80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— З гэтай хвіліны я на іх глядзець не хачу!
— У такім выпадку курыце, колькі захочаце, не пытаючы пра паходжанне цыгар. Ніякая табачная манаполія не брала за іх падатку. Але-ж ад гэтага яны не зрабіліся горшымі, хіба няпраўда?
— Ніколькі.
У гэтую хвіліну капітан Нэма расчыніў дзверы насупроць тых, праз якія мы ўвайшлі ў бібліятэку, і я прайшоў у вялікі надзвычайна добра асветлены салон.
Гэта быў прасторны квадратны зал з зрэзанымі кутамі, даўжынёй у дзесяць, шырынёй у шэсць і вышынёю ў пяць метраў. Схаваныя ў столі, упрыгожанай лёгкімі арабескамі, лямпы залівалі яркім, але нярэзкім святлом цуды, сабраныя ў гэтым музеі, бо гэта быў сапраўдны музей, у якім умелыя і шчодрыя рукі сабралі ўсе скарбы прыроды і мастацтва ў тым мастацкім беспарадку, які адрознівае памяшканне мастака. Трыццаць карцін вялікіх майстраў у аднолькавых
Прараканні капітана пачыналі спраўджвацца: з першых-жа крокаў агляду «Наўтылуса» я быў ашаломлены.
— Прафесар, спадзяюся, прабачыць мне, — сказаў гэты дзіўны чалавек, — за тую бесцэрамоннасць, з якою я яго прымаю, і за беспарадак, які пануе ў гэтым пакоі.
— Капітан, — адказаў я, — я павінен сказаць — вы сапраўдны артыст!
— О, не, толькі аматар, — адказаў ён. Мне было радасна збіраць гэтыя незвычайныя творы чалавечага генія. Я быў няўтомны ў пошуках і прагны ў набыцці — гэта дазволіла мне атрымаць рад рэчаў сапраўды высокай вартасці. Гэта апошнія ўспаміны аб памёршай. для мяне зямлі. У маіх вачах нават сучасныя вашы мастакі—старажытныя майстры. Я гляджу на іх карціны і думаю, што ім па дзве, тры тысячы год. У геніяў няма ўзросту.
— А гэтыя музыканты? — спытаў я, паказваючы на партытуры Вебера, Расііні, Моцарта, Бетховена, Гайдна, Майербера, Герольда, Вагнера, Обера, Гуно і раду іншых параскіданых на вялікім піяніне-аргане, які займаў цэлы прасценак у салоне.
— Гэтыя музыканты для мяне — сучаснікі Арфея [20] , розніца сціраецца ў памяці мерцвякоў, а я мёртвы, прафесар, таксама мёртвы, як тыя з вашых сяброў, якія ляжаць на шэсць футаў пад зямлёю.
Капітан Нэма змоўк у глыбокай задуменнасці. Я глядзеў на яго з жывейшай увагай, моўчкі вывучаючы асаблівасці яго твара. Абапершыся аб вельмі дарагі столік з інкрустацыямі, ён не бачыў мяне і, здавалася, зусім забыўся на маё існаванне.
20
Арфей — у старажытна-грэцкай міфалогіі спявак, які сваімі песнямі прыводзіў у рух дрэвы, скалы і ўціхамірваў дзікіх звяроў.
Я рашыў не перашкаджаць яму і прадаўжаў аглядаць цуды, сабраныя ў гэтым салоне.
Побач з творамі мастацтва віднае месца займалі прыродныя рэдкасці. Гэта былі галоўным чынам расліны, ракавіны і іншыя прадукты акіянскай флоры і фауны відаць, усе сабраныя рукамі самога, капітана Нэма. Пасярод салона біў фантан, асветлены знізу электрычнасцю: струменькі вады спадалі ў басейн, зроблены з адной гіганцкай ракавіны-трыдакны. Акружнасць трыдакны дасягала шасці метраў. Значыцца, па велічыні яна перавышала нават славутую ракавіну, падараваную Венецыянскай рэспублікай каралю Францыску І.
Наўкол басейна ў прыгожых шкляных вітрынах у меднай аправе былі расстаўлены самыя каштоўныя марскія рэдкасці, якія калі-небудзь даводзілася бачыць натуралісту. Можна сабе ўявіць маю радасць, калі я ўбачыў іх.
