80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
К адзінаццаці гадзінам раніцы мы прайшлі першы рад узвышшаў, у цэнтры вострава, але яшчэ нічога не забілі. Голад падганяў нас. Спадзяючыся на паспяховае паляванне, мы не захапілі з сабой харчоў і цяпер горка каяліся. Але тут на першую радасць і вялікае здзіўленне самога Канселя, яму пашчасціла двума стрэламі ўзапар забіць белага голуба і вяхіра. Мы хутка абскублі іх і, насадзіўшы на прут, пачалі смажыць на кастры з сухога галля.
У той час, як забітая дзічына смажылася пад наглядам Канселя, Нэд Лэнд гатаваў плады хлебнага дрэва.
Як і можна было чакаць, вяхір і голуб былі з’едзены да апошняй костачкі
— Яны такія-ж смачныя, як пуляркі, узгадаваныя на труфелях! — сказаў Кансель.
— Ну-с, Нэд, — запытаўся я, — чаго вам цяпер не хапае?
— Чацвераногай дзічыны, спадар прафесар, — адказаў канадзец. — Гэтыя птушкі — толькі закус, а не сапраўдная ежа. Таму я не супакоюся да таго часу, пакуль не заб’ю якую-небудзь жывёлу, з якой можна зрабіць катлету.
— А я, Нэд, не супакоюся да таго часу, пакуль не злаўлю райскую птушку.
— У такім разе будзем працягваць паляванне, — сказаў Кансель. — Толькі вернемся назад, бліжэй да мора. Мы забраліся ўжо надта далёка, і я думаю, што лепш было-б усё-ткі вярнуцца ў прыморскі лес.
Кансель меў рацыю, і мы паследвалі яго парадзе. Пасля гадзіны хады мы прышлі ў лес, які складаўся выключна з самага дрэва. З-пад нашых ног некалькі разоў вырываліся змеі, але не атрутныя. Райскія птушкі адляталі, як толькі мы набліжаліся да іх на адлегласць стрэлу; я ўжо страціў быў надзею злавіць хоць адну з іх, але раптам Кансель, які ішоў наперадзе, нахіліўся і, радасна ўскрыкнуўшы, павярнуўся тварам да мяне.
Ён трымаў у руцэ прыгожы экземпляр райскай птушкі.
— Брава, Кансель! — крыкнуў я.
— Гаспадар вельмі ласкавы, — адказаў ён.
— Не, не, дружа мой, ты сапраўды зрабіў цуд. Злавіць райскую птушку жывой, ды яшчэ голымі рукамі — гэта надзвычайна!
— Калі гаспадар захоча паглядзець на яе бліжэй, ён зразумее, што мая заслуга не такая вялікая.
— Чаму, Кансель?
— Таму, што гэтая птушка п’яная, удрызг п’яная!
— П’яная?!
— П’яная?
— Так. П’яная ад мускатных арэхаў, якімі яна частавалася пад мускатным дрэвам, і мне нічога не каштавала ўзяць яе. Глядзіце ўважліва, Нэд, вось наглядны доказ шкоды неўстрыманасці!
— Ну, ведаеце, Кансель, грэх вам папракаць мяне колькасцю выпітай за апошнія два месяцы гарэлкі, — адказаў канадзец.
Тым часам я разглядаў цікавую птушку. Кансель не маніў: райская птушка сапраўды ап’янела ад дурманавага соку мускатных арэхаў і была зусім бездапаможнай. Яна не толькі не магла лятаць, але і ледзь хадзіла.
Злоўлены Канселем экземпляр належаў да прыгажэйшай з васьмі разнавіднасцей райскіх птушак, якія водзяцца на Новай Гвінеі і суседніх з ёю землях. Гэтая разнавіднасць атрымала назву «смарагдавай» і была самай рэдкай. Птушка мела трыццаць сантыметраў даўжыні. Галоўка ў яе была вельмі маленькая, вочы, што змяшчаліся побач з дзюбай, таксама зусім малыя. Афарбоўка яе была вельмі стракатая: жоўтая дзюба, цёмна-карычневыя лапы і кіпці, светла-карычневыя з чырвонай аблямоўкай крыллі, бледна-жоўты хахалок, смарагдавазялёная
Мне вельмі хацелася прывезці ў Парыж жывым гэты рэдкі экземпляр і падараваць Заалагічнаму саду, у якім яшчэ не было жывых райскіх птушак.
