80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
У мяне перад вачыма ляжала вельмі добрая карта Тарэсавай пратокі, складзеная інжынерам-гідрографам Вінцэндонам Дзюмуленам і мічманам экспедыцыі — цяпер адміралам — Купван-Дзюбуа, прымаўшым удзел у апошняй кругасветнай экспедыцыі Дзюмон-Дзюрвіля. Гэта карта, а таксама карта складзеная капітанам Кінгам, — лепшыя карты Тарэсавай пратокі, разблытваючыя гэты непраходны лабірынт. Я сачыў па іх з надзвычайнай увагай.
Вакол «Наўтылуса» мора шалёна клекатала. Моцнае цячэнне, якое несла свае воды з паўднёвага ўсходу на паўночны захад з хуткасцю двух з паловай
— Вось шкоднае мора! — сказаў мне Нэд Лэнд.
— Сапраўды, горш нельга прыдумаць, — адказаў я, — нават для «Наўтылуса», які ўсюды праходзіць.
— Трэба думаць, што гэты пракляты капітан добра ведае свой шлях, бо я бачу там такую каралавую кашу, што пры першай сутычцы з ёй «Наўтылус» рассыплецца на кавалкі.
І сапраўды, станавішча было вельмі сур’ёзным. Але «Наўтылус», нібы пад чараўніцтвам, шчасліва прапаўзаў каля самых грозных скал. Ён не трымаўся шляху, пракладзенага караблямі Дзюмон-Дзюрвіля, «Астралябіяй» і «Стараннай», якія ледзь не загінулі на гэтым шляху. Падводны карабель трымаў курс: больш паўночны і толькі абышоўшы востраў Мёрэя, завярнуўся на паўночны захад, да праходу Кумбэрлэнда. Я было падумаў, што цяпер «Наўтылус» пойдзе прама гэтым праходам, як раптам ён павярнуў на паўночны захад і паплыў, абмінаючы незлічоную колькасць малавядомых астравоў і астравочкаў да вострава, Таўнда і Небяспечнага канала.
Я са здзіўленнем запытваў сябе, няўжо капітан Нэма будзе такім неасцярожным, што павядзе свой карабель гэтым каналам, дзе селі на мель абодва караблі Дзюмон-Дзюрвіля, але ў гэты час, зноў змяніўшы кірунак, «Наўтылус» пайшоў прама на захад да вострава Гвебаару.
Ужо было каля трох гадзін дня. Прыліў амаль дасягнуў свайго вышэйшага пункту і хваляванне сціхала. «Наўтылус» падышоў да гэтага вострава. Мы былі ад яго толькі за дзве мілі. Я і цяпер яшчэ бачу прыгожы бераг, парослы пальмамі.
Раптам моцны штуршок паваліў мяне на палубу.
«Наўтылус» напароўся на рыф і спыніўся, трохі нахіліўшыся ўправа.
Падняўшыся на ногі, я ўбачыў, што на палубу ўжо вышлі капітан Нэма і яго памочнік. Яны аглядалі судна, і адрывіста гаварылі між сабой на невядомай мне мове.
Вось якое было становішча. За дзве мілі, за штырбортам, віднеўся востраў Гвебараар, які цягнуўся з поўначы на поўдзень, як гіганцкая рука. На ўсходзе з вады ўжо сталі паказвацца аголеныя адлівы верхавіны рыфаў.
Мы грунтоўна селі на мель, ды яшчэ ў такім месцы, дзе прылівы не бываюць высокімі. Гэта не абяцала нічога добрага «Наўтылусу». Аднак карабель не пацярпеў ад сутычкі, настолькі моцным быў яго корпус. Але калі «Наўтылус» не здолее ні зняцца з мелі, ні апусціцца ў ваду, то як-бы ён ні быў добра зроблены, цячэнне хутка расправіцца з ім, і тады — бывай, капітан Нэма!..
