80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— Як-бы там ні было, — сказаў Нэд Лэнд, — але я галодны, як сабака, а снедання або абеда нам усё яшчэ не прыносяць!
— Дарагі Нэд, нам трэба падпарадкавацца існуючаму тут распарадку. Я думаю, што нашы страўнікі значна спяшаюцца ў параўнанні з гадзіннікам кока [17] .
— Што-ж, перасунем стрэлкі страўніка, і ўсё будзе ў парадку, — спакойна сказаў Кансель.
— Пазнаю вас і ў гэтым, Кансель! — сказаў нецярпліва канадзец.
— Вы шкадуеце свае нервы, як заўсёды! Вось дык спакой! Вы здольны хутчэй памерці ад голаду, чым паскардзіцца!
17
Кок —
— Чаго скардзіцца? Гэта ўсёроўна не дапаможа!
— Як не дапаможа? Ды калі скардзішся, то нават ад аднаго гэтага ўжо робіцца неяк лягчэй! І калі гэтыя піраты — я заву іх піратамі толькі з павагі да спадара прафесара, які забараняе называць іх людаедамі, — калі, кажу, гэтыя піраты думаюць, што я моўчкі дазволю трымаць сябе ў гэтай каморцы, дзе я задыхаюся, і не пазнаёмлю іх нават са сваім рэпертуарам лаянкі, то яны вельмі памыляюцца! Паслухайце, спадар прафесар, скажыце шчыра, як па-вашаму, — ці доўга яны нас патрымаюць у гэтай клетцы?
— Праўду кажучы, Нэд, я ведаю пра гэта столькі сама, колькі і вы.
— Але што вы пра гэта думаеце?
— Я думаю, што мы выпадкова даведаліся пра важную тайну. Калі каманда падводнага карабля зацікаўлена ў захаванні гэтай тайны і гэтая зацікаўленасць важней, як жыццё трох чалавек, тады — нам пагражае сур’ёзная небяспека. А калі не, дык пры першым зручным выпадку праглынуўшая нас «страшыдла», зверне нас у свет, заселены падобнымі нам людзьмі.
— Або залічыць нас у судовую каманду, — дадаў Кансель, — і пакіне тут…
— Да таго часу, — дакончыў гэты сказ Нэд Лэнд, — пакуль другі фрэгат, больш быстраходны і больш шчасліва, да «Аўраама Лінкальна», не захопіць гэтае пірацкае гняздо і не павесіць усю яго каманду, і нас у тым ліку, на самым канцы сваёй грот-мачты!
— Слушная заўвага, Нэд, — сказаў я. — Але, колькі мне вядома, покуль яшчэ ніхто не рабіў нам падобных прапаноў. Таму няварта абмяркоўваць, як нам трымацца ў такім выпадку. Паўтараю, запасемся цярпеннем, будзем чакаць, будзем трымацца адпаведна з абставінамі, а покуль нічога не будзем рабіць, бо рабіць усёроўна няма чаго!
— Наадварот, — супярэчыў упарты гарпуншчык, не жадаючы здавацца, — неабходна нешта зрабіць!
— Але што, Нэд?
— Выратавацца.
— Уцячы з зямной турмы надзвычайна цяжка, выратавацца-ж з падводнай — зусім немагчыма, — сказаў я.
— Ну што-ж, дружа Нэд, — спытаў Кансель, — што адкажаце вы на заўвагу гаспадара? Я ведаю, што амерыканцы па словы не лазяць у кішэню.
Гарпуншчык збянтэжана маўчаў. Уцякаць пры такіх умовах, у якіх мы знаходзіліся, было сапраўды немагчыма. Але канадзец напалову-ж француз. І Нэд Лэнд давёў гэта сваім адказам.
— Спадар прафесар, — сказаў ён пасля некалькіх хвілін раздум’я, — вы не ведаеце, што павінны рабіць людзі, якія не могуць уцячы з сваёй турмы?
— Не, дружа мой.
— Але-ж гэта вельмі проста. Яны абсталёўваюцца ў сваёй турме так, каб у ёй было прыемна заставацца…
— Але, — сказаў Кансель. — Лепш ужо быць унутры падводнай турмы, чым пад ёю, або над ёю заставацца.
— Толькі раней выкідаюць адтуль гаспадароў і вартаўнікоў,— дадаў Нэд Лэнд.
— Ды што вы, Нэд! Няўжо вы сур’ёзна думаеце заўладаць гэтым суднам?
— Зусім сур’ёзна, — адказаў канадзец.
— Гэта немагчыма.