Раздзел зоафітаў быў прадстаўлен тут двума групамі паліпаў і ігласкурых. У першай групе былі веерападобныя гаргоніі, марскія «арганчыні», сірыйскія губкі, малукскія каралы, незвычайны экземпляр альчыёны, вельмі прыгожыя веераліснікі, глазчаткі з вострава Бурбона і цэлая серыя
Каб на маім месцы быў слабанервны канхіліёлаг [21] ён страціў-бы прытомнасць, убачыўшы суседнія вітрыны, у якіх размясціліся калекцыі малюскаў. Гэтым калекцыям не было цаны, і апісанню іх трэба было-б прысвяціць цэлы том. Таму я абмяжуюся пералічэннем толькі самага цікавага. Там быў зграбны малюнак Індыйскага акіяна з правільна размешчанымі на чырвона-карычневым фоне белымі плямамі; так званы «імператарскі спандылій», увесь усеяны камячкамі і ярка афарбованы, — экземпляр, за які кожны еўрапейскі музей не пашкадаваў-бы аддаць дваццаць тысяч франкаў; звычайны аўстралійскі малаток, якога амаль немагчыма знайсці; сенегальскія сэрцавікі-двухстворчатыя, белыя, такія крохкія, што рассыпаюцца на порхаўку пры самым малым павеі, як мыльныя пузыры; некалькі яванскіх марскіх леяк-вапняковых трубачак са складчатымі берагамі, высока ацэньваемых аматарамі; цэлы рад бруханогіх — жоўта-зялёных, якія сустракаюцца ў амерыканскіх водах, цёмна-бурых, якія водзяцца ля берагоў Новай Зеландыі, у Мексіканскай затоцы і вызначаюцца сваёю чарапіцападобнаю ракавінай; затым дзіўныя серністыя тэліны, каштоўнейшыя пароды цэтэр, кратчаты сонечнік, мармуровая кубарна з перламутравымі плямамі; далей усе віды вужовак, што ўжываюцца ў Індыі замест манет. «Слава мора» — самая дарагая ракавіна Усходняй Індыі; нарэшце лужанкі, дафніі, янцыны, яйцавідкі, мітры, каскі, баграцы, арфы, трытоны, птэрацэры, патэлі, гіялеі, клерадоры, адзіныя і крохкія ракавіны, якім вучоныя далі прыгожыя імёны.
21
Канхіліёлаг — вучоны, які вывучае ракавіны.
У асобных вітрынах ляжалі нізкі нябачнага хараства перлаў, у якіх водбліскі электрычнасці запальвалі іскры агню: ружовыя перлы, што сустракаюцца на дне Чырвонага мора, зялёныя, жоўтыя, сінія, чорныя, перлы-хваравітыя нарасты ў целах розных малюскаў, якія жывуць амаль ва ўсіх морах і акіянах.
Некаторыя з гэтых перлаў велічынёю перавышалі галубінае яйка. Іхняя каштоўнасць перавышала каштоўнасць таго перла, які падарожнік Тавернье прадаў за тры мільёны шаху персідскаму, а хараство было лепшым, як у перла імама Маскаты, які я лічыў першым у свеце.
Такім чынам, вызначыць каштоўнасць гэтай калекцыі было зусім немажліва. Капітан Нэма павінен быў патраціць мільён, каб набыць гэтыя экспанаты.
Я пытаў сябе, дзе крыніца яго нечуванага багацця, але раптам капітан звярнуўся да мяне:
— Вы разглядаеце мае калекцыі, прафесар? Яны і сапраўды заслугоўваюць увагі натураліста. Але для мяне вартасць іх тым больш значная, што кожную з іх я сабраў сваімі ўласнымі рукамі, і няма на зямным шары мора, якое не дало-б мне хоць што-небудзь для калекцыі.
— Я зусім разумею, капітан, радасць, якую вы павінны адчуваць, гледзячы на такія багацці. Ніводзін з еўрапейскіх музеяў не мае такой поўнай калекцыі твораў акіяна! Але калі я патрачу ўсё сваё захапленне на агляд музея, што застанецца мне для агляду карабля? Я менш за ўсё хачу быць недалікатным і дапытвацца пра вашыя тайны, але прызнаюся, што мая цікаўнасць надзвычай узбуджана самім «Наўтылусам», сілай, якая прыводзіць яго ў рух, прыборамі, якія надаюць яму такую рухавасць. На сценах гэтага салона я бачу прыборы, прызначэнне якіх мне не ясна. Ці магу я запытацца…
— Спадар Аранакс, — перапыніў мяне капітан, — я ўжо сказаў, што вы вольны на гэтым караблі і, значыцца, няма такога кутка на «Наўтылусе» куды-б вам быў забаронены доступ. Можаце аглядзець карабель, колькі хочаце, і я з прыемнасцю гатовы служыць вам правадніком.
— Не ведаю, чым аддзякаваць вам, капітан. Пастараюся не злоўжываць вашай ласкаю. Дазвольце мне толькі даведацца, якое прызначэнне маюць гэтыя фізічныя прыборы?
— Акурат такія самыя прыборы, прафесар, ёсць у маёй каюце, і я там растлумачу вам іх прызначэнне. Але спачатку пойдзем у адведзеную вам каюту. Трэба-ж вам ведаць, у якіх умовах вы будзеце жыць на «Наўтылусе».