80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Я яшчэ раз паглядзеў на хворага і сказаў:
— Гэты чалавек пражыве не больш двух гадзін.
— Нішто не можа яго выратаваць?
— Нішто.
Капітан Нэма сударгава сціснуў кулакі. Слёзы пакаціліся з яго вачэй, якія здаваліся мне не створанымі для плачу.
На працягу некалькіх хвілін я не спускаў вачэй з паміраючага. Жыццё паступова пакідала яго. Халоднае электрычнае святло яшчэ больш падкрэслівала яго бледнасць. Я глядзеў на яго разумны твар, пакрыты заўчаснымі зморшчкамі — няўхільнымі вынікамі жабрацтва і няшчаснага жыцця. Я хацеў прачытаць сакрэт гэтага жыцця ў апошніх словах, якія скажуць халадзеючыя вусны. Але капітан Нэма сказаў мне:
— Я не затрымліваю вас, спадар прафесар.
Прыйшлося
Я пакінуў капітана ля ложка паміраючага і, узрушаны толькі што бачаным, вярнуўся ў сваю каюту. На працягу ўсяго дня мяне прыгняталі цяжкія прадчуванні. Ноччу я дрэнна спаў. Праз сон мне чуўся далёкі плач і нібы жалобныя мелодыі.
Наступнай раніцай, досвіткам, я падняўся на палубу. Капітан Нэма папярэдзіў мяне ў гэты дзень — ён быў ужо там. Як толькі ён мяне ўбачыў, ён падышоў да мяне:
— Спадар прафесар, — сказаў ён, — хочаце сёння прыняць удзел у падводнай экскурсіі?
— І мае таварышы таксама могуць удзельнічаць у ёй?
— Калі яны пажадаюць.
— З падзякай прымаю вашу прапанову.
— У такім разе апраніце скафандр.
Аб паміраючым або мёртвым — ні слова. Я зайшоў да Нэда Лэнда і Канселя і перадаў ім запрашэнне капітана Нэма. Кансель з радасцю згадзіўся, ды і канадзец на гэты раз быў не супраць таго, каб пайсці.
Не было яшчэ васьмі гадзін раніцы. А палове дзявятай мы ўжо апрануліся ў скафандры і ўзброіліся рэзервуарамі для дыхання і электрычнымі ліхтарамі. Абедзве дзверы расчыніліся па чарзе, і ў суправаджэнні капітана Нэма і дзясятка яго матросаў мы ступілі на глыбіні дзесяці метраў на камяністае дно, дзе адпачываў «Наўтылус».
Лёгкі спачатку ўхіл глебы прывёў нас да стромкага схілу, які апускаўся метраў на трыццаць уніз. Мы спусціліся ў лагчыну, якая зусім адрознівалася сваім выглядам ад дна, па якім мы хадзілі ў час першай экскурсіі ў Ціхім акіяне. Тут не было ні мяккага пяску, ні падводных палянак, ні марскіх лясоў. Мне адразу кінуліся ў вочы непаўторныя асаблівасці той мясцовасці, па якой нас вёў капітан Нэма.
Гэта было каралавае царства.
У аддзеле зоафітаў, у класе альцыянарый ёсць атрад гаргоній, у якім тры сямействы: гаргоній, ізід і каралаў. Да апошняга сямейства і належаць каралы, цікавыя стварэнні прыроды, якія па чарзе адносіліся вучонымі да ўсіх трох царстваў прыроды — мінеральнага, расліннага і жывёльнага. Гэта лякарства старадаўніх людзей і каштоўная цацка для сучасніц была канчаткова аднесена да жывёльнага царства толькі ў 1694 годзе марсельцам Пейсонелем. Карал — гэта калонія драбнюткіх жывёлін, утвараючых камяністы, крохкі паліпняк. Гэтыя паліпы маюць аднаго агульнага роданачальніка, які нарадзіў іх шчапленнем. Жывучы агульным жыццём, кожны з сяброў калоніі ў той-жа час мае сваё прыватнае жыццё.
Я чытаў апошнія творы пра гэтых цікавых зоафітаў, і мне было надзвычайна важна наведаць лес з акамянелага каралавага дрэва, што прырода пасадзіла ў глыбіні акіяна.
Мы прывялі ў дзеянне апараты Румкорфа і пайшлі ўдоўж толькі яшчэ будуемай караламі сцяны, якая з цягам часу адгародзіць гэтую частку Ціхага акіяна ад індыйскага. Дарогаю мы ўвесь час павінны былі абмінаць гушчарнікі каралавага дрэўца.
Святло нашых ліхтароў раджала дзівосныя эфекты, падаючы на ярка афарбаванае галлё. Мне часам здавалася, што гэтыя акамянеласці хістаюцца ад руху вады, мне хацелася сарваць з іх свежыя вяночкі, з кволымі тонкімі шчупальцамі, толькі што закрасаваўшыя пышным цветам або ледзь пачынаючыя распускацца. Лёгкія, няўлоўна хуткія рыбкі стралою праносіліся, ледзь закранаючы іх, як зграі птушак. Але варта было мне працягнуць руку да гэтых жывых кветак, як уся калонія прыходзіла ў хваляванне. Белыя вяночкі хутка хаваліся ў свае чырвоныя чахлы, кветкі марнелі на вачах, і ўся калонія з квітнеючага куста ператваралася ў засохлую акамянеласць.
