80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— Якую можа даць толькі электрычнасць, — перапыніў мяне капітан Нэма. — Паўтараю, прафесар, магутнасць маіх машын амаль бязмежная. Насосы «Наўтылуса» надзвычай моцныя. Вы павінны былі ў гэтым пераканацца, калі на палубу «Аўраама Лінкальна», як вадаспад, выліліся выкінутыя імі слупы вады. Між іншым, дадатковымі рэзервуарамі я карыстаюся толькі ў тых выпадках, калі хачу пагрузіцца на глыбіню ад паўтары да двух тысяч метраў, — каб не перагружаць свае батарэі. А калі мне прыйдзе ў галаву фантазія наведаць самыя глыбокія месцы акіяна — на восемдзесят тысяч метраў ад яго паверхні, — я ўжываю другія манеўры, мажліва, больш складаныя, але такія-ж пэўныя.
— Якія-ж, капітан?
— Для таго, каб вы зразумелі іх, я павінен спачатку
— Мне вельмі рупіць даведацца пра гэта.
— Каб накіроўваць судна ўправа-улева, ці, другімі словамі, у гарызантальнай плоскасці, я карыстаюся звычайным стырном, умацаваным пад кармою. Стырно гэта прыводзіцца ў рух штурвалам і штуртросамі. Але можна таксама накіроўваць «Наўтылус» і ў вертыкальнай плоскасці — згары ўніз і знізу ўгару — пры дапамозе двух плоскасцей, свабодна прымацаваных да яго бартоў каля ватэрлініі. Плоскасці рухаюцца ў вертыкальным напрамку знутры судна спецыяльнымі рычагамі. Калі плоскасці ўстаноўлены паралельна кілю, «Наўтылус» ідзе па гарызанталі. Калі яны нахілены, «Наўтылус», у залежнасці ад вугла іх нахілу, або апускаецца па дыяганалі, або падымаецца па дыяганалі-ж, прычым даўжыня гэтай дыяганалі цалкам залежыць ад майго жадання. Больш таго, калі я хачу паскорыць пад’ём, я спыняю вінт, і ціск вады выштурхоўвае «Наўтылус» на паверхню па вертыкалі, як напоўнены вадародам аэрастат.
— Брава, капітан! — крыкнуў я. — Але кіраванне пагружаным у ваду «Наўтылусам» адбываецца наўздагад?
— Нічога падобнага. Стырнавы знаходзіцца ў будцы, якая выступае над палубай «Наўтылуса» ў насавой частцы. Ілюмінатары гэтай будкі маюць тоўстыя чачавіцападобныя шкелцы.
— Шкло, вытрымліваючае такія ціскі?
— Так. Крышталь крохкі пры падзенні або штуршку, уладае у той-жа час значнай трываласцю. У 1864 годзе ў часе вопытаў лоўлі пры электрычным асвятленні ў Паўночным моры крышталёвыя пласцінкі таўшчынёю ў сем міліметраў вытрымалі ціск у шаснаццаць атмасфер. А шкло, якім я карыстаюся, мае таўшчынёю ў цэнтры ў дваццаць адзін сантыметр, гэта значыць, яны ў трыццаць разоў таўсцейшыя.
— Я зразумеў. Але для таго, каб бачыць, трэба каб святло рассейвала цемру, і я пытаю сябе, якім чынам у цёмных глыбінях…
— За стырнавой будкай змяшчаецца магутны электрычны рэфлектар, — перапыніў мяне капітан Нэма, — праменні якога асвятляюць ваду на паўмілі наперад.
— Брава, тройчы брава, капітан! Цяпер мне зразумела гэтае электрычнае асвятленне вядомага нам «нарвала», якое так дзівіла вучоных. Дарэчы, дазвольце даведацца: ці толькі выпадкова сутыкнуліся «Наўтылус» з «Шатландыяй», нарабіўшы столькі шуму ва ўсім свеце?
— Зусім выпадкова, прафесар. Я плыў на двух метрах пад паверхняй вады, калі адбылася сутычка. Але-ж я адразу ўбачыў, што ніякай бяды не здарылася.
— Зусім правільна. «Шатландыя» шчасліва дабралася да порта. Ну, а ваша сустрэча з «Аўраамам Лінкальнам»?..
— Спадар прафесар, я сам спачуваю гэтаму лепшаму з караблёў адважнага амерыканскага флота, але ён нападаў на мяне, і я павінен быў абараняцца. Але-ж я абмежаваўся тым, што пазбавіў фрэгат магчымасці нападаць на мяне, — яму няцяжка будзе залячыць свае раны ў бліжэйшым порце.
— О, капітан, — вырвалася ў мяне, — «Наўтылус» сапраўды цудоўны карабель!
