Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Госця рашуча ступіла за парог. Амаль усё невялікае памяшканне, у якім яна апынулася, займала драўляная вітая лесвіца. Панна нарэшце ўспомніла, што, карыстаючыся ёю, лёкаі падаюць стравы ў сталоўку. Канечне ж, яна ведала пра гэтую лесвіцу, проста рэдка зазірала сюды. Задумна пастаяўшы, яна вырашыла падняцца ў сталоўку.
Калі стук яе абцасікаў ужо не быў чуцён, кухары вярнуліся на кухню. Ад хвалявання ў старога на твары і шыі выступіў пот.
Між тым Бока, які бачыў праз шчыліну гэтую сцэну, асцярожна вылез з шафы. Прысеўшы на кукішкі, ён пачаў прыхарошвацца. І тут пачуў хрумсценне. Пад адным са сталоў
На гэты раз выслізнуць з кухні Боку не далі кухары. Пачуўшы хрумст, першы кінуўся да шкадлівага сабакі стары. Бока ледзь паспеў уплішчыцца назад у шафу…
Далей падзеі разгортваліся, як у трагікамедыі. І наш герой удзельнічаў у іх адно як глядач.
Убачыўшы сабаку, стары крыкнуў і схапіўся за сэрца. Да яго падбег малады. Старэйшы, хістаючыся, пратупаў да абраза, які вісеў на сцяне, упаў на калені і пачаў горача маліцца.
— Божа мой міласцівы, даруй мне ўсе грахі! Не дай мне асарамаціцца! — прасіў ён, згінаючыся да падлогі. Пры гэтым з ягоных вачэй ліліся слёзы.
Малады тым часам з заклапочаным выглядам узіраўся на пусты паднос. Нечакана ён кінуў яго і пачаў выганяць з кухні памаўзлівага сабаку. Прагнаўшы яго, ён прысеў на ўслончык і, абхапіўшы галаву рукамі, моцна задумаўся. Дзіва што, яму было пра што памаракаваць, — кухарам пагражала калі не смерць, то сур'ёзнае пакаранне.
Хвіліны праз дзве малады штосьці прыдумаў, бо ўслончык пад ім раптам упаў, а сам ён выбег з кухні як апараны.
Бока занерваваўся ў сваёй схованцы. Ён пабойваўся, што малады можа прывесці панну. Кухарчук сапраўды неўзабаве вярнуўся, але — адзін. Зрэшты, ён прынёс вялікага чорнага ката. Не паспеў Бока раскумекаць што да чаго, як раптам пачуў жахлівы віскат. Прыглядзеўшыся, ён убачыў, што няшчасны кот ляжаў пасярод стала і ўжо нават не варушыўся. Бока абурыўся. Ён ледзь не выдаў сябе, закіпеўшы жаданнем адплаціць скуралупу належным чынам. «Ну й норавы! — сіпеў ён у сваёй шафе. — Інквізітары!..» Тым часам маленькі Тамерлан, спрытна ўпраўляючыся з нажом, пачаў лупіць з ката скуру.
Стары працягваў кланяцца і прасіць абароны ў Бога. Ён не звяртаў аніякае ўвагі на свайго энергічнага памочніка. Ён не пачуў нават паху смажанага мяса, што напоўніў неўзабаве ўсю кухню.
Бока нарэшце не стрываў. Выкаціўшыся з шафы, ён пракраўся да дзвярэй і, адчыніўшы іх, выслізнуў у калідор.
У калідоры было ціха, як у склепе. Агледзеўшыся, Бока кінуўся да дзвярэй у склеп. Але тыя былі зачыненыя. Хлопец разагнуўся і ўдарыў плячом, спрабуючы зламаць іх…
— Не губляйце марна сілы, — нечакана пачуў ён за сваёй спіною.
Бока азірнуўся. У некалькіх кроках ад яго стаяла панна Яніна. Яна спакойна, хоць і трохі разгублена, пазірала яму ў вочы.
— І што вас гэтак вабіць туды? — запыталася яна. — Няўжо віно?
Хлопец прыціснуўся спіною да дзвярэй. Яму трэба было як хутчэй што-небудзь прыдумаць, каб апраўдацца…
XI
Вячэра ў сталоўцы канчалася, калі Шадурскі нечакана загадаў прывесці галоўнага кухара.
