Замежная фантастыка
Шрифт:
Пераадольваючы боль, Карсан падышоў да бар'ера і пачаў капаць пясок голымі рукамі. Гэта была марудная, цяжкая праца: пясок асыпаўся, і чым глыбей ён капаў, тым шырэй даводзілася рабіць яму. Ён не ведаў, колькі гадзін прайшло, але на глыбіні чатырох футаў ён упёрся ў скалу. Скала была зусім сухая — ніякіх прыкмет вады.
А сілавое поле даходзіла да скалы. Усё дарэмна. І вады няма. Нічога.
Ён выпаўз з ямы і лёг на пясок, задыхаючыся. Потым ён падняў галаву, каб паглядзець, што робіць Прышэлец. Павінен жа ён нешта рабіць.
Так і ёсць. Ён штосьці майстраваў з галінак кустоўя, звязваючы іх тонкімі вусікамі. Дзіўнае
І праўда — Прышэлец паклаў у кубак важкі камень, адным шчупальцам парухаў угору-ўніз другі рычаг, потым крыху павярнуў машыну, нібы цэлячыся, а потым рычаг з каменем ірвануўся ўгору і ўперад.
Камень праляцеў за некалькі метраў над галавой Карсана, так далёка, што ён нават не стаў нагінацца, але ён прыкінуў, на якую адлегласць паляцеў камень, і аж свіснуў. Ён не мог бы кінуць камень такой вагі далей, чым на палову гэтай адлегласці. І калі нават ён адступіць да задняй сцяны сваіх уладанняў, гэтая машына дастане да яго, калі Прышэлец прысуне яго да самага бар'ера. Над ім праляцеў яшчэ камень — ужо бліжэй. «Гэта можа быць небяспечна», — вырашыў ён. Трэба нешта рабіць.
Рухаючыся ўздоўж бар'ера, каб катапульта не магла ўзяць яго ў вілку, ён запусціў у яе дзясяткам камянёў. Але ён убачыў, што з гэтага не будзе ніякага толку. Так далёка ён мог кідаць толькі невялікія камяні. І калі яны траплялі ў машыну, яны адскоквалі ад яе, не зрабіўшы ніякай шкоды. А Прышэлец на такой адлегласці лёгка ўхіляўся ад тых камянёў, якія падалі каля яго.
Акрамя таго, у яго моцна стамілася рука. Ад знямогі ў яго балела ўсё цела. Калі б толькі ён мог крыху адпачыць і не ўхіляцца кожныя трыццаць секунд ад снарадаў катапульты…
Ён, хістаючыся, адышоў да задняй сцяны. Але і гэта яго не ратавала. Камяні даляталі і туды, толькі радзей, як быццам даводзілася даўжэй заводзіць механізм катапульты.
Ён зноў зморана пацягнуўся да бар'ера. Некалькі разоў ён падаў і з цяжкасцю падымаўся на ногі. Ён ведаў, што яго сілы канчаюцца. І ўсё-такі ён не мог спыніцца, пакуль не выведзе са строю гэту катапульту. Варта яму задрамаць, і болей ён не прачнецца.
Першы пробліск ідэі з'явіўся ў яго пасля чарговага стрэлу катапульты. Яе снарад трапіў у адну з кучак камянёў, якія ён назбіраў ля бар'ера, і ад удару выскачыла іскра.
Іскра. Агонь. Першабытныя людзі здабывалі агонь, высякаючы іскры. А калі выкарыстаць гэтыя сухія крохкія кусты як паліва…
На шчасце, адзін такі куст аказаўся якраз каля яго. Ён зламаў яго, паднёс да кучы камянёў, а потым узяўся цярпліва стукаць каменем аб камень, пакуль адна іскра не папала на драўніну, падобную на трут. Дрэва занялося так хутка, што полымя абпаліла яму бровы, і ператварылася ў попел за некалькі секунд.
Але цяпер ён ужо ведаў, што рабіць, і праз некалькі хвілін пад аховай горкі пяску, які ён выкапаў з ямы, гарэла маленькае вогнішча. На распалку ён узяў мяккія галінкі, а агонь можна было падтрымліваць голлем другога куста, якое таксама гарэла, але марудней.
