За волю
Шрифт:
...чалавек я, хоць мужык!
На помач яму - Якуб Колас:
...папы й ксяндзы дубiнай
заганялi нас у рай!
Во як! Дубiнай заганялi! Што гэта за рай такi, у каторы "дубiнай" трэ было заганянь? I гэтта на помач словы яшчэ аднаго гаротнiка-паэта:
А даўней Беларус, непадданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
I далёка у сьвеце быў знаны
За Лiтоўскай i Ляскай зямлёю.
Па зярнятку, па макулiнцы прагна i скваплiва зьбiралiся веды. Раптоўна, быццам падштурхоўванае ваенным агнём, прыходзiла хрысьцiянскае i нацыянальнае ўсьведамленьне. Школа, узяўшы за руку, вяла на дарогi адкрыцьця, шляхi радасных i бясцэнных знаходак. Ад свае гразкое вулiцы - на бальшак, а там i на вялiкiя дарогi. Насамперш прышчэплiвалася любоў да пакрыўджанага шматпакутнага
А навокал, вунь на iхных вачох, вялiкая гiсторыя рабiлася ненасытнымi-прагавiтымi хiжакамi-чужынцамi. Часу было ў вабрэз. Гэтта-ж, як на даланi, вiдаць было, як казаў генiяльны паэт, што
Чужак-дзiкун, крывёю ўпiўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракi
I тваю мацi-бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьцi, на кускi.
Дый не адзiн "чужак-дзiкун", а найменш два... I яны - Масква й Бэрлiн для народу беларускага былi абое рабое! Гэтта-ж ля iх, тытанаў, каб уварваць i сабе кавалачак, завiхалiся памочнiкi з таго найразумнейшага на сьвеце народу. I яны на верных сыноў i дачок зямлi беларускай, зьняможаных у змаганьнi, быццам ненажэрныя шакалы i груганьнё нападалi. У агнi й крывi, у пекле расьлi юныя патрыёты, беларускае нацыянальнае ўскалосьсе. Цi хопiць часу, каб каласом узбуйнець i плён даць?
Два тытаны мардавалi, палiлi, нiшчылi. Цi ёсьць словы й гукi якiмi льга перадаць тое, што адбывалася тады ў той гэене на гаротнай зямлi? Ужо пасьля вайны рабаўласьнiкi непакорнай краiны быццам падлiчылi й сказалi: так, загiнуў кажны чацьверты. Так? А цi ўзялi ў лiк тыя мiльёны, каторых у "мiрны час вялiкага сацыялiстычнага будаўнiцтва" ў канцлягерах сьмерцi, у шматлiкiх i тады яшчэ неадкрытых Курапатах вымардавалi?
Алесь належаў да Саюзу Беларускае Моладзi, скончыў курсы кiраўнiкоў яе ў Альбэртыне. Ганарыўся гэтым. Затое яго пасьля маскоўскiя падхалiмы фашыстам i калябарантам назвалi. Саюз Беларускай Моладзi быў нянькай i апякуном маладой Беларусi, якой выпала менш трох гадоў, каб стануць на ногi й падрасьцi. Яна ўлiвала ў сэрцы юнакоў i юначак патрыятызм, вучыла iх сумленнасьцi, веры ў Бога, працавiтасьцi, пашаны гiсторыi й народных традыцыяў. Здабывалiся асноўныя цноты чалавека. Найважнейшае, каб на моцы ўсяго, яму некалi адабранага, а цяпер дадзенага, здабыў самае дарагое i неабходнае - беларускую годнасьць. Бо замала было асягнуць тое дэклярацыйнае - людзьмi звацца! Цяпер трэба было ня толькi людзьмi быць, але змагацца на жыцьцё й сьмерць за тое, каб выжыць. Каб нiхто й нiколi ўжо не паставiў цябе на каленi, рабсiлай не зрабiў!
I для людзей, якiм перарэзалi, здаецца, усе шляхi, адабралi права якога-небудзь выбару, у сорак чацьвертым вясной прыйшоў час выбару. Няпраўда, выбарам гэтага нельга назваць: або ўцякай, разам зь Немцамi, або сустракай маскалёў. Абое рабое, - найнавейшая Сцыла й Харыбда! Што-ж будзе, калi трапiш у пашчу ненасытнага "вялiкага й мудрага бацькi народаў"? Цябе чакае або сьмерцяносны Гулаг або "даёш Бярлiн". Ненавучанага ваеншчыны пагоняць на перадавыя, дзе крыкам "ура" нiкога не спалохаеш. А Гулаг чакаў новае рабсiлы. Ну а што станецца, калi зь Немцамi пойдзеш? Недзе да станка на фабрыцы прывяжуць, або ў якога баўэра ад сонца да сонца, - дух зь цябе вон!
– будзеш iшачыць. Гiтлер мiльёны сваёй машынай вымардаваў, дык значыцца i тут рабсiла... Ох, як патрэбная! Выбiрай.
Гiтлераў "тысячагадовы райх" крышыўся-гарэў-распадаўся пад ударамi з
Думка, што неяк ня зусiм выразна нарадзiлася ў галаве, iнтрыгавала. Можа яна, гэтая раптоўная думка, пусьцiла карэньне ў сьведамасьцi куды раней, калi Алесеў бацька, праклiнаючы "мiсiянераў" з Масквы й Варшавы, добрым словам успамiнаў Ангельшчыну i Амэрыку.