Гэтак я думаў, калі да мяне падышоў капітан Нэма, добра ўладаючы сабою, як звычайна спакойны і халодны. На яго твары нельга было прачытаць ні трывогі, ні хвалявання.
— Няшчасны выпадак? — запытаў я яго.
— Не, проста здарэнне, — адказаў ён.
— Але ўсё-ткі гэтае здарэнне можа прымусіць вас зноў стаць жыхаром той самай зямлі, ад якой вы бяжыце?
Капітан Нэма неяк дзіўна паглядзеў на мяне і адмоўна паківаў галавой. Ён, відаць, хацеў даць мне зразумець, што ніколі нішто не прымусіць яго вярнуцца на зямлю. Затым ён сказаў:
— Што вы, прафесар? Становішча «Наўтылуса» зусім не такое безнадзейнае. Ён яшчэ будзе насіць нас сярод цудаў акіяна. Наша падарожжа толькі пачалося, і я не хачу яшчэ так хутка страціць гонар быць вашым спадарожнікам!
— Аднак, капітан, — супярэчыў я, робячы выгляд, што не заўважыў іроніі ў яго словах, — «Наўтылус» сеў на мель у самы прыліў. Заўважце, што ціхаакіянскія прылівы наогул невысокія, і калі толькі вы не знойдзеце спосабу як-небудзь палегчыць «Наўтылуса», я не бачу, якім чынам вы прымусіце яго зноў усплыць на ваду.
— Ваша праўда, прафесар, — адказаў капітан Нэма, — ціхаакіянскія прылівы невысокія, але ўсё-такі ў Тарэсавай пратоцы ўзровень высокай і нізкай вады розніцца на паўтара метра. Сёння ў нас 4 студзеня, і праз пяць дзён наступіць поўналунне. Я буду вельмі здзіўлены, калі месяц, гэты верны спадарожнік зямлі, не падыме марскую ваду да такой вышыні, каб зрабіць мне гэтую дробную для яго паслугу.
З гэтымі словамі капітан Нэма, разам са сваім памочнікам, пайшоў унутр «Наўтылуса». Падводны карабель стаяў нерухома, як прыросшы да месца, нібы каралавыя паліпы паспелі ўжо замураваць яго ў скалу сваім непарушымым цэментам.
— Ну што, спадар прафесар? — запытаў Нэд Лэнд, зараз-жа падышоўшы да мяне пасля ўходу капітана.
— Вось што, дружа Нэд: мы спакойненька дачакаемся прыліву 9 студзеня. Выходзіць так, што месяц ласкава дапаможа зняцца нам з мелі.
— Толькі ўсяго?
— Толькі ўсяго!
— І капітан не закіне якара далей і не пусціць машыну поўным ходам, каб паспрабаваць зняцца з мелі!
— Навошта ўсё гэта, калі нас зніме з мелі прыліў? — проста адказаў Кансель.
Канадзец паглядзеў на Канселя і паціснуў плячыма. У ім загаварыла цяпер абражанае пачуццё марака.
— Помніце маё слова, спадар прафесар, — звярнуўся ён да мяне, — ніколі больш гэтая жалезная памыйніца не будзе плаваць ні па вадзе, ні пад вадой! Яна варта цяпер толькі для продажу на злом! Я думаю таму, што прыйшоў час вызваліць капітана Нэма ад нашай кампаніі!
— Бачыце, дарабі Нэд, — адказаў я, — я не так песімістычна гляджу на будучае гэтага выдатнага карабля, як вы. Пачакайце чатыры дні — мы даведаемся дакладна, якая сіла прыліваў Ціхага акіяна. Дарэчы кажучы, парада уцякаць была-б пажаданай каля берагоў Англіі альбо Праванса. А каля берагоў Новай Гвінеі не варта спяшацца, бо ніколі няпозна будзе звярнуцца да гэтага спосабу, калі «Наўтылус» не здымецца з мелі. Павінен толькі сказаць вам, што гэты апошні выпадак я лічу небяспечным і зусім непажаданым.