Тры таварышы
Шрифт:
— Божа мой, Пат, — сказаў я. — Няўжо гэта ты?
Яна засмяялася.
— Дзе ты, Робі? У канторы?
— Не, я сяджу ў фраў Залеўскі на стале. Як пажываеш?
— Добра, мілы.
— Ты ўстала?
— Так. Я сяджу ў сваім пакоі на падаконніку ў белым халаце. На дварэ ідзе снег.
Я раптам выразна ўбачыў яе перад сабой. Я ўбачыў, як кружацца сняжынкі, я ўбачыў яе невялікую цёмнавалосую галаву, крыху апушчаныя плечы, бронзавага колеру скуру…
— Божа мой, Пат… — сказаў я. — Заклятыя грошы! А то я зараз жа сеў бы ў самалёт і ўжо сёння быў бы
— Ах, мілы…
Яна замоўкла. Я ўслухоўваўся ў ціхі трэск і гул у трубцы.
— Дзе ты, Пат?
— Тут, Робі. Але ты не павінен так гаварыць. У мяне аж галава закруцілася.
— І я са сваёй нічога зрабіць не магу, — сказаў я. — Раскажы мне, што ты там робіш?
Яна пачала гаварыць, але скора я ўжо не слухаў, што яна казала. Я слухаў толькі яе голас, і пакуль сядзеў у цёмным кутку паміж галавой дзіка і кухняй з пахам зялёных бабоў, мне здавалася, што дзверы адчыняюцца і праз іх заплывае хваля цеплыні і бляску, ласкавая і стракатая, напоўненая марамі, смуткам і маладосцю. Я ўпёр ногі ў стол, прыціснуў далоню да шчакі, я глядзеў на галаву дзіка і на адчыненыя дзверы ў кухню, але не мог справіцца з сабой: раптам з'явілася лета, вецер, вечар над жытнёвым полем і зялёнае святло лясных сцежак. Голас змоўк. Я задыхаўся.
— Як цудоўна размаўляць з табой, Пат. А што ты робіш сёння вечарам?
— Сёння вечарам невялічкае свята. Пачатак у восем гадзін. Я якраз апранаюся.
— А што ты апранеш? Срабрыстую сукенку?
— Яе, Робі. Срабрыстую сукенку, у якой я была, калі ты нёс мяне па калідоры.
— А з кім ты пойдзеш?
— Ні з кім. Гэта ж тут, у санаторыі. Унізе ў зале. Тут усе ведаюць адзін аднаго.
— Табе, відаць, цяжка будзе застацца вернай мне, — сказаў я. — У срабрыстай сукенцы.
Яна засмяялася.
— Няцяжка. Яна ж напамінае.
— І мне таксама. Я бачыў, якое ўражанне робіць сукенка. Але мне не так і хочацца ведаць. Можаш здрадзіць мне, толькі каб я не ведаў. Потым, калі ты вернешся, для цябе гэта будзе як сон, які прамільгнуў, забыты.
— Ах, Робі, — сказала яна няспешна, і голас яе гучаў больш прыглушана. — Я не магу здрадзіць табе. Я занадта шмат думаю пра цябе. Ты не ведаеш, што за жыццё тут наверсе. Бліскучая, прыгожая турма. Стараешся забавіцца нечым — вось і ўсё. Калі я думаю пра твой пакой, то часам не ведаю, што мне рабіць. Тады я іду на вакзал і гляджу на цягнікі, якія прыбываюць знізу, заходжу ў вагоны ці раблю выгляд, што некага сустракаю. Тады мне здаецца, што так я набліжаюся да цябе.
Я закусіў вусны. Я ніколі яшчэ не чуў, каб яна так гаварыла. Яна заўсёды была сарамлівая, і яе прыхільнасць выяўлялася хутчэй у жэстах і позірках, чым у словах.
— Я пастараюся прыехаць да цябе, Пат, — сказаў я.
— Праўда, Робі?
— Праўда. Магчыма, у канцы студзеня.
