Злая зорка
Шрифт:
— Ix высяляюць.
— Каго?
— Украінскія вёскі.
— Не можа быць! — выгукнуў бадай спалохана пракурор, да таго гулліва настроены.
— Паеду пагляджу сваімі вачамі,— сказаў Пыльчанка. Падышоў да стала, сабраў у папку свае зводкі аб сяўбе i надоях.
Сінякоў павярнуўся да тэлефонаў, набраў шматлікавы нумар.
— Аляксей Раманавіч! Яшчэ раз Сінякоў. Толькі што прыехаў Пустаход, прывёз звестку: яго суседзяўукраінцаў высяляюць. Ды не, ніхто не панікуе. Мы спакойныя; Мы спакойныя больш, чым трэба. Ды не… вы знаеце Пустахода. Перадаць-то пера дам, але ці будзе яму ад гэтага лягчэй… Слухаюся… Слухаюся… А што з дзецьмі? З дэманстрацыяй? Дзякую. Пастараемся.
Сінякоў паклаў трубку. На кончыку яго носа павісла кропля поту. У кабінеце душна — вокны зачынены. Сакратар шукаў у кішэнях хустку, знайшоў у пінжаку, што вісеў на спінцы крэсла за сталом. Выцершы твар, рашуча вымавіў:
— Дзяцей на дэманстрацыю не выводзім!
— Што яшчэ сказаў Аляксей?
— Пра дзяцей не ён сказаў, я кажу! Наша права! Сёння будзе ўрадавае паведамленне. I ўсё растлумачыць. Да нас паехаў Кахоўскі. Дунец! Забяспечце яму праезд на Чарнобыль.
— Кажуць, украінцы перакрылі дарогі.
Сінякоў узарваўся, такой злосці ад яго не чулі.
— Кажуць… Думаюць… Варожаць… Што ў нас за службы! Міліцыя, называецца! Якія ў вас сувязі? Ды вы павінны былі ўжо пяць разоў пабываць у Прыпяці, у Чарнобылі! А трэба — i ў Кіеве! Ахова парадку! Вы — унутраныя справы! Усе ўнутраныя справы! Ваеннае фарміраванне грамадзянскай абароны! A ў вас радыяцыйныя прыборы без батарэй. З гадзіннікаў выцягніце батарэі! Работнічкі!
Дунец падскочыў, стаяў навыцяжку, лыпаў вачыма, не разумеючы прычыны абурэння першага сакратара, звычайна стрыманага, ветлівага, інтэлігентнага.
А Пыльчанка разумеў: урэшце дайшла да Пятра трывога, сігнал якой ён падаў яшчэ ў нядзелю. Доўга ішла. Як да жырафы. Мабыць, яшчэ даўжэй яна будзе ісці да тых, хто на высокіх крэслах у Кіеве, у Мінску, у Маскве.
Аб гэтым ён сказаў свату, кал i ехалі ў машыне. Адразу сказаў. I, можа, упершыню пры шафёру, пры старшыні калгаса асудзіў i Сінякова, i вышэйшых кіраўнікоў. Мацюкаў па-мужыцку.
Пустаход уздыхаў. Настрой яго выяўляўся на твары, непаголеным, пабурэлым, у постаці ўсёй, ссутуленай, кастлявай; Пыльчанку (сядзелі побач на заднім сядзенні) здавалася: дакраніся да свата — зачэпішся што за сук; за трое сутак пастарэў чалавек.
— Што звесіў галаву, Іван? — бадзёрыўся Уладзімір Паўлавіч.
— Гэта і мяне такі лёс чакае, як Дзенісенку?
— Да нас яшчэ не дайшло.
— Што не дайшло? Валодзя! Ты лаеш начальства, а сам — туды ж. Да цябе яшчэ не дайшло! Можа, у нас плот? Кітайская сцяна? A ў мяне перад вачыма хлопчык гэты, сын Дзенісенкі. I словы яго з пісьма, — дастаў з кішэні пісьмо. — Каротка піша Грыцко. «Іван! Нас высяляюць. Шлем да цябе Віталіка. Прымі яго i паберажы, пакуль я ўладкуюся. Дзе — не знаю». У яго маці ў бальніцы ў Кіеве. A Віталік дружыць з унукам маім Ванем, Лізіным. Аднак унікні, як піша чалавек. Як з вайны. Мне ажно ў сэрца ўдарыла. Паберажы… Сына… Іншага прытулку ён сыну не знайшоў. У яго брат у Кіеве. Здаецца чалавеку, як i табе, што мы адгароджаны сцяной… што гэта толькі ix бяда — украінская. А яна, брат, агульная, як i ў сорак першым. Слухай, гэта яна такая i будзе, вайна, супраць якой ваюем? Гахне Херасімка пад Кіевам, пад Мінскам. Там спаліць людзей адразу. А мы ў сваіх балотах будзем паміраць павольна ад радыяцыі? Ціха. Без музыкі. Першых закапаем дзетак, яны слабейшыя…
— Іван Іванавіч! — замаліўся шафёр, бацька траіх дзяцей. — Без вашых слоў страху хапае.