Моцныя вусікі, падобныя да дроту, амаль не гарэлі — з іх дапамогай было лёгка рабіць запальныя снарады. Пучкі галля з маленькім каменем усярэдзіне — для вагі,
Ён назапасіў паўтузіна такіх снарадаў, потым запаліў і кінуў першы. Ён не трапіў у цэль, і Прышэлец паспешліва пачаў адступаць, цягнучы за сабою катапульту. Але ў Карсана было гатова яшчэ некалькі снарадаў, і ён кінуў іх адзін за адным. Чацвёрты засеў у машыне, і гэтага было дастаткова. Прышэлец дарэмна спрабаваў патушыць полымя, якое распаўзалася, закідваючы яго пяском, — кіпцюрыстыя шчупальцы не маглі захапіць яго памногу. Катапульта згарэла.
Прышэлец адкаціўся на бяспечную адлегласць ад агню і зноў засяродзіў сваю ўвагу на Карсане. Зноў Карсан адчуў хвалю нянавісці і млосці. Але ўжо слабей: ці сам Прышэлец аслабеў, ці Карсан ужо навучыўся бараніцца ад такога нападу.
Ён паказаў Прышэльцу нос і адагнаў яго каменнем на значную адлегласць. Прышэлец адкаціўся да задняй сцяны сваёй паловы і зноў пачаў збіраць голле. Напэўна, ён збіраўся зрабіць яшчэ адну катапульту.
Карсан соты раз праверыў, ці дзейнічае яшчэ бар'ер, і раптам выявіў, што сядзіць ля самага бар'ера на пяску, занадта аслабеўшы, каб устаць. Параненую нагу тузала ўсё мацней, і смага мучыла яго яшчэ болей. Але ўсё гэта адступала на другі план перад поўнай знямогай.
І гарачынёй.
Вось гэта, напэўна, і ёсць пекла, падумаў ён. Пекла, у якое верылі ў старажытнасці. Ён з усяе сілы стараўся не заснуць, хоць і не бачыў у гэтым асаблівага сэнсу: усё роўна ён нічога не можа зрабіць, пакуль бар'ер застаецца непраходным і Прышэлец трымаецца далёка ля задняй сцяны.
Але ж павінен быць які-небудзь спосаб! Ён паспрабаваў прыпомніць, што ён чытаў у кнігах па археалогіі пра тое, як ваявалі калісьці, да з'яўлення металу і пластыкаў. Першай зброяй быў як быццам камень для кідання. Ну, гэта ў яго ўжо было. Адзіным удасканаленнем гэтай зброі была катапульта, накшталт той, якую змайстраваў Прышэлец. Але Карсан ніколі не зможа такой зрабіць: кусты маглі даць толькі малюсенькія галінкі, даўжынёй не болей як фут. Ён, вядома, мог бы прыдумаць што-небудзь і з іх, ды на гэта спатрэбілася б некалькі дзён, а ў яго ўжо мала сілы.
Некалькі дзён? Але ж Прышэлец яе збудаваў. Няўжо прайшло некалькі дзён? Але тут ён успомніў, што ў Прышэльца шмат шчупальцаў і што ён, несумненна, можа працаваць хутчэй.
Акрамя таго, катапульта не вырашае зыходу барацьбы. Трэба прыдумаць што-небудзь лепшае.
Лук і стрэлы? Не! Ён неяк спрабаваў страляць з лука і ведаў, што ў яго нічога не выйдзе. Нават з сучасным спартовым сталёвым лукам дакладнага бою. А з прымітыўнага спартовага лука, які ён мог бы змайстраваць тут, ён наўрад ці зможа страляць далей, чым кідае камяні, і напэўна ўжо не так трапна.
Кап'ё? Гэта ён можа зрабіць. Яго будзе нязручна кідаць, але яно можа спатрэбіцца ў рукапашнай — калі справа дойдзе да рукапашнай.
І потым гэта дасць яму хоць нейкі занятак. Адцягне яго ад вар'яцкіх думак, якія ўжо лезуць у галаву. Ён ужо час ад часу мусіў рабіць намаганне, каб успомніць, навошта ён тут, навошта яму трэба забіць Прышэльца.
На шчасце, ён ляжаў паблізу ад адной з нарыхтаваных кучак камення. Ён перабраў іх, пакуль не знайшоў адзін асколак, які формай нагадваў наканечнік кап'я. Другім, маленькім, каменем ён пачаў абчэсваць яго, стараючыся надаць яму такую форму, каб ён, уткнуўшыся ў цела, не мог выйсці назад.