Грот афаліны
Шрифт:
І вось адчуў ужо, што ўдушша мінае, паветра стала хапаць, дыханне выраўнялася. Дацягнуцца б цяпер да лыткі, пашчыпаць яе здранцвелымі ад холаду пальцамі… І дацягнуўся неяк, памяў, пашчыпаў, не чуючы гэтых шчыпкоў. Боль у лытцы стаў цішэць, расцякацца, але нага не слухалася, шалёны паток яе трос, біў, трапаў, мяў, шпурляў, і былі моманты, калі здавалася: вось-вось яна адарвецца і знікне ў прорве. І ўсё ж у нейкі міг Янгу ўдалося яе падкурчыць, а за ёю і правую, уперціся пяткамі ластаў у край расколіны, адштурхнуць цела крыху ў бок ад асноўнага патоку. Буйства вады, д'ябальскі масаж адчувалі цяпер толькі ногі, ласты трэсліся і тузаліся, іх клала вадою то так, то гэтак… Зрабіў намаганне, перавярнуўся на жывот… Упірацца нагамі зрабілася горш, затое можна было хапацца рукамі. На адных руках
І зноў працяглы ўдар аб дно над расколінай, яго крыху паварочала так і сяк, нібы паток сам прымяркоўваў, як лепш умасціць яго, распарадзіцца Янгавым целам. Здавалася, што Янга груба раздзяваюць, здзіраючы жыўцом не толькі адзенне, але і скуру, тузаюць за ласты. Нават зрабілася смешна ад гэтых марных намаганняў вадзяной віхуры. «Пачакай, не рві… Расшпілю зараз…» — дацягнуўся да правай, здаравейшай нагі, адшпіліў раменьчык. Дзікая сіла ў момант сарвала ласт, а прорва з задаволеным ровам глынула яго. Другі ласт не адшпіляў, Янг проста забыўся, што ў яго дзве нагі… Яму ўбачыліся нейкія ўспышкі-сполахі, нібы водбліскі далёкай навальніцы. Здалося, што яго завуць — адтуль, з расколіны-жэрла, з пракаветнай цемры. Пісклявы галасок працінаў усе гукі: «Ну ідзі ж за мною… Ідзі-і-і!» Янгу зрабілася смешна: гэта ж голас таго ласта, што адшпіліў! А раней жа ніколі ён не падаваў гуку, мо хіба саромеўся? «Я зараз… Пачакай, акваланг толькі скіну — замінае… К чорту яго!» Намацаў паясны рэмень, адшпіліў… Апошні раз удыхнуў на ўсе лёгкія і вырваў загубнік з рота. Вадзяная віхура памагла сарваць акваланг з плячэй, і Янг напаследак нават з агідаю адштурхнуў яго ад сябе. Не супраціўляўся ўжо, калі яго пачало разварочваць, усмоктваць у шчыліну, наравіўся толькі, каб менш засядаць і стукацца аб вострыя вуглы галавою, плячамі, менш чапляцца адзеннем, а калі гэта здаралася, то аддзіраў сябе, праштурхоўваўся з п'яным утрапеннем. «Іду-у! Я ўжо іду-у-у!» — крычала ўся яго істота. І калі засеў у вузкім месцы, заклакаваў сабою жэрла, затузаўся, нібы ў перадсмяротнай агоніі, разам з выдыхам крыкнуў проста ў ваду. Крык быў поўны дзікага жаху, бо свядомасць на міг праяснілася, уцямілася — «У пастцы!». Сутаргава затузаўся і ўніз і ўгору, супраць патоку, а лёгкія ўжо крычаць-енчаць — «Паветра-а!».
Топячыся, трацячы прытомнасць, пачуў яшчэ, што нейчыя зубастыя, як у кракадзіла, шчэлепы абхапілі хворую нагу вышэй костачкі, тузанулі бязлітасна, нібы ўпраўлялі вывіх…
4
Натача і Абдула, прывязаўшы Тота да дрэўца, шукалі золата. Не на беразе возера, а ў ручаі, высока, яшчэ перад вадаспадам. І трэба ж было такому здарыцца! Кружылі сёмы тазік — каменьчыкі, галька, гравій, пясок. Збіралі, разглядаючы, зверху большыя камяні, адкідвалі, ссыпалі, грэбліся. Зачэрпвалі ваду і зноў кружылі, перамацвалі асадак. Знайшлася чачавіцінка-гарошына, трошкі пляскатая, у ноздрачкі, з ямкай на баку. Па звычцы паклалі на камень, трэснулі другім зверху. І во дзіва, яна не рассыпалася, а спляскалася. Свежыя драпіны ад каменя зырка-вогненна бліснулі. Яшчэ не верачы сам сабе, Абдула па інерцыі гахнуў другі раз, з усёй моцы, а трэцяга ўдару не зрабіў: рука завісла з каменем каля вуха.
— А дзе… тое? — ледзь прагаварыў, бо ў роце раптам стала суха. — Золата дзе?!
Камень-кавадла быў пусты.
— А во! Прыліпла… — Натача ўзяла з яго рукі камень, адкалупіла жоўта-аранжавы струпок. — Золата! Чэснае слова — золата!
