80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Я ішоў прыблізна на дваццаць крокаў ззаду капітана Нэма. Раптам ён павярнуўся і хутка накіраваўся да мяне. Жалезнай рукой ён прыгнуў мяне да зямлі. Яго матрос таксама зрабіў з Канселем. Спачатку я не ведаў, што падумаць аб гэтым раптоўным нападзе, але супакоіўся, убачыўшы, што сам капітан улёгся побач са мной і ляжыць нерухома…
Я ляжаў пад кустом водарасцяў, не разумеючы, што адбываецца, як раптам, падняўшы вочы, убачыў, што над намі праносяцца нейкія велічэзныя фасфарасцыруючыя тушы. Кроў застыла ў мяне ў жылах. Я пазнаў у гэтых страшыдлах пару акул. У гэтых страшных жывёлін вялізны хвост, жалезныя сківіцы, якія могуць адным узмахам перарубіць чалавека напалам, і цмяныя
Не ведаю, ці займаўся Кансель класіфікаваннем, але што датычыцца мяне, дык я глядзеў на іх срэбнае чэрава і пасць, усеяную велізарнымі вострымі зубамі, больш як ахвяра, чымся вучоны даследчык прыроды. На наша вялікае шчасце ў гэтых пражэрлівых жывёлін дрэнны зрок. Яны прайшлі над намі, не заўважыўшы нас, хоць іх цёмна-карычневыя плаўнікі бадай закранулі нас. Мы шчасліва выратаваліся ад небяспекі больш страшнай, як сустрэча з тыграм у глухім лесе.
Праз паўгадзіны мы дабраліся да «Наўтылуса», яркі пражэктар якога паказваў нам дарогу. Знадворку дзверы заставаліся адчыненымі. Капітан Нэма зачыніў іх, як толькі мы зайшлі ў кабінку.
Затым ён націснуў кнопку. Я пачуў шум насосаў знутры карабля і адчуў, як спадае ўзровень вады вакол мяне. Праз некалькі хвілін кабіна зусім аслабанілася ад вады. Тады расчыніліся ўнутраныя дзверы і мы перайшлі ў гардэробную.
З мяне знялі скафандр, і, стомлены да паўсмерці, амаль падаючы ад знясілення і жадання спаць, але бясконца задаволены гэтай прыемнай падводнай экскурсіяй, я вярнуўся да сябе ў пакой.
Раздзел васямнаццаты
19 000 кіламетраў пад Ціхім акіянам
На другі дзень, 11 лістапада, я прачнуўся зусім адпачыўшым. Я падняўся на палубу «Наўтылуса» акурат у тую хвіліну, калі памочнік капітана гаварыў сваю звычайную фразу. Мне прыйшла раптам у галаву думка, што гэта фраза азначае «Нічога не відаць».
І сапраўды, акіян быў зусім пустынны. Ніводнага паруса на гарызонце. Горы вострава Крэспо зніклі з вачэй, мусіць, яшчэ ноччу. Мора, паглынаючае ўсе колеры спектра, акрамя сіняга, адбівала гэты колер, рассейваючы яго ва ўсіх напрамках і ўсё афарбоўваючы ў цудоўныя тоны.
Я ўсё яшчэ глядзеў з замілаваннем на дзівоснае відовішча акіянскай раніцы, калі на палубу выйшаў капітан Нэма. Як быццам не заўважаючы мяне, ён заняўся астранамічнымі назіраннямі. Скончыўшы іх, ён адышоў да штурвальнай будкі і, абапёршыся аб яе, утаропіў вочы ў акіян.
Тым часам на палубу падняліся чалавек дваццаць матросаў «Наўтылуса». Гэта ўсё былі здаровыя і дужыя хлопцы. Яны пачалі выбіраць невад, закінуты, як відаць, напярэдадні ўначы. Мяркуючы па вонкаваму выгляду, гэта былі людзі розных нацыянальнасцей, але належнасць іх да еўрапейскай расы не выклікала сумнення. Я пазнаў сярод іх некалькіх ірландцаў, французаў, славян, аднаго грэка, аднаго ўраджэнца вострава Крыта. Усе яны былі маўклівыя, а часам гаварылі між сабой на нейкай незразумелай мове, нават паходжання якой я не мог угадаць. Таму мне прыйшлося адмовіцца ад размоў з камандай.
Матросы выцягнулі невад на палубу. Гэты невад нагадваў нармандскі, гэта быў мяшок, адтуліна якога, пры дапамозе дручка і ланцуга, працягнутага праз ніжнія петлі, застаецца прыадчыненай у вадзе.
Мяшок гэты, прымацаваны да кармы сталёвымі тросамі, вымятае начыста дно акіяна, збіраючы ў сябе ўсё, што сустракаецца на шляху карабля.
