Замежная фантастыка
Шрифт:
— А вы, баюся, крыху спазніліся, — падкалоў прафесар Боўлтан.
— Ну не! — абсек яго стары. — Хто-хто, а я не дам сучаснасці абакрасці мяне. Вы, прафесар, ставіце доследы з падарожжамі ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставіце самі. Калі спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькі слова. Вы ж падарожнічалі ўжо ў мінулае, праўда?
— Падарожнічаў, на некалькі гадоў назад, але не на стагоддзі…
— А мы даб'ёмся стагоддзяў! І вы ўсе, — ён абвёў прысутных няўрымслівым, гарачым позіркам, — будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф.
Усе ахнулі.
— Менавіта
І ўсе разышліся, а Філд застаўся са сваімі кнігамі, ён гартаў старыя старонкі і, ківаючы, мармытаў сам сабе:
— Так, так, вядома! Том — вось хто нам трэба. Том — якраз той самы хлопец для гэтай справы.
Марудна цягнуўся месяц. Дні ўпарта не хацелі развітвацца з календаром, бясконца доўжыліся тыдні, і Генры Ўільям Філд гатовы быў завыць ад роспачы.
Пад канец месяца ён аднойчы прачнуўся апоўначы. Званіў-надрываўся тэлефон. Філд у цемры працягнуў руку.
— Слухаю.
— Гаворыць прафесар Боўлтан.
— Што скажаце?
— Я выпраўляюся праз гадзіну.
— Выпраўляецеся? Куды? Вы што, кідаеце работу? Гэта немагчыма!
— Даруйце, містэр Філд. Выпраўляюся — гэта значыць выпраўляюся.
— Дык вы і праўда выпраўляецеся?
— Праз гадзіну.
— У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы? Пятнаццатае верасня?
— Так.
— Вы дакладна запісалі дату? Раптам вы з'явіцеся, калі ён ужо будзе мёртвы? Глядзіце, не спазніцеся! Пастарайцеся трапіць туды загадзя, скажам, за гадзіну да яго смерці.
— Добра.
— Я так хвалююся, ледзьве трымаю ў руках слухаўку. Шчасліва, Боўлтан! Дастаўце яго сюды цэлага і жывога.
— Дзякуй, сэр. Да пабачэння.
У слухаўцы пстрыкнула.
Генры Ўільям Філд ляжаў без сну, ноч адлічвала хвіліны. Ён думаў пра Тома Вулфа як пра даўно страчанага брата, якога трэба падняць ані не пашкоджаным з-пад халоднага надмагільнага каменя, вярнуць яму плоць і кроў, палымянасць слова. І кожны раз яго прабіралі дрыжыкі пры ўспаміне пра Боўлтана — пра таго, каго вецер Часу нясе назад, да зусім іншых календароў, да зусім іншых людзей.
«Том, — у дрымоце думаў ён з бяссільнай пяшчотай так стары бацька звяртаецца да любага, даўно страчанага сына, — Том, дзе ты цяпер? Прыходзь, мы табе дапаможам, ты абавязкова павінен прыйсці, ты нам гэтак патрэбен! Мне гэта не па сіле, Том, і нікому з нас, цяперашніх, не па сіле. Калі я ўжо сам не магу з гэтым справіцца, дык хоць памагу табе. У нас ты можаш жартам забаўляцца з ракетамі, Том, вось табе зоркі — прыгаршчы каляровых шкельцаў. Бяры ўсё, што душа пажадае, у нас усё ёсць. Табе будуць да густу наша гарэнне і нашы вандроўкі — яны створаны для цябе. Мы, цяперашнія, — нікчэмныя пісакі, Том, я ўсіх перачытаў, і ніводзін не варты цябе. Я адолеў вялікае мноства іхніх твораў, Том, і нідзе ні на момант не адчуў Прасторы — для гэтага нам патрэбен ты! Дай жа старому тое, да чаго ён імкнуўся ўсё жыццё, бо, Бог таму сведка, я заўсёды чакаў, што або сам я, або хто другі напіша нарэшце сапраўды вялікую кнігу пра зоркі, — і чакаў дарэмна. Які ты ні ёсць сёння ўночы, Том Вулф, пакажы, на што ты здольны. Гэтую кнігу ты рыхтаваўся стварыць. Крытыкі кажуць — гэтая цудоўная кніга ўжо склалася ў цябе ў галаве, але тут жыццё тваё абарвалася. І вось трапіўся выпадак, Том, ты ж яго не прапусціш?