Пакруціла ў пальцах, абгледзела з усіх бакоў, цісканула нават клыкамі: паддаецца на зуб, мяккае! Метал, значыць.
— Дай сюды! — ледзь не вырваў той струпок-аладачку Абдула.
— Супакойся, — астудзіла яго Натача, сама з каленяў не ўставала. — Колькі ўжо часу прайшло? Нешта Янга доўга няма.
— З гадзіну… А мо і больш. Зірнула Натача на сонца.
— Больш! А ён жа казаў, што паветра ў аквалангу на паўгадзіны! Я-янг!!!
Ускочылі на ногі, крыкнулі разам.
Рэха адбілася ад паўднёвага берага, прыляцела назад: «…а-а-ах!» Нібы хтосьці пацвяліўся і змоўк.
Ледзь голаў не скручваючы, хапаючыся за выступы, за галіны кустоў, Натача зляцела па строме на нізкі бераг, да вады.
— Я-янг! — Прабегла туды-сюды і зноў: — Я-янг! Адгукніся-я-я!
— Схаваўся недзе, пажартаваць хоча… — спусціўся ўніз і Абдула. — Я сам люблю такія штукі. Пачакаем крыху.
— Пачакаем? А акваланг дзе? Калі б хацеў пажартаваць, не цягаў бы з сабою такі цяжар.
— І на востраве ніякага руху… Птушкі спакойныя.
— Пабеглі на той бок возера! Шукаць трэба! — гарачылася Натача.
— Давай тазікаў тры перабяром, прамыем, і калі не прыйдзе за гэты час, то пойдзем шукаць. — Абдула стараўся быць спакойным. Не верылася, што з Янгам можа што-небудзь здарыцца. Чалавек жа і без акваланга добра плавае, і з аквалангам навучаны.
— Золата жоўтае, а сэрца ад яго чарнее. Хапуга! Бляшкі даражэй табе за чалавека! — кінула гнеўна Натача і пабегла паўз ваду па нізкім беразе ўлева.
Але доўга тут не набяжыш, водмель хутка скончылася, і трэба было лезці наверх.
Абдула прабіраўся за ёю назіркам, не раз гукаў: «Пачакай, не пры на скрут галавы!» А потым і гукаць перастаў. Натача скакала цераз ямы, агінала скалы, паднырвала пад кусты, спускалася ў равы, чапляючыся за галіны і карані — спрытна, лёгка, як малпа.
Калі ўзабраліся на самую кручу паўднёвага берага, былі мокрыя ад поту, мурзатыя. Трымаючыся за кусты, звіслі над абрывам, абшнарылі вачыма і востраў, і ваду да самай кручы. Нідзе нікога!
— Я-я-янг!!! — загалёкалі ўдваіх, без усякай асцярогі.
З вострава з крыкамі ўзнялася хмарка белых птушак, а з-пад ног, з-пад абрыву яшчэ большая хмарка чорных. Але нават рэха не пачулі тут.
— А што там жаўцее на вадзе? — паказаў Абдула ледзь не пад самы бераг.
Жоўтая, нібы здвоеная пляма паволі апісвала па вадзе круг.
— Акваланг! — выдыхнула са страхам Натача. — А дзе ж сам?
Абдула не паспеў нічога сказаць, Натача адступіла ад кручы на некалькі крокаў і рванула з месца, разганяючыся. На самым беражку адштурхнулася нагамі і, апісваючы вялікую дугу, паляцела ўніз. Рукі трымала перад галавою клінам, увайшла ў ваду амаль праменька, нават пырскаў было мала — шчабоўк! Не бачыў Абдула такога прыгожага скачка нават у хлопцаў, а не тое што ў дзяўчынак. Звесіўся, шукаючы яе вачыма на вадзе… Колькі тут вышыні — пятнаццаць метраў, дваццаць? Ад аднаго позірку дух займае!
Натача вынырнула не скора, мабыць, трохі аглушылася ад удару аб ваду. Страсянула галавою, фыркнула — і паплыла сажонкамі, як хлапчук, да жоўтай плямы.
Так, гэта быў акваланг. Натача рванула яго ўгору з сілаю, мо думала, што пад ім завіс Янг. Бліснулі сонечна балоны, зноў пляснуліся на ваду.
— Няма-а-а!.. — крыкнула з адчаем. Паклала рукі на балоны, моцна забарабаніла нагамі, кіруючы да берага.
— Туды!.. Туды!.. Тут не выберашся! — крычаў ёй зверху Абдула, паказваючы на ўсходні бераг. Потым кінуўся туды і сам: каля самай вады, у прыбоі была палоска пяску, на якую можна было выбрацца.
Падхапіў акваланг за рэмень, падаў і Натачы руку. А сам ужо абмацваў вачыма вентылі.
— Каторы з іх ад рэзервовай падачы паветра?
— Во гэты… — Натача хуценька пакруціла вентыль. — Ён адкручаны! — спалохана ўсклікнула яна.
Зразумелі: у Янга не хапіла на пад'ём паветра. Але чаму тады ён адшпіліў акваланг? Знарок, каб падаць ім нейкі сігнал? Пазначыць месца гібелі?
Зразумелі: дзе золата, там і бяда.
Раздзел другі