Грот афаліны
Шрифт:
Вочы, пабыўшы трохі на святлейшым, не хацелі нічога бачыць, слязіліся ад напругі. «Стой, Бобі, стой… Я руку памяняю…» Пералез на правы бок дэльфіняці, узяўся за плаўнік леваю рукою, а праваю вёў па слізкім камені, па мокрай скале, мацаў. Вось ужо і востры кут, тупік… Заплюхала ў ваду з невялічкіх выемак нейкая жыўнасць — мо крабы, мо яшчэ што. Павярнуў Бобі назад, паўз другую сцяну, процілеглую…
Уперадзе, куды вобмацкам прасоўваліся, мінуўшы светлую пляму, чуўся той глухі, нудны і роўны шум. Грот меў падоўжаную, з вострым тупіком форму. А ў гэты бок сцены разыходзяцца ўсё больш і больш. «Бобічак, не тузайся, не вырывайся…
Раптам правая рука правалілася ў пустату, і з-за павароту ў вушы ўдарыў шум і роў вадаспаду. Нагою абмацалася пад вадою прыступка, хоць і коўзкая, у нарасцях. Паспрабаваў стаць на яе абедзвюма нагамі і… пляснуўся дагары. Забоўтаўся, паварочваючыся на жывот, кіруючы да скалы. На падводную прыступку стаў каленьмі, учапіўся, як мог, рукамі — успоўз вышэй. Распаўзаліся ў бакі, часам траплялі пад руку большыя і меншыя крабы, плюхалі ў ваду. Зрабіў колькі няўклюдных крокаў на карачках — і стукнуўся галавою ў скалу. Сілы пакінулі зусім, рукі і ногі падкасіліся.
Так і заснуў тварам на выцягнутых руках, а мо і прытомнасць страціў.
2
Ногі гайдаліся, варушыліся, а штосьці важкае сядзела на назе, дзе канчалася калашына, і грызла, драпала за ранку вышэй костачкі. Яшчэ добра не ачомаўшыся, цярнуў другою нагою па той калашыне — спіхнулася штосьці кастрава-колкае, бясформеннае, як востравугольная камянюка. Ад агіды і страху ўздрыгнуў: краб, каб ён здох…
Колькі ён праспаў? У галаве ясна і не вельмі баліць, дый увесь пачуваўся мацнейшым. Асцярожна, паволі разгінаючыся, паспрабаваў устаць. Не, выступу няма, памахаў угары рукою — пуста. Павярнуўся тварам да скалы, абмацаў яе рукамі. Крута дыбіцца халодны мокры камень, ніводнай зачэпкі. Сеў зноў, абхапіў сябе за плечукі рукамі, пацёр, памасіраваў, паціскаў. Чуў пад далонямі, што рубашка на плячах хоць і сырая, але ад цела высахла, не цячэ з яе. Але гэтага так мала! А як бы хацелася адзецца ў сухое, сагрэцца! Праўда, тут і сухое ўраз адсырэе: паветра густое ад вільгаці, зверху цаляюць па галаве важкія кроплі. Эх, каб на сонейка хутчэй выбрацца, на волю! Якое гэта шчасце — мець сонца над галавою!
Прыпомніў, як даплыў з Бобі да гэтага выступу з пляцоўкай, як узлазіў на яе. Цяпер ён сядзіць спінаю да таго выступу, аб які стукнуўся. Значыць, калі ўстаць і павярнуцца да яго тварам, а потым паціху, учаперыўшыся, схіліцца ўправа, то можна зазірнуць у грот-храм з дзіркаю ў купале, адтуль ён плыў, там крыху святлей. Янг і прарабіў усё гэта вельмі асцярожна, прывучаў ужо сябе да асцярожнасці і абачлівасці, прывучаў арыентавацца ў цемры. Схіліўся — і нічога не ўбачыў: чарната, толькі сям-там плямамі шарэе вада, часам па ёй прабягаюць ледзь заўважныя фасфарычныя палоскі. Мусіць, ноч ужо, глыбокая ноч. Ен жа не ведае, колькі праспаў.
А мо і не трэба сачыць за часам? Якое гэта мае значэнне, калі цёмна ды цёмна!
«Ты дзе, Бобі? Плыві сюды!» — прасвістаў умоўны сігнал. І падумаў, што не пачуе яго малыш. Шуміць безупынку вадаспад, хоць І не так звонка, як раней: прыліў глушыць, вада паднялася ў пячоры.
Але прайшло мо якія хвіліны дзве, як каля Янгавых ног пачуліся «Пху-уф…» і кароткі скрып. Схіліўся да вады і намацаў мордачку Бобі. Той даўся палашчыць і тут жа ссунуўся ў ваду, знік з-пад рукі.