Загад быў перададзены па эстафеце. Праз хвіліну перад гаспадаром і
Шадурскі, убачыўшы іх, загадаў:
— Падыдзіце бліжэй!
Кухары нерашуча ступілі крок-другі да стала. Малады трымаўся насцярожана. Выраз твару ў яго быў як у зацкаванага звера. Старога ажно калаціла. Ён быў бледны, а вочы ягоныя няўцямна міргалі,— здавалася, ён гатовы быў вось-вось упасці ад непрытомнасці. Малады падтрымліваў яго. Можна было падумаць, што гэтыя двое ішлі на эшафот.
— Вас двое? — здзівіўся Шадурскі.
Гаспадароў голас падзейнічаў на старога, як удар грому на запалоханае сабачаня: ногі ў яго падкасіліся. Малады ледзь паспеў утрымаць яго за плечы.
— Што з ім? — запытаўся Шадурскі.
— Учадзеў, ваша міласць, — прамармытаў малады. Яго чорныя бліскучыя вочкі пры гэтым забегалі.— Залішне стараўся… — дадаў ён і лісліва ўсміхнуўся, паказваючы свае моцныя белыя зубы.
Шадурскі з хвіліну дапытліва пазіраў на старога. Потым, надаўшы паважнасць твару, сказаў:
— Я запрасіў… вас, каб выканаць волю маіх сяброў. Хачу падзякаваць вам. Сёння вы дадалі славы свайму гаспадару. — Ён зрабіў паўзу. Потым працягваў з важным выразам твару: — Трэба быць майстрам, каб высачыць і забіць зайца. Так! Але, як сёння тут, за сталом, мы пагадзіліся, што гэта ўсяго толькі палова справы. Трэба быць сапраўдным майстрам, каб прыгатаваць з гэтага зайца такую страву! — І ён паказаў на пусты срэбраны паднос.
Сліва, ківаючыся, бы вялікая завадная лялька, дадаў:
— Цудоўна! Нічога падобнага не еў!
— Ваш заяц пад соусам быў непараўнаны! — заключыў Шадурскі.
Відаць, на старога кухара падзейнічала шчырасць, якая прагучала ў гаспадаровых словах. Як бы яно ні было, але ягонае сэрца не вытрымала. Стары раптам ускрыкнуў і, раскінуўшы рукі, упаў на падлогу. Малады, які сам нямала разгубіўся, на гэты раз не паспеў падхапіць яго. Да кухара падбеглі лёкаі. Падняўшы няшчаснага, яны панеслі яго з залы. У сталоўцы запанавала цішыня. Тым часам кухарчук пазіраў на паноў. Ён хацеў прачытаць на іх тварах — жартуюць яго гаспадары ці не. Шадурскі ўтаропіўся на дзверы, за якія вынеслі старога. Нарэшце ён прамовіў:
— Гм, шкада… Я загадаю, каб ім заняўся мой лекар. — Потым ён звярнуўся да кухарчука: — А ты парадуй яго. Перадай, што я дарую яму вольную. Ды скажы, што ён атрымае ад мяне каня, а яшчэ — карову і хату ў вёсцы. Ён заслужыў усё гэта. Заслужыў стараннасцю. — Ён памаўчаў, потым дадаў: — Цяпер галоўным на кухні прызначаю цябе. Спадзяюся, што ты будзеш гэтакі ж вынаходлівы і старанны, як і твой папярэднік… Ну ўсё, ідзі.
Малады ўпаў на калені. Такога падарунка ён не чакаў, таму і закрычаў:
— Дзякую, дзякую, ваша міласць!.. Век буду верным рабом вашым!..
— Ідзі, ідзі,— адмахнуўся гаспадар.
І пакуль кухарчук, кланяючыся і выказваючы падзяку, адпаўзаў да дзвярэй, Шадурскі паспеў забыць пра яго. Звярнуўшыся да сяброў, ён прапанаваў:
— А што, панове, ці не пара нам перайсці да дэсерту! Ці не пара пакаштаваць яблычак з маёй чарадзейнай яблыні!
— Сёння раніцою вы абяцалі прагулку па возеры, — нагадаў, выціраючы губы сурвэткаю, Скарлоцы. — Думаю, не зашкодзіла б праветрыцца.