Выпадак прывёў мяне да зарасніка самых рэдкіх зоафітаў. Гэты каралавы гай не ўступаў па прыгожасці каралам, якія здабываюцца ў Міжземным моры, ля французскіх, італьянскіх і афрыканскіх берагоў. Афарбоўка каралаў апраўдвае паэтычную назву, якую ювеліры даюць лепшым экземплярам: «крывавая кветка» і «крывавая пена».
Праз некаторы час хмызняк стаў часцей, а дрэўцы — вышэй. Даўгія калідоры фантастычнай архітэктуры адкрываліся перад намі. Капітан Нэма ўглыбіўся ў цёмную, трохі нахіленую галерэю, паступова прывёўшую нас на глыбіню ў сто метраў. Святло нашых ліхтароў давала проста чароўныя эфекты, падаючы на зубчатыя выступы гэтых натуральных скляпенняў альбо запаляючы чырвонае полымя ў навісаючых выступах, нагадваючых сваім выглядам жырандолі.
Сярод каралавых дрэўцаў я заўважыў і іншыя не менш цікавыя віды паліпаў з сустаўчатымі галінаваннямі, затым некалькі кустоў зялёных і чырвоных каралаў, сапраўдных водарасцяў па знадворнаму выгляду, не гледзячы на поўную акамянеласць іхніх абвапненых тканак. Але, як сказаў адзін мысліцель, «каралы — гэта мажліва і ёсць тая мяжа, дзе жыццё пачынае прачынацца ад сваёй каменнай спячкі, але яшчэ не набыло руху».
Нарэшце, пасля двух гадзін хады, мы дасягнулі глыбіні прыкладна ў трыста метраў, значыцца, той мяжы, дзе канчаюцца каралавыя ўтварэнні. Але там былі не асобныя групы і рэдкія гушчары каралавых дрэў. Гэта быў густы лес з гіганцкіх акамянелых дрэў, злучаных між сабой прыгожымі гірляндамі плюмарый, гэтых марскіх ліян, афарбаваных у розныя колеры. Мы праходзілі, не згібаючыся, пад іхнімі скляпеннямі, якія губляліся ўверсе ў цемры водных тоўшч, а пад нагамі ў нас квітнеў прыгожы дыван з тубіпор, астрэй, меандрын, фунгій і карыяфілій.
Якое дзівоснае відовішча! Шкада, што мы не маглі выказваць адзін аднаму свае ўражанні. Крыўдна было ў гэткія незабыўныя хвіліны адчуваць, што твая галава ў палоне ў гэтай касцы са шкла металу! Чаму мы не можам жыць у вадзе, як гэтыя рыбы, што стралой праносяцца каля нас, альбо, яшчэ лепш, як амфібіі, якія доўгія гадзіны могуць знаходзіцца ў вадзе і на сушы, аднолькава добра сябе адчуваючы ў абодвух стыхіях — паветранай і воднай?
Між тым капітан Нэма спыніўся. Мае сябры і я паследвалі яго прыкладу. Я ўбачыў, што матросы «Наўтылуса» выстраіліся паўкругам за сваім начальнікам. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што чацвёра з іх неслі на плячах нейкі прадаўгаваты прадмет.
Мы знаходзіліся ў цэнтры прасторнай палянкі, аблямаванай з усіх бакоў высокім каралавым лесам. Нашы ліхтары кідалі на дно цмянае святло, ад якога вырасталі велізарныя цені. Па краях палянкі была густая цемра, і толькі дзе-ні-дзе шугалі і зараз-жа згасалі крывавыя аганькі — гэта прамень ліхтара адсвечваўся на момант у каралах.
Нэд Лэнд і Кансель стаялі побач са мной. Усім нам толькі цяпер прыйшла ў галаву думка, што наша падводная прагулка рабілася з нейкай мэтай. Агледзеўшы дно, я заўважыў, што яно ў некаторых месцах горбілася ўзгоркамі, зробленымі радамі, правільнасць якіх сведчыла, што гэта вынік чалавечай працы.
Па знаку капітана Нэма адзін з матросаў выгнаў наперад, адвязаў кірку ад пояса і пачаў вырубаць яму ў дне. Тут і я ўсё зразумеў. Гэтая палянка была могільнікам, яма, якую капаў матрос — магілай, а прадаўгаваты прадмет на плячах у матросаў — целам памёршага ўночы чалавека.
Капітан Нэма і яго матросы прышлі сюды, каб аддаць цела свайго таварыша пахаванню на гэтым брацкім могільніку, на недасяжна глыбокім дне акіяна!
Ніколі я не быў так усхваляваны. Ніколі ніводнае відовішча не ўзрушвала мяне да такой ступені. Я не хацеў бачыць тое, што рабілася перада мною, і не мог адарваць вачэй ад гэтага відовішча ні на секунду.