Павекі Філда стуліліся; замоўк язык, які ліхаманкава лепятаў усё тую ж настойлівую просьбу-мальбу; заснулі вусны.
Гадзіннік прабіў чатыры.
Ён абудзіўся ясным цвярозым ранкам і адчуў у грудзях прыліў хвалявання, якое ўсё нарастала і нарастала. Ён баяўся міргануць — раптам тое, што чакае яго дзесьці ў доме, кінецца наўцёкі, грукне дзвярамі і знікне назаўсёды. Ён прыціснуў рукі да худых старэчых грудзей.
Удалечыні… крокі…
Адны за другімі адчыняліся і зачыняліся дзверы. У спальню ўвайшлі двое.
Філд чуў іхняе дыханне. І ўжо распазнаваў хаду. У аднаго дробныя акуратныя маленькія крокі, нібы ў павука, — гэта Боўлтан. Поступ другога выдае чалавека рослага, мажнага, грузнага.
— Том? — усклікнуў стары. Ён яшчэ не расплюшчваў вачэй.
— Гэта я, — пачуў ён нарэшце.
Ледзь толькі Філд убачыў Тома Вулфа, вобраз, што быў створаны яго ўяўленнем, лопнуў па ўсіх швах, як занадта цесная апратка на вялікім не па ўзросту дзіцяці.
— Дай я на цябе пагляджу, Том Вулф! — зноў і зноў паўтараў Філд, вылазячы з пасцелі. Яго калаціла. — Ды падыміце ж шторы, дайце на яго палюбавацца! Том Вулф, няўжо гэта ты?
Вялізны, тоўсты Том Вулф пазіраў на яго зверху ўніз, растапырыўшы цяжкія рукі, каб не страціць раўнавагі ў гэтым незнаёмым свеце. Ён паглядзеў на старога, абвёў вачамі пакой, вусны яго ўздрыгвалі.
— Ты якраз гэтакі, як цябе апісвалі, Том, толькі большы.
Томас Вулф засмяяўся, зарагатаў на ўсё горла — парашыў, мабыць, што звар'яцеў або бачыць нейкі недарэчны сон; ступіў крок да старога, дакрануўся да яго, азірнуўся на прафесара Боўлтана, абмацаў свае плечы, ногі, асцярожна пакашляў, прыклаў далонь да лоба.
— Гарачкі болей няма, — сказаў ён. — Я здаровы.
— Вядома, здаровы, Том!
— Ну і ночка! — сказаў Том Вулф. — Цяжка мне давялося. Я думаў, ніводнаму хвораму на свеце не бывала гэтак кепска. Раптам адчуваю — плыву — і падумаў: ну і гарачка ў мяне. Адчуваю — мяне кудысьці нясе — і падумаў: усё, паміраю. Падыходзіць да мяне чалавек. Я падумаў — пасланец Божы. Узяў ён мяне за рукі. Чую — электрычнасцю пахне. Узляцеў я некуды ўгору, бачу — медны горад. Ну, думаю, з'явіўся. Вось яно, царства нябеснае, а вось і брама! Адубеў я з галавы да пят, быццам мяне трымалі ў снезе. Смех бярэ, трэба мне нешта рабіць, а то зусім рашу, што з глузду з'ехаў. Вы ж не Пан Бог, га? З выгляду нешта не падобны.
Стары засмяяўся.
— Не-не, Том, я не Бог, толькі прыкідваюся. Я Філд. — Ён зноў засмяяўся. — Гэта ж трэба! Я гавару так, нібыта ён можа ведаць, хто такі Філд. Том, я Філд, фінансавы туз — кланяйся ніжэй, цалуй у руку. Я Генры Філд, мне падабаюцца твае кнігі. Я перанёс цябе сюды. Падыдзі бліжэй.
І стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.
— Бачыш у небе агні, Том?
— Ага, сэр.
— Феерверк бачыш?
— Бачу.
— Гэта зусім не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае ліпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень — свята незалежнасці. Чалавек абвясціў, што ён вольны ад Зямлі. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скінута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная «рымская свечка» ляціць на Марс. А той чырвоны агеньчык — ракета з Венеры. І яшчэ — бачыш, колькі іх? — жоўтыя, блакітныя. Гэта міжпланетныя караблі.