80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— Не ведаю, ці знойдуць яны яе калі-небудзь, — холадна адказаў капітан Нэма. — Аднак, як-бы там ні было, а вы ўжо ведаеце, якое прыстасаванне я даў гэтай цудоўнай сіле. Гэта яна асвятляе карабель са сталасцю і бесперапыннасцю, якіх няма нават у сонца. Цяпер гляньце на гэты гадзіннік — ён электрычны і ідзе з такой дакладнасцю, якая паспрачаецца з лепшым хранометрам. Я падзяліў цыферблат на дваццаць чатыры гадзіны, як італьянскі гадзіннік, таму, што для мяне не існуе ні дня, ні ночы, ні сонца, ні месяца, але толькі тое штучнае святло, якое я цягну за сабой у глыбіню мораў. Глядзіце, цяпер дзесяць гадзін раніцы.
— Зусім
— А вось вам другое дапасаванне электрычнасці. Гэты цыферблат, што вісіць перад вашымі вачыма, служыць паказальнікам хуткасці «Наўтылуса». Провад злучае з вінтам лаг, і стрэлка яго кажа мне, з якой хуткасцю ідзе судна. Вось бачыце, у гэтую хвіліну мы ідзём з умеранай хуткасцю ў пятнаццаць міль у гадзіну.
— Надзвычайна! — крыкнуў я. — Я цяпер бачу, капітан, што вы зусім правільна зрабілі, выкарыстаўшы іменна гэтую прыродную сілу, якая замяняе вам вецер, ваду і пару.
— Мы яшчэ не кончылі агляду, прафесар, — сказаў капітан Нэма, устаючы з крэсла. — Калі вы не стаміліся, пройдзем на карму «Наўтылуса».
Сапраўды, я пазнаёміўся ўжо з усёй насавой часткай падводнага карабля. Вось пералік памяшканняў гэтай часткі ў паслядоўным парадку, ад сярэдзіны да тарана на носе: сталовая, даўжынёю ў пяць метраў, аддзеленая ад бібліятэкі воданепранікальнай пераборкай; бібліятэка даўжынёю ў пяць метраў; вялікі салон даўжынёю дзесяць метраў, аддзелены ад пакоя капітана другою воданепранікальнаю пераборкаю; пакой капітана даўжынёй у пяць метраў; мой пакой у два з паловаю метра і, нарэшце, рэзервуар для паветра ў сем з паловаю метраў даўжыні, які ідзе да самага форштэўня.
Увогуле даўжыня гэтай часткі складала трыццаць пяць метраў. Воданепранікальныя пераборкі мелі герметычныя дзверы і павінны былі захаваць «Наўтылус» ад запалення, на выпадак, калі ў якой-небудзь яго частцы адкрыецца цеч.
Я пайшоў за капітанам Нэма па калідорах у сярэдзіну судна. Там змяшчалася нешта накшталт вузкага калодзежа, заключанага паміж двума воданепранікальнымі пераборкамі. Жалезная лесвіца, прашрубованая да сцяны калодзежа, вяла да столі. Я запытаў капітана, якое прызначэнне гэтага калодзежа.
— Ён вядзе да шлюпкі, — адказаў ён мне.
— Як? У вас ёсць шлюпка? — здзіўлена перапытаў я.
— Вядома. Вельмі добрая шлюпка, лёгкая і нятонучая. Яна служыць для прагулак і рыбнай лоўлі.
— І для таго, каб спусціць шлюпку на ваду вам прыходзіцца ўздымацца на паверхню?
— Зусім не. Шлюпка змяшчаецца ў спецыяльнай выемцы ў палубе «Наўтылуса». Яна мае герметычна прыгнаную, воданепранікальную крышку і ўтрымліваецца ў сваёй выемцы моцнымі балтамі. Гэтая лесвіца вядзе да вузкага люка ў палубе «Наўтылуса», а гэты люк злучаецца з такім-жа люкам у дне шлюпкі. Праз гэтыя дзве адтуліны я ўлязаю ў шлюпку. За мною закрываюць люк «Наўтылуса». Я сам закрываю люк у дне шлюпкі спецыяльнымі шрубамі. Потым я адкручваю балты, і шлюпка з вялікай хуткасцю ўсплывае на паверхню мора. Тады я разбіраю складную крышку, станаўлю мачту, парус, або бяруся за вёслы і пачынаю сваю прагулку.
— А як вы вяртаецеся на борт?
— Я і не вяртаюся. «Наўтылус» прыходзіць за мною.
— Па вашаму загаду?