— Так, прафесар, — з прыкметным хваляваннем у голасе адказаў капітан Нэма. — Я люблю яго, як роднае дзіця. Караблі, што плаваюць па паверхні акіяна, сустракаюць тысячы небяспек. Кожная выпадковасць можа стаць для іх гібельнай. А тут, у глыбіні мора, чалавеку няма чаго непакоіцца. Не даводзіцца баяцца сплюшчвання ад ціску — корпус гэтага судна мацней за жалеза. У яго няма такелажу, які «стомліваецца» ад бур. Няма парусоў, якія можа сарваць вецер. Няма катлоў, якія могуць выбухнуць. Не страшны пажар, бо на ім няма драўляных частак. Няма вугалю, запасы якога хутка трацяцца — ён-жа рухаецца толькі электрычнасцю. Не страшны сутычкі, бо толькі ён адзін
Капітан Нэма гаварыў з велізарным уздымам. Агонь, што загарэўся ў яго вачах, жвавасць рухаў рэзка змянілі яго.
У мяне ўзнікла адно пытанне, і, хаця яно магло палічыцца недалікатным, я не ўтрымаўся і задаў яго капітану Нэма:
— Выходзіць, што вы інжынер па адукацыі?
— Так, — адказаў ён. — У той час, калі я быў яшчэ зямным жыхаром, я вучыўся ў Лондане, Парыжы і Нью-Ёрку.
— Але як вам удалося пабудаваць цішком ваш непараўнальны «Наўтылус»?
— Кожная частка яго, спадар прафесар, рабілася ў розных кутках зямнога шара, і заводам гаварылася выдуманае прызначэнне іх. Кіль «Наўтылуса» быў выкаваны на заводах Крэзо ў Францыі; грэбны вал — у Пэна і Ко. у Лондане; вінт — у Скота ў Глазго; рэзервуары — у Капля і Ко. у Парыжы; машыну зрабілі заводы Крупа ў Германіі; таран — шведскі фабрыкант Мотана; складаныя прыборы — браты Барт у Нью-Ёрку і так далей і да таго падобнае. Кожны з пастаўшчыкоў атрымаў мае чарцяжы, падпісаныя іншым імем.
— Але, — заўважыў я, — недастаткова-ж было атрымаць часткі, трэ’ было іх сабраць, прыгнаць…
— Я пабудаваў сабе верф на адным бязлюдным астраўку, загубленым у акіяне. Там навучаныя мною рабочыя, лепш сказаць мае таварышы, пад маім назіраннем сабралі «Наўтылус». Калі зборка закончылася, агонь знішчыў усе сляды нашага прабывання на астраўку. Каб хапіла моцы — я пусціў-бы ў паветра і самы астравок.
— Трэба лічыць, што карабель абышоўся вам у велізарныя сумы?
— Звычайна жалезны карабель каштуе тысячу сто дваццаць пяць франкаў з кожнай тоны вагі. Мой «Наўтылус» важыць тысячу пяцьсот тон. Значыцца, ён каштуе без малага два мільёны франкаў, калі лічыць толькі кошт яго абсталявання, і чатыры-пяць мільёнаў разам з калекцыямі і прадметамі мастацтва, што хаваюцца на ім.
— Дазвольце задаць апошняе пытанне, капітан?
— Кажыце, прафесар.
— Вы вельмі багаты?
— Я бясконца багаты і мог-бы лёгка, не збяднеўшы, заплаціць дзесяцімільярдны доўг Францыі.
Я пільна паглядзеў на гэтага дзіўнага чалавека. Ці злоўжываў ён маёй даверлівасцю? Будучыня павінна была паказаць гэта.
Раздзел чатырнаццаты
Чорная рака
Плошча, якую займае вада на зямной паверхні, складае трыста шэсцьдзясят адзін мільён квадратных кіламетраў. Аб’ём гэтай масы вады роўны двум мільярдам двумстам пяцідзесяці мільёнам кубічных міль. Калі-б усю гэтую ваду ўзважыць, дык вага яе раўнялася-б тром квінтыльёнам тон. Каб усвядоміць гэтую лічбу, трэба ведаць, што квінтыльён так адносіцца да мільярда, як мільярд да адзінкі, або, інакш кажучы, у квінтыльёне столькі мільярдаў, колькі ў мільярдзе адзінак. Гэтая маса прыблізна адпавядае той колькасці вады, якую маглі-б выліць усе рэкі зямнога мора на працягу сарака тысяч год.
У дні маладосці зямлі за вогненным перыядам пайшоў перыяд вадзяны. Акіян спачатку пакрываў усю зямлю. Затым паступова, у сілурыйскі перыяд, пачаўся гораўтваральны працэс. З акіяна выступілі верхавіны гор. Потым з’явіліся астравы; яны зноў зніклі ад частковых патопаў, затым зноў з’явіліся, умацаваліся і ўтварылі сухазем’і; нарэшце сухазем’е набыло тыя абрысы, якія мы бачым цяпер. Сухазем’е адваявала ў вады сто сорак мільёнаў шэсцьсот сем тысяч квадратных кіламетраў.
Абрысы кантынентаў дазваляюць падзяліць ваду на пяць галоўнейшых частак: Паўночны ледавіты акіян, Паўднёвы ледавіты акіян, Індыйскі акіян, Атлантычны акіян і Ціхі акіян.