— I
— Думаеш, ты не панікуеш, калі хрысціш усіх?
— Я сябе хрышчу ў першую чаргу. Я, можа, першы атрымаў сігнал. I што? I… як кажуць, пшыкнуў.
Натуральна, што свякроў i нявестка прыглядаліся адна да аднае. Прыціраліся. Яны былі разумныя жанчыны, навучаная жыццём Вольга Андрэеўна i выхаваная ў добрай сям’і, тэарэтычна «падкаваная» Ірына. Але яны былі сялянкі па паходжанні i псіхалогіі. А гэта трымаецца моцна. Ва ўсім. У жаданні падабацца адна адной. У адвечнай рэўнасці — з-за Глеба: хто яго любіць мацней? Гэта істотнае. Але i ў дробязях: кожная старалася паказаць сябе больш руплівай, больш стараннай гаспадыняй, а таму рабілі лішняе, часам непатрэбнае для звыклага жыцця. У той жа час маці лічыла абавязкам сваім вызваліць набытую дачку ад дадатковай працы — у яе большая нагрузка ў паліклініды, гэта ж не бібліятэка. А нявестка лавіла кожную задуму маці i ва ўсім хацела апярэдзіць, каб падабацца ініцыятывай.
Прайшло ўсяго тры дні сумеснага жыцця, a такі марафон, такая «гульня» стала бачна i Уладзіміру Паўлавічу, які назіраў за жонкай i нявесткай у кароткія ранішнія гадзіны, пакуль гатавалася снеданне, i адносіны ix забаўлялі яго, гумарыста па натуры.
Вольга Андрэеўна ў сваёй бібліятэцы пачула за той звычайны дзень менш размоў, чым Ірына, чым хто іншы. А каб i пачула… Калі не лічыць уцёкаў Карповіча, пра якога, дарэчы, яна пачула толькі ад Ірыны, то нішто не змяніла ўсталяванага парадку жыцця. Людзі працавалі, радаваліся вясне. Рыхтаваліся да свята. Да двух святаў — да Першага мая i да позняга ў гэтым годзе вялікадня.
А вясна была незвычайная сваёй цеплынёй. Яна падганяла. I святы падганялі: кожнаму — i на шырокім калгасным пол i, i на сваім гародзе, на маленькіх гарадскіх градках — хацелася хутчэй завяршыць вясковыя работы, звыклыя i адначасова непаўторныя, як непаўторна нараджэнне кожнага дзіцяці.
Вольга Андрэеўна мела немалыя градкі: за домам сотак пяць ворыўнай зямлі, перамешанай з торфам, добра ўгноенай. Праўда, разрасліся яблыні, грушы, слівы, вішні, пасаджаныя яшчэ папярэднім гаспадаром, але хапала месца i для цыбулі, гуркоў, памідораў. Ураджай заўсёды быў багаты, высахнуць не магло — падведзены водаправод, вымакнуць таксама не магло — за гародамі, на саўгасным полі, пракладзены меліярацыйныя канавы.
Уладзімір Паўлавіч, абыякавы да гарода, пры ўсёй сваёй гаспадарлівасці, настроены супраць яго — што думаюць людзі, як корпаецца ў зямлі жонка старшыні? — часта кпіў:
«Зарабіла б ты больш, чым у сваёй бібліятэцы, каб вынесла сваю цыбулю на рынак. Хочаш, месца адвяду, ларок пастаўлю? Во бізнес! Во прагрымім з табой! На ўсю вобласць!»
Але разам з тым кранала яго, як ціха i непрыкметна жонка раздавала невядома каму плады сваей руплівай працы, раздавала часам так, што ў зімовы час, кал i гародніна знікала ў крамах райспажыўсаюза, — у доме не заставалася цыбуліны, зубка чосніку; праўда, квашанай капусты заўсёды хапала.
Вольга Андрэеўна вярнулася пад вечар з працы, пераапранулася — i на гарод. Яшчэ раніцою ўбачыла, як яна адстала ад суседак за час вясельнага тлуму, i ў бібліятэчнай бяздзейнасці ў яе свярбелі рукі ад жадання папрацаваць. А гэта хораша — у вячэрнім халадку рабіць у гародзе, пад вішнямі, што ў пене квецені! Які водар — ад вішань, ад маладой травы, якую нават шкада выпалваць, ад свежай зямлі! Нават ад гною, які ёй прывозіць райвыканкомаўскі шафёр з саўгаснага кароўніка, хоць грошы атрымоўвае для пакупкі яго ў прыватнікаў. Яна наіўна верыць, што гной з суседняй вёскі, ад шафёравага цесця.