— Гэта сапраўды рэдкая птушка? — запытаўся Нэд Лэнд тонам паляўніка, для якога невядомая дзічына не мае ніякай каштоўнасці.
— Сапраўды, Нэд, і да таго яшчэ іх цяжка злавіць жывымі. Але нават і мёртвыя, гэтыя птушкі вельмі высока цэняцца. Таму тубыльцы дадумаліся да таго, што пачалі падрабляць іх, таксама як падрабляюць перлы і брыльянты.
— Як! — усклікнуў Кансель. — Яны падрабляюць райскіх птушак?
— Так, Кансель.
— І гаспадар ведае, як тубыльцы гэта робяць?
— Ведаю, Кансель. Райскія птушкі ў час летніх мусонаў губляюць сваё выдатнае хваставое апярэнне. Птушыныя «фальшываманетчыкі» збіраюць гэтыя пер’і і ўдала ўклейваюць або ўшываюць у хвост якога-небудзь няшчаснага папугая, загадзя абскубаўшы яго. Потым яны фарбуюць шоў, «лакіруюць» птушку і… пасылаюць у Еўропу — музеям альбо аматарам — вынікі гэтага своеасаблівага мастацтва.
— Што-ж — заўважыў Нэд Лэнд, — тым няма на што скардзіцца. Яны-ж атрымліваюць пер’і, а гэта самае галоўнае, калі птушка не прызначана для яды.
Мая мара — заўладаць райскай птушкай — такім чынам ажыццявілася, але з мараю Канселя пра катлету справа пакуль не клеілася. Але а другой гадзіне дня канадцу нарэшце пашчасціла падстрэліць сапраўднага ляснога кабана з пароды тых, якіх тубыльцы называюць «бары-утанг».
Стрэл Нэда, які даставіў нам смажаніну, быў сустрэты ўсеагульнай радасцю. Нэд Лэнд ганарыўся сваёй удачай. Кабан зваліўся на месцы мёртвым, як толькі яго датыкнулася электрычная куля. Канадзец спрытна разабраў яго і выразаў добры кавалак мяса на вячэру. Пасля гэтага паляванне пачалося зноў.
Праціскаючыся сквозь хмызняк, Нэд Лэнд і Кансель, нечакана для сябе, спудзілі статак кенгуру, якія кінуліся бегчы, высока падскокваючы на сваіх пругкіх нагах. Але як ні хутка беглі гэтыя жывёлы, электрычныя кулі паляцелі яшчэ шпарчэй.
— Ах, спадар прафесар, — закрычаў Нэд Лэнд, ап’янелы шчаслівым паляваннем, — якая добрая дзічына, асабліва ў тушаным выглядзе! Які запас прадуктаў для «Наўтылуса»! Два, тры, чатыры кенгуру. І падумаць толькі, што мы адны з’ямо гэтую гару мяса, а тыя аслы нават і не панюхаюць яго!
Я думаю, што калі-б ад радасці канадзец не разбалбатаўся, ён перабіў-бы ўвесь статак. Але цяпер яму прыйшлося задаволіцца тузінам гэтых цікавых сысуноў, якія належылі да сямейства кенгуровых, атрада сумчатых і падкласа двуутробных, як паведаміў Кансель.
Забітыя кенгуру былі маларослыя. Яны належалі, да пароды зайцападобных кенгуру. Гэта начныя жывёлы, і ўдзень яны моцна спяць. Акрамя дужа вялікай хуткасці бегу, гэты від кенгуру адзначаецца вялікай вываротлівасцю. Не гледзячы на маленькую велічыню гэтага звярка, скуркі яго высока цэняцца.