Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Частка першая
Нечаканы візіт
I
Стаяла такая ліпеньская спякота, пра якую людзі кажуць: «Самы разгар лета». Неба было чыстае, быццам азёрная роўнядзь у ціхі сонечны дзень. Перачакаўшы гарачыню, некуды схаваўся вецер. Спрадвечная цішыня панавала над усім светам. І толькі высока ў небе заліваўся жаўрук, які вучыў лётаць сваіх маленькіх птушанят.
Па шырокай палявой дарозе, якая была абсаджана па абодва бакі высокімі галінастымі дрэвамі,
Незнаёмца яўна адольвала дрымота. Ён мужна змагаўся з ёю: варочаў вачамі, трос галавой. На твары яго можна было заўважыць незадавальненне. Зрэдку ён скоса выглядваў у дзвярное акенца, каб упэўніцца, ці правільна выбраў фурман дарогу. І ўсё-такі, па нейкіх няўлоўных прыкметах — ці то па гульні зморшчынак на твары, ці то па руху вёрткага цела, — прыгледзеўшыся, можна было здагадацца, што пан гэты не такі ўжо і суровы, якім імкнецца выдаць сябе, і што дэвіз яго — мілаваць, а не караць.
Іншы раз на хвіліну-другую яму ўдавалася прагнаць дрымоту. Тады позірк яго праясняўся, і незнаёмец углядаўся ў акенца з нейкай пранізлівай зацікаўленасцю. Яго ўвагу прыцягвалі дрэвы, што раслі паабапал дарогі. І сапраўды, іх маўклівасць і нерухомасць, былі напоўнены залішняй цеплынёй і святлом, і гэта чамусьці насцярожвала. Так, бывае, агортвае трывога ў прыціхлым лесе, пад час палявання, калі пачынае здавацца, што ў любую хвіліну перад табой з'явіцца страшны звер. Ды толькі асіна — мабыць, па той прычыне, што на ёй «чорт вешаўся», — ні з таго ні з сяго магла зашумець адразу ўсёй сваёй кронай…
За экіпажам рухалася паўтузіна коннікаў. Па чырвона-чорнай амуніцыі можна было здагадацца, што яны — з дружыны тутэйшага князя Эрдзівіла. Яны былі ў суконных калетах, прыталеных штанах і высокіх рыжых батфортах са шпорамі ў выглядзе пеўня. На левым баку кожнага конніка на шырокім рамяні вісела доўгая крывая шабля. У коннікаў ва ўсім — у паставе, у старанні стрымліваць коней — адчувалася строгая дысцыпліна. Ніхто з іх не дазваляў сабе абганяць даручаны ў ахову экіпаж або прыкметна адстаць. Да таго ж усе маўчалі, яўна адчуваючы важнасць сваёй місіі.
Высокія і надзіва тонкія колы экіпажа круціліся лёгка і амаль нягучна. Здавалася, што экіпаж лунае над зямлёю. Манатонны тупат парушалі хіба толькі гучны плёскат фурманавай плёткі ды яго дзікія выкрыкі.
— І-э-эх-ха-ха! — часам вымаўляў ён і пры гэтым вельмі нахіляўся наперад, нібы хацеў дацягнуцца да вушэй першай пары сваёй запрэжкі.
Экіпаж і яго суправаджэнне рухаліся хутка, быццам воўчая зграя. Пасля іх узвівалася ў паветры, шырылася і заставалася вісець над дарогай густая паласа пылу…
II
І вось нарэшце гэты экіпаж спыніўся перад высокай каванай брамай — уездам на тэрыторыю кляціхінскай сядзібы. Адразу ж да брамы выйшаў вартаўнік, адчыніў яе. Экіпаж і коннікі, якія яго суправаджалі, рушылі ўверх уздоўж цяністых прысадаў — да палаца, круглыя вежы якога з чарапічнымі дахамі, здавалася, луналі над зялёнымі шатамі дрэў.
