80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Я паследваў за капітанам Нэма. Праз адны з дзвярэй, прабітых у кожным зрэзаным куце салона, мы вышлі ў вузкі калідор. Прайшоўшы на нос карабля, капітан Нэма прывёў мяне ў каюту або лепш сказаць — у багата абсталяваны прасторны пакой, з ложкам, туалетным сталом, крэсламі і г. д.
Я пачаў шчыра дзякаваць.
— Ваш пакой побач з маім, — сказаў капітан, расчыняючы дзверы, — а мой злучаецца з салонам, які мы толькі што пакінулі.
Мы ўвайшлі ў пакой капітана. Ён ствараў уражанне суровай прастаты і строгасці. Жалезны ложак, рабочы стол, некалькі крэслаў, умывальнік — вось і ўсё яго абсталяванне. Толькі неабходныя рэчы, ніякага камфорту.
У
Капітан Нэма паказаў мне на крэсла.
— Сядайце, калі ласка.
Я сеў. Ён памаўчаў крыху і потым загаварыў.
Раздзел дванаццаты
Усё праз электрычнасць
— Глядзіце, прафесар, — пачаў капітан Нэма, указваючы на прыборы, што віселі на сценах пакоя. — Вось апараты, якія служаць для кіравання «Наўтылусам». Тут, таксама як і ў салоне, яны заўсёды перад маімі вачыма і паказваюць мне дакладнае месцазнаходжанне «Наўтылуса» ў акіяне і яго напрамак. Некаторыя з гэтых прыбораў вам вядомыя. Гэта тэрмометр, які паказвае тэмпературу паветра на «Наўтылусе»; барометр, які вызначае ціск паветра і тым самым змену надвор’я; гігрометр азначае прысутнасць вільгаці ў атмасферы; компас, які паказвае судну кірунак; секстант дазваляе па вышыні сонца вызначыць шырату мясцовасці; хранометры, пры дапамозе якіх мы знаходзім даўгату; нарэшце дзённыя і начныя падзорныя трубы, якія служаць мне для агляду гарызонта, калі «Наўтылус» узнімаецца на паверхню вады.
— Усе гэтыя прыборы, — адказаў я, — звычайныя ў мораходнай практыцы, і я даўно з імі знаёмы. Але вось тут ёсць нейкія невядомыя мне прыборы. Відаць, яны і адпавядаюць асаблівасцям кіравання «Наўтылусам». Вось гэты вялікі цыферблат з рухавай стрэлкай — ці не манометр гэта?
— Гэта сапраўды манометр. Злучаючыся з вадою за бортам карабля, ён паказвае яе ціск і тым самым — глыбіню пагружэння «Наўтылуса».
— А гэта — зонды?
— Так, толькі новай канструкцыі. Гэта тэрмаметрычныя зонды, які паказваюць тэмпературу розных пластоў вады.
— А вось гэтыя прыборы? Я не ўяўляю сабе, для чаго яны могуць служыць.
— Тут, прафесар, прыйдзецца даць вам некаторыя тлумачэнні, — адказаў капітан Нэма.
Ён прамаўчаў крыху, потым прадаўжаў:
— У прыродзе ёсць сіла — паслухмяная, хуткая, простая для ўжывання. Яна рабіць усё на маім караблі. Асвятляе, апальвае, прыводзіць у рух машыны. Гэтая сіла — электрычнасць.
— Электрычнасць? — здзівіўся я.
— Так.
— Аднак, капітан, ваш карабель уладае незвычайнай шпаркасцю. Гэта мала пасуе да таго, што нам вядома пра электрычнасць [22] . Дагэтуль яе механічная сіла ўяўлялася надзвычай абмежаванай.
22
Не трэба забываць, што гутарка ідзе пра стан навукі, які быў 60–70 гадоў назад (заўв. рэд.).
— Бачыце, прафесар, — адказаў капітан Нэма, — мае спробы выкарыстання энергіі электрычнасці не падобныя да агульнапрынятых. Дазвольце мне абмежавацца толькі гэтым паведамленнем.
