80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Я добра бачыў іх няўзброеным вокам. Гэта былі папуасы гіганцкага росту, добра складзеныя, з высокім прамым ілбом, з вялікім, але не сплюснутым носам і з асляпляюча белымі зубамі; іхнія кучаравыя валасы, афарбаваныя ў чырвоны колер, рэзка вылучаліся на бліскучым чорным целе. У мочках іхніх вушэй, разрэзаных на дзве часткі і адцягнутых уніз, віселі касцяныя бусы.
Большасць мужчын былі зусім голымі. Некалькі жанчын, якія знаходзіліся тут-жа, былі апрануты ў сплеценую з траў спадніцу да кален, падтрымліваемую поясам з ліян. У некаторых, як відаць, правадыроў, шыя была ўбрана паўкальцом альбо маністамі з каляровых — белых і чырвоных — шкелак. Усе былі ўзброены лукамі, стрэламі,
Адзін з правадыроў падышоў бліжэй, за ўсіх да «Наўтылуса» і разглядваў яго з пільнай увагай. Відаць, гэта была важная персона, бо ён быў захутаны ў накідку з лісцяў банана, з зубцамі па краях, размалёванымі яркімі фарбамі.
Мне няцяжка было забіць гэтага дзікуна, які стаяў вельмі блізка, але я рашыў, што лепш пачакаць, пакуль ён сам не выявіць варожых намераў. Калі еўрапеец сустрэнецца з дзікуном, ён павінен абараняцца, а не нападаць.
Увесь час, пакуль працягваўся адліў, дзікуны бадзяліся каля «Наўтылуса». Але яны нічым не выяўлялі сваёй варожасці. Я чуў, як яны часта паўтаралі слова «окан» і па іхніх жэстах я зразумеў, што яны запрашаюць мяне сыйсці на бераг. Аднак я палічыў за лепшае адхіліць гэтае запрашэнне.
У той дзень, вядома, шлюпка не пакідала борта «Наўтылуса», на вялікі жаль Нэда Лэнда, якому надта хацелася папоўніць свае запасы харчоў. А пакуль што канадзец заняўся рыхтаваннем на запас прывезеных з вострава Гвебараара мяса і «хлеба».
Дзікуны вярнуліся на бераг каля адзінаццаці гадзін раніцы, як толькі прыліўныя хвалі пачалі пакрываць верхавіны скал. Але колькасць іх на беразе ўвесь час павялічвалася. Магчыма, што яны сцякаліся сюды з суседніх астравоў. Але, з другога боку, я пакуль яшчэ не бачыў ніводнай тубыльскай пірогі. Не маючы магчымасці лепш правесці час, я рашыў паскрабсці драгай празрыстую ваду, дазваляўшую бачыць на дне мноства чарапашак, зоафітаў і марскіх раслін. Гэта было тым больш своечасовым, што сёння быў апошні дзень нашай стаянкі ля берагоў Новай Гвінеі, — у тым выпадку, вядома, калі прароцтва капітана Нэма спраўдзіцца, і прыліў сапраўды падыме «Наўтылус» на паверхню.
Я паклікаў Канселя, і ён прынёс мне лёгкую драгу, падобную да тых, якімі ловяць вустрыц.
— А як сябе трымаюць дзікуны? — запытаўся Кансель. — З дазволу гаспадара скажу, што на мяне яны робяць уражанне не надта злых людзей.
— І тым не менш гэта людаеды, сябар мой!
— Можна быць людаедамі і ў той час заставацца добрымі хлопцамі, — адказаў Кансель, — таксама, як можна быць ласуном і разам з тым прыстойным чалавекам. Адно не выключае другога.
— Добра, Кансель, я ўступлю табе, — гэта сумленныя людаеды і яны паядаюць сваіх нявольнікаў з захаваннем усіх правіл далікатнасці. Аднак мне не хочацца быць з’едзеным нават чэснымі асобамі, і я буду на варце, бо капітан «Наўтылуса» не прымае ніякіх мер перасцярогі. А цяпер — за працу!
На працягу двух гадзін мы шчыра закідвалі драгу, але нічога цікавага не злавілі: трапляліся кальмары, грабенчатыя вісельнікі, марскія звёзды, — бадай самыя прыгожыя экземпляры, якія калі-небудзь трапляліся мне, — галатурыі і маленькія чарапахі, якіх мы рашылі перадаць на кухню. І вось у тую хвіліну, калі я менш за ўсё чакаў, я ўбачыў цуд… Уласна кажучы, убачыў незвычайна рэдкае выродства. Кансель толькі што закінуў драгу і выцягнуў яе, поўную рознымі чарапашкамі, не маючымі нічога цікавага. Таму ён быў надзвычайна здзіўлены, калі ўбачыў, як я раптам рвануў драгу, выцягнуў з яе ракавіну і выдаў крык канхіліёлага, гэта значыць, самы прарэзлівы, які калі-небудзь вырываўся з чалавечай глоткі.