— Чаму немагчыма, прафесар? Вельмі можа здарыцца, што будзем мець зручны выпадак. І я не бачу прычыны, чаму-б не скарыстаць яго. На борце гэтага карабля, я думаю, не больш за дваццаць чалавек. Такая жменька
Лепш было абыйсці моўчкі прапанову гарпуншчыка, як завязваць з ім спрэчкі. Таму я абмежаваўся тым, што сказаў:
— Пачакаем такога выпадку, Нэд, і тады пабачым. Але да таго часу папрашу вас стрымліваць сваю нецярплівасць. Тут можна дзейнічаць толькі хітрасцю, а ваш запал менш за ўсё дапамагае стварэнню зручнага выпадку. Абяцайце мне цярпліва і без гневу чакаць яго.
— Я абяцаю вам гэта, спадар прафесар, — адказаў Нэд Лэнд не зусім упэўненым голасам. — Вы не пачуеце ад мяне ніводнага грубага слова, не ўбачыце ніводнага рэзкага руху, нават калі яда не будзе падавацца нам з усёю жаданаю акуратнасцю.
— Памятайце-ж ваша абяцанне, Нэд, — адказаў я канадцу.
Гутарка спынілася, і кожны з нас пачаў разважаць сам з сабою. Што датычыцца мяне, дык павінен прызнацца, што, не гледзячы на ўсе пераконанні гарпуншчыка, я не суцяшаў сябе ніякімі надзеямі. Я не дапускаў ніякіх шчаслівых вьпадковасцей, пра якія гаварыў Нэд Лэнд. Бясспрэчна, што падводнае судна мела шматлікую каманду, а таму на выпадак барацьбы нам давялося-б сустрэцца з дужа моцным супраціўнікам. Перш за ўсё, для таго каб думаць сур’ёзна пра ажыццяўленне плана Нэда Лэнда, нам трэба было быць вольнымі, а мы былі палоннікамі. Я не бачыў ніякай магчымасці вызваліцца з гэтай жалезнай, герметычна зачыненай клеткі.
І калі толькі дзіўны капітан гэтага судна хавае нейкую тайну, што здавалася зусім магчымым, — ён не дазволіць нам вольна дзейнічаць на яго барту. Ці вызваліцца ён ад нас сілаю зараз-жа, ці закіне нас калі-небудзь на які-небудзь астравок — гэта было зусім невядома. Усе гэтыя меркаванні здаваліся мне вельмі праўдападобнымі, і трэба было быць Нэдам Лэндам, каб спадзявацца на заваяванне волі ў такіх умовах. Я разумеў, аднак, што чым больш Нэд Лэнд будзе разважаць, тым больш ён будзе раздражняцца. Я адчуваў ужо, што ў яго горле застралі праклёны, і я бачыў, што яго жэсты рабіліся ўсё больш пагражальнымі. Ён бегаў узад і ўперад, як дзікі звер па клетцы, і стукаў у сцены нагамі і кулакамі. Між тым час ішоў, голад сурова напамінаў пра сябе, а сцюард усё не з’яўляўся. Гэтая няўвага да пацярпеўшых крушэнне нічога добрага нам не абяцала. Нэда Лэнда мучылі спазмы голаду, і ён усё больш і больш лютаваў. Не гледзячы на яго абяцанне, я баяўся, што ён наробіць бяды, калі з’явіцца хто-небудзь з каманды.
На працягу наступных двух гадзін гнеў Нэд Лэнда ўвесь час нарастаў. Канадзец клікаў, крычаў, але дарэмна: жалезныя сцены былі глухімі.
Я не чуў аніякага шуму ў глыбіні гэтага судна, якое здавалася мёртвым. Яно стаяла на месцы, інакш мы адчувалі-б уздрыгі корпуса ад руху вінта. Пагружанае ў вадзяную прорву, яно больш не належала зямлі. Гэтая магільная ціша была жахлівай.
Я баяўся і думаць пра тое, колькі можа працягвацца наша зняволенне ў гэтай жалезнай клетцы.
Надзеі, якія ўзніклі былі ў мяне пасля сустрэчы з капітанам судна, паступова зніклі. Ласкавы погляд, адкрыты выраз твара, благародная постаць — усё сцерлася з маёй памяці. Я ўяўляў сабе гэтага загадковага чалавека такім, якім ён павінен быў быць — жорсткім і бязлітасным. Я ўявіў сабе яго, як стаячага вышэй чалавечнасці, недаступнага пачуццю літасці, непрымірымага ворага людзей, якім ён пакляўся ў вечнай нянавісці. Але няўжо-ж гэты чалавек дасць нам загінуць ад голаду ў цеснай турме, ва ўладзе страшных спакус, на якія нас штурхаў голад? Гэтая страшная думка цалкам завалодала маім розумам. Жах ахапіў мяне. Кансель заставаўся спакойным, Нэд распаляўся ўсё больш і больш.