80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Я са здзіўленнем паглядзеў на капітана Нэма і адказаў яму:
— Я разумею, капітан, што сеці дастаўляюць вам найлепшую рыбу для стала. Я не ведаю як, але ўсё-такі дапускаю, што вы можаце паляваць на «дзічыну» ў сваіх падводных лясах, але мне зусім незразумела, адкуль на ваш стол трапляе мяса, як-бы мала вы ні ўжывалі яго?
— Але, — адказаў капітан Нэма, — я ніколі не ем мяса зямных жывёл.
— А гэта? — спытаў я, паказваючы на блюда, на якім ляжала некалькі кавалкаў філею.
— Гэтая страва, якую вы палічылі за мяса, ёсць не што іншае, як філей марской чарапахі. Вось таксама соус з печані дэльфіна, які здаецца вам па смаку свіным рагу. Мой кухар — сапраўдны артыст сваёй справы, і ніхто не згатуе так страў з марскіх рыб і жывёл, як ён. Вось кансервы з ракушак, якія кожны малаец прызнаў-бы
Я каштаваў усе гэтыя стравы не ад жадання есці, а з цікавасці, нібы зачараваны, слухаючы апавяданні капітана Нэма.
— Мора, казаў ён, — не толькі корміць мяне, але і апранае. Тканіна, з якой пашыта ваша вопратка, саткана з валокнаў некаторых марскіх ракушак. Яна афарбавана ў пурпуравую фарбу, сакрэт прыгатавання якой знік разам з старажытнымі рымлянамі і грэкамі і якую я здабыў з водарасцяў-аплізій у Міжземным моры. Духі, што стаяць на туалетным століку адведзенай вам каюты, — прадукт сухой перагонкі некаторых марскіх раслін. Матрас на вашай пасцелі зроблен з лепшых акіянскіх траў. Пяро, якім вы будзеце пісаць, зроблена з кітавага вуса, чарніла — з сакраторных выдзяленняў каракаціцы. Усё, чым я карыстаюся цяпер, дае мне мора, і ўсё гэта калі-небудзь вернецца назад у мора.
— Вы любіце мора, капітан?
— О, так, я люблю яго! Мора — гэта ўсё. Яно пакрывае сем дзесятых зямнога шара. Яго выпарэнні свежыя і жыватворчыя. У яго вялізнай пустыні чалавек не адчувае сябе адзінокім, таму што навакол сябе адчувае подых жыцця. Сапраўды, у моры ёсць усе тры царствы прыроды: мінеральнае, расліннае, жывёльнае. Апошняе прадстаўлена чатырма групамі зоафітаў [18] , трыма класамі членістаногіх, пяццю класамі малюскаў, трыма класамі хрыбетных, сысуновымі, гадамі і незлічоным легіёнам рыб, вялікім атрадам жывёл, які налічвае больш за трынаццаць тысяч рознавіднасцей, з якіх толькі адна дзесятая частка жыве ў прэсных водах. Мора — неабходны рэзервуар прыроды. Жыццё на зямлі пачалося ў моры і, хто ведае, ці не ў моры яно і скончыцца? У моры вышэйшы спакой… Мора не належыць дэспатам. На яго паверхні яшчэ яны могуць прад’яўляць свае захопніцкія правы, біцца, жэрці адзін аднаго, паўтараць увесь шлях жыцця на сушы. Але на трыццаці футах пад яго паверхняю іх улада канчаецца, іх магутнасць знікае. Ах, прафесар, жывіце ў глыбі мораў! Толькі тут поўная незалежнасць, толькі тут чалавек сапраўды вольны, толькі тут у яго няма гаспадароў!..
18
Зоафіты — жывёла-расліны. Так называлі раней каралавых паліпаў, імшанак і ігласкурых.
Капітан Нэма раптам перарваў сваю гарачую прамову. Ці не пашкадаваў ён, што здрадзіў сваёй звычайнай стрыманасці? Ці не спалохаўся, што сказаў лішняе?
На працягу некалькіх хвілін, яшчэ ўвесь усхваляваны, ён хадзіў па сталовай. Потым, авалодаўшы сваімі нервамі, вярнуўшы свайму твару звычайны выраз халоднай велічы, ён звярнуўся да мяне з наступнымі словамі:
— А цяпер, прафесар, калі вы жадаеце аглядзець «Наўтылус», — я да вашых паслуг.
Раздзел адзінаццаты
«Наўтылус»
Капітан Нэма накіраваўся да дзвярэй. Я пайшоў за ім. У глыбі сталовай адчыніліся дзверы на дзве палавіны і мы ўвайшлі, ў суседні пакой такога-ж размеру, як і той, які мы толькі што пакінулі.
Гэта была бібліятэка. Высокія, да самай столі шафы з палісандравага дрэва з бронзавай аправай захоўвалі мноства кніг у аднолькавых пераплётах. Шафы цягнуліся вакол усіх сцен пакоя. Ля іх стаялі шырокія, абабітыя карычневай скурай канапы, выгодныя сядзенні якіх вабілі да адпачынку. Лёгкія перасоўныя пюпітры-падстаўкі для кніг стаялі каля канапаў. Пасярэдзіне пакоя стаяў вялікі стол, завалены гарою кніг. Пад ім ляжала некалькі нумароў газет, ужо старых.