Праз хвіліну экіпаж выкаціўся на шырокую пляцоўку, з круглай клумбаю ў цэнтры, і спыніўся каля ганка масіўнага будынка, сцены якога былі апавіты дзікім вінаградам. З экіпажа выйшаў — дакладней, выскачыў, жадаючы прадэманстраваць сваю спрытнасць, — знаёмы ўжо нам рыжавусы пан. Ён спыніўся і ўважліва агледзеў вокны верхняга паверха. Наўрад ці яго цікавіла архітэктура ўбачанага ім будынка. Па ўсмешцы, якая так непазнавальна змяніла яго твар, можна было здагадацца, што з гэтым домам у яго звязаны прыемныя ўспаміны. Ён агледзеў кожнае акно, якое было ўбудавана ў чарапічны
Між тым на ганку сабраліся людзі. Большасць з іх былі жанчыны. Бабы выходзілі з будынка і моўчкі кланяліся незнаёмцу, выказваючы такім чынам рабалепства перад ім ужо толькі за тое, што ён быў багата апрануты. У тым, як яны паводзілі сябе, было нешта ад паводзін ягнят: штурхаючыся, яны хаваліся за спіны адно аднаго. Вусаты не зважаў на іх аніякай увагі.
Нарэшце, схамянуўшыся ад сваіх летуценняў, ён аглянуўся на тых, хто з ім прыехаў, і строга загадаў:
— Распрагаць!
Пачуўшы яго голас, тыя, хто стаяў на ганку, адначасова зноў схіліліся ў нізкім паклоне. Але і на гэты раз прыезджы не звярнуў на іх аніякай увагі. Ён атрос свой кафтан белаю пальчаткаю, скокнуў на ганак і, нарэшце, увайшоў у дом.
У пярэднім пакоі нікога не было. І тады госць накіраваўся ў гасцёўню.
Сухенькі лысы старэча-слуга, у светлай ліўрэі, быў заняты прыбіраннем.
— Фух, хоць аднаго мужыка сустрэў,— выпаліў басам прыезджы. — Бачу, браце, што ў вас тут нават з гадамі нічога не змянілася: як было «бабіна царства», так і засталося.
Старэча-слуга, дагаджаючы госцю, якога ён пазнаў, засмяяўся, аднак адказаць не асмеліўся. Вусаты пан, якому, відаць, не было розніцы, з кім размаўляць — ці то з князямі, ці то са слугамі,— агледзеўшы залу, раптам усклікнуў:
— Божухна, усё, як і раней! І мэбля, і драпіроўка!
Позірк яго затрымаўся на невялікай пульхнай канапцы з высокай спінкай, задрапіраванай кітайскім шоўкам. Госць падышоў да яе і папляскаў па лежаку далонню. Хітра прыжмурыўшыся, ён прагудзеў:
— А вось гэта рэч мне" асабліва запомнілася. — Ён пацягнуўся. — Э-х!.. Божухна, прабач за грахі нашыя… Ведаеш, стары, — раптам зноў звярнуўся ён да замёрлага, як мумія, у сваім кутку слугі,— што гэтая канапка з'яўлялася сведкай сапраўднага і самага гарачага кахання, якое ведала чалавецтва ад часоў Адама!
Было відаць, госць верыў у тое, што гаварыў. Сапраўды, некаторыя рэчы часам гавораць нам значна больш, чым яны нешта сабой уяўляюць. У кожнага з нас абавязкова ёсць у сэрцы штосьці, звязанае з рэчамі. Ці то любоўная гісторыя, ці проста ўдача, якая некалі дакранулася да нас сваім крылом. Мы гатовы абагаўляць такія рэчы, як паганцы абагаўлялі сваіх ідалаў. Што тычыцца нашага героя, то прыемныя ўспаміны, здаецца, змешваліся ў яго свядомасці з сумнымі. Ён амаль сілком адвярнуўся ад знаёмай канапкі і прайшоў праз усю залу да аднаго з акон. Слуга заўважыў у яго вачах слёзы.
— Адшукай ты мне, браток, панначку, — ужо ціха сказаў прыезджы. — Дый заадно — упраўляючага і няньку. Скажаш, пан Чаляднік прыехаў… Ды жвавей, браток, — неяк капрызна дадаў ён, — не люблю я, ведаеш, затрымак.
Слузе не трэба было паўтараць двойчы. Ён добра ведаў пана Чалядніка, першага распарадчыка князя Станіслава, і ўжо, безумоўна, гатовы быў яму ўслужыць. Пакуль госць шукаў вачыма абраз, каб памаліцца з дарогі, стары, быццам джын, цішком знік з залы.
Заўважыўшы абраз, пан Чаляднік наблізіўся да яго і з пачуццём тройчы перажагнаўся.