— Ты куды, дурненькі? — не вытрываў і пачаў свістаць зноў.
Прапаў Бобі, як І не было. «Пакрыўдзіўся…
Зноў пачуў «Ф-фу-ух!» блізка каля сябе і нейкае ласкавае, нібы кашэчае мармытанне. Нагнуўся ў той бок, працягнуў руку. І адразу намацаў галаву дэльфіна. Малая галава, Бобі, значыць… «Ну й хуліган малы…» Правёў рукою да рострума, хацеў ухапіць за верхнюю сківіцу, павадзіць у бакі. А рука намацала штосьці цвёрдае, шырокае.
— Што ў цябе? Давай, давай… Ну, пускай жа! — Янг і другою рукою патузаў.— Ласт?! Дальбог, ласт… Ну й Бобі, ну й малыш! Каб ты ведаў, які ты малайчына! — пяшчотна пагладзіў яго, павадзіў за нос. — А другі дзе? Можа, і другі знойдзеш? Шукай, братка, шукай!
Мармытнуў штосьці Бобі, а зразумеў ці не? Мабыць, не, бо не ссоўваўся ў ваду, ляжаў і чмыхаў дыхалам, песціўся пад Янгавай рукою. Янг папхнуў яго ў рострум, ссоўваючы: «Плыві, плыві! Шукай!»
Не бачыў, паплыў ці не паплыў. Здалося толькі, што ўздыхі і ўсплёскі наўкол пачасціліся. Многа ўздыхаў! Падплылі сюды, мабыць, усе дэльфіны.
— Ласт другі шукайце! Маску шукайце! Ну, што ж вы?
Ніхто не паплыў, загаду не разумелі. Услухоўваўся скрозь шум вадаспаду і, здаецца, чуў іхнія ўздыхі і ціхае паплюхванне.
Янг добра абмацаў ласт. Раменьчыка не было, адарваўся разам з вушкам. Але гняздо для нагі было цэлае. Ён адразу сунуў туды правы ступак, «абуўся». Не хочацца зноў лезці ў ваду, а трэба. Мог бы яшчэ пацярпець, не піць, але рашыў наліць страўнік вадою — не так будзе балець. Пасвістаў: «Ты дзе, Бобі?» Намацаў рукамі дэльфіна. Бобі!.. Слабак гэты Бобі, от каб Дзік слухаўся. «Сюды, сюды…» — адварочваў яго галаву бліжэй да скалы, управа. Локаць перакінуў, звесіў на той бок Бобі і далоняй ціскаў на левы бок, кіраваў. Два арыенціры — скала справа і шум вадаспада. Калі паплыве назад, будзе таксама імі кіравацца. Іначай не знойдзеш тую пляцовачку, дзе адпачываў. Малая яна і няроўная, спадзістая, але што рабіў бы без яе? Можа, дзе і лепшая ёсць, але паспрабуй знайдзі ў гэткай цемры!
Сцяна пад праваю рукою падавалася на Янга. Гэты пячорны завулак таксама звужваўся, як і той храмападобны. Шум і плёскат памацнелі, у твар паляцелі пырскі. Ззаду пачуліся кароткія трывожныя свісты, мабыць, дэльфіны плылі за ім і Бобі. Пачуўшы сігналы, Бобі адразу крутнуўся пад рукою, як верацяно, вырваўся і сам засвістаў трывожна. І ў гэты момант Янг каленьмі намацаў камяні, нагрувашчаныя абломкі, зачапіліся за іх рукі. «Дуралобы… Баяцца лезці сюды… А як жа мяне ратавалі і не баяліся? Нешта ж зацьміла ім розум, змусіла кінуцца на дапамогу чалавеку».
Асцярожна падняўся і ледзь астояўся: у ногі білі буруны-вадавароты. Працягнуў рукі ўперад, у невядомасць, і халодная вада хлынула па руках да плячэй. Напаўняў далоні і піў, піў, ледзь не лопаўся ад вады, а ўсё піў. І думаў: што рабіць далей?
Можна прабрацца назад на сваю пляцоўку і драмаць, чакаць раніцы. Але ці зменіцца што раніцаю? Толькі ў Храме была хоць нейкая крыха святла, але там няма ніякага выхаду. І тут, у Вадаспадным гроце, няма. Правільней, шчыліна ёсць, але вядзе яна ў возера. Пра тое, каб выбрацца праз гэты лаз, нельга і думаць. Проста загадка, як сюды ён трапіў і не захлынуўся насмерць.