— Не буду настойваць, капітан, хаця я зусім ашаломлены вашым паведамленнем. Прашу вас адказаць мне толькі на адно запытанне, калі, вядома, вы яго не палічыце за нетактычнае. Элементы, якія служаць, крыніцаю атрымання гэтай дзівоснай сілы, павінны-ж хутка вычарпацца, асабліва цынк.
— Ахвотна адкажу вам на гэтае пытанне, — сказаў капітан Нэма. — Перш за ўсё ведайце, што на дне марскім ёсць залежы цынку, жалеза, срэбра, золата і іншых металаў, распрацоўку якіх безумоўна можна было-б наладзіць. Але я не карыстаюся гэтымі металамі і ў моры-ж атрымліваю тую колькасць энергіі, у якой маю патрэбу.
— У моры?
— Так, прафесар, у моры. Ёсць нямала спосабаў прымання электрычнасці ў моры. Я мог-бы, напрыклад у ланцугу праваднікоў, апушчаных на розную глыбіню, атрымаць ток ад рознасцей тэмператур у пластах вады. Але я палічыў за лепшае выбраць другі, больш практычны спосаб.
— Які?
— Вы ведаеце склад марской вады? У ста частках яе чыстая вада займае дзевяноста шэсць з паловаю частак, а дзве і дзве трэці, прыкладна, частак прыпадае на долю хлорыстага натра [23] . Далей, у ёй ёсць у невялікай колькасці хлорысты магній і хлорысты кальцый, бромісты сернакіслы магній, серная кіслата і вуглекальцыевая соль. Вы бачыце, што хлорысты натр ёсць у марской вадзе ў вельмі значнай колькасці. Вось гэтым самым хлорыстым натрам, які я здабываю з марской вады ў неабмежаванай колькасці, я і насычаю свае элементы.
23
Хлорысты натр — звычайная павараная соль.
— Хлорыстым натрам?
— Так. У злучэнні са ртуццю ён утварае альмагаму, якая замяняе цынк у элементах Бунзена. Ртуць у элементах не раскладаецца. Выдаткоўваецца, такім чынам толькі натрый, а яго мне дае само мора. Павінен вам яшчэ сказаць, што натрыевыя элементы, прынамсі ў два разы мацнейшыя за цынкавыя.
— Я разумею, капітан, перавагі натрыя ва ўмовах, у якіх вы знаходзіцеся. У моры яго колькі хочаш. Вельмі добра. Але-ж натр трэба яшчэ вылучыць у чыстым выглядзе з яго хлорыстага злучэння. Што вы робіце для гэтага? Бясспрэчна, вашы батарэі маглі-б паслужыць для электроліза хлорыстага натра, але, калі не памыляюся, выдаткаванне натрыя на электроліз перавысіць колькасць натрыя, які можна атрымаць ад яго. І вы больш страціце натрыя, як атрымаеце новага!
— Вось таму, прафесар, я і не здабываю натрый электралітычным спосабам, а карыстаюся для гэтага энергіяй гарэння каменнага вугалю.
— Не. Назавём, калі, хочаце, гэты вугаль марскім.
— Значыць, вы знайшлі спосаб распрацоўкі падводных залежаў каменнага вугалю?
— Вы ўбачыце гэта ўласнымі вачыма, прафесар. Я прашу ў вас толькі крыху цярпення, тым болей, што час зусім дазваляе вам быць цярплівым. Памятайце толькі адно: я абсалютна ўсё атрымліваю ад акіяна. Ён дае мне электрычнасць, а электрычнасць дае «Наўтылусу» цяпло, святло, рух — адным словам, жыццё!
— Але толькі не паветра для дыхання?
— О, мне было-б лёгка вырабляць патрэбную колькасць паветра, але гэта непатрэбна, бо я магу узнімацца на паверхню акіяна, калі мне толькі прыйдзе ахвота. Ды і зараз электрычнасць прыводзіць у рух магутныя насосы, якія нагнятаюць паветра ў спецыяльныя рэзервуары; карыстаючыся імі я магу, калі патрэбна, доўга знаходзіцца пад вадой.
— Капітан, — сказаў я, — я магу толькі вітаць вас. Відаць, вам удалося вынайсці тое, да чаго людзі дадумаюцца толькі куды пазней, — велізарную дынамічную сілу электрычнасці!