— Што здарылася з гаспадаром? — здзіўлена запытаўся Кансель. — Гаспадара ўкусіў хто-небудзь?
— Не, мой сябар, але я з ахвотай аддаў-бы палец за гэтую находку!
— Якую нахадку?
— За гэтую чарапашку! — радасна сказаў я.
— Але-ж гэта самая звычайная пурпуравая аліва, з віду аліў, сямейства грабенчатажаберных, атрада бруханогіх, класа малюскаў…
— Зусім правільна, Кансель, але замест таго, каб закручвацца справа налева, гэтая ракавіна закручваецца злева направа!
— Ці мажліва гэта? — крыкнуў Кансель.
— Так, мой любы. Гэта ракавіна-ляўша!
— Ракавіна-ляўша? — паўтарыў Кансель з дрыготай у голасе.
— Паглядзі на яе закрутак.
— Гаспадар можа мне паверыць, — сказаў Кансель, з замілаваннем беручы ў рукі чарапашку, — што я ніколі яшчэ гэтак не хваляваўся.
І сапраўды было з чаго прыйсці ў хваляванне. Усім вядома, што ў прыродзе рух часцей за ўсё ідзе справа налева. Зоркі і іхнія спадарожнікі круцяцца справа налева. У чалавека правая рука дужэйшая за левую, і таму ўсе яго інструменты, прылады, апараты, замкі, гадзіннікавыя пружыны прыстасаваны да карыстання імі справа налева. Прырода захоўвае гэты-ж закон, — калі толькі можна назваць гэта законам, — і ў закручванні малюскаў: усе яны закручаны справа налева, і ў тых вельмі рэдкіх выпадках, калі трапляюцца ракавіны-ляўшы аматары гатовы плаціць за іх якія хочаш сумы.
Кансель і я былі захоплены разглядваннем нашага скарба.
Я ўжо марыў аб тым, як я падарую яго Музею прыродазнаўства ў Парыжы, — і вось раптам камень, кінуты дзікуном, разбіў гэтую каштоўнасць у руках Канселя.
Я дзіка закрычаў. Кансель кінуўся да маёй стрэльбы і нацэліўся ў дзікуна, які размахваў прашчой за дзесяць метраў ад нас. Я хацеў стрымаць Канселя, але не паспеў. Ён стрэліў і куля разбіла бранзалет з амулетаў на руцэ дзікуна.
— Кансель! — з дакорам крыкнуў я. — Кансель!
— Што? Хіба гаспадар не бачыць, што гэты людаед першы напаў на нас?
— Ніякая ракушка не варта чалавечага жыцця, Кансель!
— Ах, нягодны!.. Я лепш згадзіўся-б, каб ён зламаў мне плячо! — ускрыкнуў Кансель.
Кансель казаў зусім шчыра, але не пераканаў мяне ў сваёй правасці.
Між тым за апошнія хвіліны, пакуль мы былі захоплены разгляданнем ракавіны-ляўшы, становішча змянілася. Штук дваццаць тубыльскіх пірог акружылі «Наўтылус». Гэтыя пірогі, выдзяўбаныя ў ствале дрэва, вузкія, даўгія, прыстасаваны для хуткага ходу, ураўнаважваюцца на вадзе пры дапамозе падвойнага бамбукавага балансіра, які плыве побач з іхнімі бортамі.
Мяне ўстрывожыла гэтае наступленне.
Было відаць, што папуасы ўжо сустракаліся з еўрапейцамі і бачылі раней іхнія караблі. Але што яны павінны былі падумаць аб гэтай жалезнай цыгары, без мачт, без труб, ледзь выступаючай з вады? Відаць, нічога добрага, бо яны доўга трымаліся на значнай адлегласці ад яе. Аднак, пераканаўшыся, што яна не праяўляе ніякай агрэсіўнасці, яны паступова прызвычаіліся да яе выгляду, набраліся адвагі і цяпер рашылі бліжэй пазнаёміцца з ёй. Але акурат гэтаму знаёмству і трэба было перашкодзіць. Нашы стрэльбы, страляючыя без шуму, не маглі зрабіць моцнага ўражання на дзікуноў, паважаючых толькі магутныя грымоты гармат. Гэтак і маланка, каб яна не была разам з громам, не палохала-б людзей, хоць усім вядома, што небяспечная іменна маланка, а не гром.