– Вось там, - разважаў бацька Янка Якiмовiч, - павiнны людзi добра жыць! Тамака, кажуць, i заробiш добра, i для Бога, i для чалавека волi хапае!
Дарэчы, у гэны гурт краiнаў, дзе людзi добра жывуць, дзе ўсiм волi хапае, залiчаў бацька Алесеў i Аргэнтыну, i Канаду, дый блiжэйшую Францыю. Ведама-ж усiм навокал, што ў Францыю многа каторыя дзяцюкi езьдзiлi "ў шахты" грошы зарабляць, прывозiлi адтуль заашчаджаныя франкi, ну а з Амэрыкi цягнулi даляры. За гэткiмi дзяцюкамi пасьля ганялiся ўсе дзеўкi; адно пальцам кiўнi, - любую возьмеш.
Разважаньнi... меркаваньнi... Ня было калi, агонь ужо пяткi прыпякаў. I гэткiм чынам, выбар у бязвыбарным пiхнуў на захад. Шкада маткi, якую перашкодзiлi забраць. За яе адну, за яе гаротнiцу, марыўся пасьля юнак доўгi час бяссоньнiцай.
Пасьля перамогi захаднiя хаўрусьнiкi скрупулёзна выконвалi свой дагавор з Масквой аб рэпатрыяцыi зь Нямеччыны савецкiх грамадзянаў. Давялося iм, вядома, ужываць так званую цьвёрдую руку. Ангельскi Томi i амэрыканскi Джы ай Джоў сваiм вачом ня верылi: людзi адмаўлялiся ехаць на радзiму... Як гэта разумець? Расея, тая аграмадная i магутная Расея, якая ў сканфужаным уяўленьнi заходняга хаўрусьнiка "бацькi народаў" цягнулася ад Владывастоку да Бэрлiну, гэтая Расея клiкала сваiх дзетак дамоў, каб прыгарнуць iх, нагрэць, ашчасьлiвiць. А гэтыя дзеткi адмаўлялiся. Яны ня толькi не сьпяшылi ў абдымкi дарагой мацi, а некаторыя забiвалi сябе. Што гэта такое? Адкуль таму Джову, што чвякаў жвачку Рыглея, цi пляваў сьмярдзючай табакай, зразумець было пачвару Расею й паняволеныя ёю народы?
Пад камандай генэрала Пiлiпа Iванавiча Голiкава, "намесьнiка наркома абароны па кадрах, упаўнаважанага па справах рэпатрыяцыi", што атаўбаваўся iз сваёй бандай у Парыжы, пры помачы верных захаднiх саюзьнiкаў праводзiлася паляваньне на "невозвращенцев" хуткiм тэмпам па цэлай Эўропе. На помач Голiкаву - мiльённая амэрыканская ваенная сiла, ня меншая ангельская. Мiльёны людзей, у тым прынамсi паўмiльёна Алесевых суродзiчаў, загналi ў Гулаг. Адзiн Лiхтэнштэйн, якi ня меў нiкога пад зброяй для абароны мiнiятурнага княства на сумежжы Швайцарыi i Аўстрыi, пад апеку каторага ўцякло пару сотняў "невозвращенцев", сказаў Голiкавым паляўнiчым, што нiкога iм не аддасьць бо гэныя людзi не хацелi ў нiякую эсэсэрыю да нiякага "бацькi ўсiх народаў" вяртацца. I Голiкаў, - паверыце, добрыя людзi?
– пакiнуў бравы Лiхтэнштэйн у супакоi.
"Вялiкi й мудры" варвар у Крамлi захлынаўся ад рогату. Ён за ўсякую цану намагаўся напоўнiць Гулаг новай рабсiлай. Нiколi-ж у сваiх найбольш амбiтных марах не давялося спадзявацца яму, што заходнiя так званыя саюзьнiкi запраўды такiя сьляпыя й дурныя. Яны пазбывалiся сваiх найлепшых памочнiкаў, патэнцыяльных хаўрусьнiкаў у будучым змаганьнi з маскоўскiм iмпэрыялiзмам, аддавалi iх усiх "вялiкаму й мудраму айцу ўсiх народаў i карыфэю навукаў", проста навыперадкi пхалi мiльёны зьнямоглых гаротнiкаў у бальшавiцкае пекла.
Ужо шмат пазьней, пасьля вайны, даведаўся Якiмовiч пра так званае страчанае пакаленьне. Паводле прыблiзных падлiкаў адказных вэтэранаў "вялiкай айчыннай вайны", тым страчаным пакаленьнем аказалiся ўраджэнцы 1924-25-26 гадоў. З сотнi высланых на "даёш Бярлiн", вярталася назад адно двух цi трох... Былых сяброў Саюзу Беларускай Моладзi праглынуў на даўгiя гады Гулаг. I Алесь гадамi нараджэньня належаў да таго "страчанага пакаленьня". Кемлiвасьць, патрыятызм i вынаходлiвасьць выратавалi яго ад праклятай сталiнскай мятлы, што на замiнаваным i крывавым шляху "даёш Бярлiн" i ў Гулагу зьмяла з родных нiваў найбольш цэннае, што было ў самым росквiце, пакаленьне шматпакутнага народу.