Тры таварышы
Шрифт:
— Дамовіліся. Праз дзесяць хвілін буду.
Я павесіў слухаўку і вярнуўся да Альфонса.
— Я не ведаў, што вы ездзілі па горадзе, — сказаў ён. Яго твар быў яшчэ ўспацелы. — Было б лепш, калі б вы сядзелі дзе-небудзь. Для алібі. Можа здарыцца, што вас будуць дапытваць. Ніколі не ведаеш…
— Падумай лепш пра сябе, — сказаў я.
— Нічога! — Ён гаварыў хутчэй, чым звычайна. — Мы былі адзін на адзін. Я чакаў яго ў пакоі. У летнім дамку. Вакол ніякіх суседзяў. Акрамя таго — самаабарона. Мне алібі
Ён зірнуў на мяне, павярнуўшы ў мой бок мокры шырокі твар. Валасы зліпліся, рот скрывіўся, а яго позірк немагчыма было вытрымаць — столькі пакуты, болю і любові непрыкрыта і безнадзейна раптам адлюстравалася ў ім.
— Цяпер Готфрыд можа спаць спакойна, — сказаў ён ціхім хрыплым голасам. — У мяне дагэтуль было пачуццё, што яму неспакойна.
Я анямела стаяў перад ім.
— Ідзі, — сказаў ён.
Я праз кавярню выйшаў на вуліцу. Дзяўчына ўсё яшчэ спала. Яна гучна дыхала. Месяц падняўся, было вельмі светла. Я пайшоў да плошчы Бельвю. Вокны дамоў блішчалі ў месячным святле, нібы срэбныя люстэркі. Вецер улёгся. Навокал было ціха.
Густаў пад'ехаў праз некалькі хвілін.
— Што здарылася, Роберт? — спытаў ён.
— Нашу машыну ўкралі сёння вечарам. Цяпер мне сказалі, што яе бачылі ў раёне Мёнкештрасэ. Пад'едзем туды?
— Вядома! — Густаў заспяшаўся. — Чаго цяпер толькі не крадуць. Што ні дзень, то некалькі машын. Але найчасцей катаюцца толькі, пакуль хапае бензіну. А потым кідаюць.
— Магчыма, і з нашай будзе тое самае.
Густаў расказаў, што хоча жаніцца. Нявеста ўжо чакае дзіця, і тут нічога не зробіш. Мы праехалі па Мёнкештрасэ, потым — па папярэчных вуліцах.
— Вунь яна! — раптам крыкнуў Густаў.
Машына стаяла ў непрыкметным цёмным завулку. Я выйшаў, уставіў ключ і ўключыў запальванне.
— Усё ў парадку, Густаў, — сказаў я. — Вялікі дзякуй, што падвёз мяне.
— Ці не выпіць нам па чарцы? — спытаў ён.
— Не. Сёння не магу. Заўтра. Цяпер трэба хутка ехаць.
Я палез у кішэнь, каб разлічыцца з ім.
— Ты звар'яцеў? — спытаў ён.
— Тады дзякуй, Густаў. Не затрымлівайся. Да пабачэння.
— А можа, пасочым, ці не зловім таго зладзея?
— Не, не, той, напэўна, ужо далёка. — Я раптам заспяшаўся. — Да пабачэння, Густаў.
— У цябе хопіць бензіну?
— Хопіць. Я ўжо праверыў. Дабранач.
Ён паехаў. Я крыху пачакаў, потым паехаў следам да Мёнкештрасэ і на трэцяй хуткасці паволі пакаціўся ўніз. Калі я вярнуўся назад, Кёстэр стаяў на рагу.
— Што гэта значыць?
— Садзіся, — хутка сказаў я. — Табе няма патрэбы ўжо стаяць тут. Ён… ён знайшоў таго ўжо.
— І?
— Усё, — сказаў я.
Кёстэр моўчкі сеў. Ён не сеў за руль. Ён прымасціўся каля мяне, крыху паніклы. Я паехаў.
— Паедзем да
Ён кіўнуў галавой. Я даў газу і накіраваў машыну ўздоўж канала. Вада свяцілася шырокай срэбнай стужкай. Склады на другім баку чарнелі, накрытыя ценем, а на вуліцах ляжала нерухомае блакітнае святло, па якім, як па снезе, слізгалі шыны. Над радамі дамоў узвышаліся шырокія вежы сабора ў стылі барока. Яны мігцелі на далёкім фоне фасфарасцыруючага неба срэбна-зялёнымі водсветамі. Над усім, як светлавая ракета, вісеў месяц.
— Я рады, Ота, што так атрымалася, — сказаў я.
— А я — не, — адказаў ён.
У фраў Залеўскі яшчэ гарэла святло. Калі я адчыніў дзверы, яна выйшла са свайго салона.
— Вам тэлеграма, — сказала яна.
— Тэлеграма? — здзіўлена спытаў я. Я ўсё яшчэ думаў пра падзеі вечара. Потым я зразумеў і пабег у свой пакой. Тэлеграма белай плямай ляжала пасярод стала, у зыркім святле лямпы. Я ўскрыў яе, грудзі сціснуліся, літары расплыліся, пабеглі, зноў з'явіліся. Я з палёгкай уздыхнуў, усё супакоілася, я перадаў тэлеграму Кёстэру.
— Дзякаваць богу, я ўжо думаў…
Там былі толькі тры словы: «Робі, прыязджай хутка».
Я забраў лісток. Палёгка знікла. Вярнуўся страх.
— Што там здарылася, Ота? Божа мой, чаму яна больш нічога не паведамляе? Нешта, відаць, здарылася!
Кёстэр паклаў тэлеграму на стол.
— Калі ты апошні раз гутарыў з ёю?
— Тыдзень назад. Не, даўней…
— Закажы размову. Калі што, мы адразу выедзем. На машыне. У цябе ёсць чыгуначны даведнік?
Я заказаў размову з санаторыем і прынёс з гасцёўні фраў Залеўскі даведнік. Кестэр разгарнуў яго.
— Наступны цягнік ідзе толькі заўтра аполудні, — сказаў ён. — Лепш паедзем на машыне і дабяромся як мага бліжэй да санаторыя. А там можам перасесці на цягнік. Мы некалькі гадзін абавязкова зэканомім. Як ты думаеш?
— Мусіць, так будзе лепш.
Я не мог сабе ўявіць, як я вытрываю некалькі гадзін пасіўнай язды ў цягніку.
Зазваніў тэлефон. Кёстэр забраў даведнік і пайшоў у мой пакой. Адказаў санаторый. Я папрасіў паклікаць Пат. Праз хвіліну сястра сказала мне, што Пат лепш не размаўляць па тэлефоне.
— Што з ёй? — закрычаў я.
— Некалькі дзён назад была невялікая кравацеча. Сёння паднялася тэмпература.
— Перадайце ёй, што я еду, — закрычаў я. — З Кёстэрам і «Карлам». Мы зараз выязджаем. Вы зразумелі?
— З Кёстэрам і Карлам, — паўтарыў голас.
— Так. Але скажыце ёй, што мы выязджаем.
— Я зараз жа перадам ёй.
Я адразу вярнуўся ў свой пакой. У нагах была незвычайная лёгкасць. Кёстэр выпісваў расклад цягнікоў.
— Пакуй чамадан, — сказаў ён. — Я паеду дадому і вазьму свой. Праз паўгадзіны вярнуся.