80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— Вельмі добра, капітан. Але паветра, якое вы нясеце з сабою, павінна хутка траціцца, а як толькі наяўнасць кіслароду ў ім падае ніжэй пятнаццаці адсоткаў, ён робіцца шкодным для дыхання.
— Гэта верна, прафесар. Але я вам ужо сказаў, што насосы «Наўтылуса» дазваляюць мне нагнятаць паветра ў рэзервуар пад значным ціскам. Пры гэтых умовах рэзервуар забяспечвае запас паветра для дыхання пад вадой на дзевяць-дзесяць гадзін.
— Мне няма чаго болей супярэчыць, — сказаў я. — Дазвольце толькі запытацца ў вас, капітан,
— Апаратам Румкорфа, прафесар. Рэзервуар са сціснутым паветрам умацоўваецца на спіне, а гэты — каля пояса. Ён складаецца з элемента Бунзена, які я зараджаю натрыем, а не двухромакіслым каліем, як звычайна. Індукцыйная шпулька збірае вырабляемы ток і накіроўвае яго да ліхтара асобнай канструкцыі: ён складаецца са змеепадобнай, пустой шклянай трубкі, напоўненай вуглекіслым газам. Калі апарат працуе, газ свеціцца досыць яркім белесаватым святлом. Узброены такім чынам, я дыхаю і бачу пад вадой.
— Капітан Нэма, на ўсе мае супярэчанні вы даеце такія вычарпальныя адказы, што я не магу больш ні ў чым сумнявацца. Аднак-жа, прызнаўшы сябе пераможаным апаратамі Рукверойля і Румкорфа, я спадзяюся яшчэ ўзяць рэванш на стрэльбах, якімі вы абяцалі ўзброіць нас.
— Але-ж гэта не агнястрэльныя стрэльбы, якія зараджаюцца порахам, — сказаў капітан.
— Значыцца, яны дзейнічаюць сціснутым паветрам?
— Вядома. Ну, як-бы я стаў вырабляць порах на «Наўтылусе», дзе няма ні селітры, ні серы, ні вугалю.
— Але-ж, каб страляць пад вадой, дзе асяроддзе ў тысячу восемсот пяцьдзясят разоў больш сціслае, чым паветра, куля павінна перамагчы велізарнае супраціўленне.
— Гэта не перашкаджае маім стрэльбам. Дарэчы кажучы, існуюць гарматы, удасканаленыя пасля Фультона англічанамі Філіпам Кольсам і Берлеем, французам Фурсі і італьянцам Ландзі, якія могуць страляць і ў гэтых умовах. Але, паўтараю, не маючы пораху, я замяніў яго ў сваіх стрэльбах сціснутым паветрам, запас якога, дзякуючы насосам «Наўтылуса», вядома, неабмежаваны.
— Але гэты запас павінен адразу-ж вычарпацца, пасля кожнага стрэлу.
— Што-ж, хіба ў мяне няма за спіной рэзервуара Рукверойля, каб перазараджаць стрэльбу? Для гэтага досыць толькі пакруціць кран. Аднак вы самі ўбачыце, прафесар, што ў час падводных паляванняў не даводзіцца траціць шмат сціснутага паветра, а таксама і куль.
— Але мне здаецца, што ў пануючым на дне змроку і пры большай сцісласці вадкага асяроддзя ў параўнанні з паветрам, стрэлы не патрапяць на далёкую адлегласць і не могуць быць смяротнымі.
— Наадварот, прафесар, усе стрэлы гэтай стрэльбы — смяртэльныя, і калі жывёла хоць крыху кранута куляй, яна падае, быццам забітая маланкай.
— Чаму?
— Таму што мае стрэльбы б’юць не простымі, а маленькімі шклянымі кулямі, вынайдзенымі аўстрыйскім хімікам Ленібрэкам. У мяне даволі значны запас гэтых снарадаў. Гэтыя
— Здаюся, — сказаў я, падымаючыся з-за стала. — Вы перамаглі ўсе мае супярэчанні. Мне застаецца толькі ўзброіцца сваёй стрэльбай і пайсці за вамі, куды-б вы ні пайшлі.
Капітан Нэма павёў мяне на карму «Наўтылуса». Праходзячы ля каюты Нэда Лэнда і Канселя, мы клікнулі іх, і яны зараз-жа далучыліся да нас.
Усе разам мы пайшлі ў камеру, якая знаходзілася непасрэдна за машыннай залай. Тут мы павінны былі апрануцца ў скафандры для падводнай прагулкі.
Раздзел шаснаццаты
Прагулка па раўніне
Гэтая камера была адначасова і арсеналам і гардэробнай «Наўтылуса». Напэўна тузін скафандраў вісеў на сценах, чакаючы паляўнічых.
Нэд Лэнд, паглядзеўшы на скафандры, зрабіў крывую міну. Яму, відаць, непрыемна было апранаць гэты цяжкі гарнітур.
— Вы павінны ведаць, Нэд, — сказаў я адважнаму канадцу, — што лясы вострава Крэопо — падводныя!
— Вось дык штука, — расчаравана працягнуў гарпуншчык, бачачы, як рассейваюцца ўшчэнт яго мары аб куску свежага мяса. — А вы, спадар прафесар, — запытаўся ён мяне, — збіраецеся ўлезці ў гэтую збрую?
— Абавязкова, дарагі Нэд.
— Вольнаму воля, — адказаў Нэд Лэнд, паціскаючы плячыма, — але, калі мяне не прымусяць да гэтага сілай, добраахвотна я ў іх не палезу!
— Вас ніхто прымушаць не будзе, містэр Лэнд, — сказаў капітан Нэма.
— А Кансель рызыкне? — запытаўся Нэд.
— Я пайду за гаспадаром усюды, — адказаў Кансель.
Па кліку капітана два матросы прыйшлі дапамагаць нам апрануцца ў гэтыя цяжкія непрамакальныя вопраткі, зробленыя з гумы, без шва. Гэтыя, разлічаныя на высокі ціск скафандры, нагадвалі часткова панцыр сярэдневяковага рыцара, але адрозніваліся ад яго сваёй гнуткасцю.
Адзежа складалася з курткі, штаноў і тоўстых ботаў з падбітымі свінцом падэшвамі. Тканіна курткі была нацягнута на медныя абады, якія абаранялі грудзі ад ціску вады і дазвалялі вольна дыхаць. Рукавы курткі канчаліся мяккімі рукавіцамі, не перашкаджаўшымі руху пальцаў.
Капітан Нэма, адзін з яго матросаў — сапраўдны Геркулес па выгляду і відаць надзвычайна дужы, Кансель і я — усе мы хутка апранулі скафандры. Патрэбна было толькі прасунуць галаву ў металічную каску.
Але перад тым я папрасіў дазволу капітана праверыць стрэльбу, якая мне прызначалася.