Гэты
Я з захапленнем аглядаў гэты зал, так камфартабельна і прыгожа абсталяваны.
— Капітан Нэма, — сказаў я гаспадару бібліятэкі, які сеў на адну з канап, — вось кнігасхоў, якім ганарыўся кожны з палацаў на кантыненце. Мяне проста ашаламляе думка, што гэтая выдатная бібліятэка суправаджае вас на дно акіянаў!
— А дзе-ж вы знойдзеце большы пакой і цішыню, прафесар? Хіба ваш кабінет у музеі дае вам такі непарушны спакой для работы?
— Не, вядома… Я павінен прызнацца, што ён выглядае дужа бедным у параўнанні з гэтым залам. У вас тут не менш шасці-сямі тысяч кніг?
— Дванаццаць тысяч, спадар Аранакс. Гэта адзінае, што звязвае мяне з зямлёю. А свет перастаў для мяне існаваць у той дзень, калі «Наўтылус» упершыню апусціўся ў ваду. У гэты дзень я купіў апошнія кнігі, апошнія брашуры і апошнія выпускі газет. З таго часу для мяне чалавецтва больш не думала, не пісала. Кнігі гэтыя, прафесар, у пэўным вашым распараджэнні—карыстайцеся імі, калі і як хочаце.
Падзякаваўшы капітану Нэма, я падышоў да бібліятэчных паліц. Я знайшоў там кнігі на ўсіх мовах, па розных галінах дакладных навук, па філасофіі, па літаратуры. Мне кінулася ў вочы цікавая рэч: усе кнігі стаялі ў алфавітным парадку, незалежна ад таго, на якой мове яны напісаны. Гэта сведчыць пра тое, што капітан Нэма аднолькава добра валодаў усімі мовамі.
У бібліятэцы я ўбачыў творы старажытных і сучасных аўтароў — усё тое лепшае, што створана чалавечым геніем і ў галіне навукі, і ў мастацкай прозе, і ў паэзіі—ад Гамера да Віктара Гюго, ад Ксенафонта да Мішле, ад Раблэ да Жорж-Занд. Але навуковыя кнігі ўсё-такі пераважалі ў гэтай бібліятэцы; кнігі па механіцы, балістыцы [19] , гідралогіі, метэаралогіі, геаграфіі, геалогіі і г.д. займалі не менш месца, як працы па прыродазнаўству, што як я зразумеў, з’яўлялася галоўным прадметам навуковых заняткаў капітана Нэма. На паліцах стаялі поўны Гумбольдт, поўны Араго, работы Фуко, Анры-Сэн-Клер-Дэвіля, Шасля, Мільн-Эдварса, Катрфажа, Тындаля, Фарадэя, Бертэло, абата Сэкі, Петэрмана, Моры, Агасіса і іншых, «Мемуары» Акадэміі навук, бюлетэні розных геаграфічных таварыстваў і г. д. І тут-жа, побач у гэтай шаноўнай кампаніі, тыя два томы, якія можа я быў абавязан гасціннасцю капітана. Кніга Жозефа Бертрана «Асновы астраноміі» дазволіла мне ўстанавіць адну дату: я ведаў, што гэтая кніга выйшла ў свет у сярэдзіне 1865 года; значыць, «Наўтылус» быў спушчаны на ваду не раней гэтага часу. Значыцца капітан Нэма зрабіўся падводным вандроўнікам не больш трох гадоў назад. Я падумаў, што калі ўдасца знайсці больш свежыя кнігі, то можна будзе вызначыць дату спуску падводнага судна яшчэ больш дакладна. Але ў мяне наперадзе было даволі часу для гэтых вышукаў, а пакуль што мне не хацелася адкладаць азнаямленне з цудамі «Наўтылуса».
19
Балістыка — навука, якая вывучае законы налётаў артылерыйскіх снарадаў.
— Дзякую вам, капітан, — сказаў я, — за дазвол карыстацца вашай бібліятэкай. Гэта сапраўдная скарбніца навукі, і я выкарыстаю яе.
— Гэты пакой служыць не толькі бібліятэкай, але і курыльняй.
— Курыльняй? — закрычаў, я. — Хіба на «Наўтылусе» кураць?
— Вядома.
— У такім выпадку, капітан, я павінен выказаць меркаванне, што вы падтрымліваеце сувязь з Гаванай?
— Ніякай, — адказаў капітан Нэма. — Вось пакаштуйце гэтую цыгару, прафесар, і хоць яна і не гаванская, але калі вы знаўца, дык яна спадабаецца вам.
Я ўзяў цыгару, якая формаю нагадвала лепшыя гатункі гаванскіх, але больш светлую, скручаную з залацістых лістоў. Я прыкурыў яе ад свяцільніка, што стаяў на прыгожай бронзавай падстаўцы, і зацягнуўся дымам з прагнасцю заўзятага курца, які не бачыў тытуню на працягу двух сутак.
Гэта выдатная цыгарка, але… гэта не тытунь?
— Так, — адказаў капітан, — гэты «тытунь» не з Гаваны і не з Усхода. Гэта гатунак марскіх водарасцяў, якія маюць нікатын. Ці шкадуеце вы цяпер, што няма гаванскіх цыгар?