У гэты дзень у невад трапілі цікавыя ўзоры акіянскай фаўны — лягвы-рыбаловы, празваныя «марскімі чарцямі» з-за свайго выродства, незвычайнай пражэрнасці і дзіўнага спосабу перасоўвання: яны трымаюцца на дне і пераскокваюць з месца на месца пры дапамозе сваіх рукапёрых плаўнікоў; далей — у невадзе аказаліся прамавугольныя спінарогі, атрымаўшыя гэткую назву за чорныя лініі, якія падпяразваюць іхняе цела і сыходзяцца адна з другой амаль пад прамым вуглом; плямістыя іглабрухі, якія ў спакойным стане з’яўляюцца рыбай прадаўгаватай формы, з прыплюшчаным жыватом, а пры набліжэнні небяспекі яны надзьмуваюцца, распраўляюць складкі скуры на жываце, прымаюць выгляд шара і выстаўляюць ворагу свой жывот, абаронены калючкамі; некалькі жаўтаватых міног; два срабрыста-шэрых валасахвосты, даўгое цела якіх замест хваставога плаўніка заканчваецца тонкай ніткай; лушчатыя простапёры, ніжні бок якіх аблямаваны даўгім прамым плаўніком; жаўтавата-шэрая з бурымі плямамі траска; мноства разнастайных бычкоў і, нарэшце, некалькі буйных тунцоў, якіх не выратавалі ад невада нават вялікая шпаркасць іхняга руху.
Невад даў не менш тысячы фунтаў рыбы. Гэта быў шчаслівы, але не выключны ўлоў. Сапраўды, ён-жа цягнуўся за суднам шмат гадзін, убіраючы ў сябе ўсё, што сустракалася па дарозе. Цяпер мне стала ясна, што «Наўтылусу» пры шпаркасці яго руху і прывабнасці электрычнага пражэктара лёгка было мець заўсёды вялікі выбар свежай ежы.
Уся злоўленая рыба зараз-жа была знесена ў камбуз [35] : частку яе павінны былі скарыстаць для ежы ў свежым выглядзе, а рэшту захаваць на далейшае.
35
Камбуз — кухня на судне.
Рыбная лоўля скончылася, а «Наўтылус» ужо паспеў запасціся свежым паветрам. Я падумаў, што зараз карабель нырне пад ваду, каб прадоўжыць свой шлях і спадзяваўся ўжо звярнуцца ў свой пакой, як раптам, павярнуўшыся да мяне, капітан Нэма сказаў:
— Гляньце на акіян, прафесар! Хіба вам не здаецца, што гэта жывая істота, якая часам гневаецца, а часам бывае і ласкава? Учора ўвечары ён заснуў, таксама, як і мы, а сёння прачнуўся ў добрым гумары пасля спакойнай ночы.
«Ні добры дзень, ні бывайце! — падумаў я. — Збоку можа здацца, што гэты дзівачны чалавек працягвае даўно пачатую гутарку!»
— Глядзіце, — прадаўжаў капітан Нэма, — вось ён прачынаецца ад пяшчоты сонца, пачынае жыць сваім дзённым жыццём. Як цікава сачыць за з’явамі жыццедзейнасці яго арганізма. У яго ёсць пульс, ёсць артэрыі… Я зусім згодзен з вучоным Моры, які сцвярджае, што ён прыкмеціў у акіяне кругаварот з’явішч, акурат падобных да звароту крыві ў жывёлы!
Было зусім ясна, што капітан Нэма не чакаў ад мяне адказу. Таму я не стаў адказваць на яго гутарку бессэнсоўнымі «зусім правільна», «вы правы», «так», «вядома». Капітан, можна сказаць, гаварыў сам з сабой, робячы вялікія перапынкі паміж фразамі. Гэта былі думкі ўголас, якім не патрэбны чужы адказ.
— Так, — казаў ён, — у акіяне адбываецца безупынны калаўрот з’явішч, які абумоўліваецца тэмпературнымі зменамі, прысутнасцю солей і мікраарганізмаў. Тэмпературныя змены ствараюць розную шчыльнасць вады і як вынік гэтага — цячэнні і проціцячэнні. Выпарэнне вады — нязначнае ў палярных краях і зусім дастатковае ў экватарыяльных зонах, — раджае сталы абмен паміж трапічнымі і палярнымі водамі. Апрача таго я выявіў нязменны рух вады ад паверхні да дна і наадварот, сапраўднае дыханне акіяна. Я бачыў, як нагрэтая сонечнымі праменнямі малекула з паверхні мора спускалася ў глыбіню яго, астудзіўшыся дасягала сваёй максімальнай шчыльнасці, а потым зноў паднімалася да паверхні. Вы ўбачыце ля полюса вынікі гэтага з’явішча і ўразумееце, чаму вада можа абледзянець толькі на паверхні.