Я ведаў, што гэта, напэўна, будзе немагчыма, таму што з лютага трэба будзе плаціць за санаторый. Але я сказаў ёй так, каб падбадзёрыць яе. Потым будзе няцяжка адкласці прыезд, пакуль яна не вернецца.
— Бывай, Пат, — сказаў я. — Жадаю табе ўсяго найлепшага. Будзь сёння вясёлая.
— Добра,
Я зайшоў за Георгі, і мы з ім пайшлі ў кавярню «Інтэрнацыяналь». Стары пракураны шынок было не пазнаць. Гарэла калядная ёлка, і яе цёплае святло адбівалася ва ўсіх бутэльках, шклянках, у нікелі і медзі стойкі. Прастытуткі ў вячэрніх сукенках, увешаныя падробнымі каштоўнасцямі, сядзелі за столікамі, чакаючы.
Роўна ў восем у зале з'явіўся аб'яднаны хор гандляроў жывёлай. Каля дзвярэй яны разбіліся на галасы: справа — першы тэнар, злева — другі бас. Стэфан Грыгаляйт, удавец і гандляр свіннямі, дастаў камертон, даў першую ноту, і спеў на чатыры галасы пачаўся.
Дай паломніку спакой, Божа, у святой начы. І анёльскаю рукой Боль сардэчны палячы. У блакітным моры Ярка свецяць зоры, Палячу без зморы Да цябе душой.— Як люба, — сказала Роза і выцерла слёзы з вачэй.
Адгучала другая страфа. Гучныя воплескі. Хор у падзяку пакланіўся. Стэфан Грыгаляйт выцер спацелы лоб.
— Бетховен ёсць Бетховен, — заявіў ён.
Ніхто не запярэчыў. Стэфан схаваў хусцінку.
— А зараз — да зброі!
Стол быў сервіраваны ў вялікай зале, дзе звычайна збіраліся члены саюза. Пасярэдзіне на срэбных блюдах, якія стаялі на маленькіх спіртоўках, красаваліся двое парасят, запечаныя да рудаватай скуркі. У лычах у іх былі лімоны, на спінках маленькія запаленыя ёлачкі. Яны ўжо з нічога не дзівіліся.
З'явіўся Алоіс у фраку, падарунку ад гаспадара. Ён прынёс з паўтузіна збаноў з віном і наліў. З ім прыйшоў Потэр з таварыства крэмацыі, які толькі што кіраваў спальваннем нябожчыка.
— Мір на зямлі! — сказаў ён з гонарам, падаў Розе руку і сеў каля яе.
Стэфан Грыгаляйт, які адразу ж запрасіў Георгі да стала, устаў і зрабіў самую кароткую і самую лепшую прамову ў сваім жыцці. Ён падняў куфель з іскрыстым «Ваххольдэрам», зірнуў на ўсе бакі ззяючым позіркам і выгукнуў:
— На здароўе!
Потым ён зноў сеў, і Алоіс прынёс свіныя ножкі, квашаную капусту і бульбу. З'явіўся гаспадар з падносам, на якім стаялі вялікія куфлі залацістага пльзенскага піва.
— Еш не спяшаючыся, Георгі, — сказаў я. — Твайму страўніку трэба спачатку прывыкнуць да тлустага мяса.
— Мне ўвогуле трэба спачатку прывыкнуць, — адказаў ён і зірнуў на мяне.
— Гэта прыйдзе хутка, — сказаў я. — Толькі не трэба параўноўваць. Тады ўсё пойдзе як трэба.
Ён кіўнуў галавой і зноў нахіліўся над сваёй талеркай. Раптам на другім канцы стала распачалася сварка. Пачуўся каркаючы голас Потэра. Ён хацеў чокнуцца з гандляром цыгарамі Бушам, але той адмовіўся, заявіўшы, што ён не хоча піць, каб пакінуць больш месца ў жываце для ежы.
— Глупства, — лаяўся Потэр. — Калі ясі, трэба піць. Калі п'еш, нават больш улезе.