— Па майму загаду. Я злучаны з ім электрычным провадам. Калі я хачу вярнуцца на судна, я даю тэлеграму.
— І сапраўды, — ускрыкнуў я, ашаломлены ўсімі гэтымі цудоўнасцямі, — нічога не можа быць прасцей!
Абмінуўшы каморку трапа, што вядзе на палубу, мы прайшлі каля каюты даўжынёю ў два метры, у якой Нэд Лэнд і Кансель уміналі за чацвярых вельмі добрае снеданне. Побач знаходзілася кухня, займаўшая тры метры ў даўжыню. Тут-жа змяшчаліся прасторныя кладоўкі. Кухня ацяплялася электрычнасцю. Правады, прыпаяныя да плацінавых пласцінак, напальвалі іх дабяла, падтрымліваючы патрэбную для пячэння, гатавання і смажання тэмпературу пліты. Электрычнасць-жа награвала дэстыляцыйны апарат, які з марской вады пераганяў прэсную.
Ля кухні быў ванны пакой з выгоднай ваннай і ўмывальнікам з халоднай і гарачай вадой.
Далей знаходзіўся кубрык — памяшканне каманды — даўжынёй у пяць метраў.
Але дзверы ў яго былі зачыненыя і мне не ўдалося, як я спадзяваўся, вызначыць па абсталяванню кубрыка колькасць людзей у камандзе «Наўтылуса».
Тут-жа знаходзілася чацвёртая воданепранікальная пераборка, аддзяляючая кубрык ад машыннага аддзялення. Прайшоўшы праз дзверы ў пераборцы, мы апынуліся ў зале, дзе капітан Нэма, першакласны інжынер, устанавіў машыны, якія рухалі «Наўтылус».
Гэтая ярка асветленая зала мела не меней дваццаці метраў удаўжкі. Зала падзялялася на дзіве часткі. У першай стаялі элементы, выпрацоўваючыя электрычную энергію, у другой — машыны, якія круцілі вінт карабля.
Мяне здзівіў нейкі дзіўны пах, разліты ў гэтай зале. Капітан Нэма заўважыў маё неўразуменне.
— Гэта пах газу, — сказаў ён, — які вылучаецца пры здабыванні натрыя. Але гэта не вельмі перашкаджае. Ды мы і кожную раніцу грунтоўна вентылюем увесь карабель.
Са зразумелай цікавасцю я разглядаў машыны «Наўтылуса».
— Як бачыце, — сказаў капітан Нэма, — я карыстаюся элементамі Бунзена, а не Румкорфа. Яны не далі-б мне патрэбнай магутнасці. Батарэй Бунзена ў мяне нямнога, але затое кожная вельмі магутная. Выпрацаваная батарэямі электрычнасць перадаецца ў процілеглы канец залы, уздзейнічае там на вялізныя электраматоры, якія праз складную сістэму поршняў і шасцяронак прыводзяць у рух грэбны вал. Дыяметр гэтага вала — шэсць метраў, даўжыня — сем з паловаю. Не гледзячы на такія вялікія памеры, хуткасць вярчэння вала даходзіць да ста дваццаці абаротаў у секунду.
— І вы развіваеце хуткасць?..
— Пяцьдзесят міль у гадзіну.
Тут хавалася нейкая тайна, але я не адважыўся дамагацца растлумачэння яе. Якім чынам электрычнасць магла развіваць такую велізарную сілу? Дзе крыніца гэтай нечуванай, амаль неабмежаванай магутнасці? Хаваўся гэты сакрэт у шпульках новай сістэмы, якія даюць высокае напружанне, ці ў сістэме трансмісій? Гэтага я не мог зразумець.
— Капітан Нэма, — сказаў я, — я захапляюся вынікамі і не спрабую нават вытлумачыць сабе, як вы дасягнулі іх. Я бачыў «Наўтылус» манеўруючым наўкол «Аўраама Лінкальна» і ведаю, якую жахлівую хуткасць можа ён развіваць. Але недастаткова адной хуткасці. Трэба яшчэ бачыць, куды ідзеш. Трэба мець мажлівасць накіроўваць судна ўгару, уніз, улева, управа. Як дабіваецеся вы ўсяго гэтага на вялікіх глыбінях, дзе ціск дасягае сотняў атмасфер? Як узнімаецеся вы на паверхню акіяна? Нарэшце, якім чынам вы трымаеце прамалінейны рух у абраным вамі водным пласце? Можа недалікатна задаваць вам гэтую кіпу пытанняў?