гэта была не проста прыгожая маладая дзяўчына, якую трэба было асцерагаць. Нешта ў ёй з'явілася новае. Калі я раней часта сумняваўся, ці любіць яна мяне, то цяпер проста адчуваў гэта, яна больш нічога не хавала: яна ўся была напоўнена жыццём і блізкая мне як ніколі… напоўненая жыццём, блізкая і прыгожая, яна абяцала мне шчасце, але і ўсяляла ў мяне дзіўным чынам нейкую трывогу.
— Пат, — сказаў я, — мне трэба спусціцца ўніз. Там Кёстэр. Трэба знайсці сабе жытло.
— Кёстэр? А дзе Ленц?
— Ленц, — адказаў я, — застаўся дома.
Яна ні пра што не здагадалася.
— Табе потым можна будзе сысці ўніз? — спытаў я. — Ці нам падняцца?
— Мне можна ўсё. Цяпер мне можна ўсё. Мы спусцімся ўніз і чаго-небудзь вып'ем. Я пагляджу на вас, як вы будзеце піць.
— Добра. Мы будзем чакаць цябе ўнізе.
Яна падышла да шафы, каб узяць сукенку. Я выкарыстаў момант, падняў і схаваў тэмпературны лісток.