Грот афаліны
Шрифт:
— Па беразе туды цяжка. Па вадзе прасцей… Я па версе паплыву, без загубніка. І хутчэй будзе, і паветра сэканомлю. Ну — не сумуйце! — сунуў ногі ў яшчэ мокрыя з сярэдзіны ласты і тут жа, аж цмокнулі, сарваў іх. Вымыў, паплюхаўшы, пясчынкі з ластаў і зноў «абуўся», зашпіліў раменьчыкі. Забрыў у возера да пояса, памахаў рукою — і рынуўся грудзямі на ваду.
— Трэба было яму вядро ўзяць, — сказаў Абдула. — Зачэрпнуў бы з самага глыбокага месца — а раптам… Мы тазік кружылі, каб самыя цяжкія часцінкі на дно аселі. А ўяві сабе, што гэтае возера таксама тазік і яго трасуць землетрасенні. Былі ж тут землетрасенні, і не раз! От і паскочваліся на самае глыбокае самыя цяжкія часцінкі.
Натача
3
Янг плыў проста на востраў. Думаў, не больш за сто метраў, а пачаў плысці ды плысці, то адчуў: памыліўся. На вадзе адлегласць скрадваецца амаль у два разы. Аднак вяртацца не хацеў. Перадыхне на востраве, абгледзіць яго… А тады можна і стромы паўднёвы бераг абмацаць, абследаваць. Той раз, калі абыходзілі возера з Амараю, каля вады не змаглі прайсці, карабкаліся зверху, па кручах. Помніць толькі, што зазірнуў з абрыву ўніз і зжахнуўся: «Ух ты… Каб плюхнуўся адсюль…»
Крык птушак на востраве рабіўся ўсё больш прарэзлівы, іх кружылася ўжо над востравам цэлая хмара.
Вылазіць на востраў не стаў, азірнуўся на пакінутых сяброў. Памахаў Натачы, яна стаяла каля вады і глядзела ў яго бок, Абдулы ж не было відаць. Лёг жыватом на гарачы камень, паляжаў, адпачываючы. Скідваць ласты не захацелася, а з імі не вельмі паходзіш па гэтых глыбах, што спякліся, сплавіліся ў адну. Як ні дзіўна, былі тут і густыя кусты, знайшлі за што ўчапіцца каранямі. «Тут, мабыць, гнёздаў, гнёздаў… І яйкі могуць быць…» — але гэтая думка не спакусіла яго. Ляжаў, услухоўваўся ў крыкі птушак і, акрамя гэтых крыкаў, нічога не чуў. Адпачыўшы, паплыў улева вакол вострава на паўднёвы бок яго. Аднак зразу вытыркацца не стаў, стаіўся пад навіссю галін, панаглядаў. Не, нічога падазронага, нават птушкі менш пачалі крычаць… Як прыгожа адсюль, з вострава, глядзіцца паўднёвы стромісты бераг возера! Ён нібы слоены пірог, а самы брыж упрыгожаны зелянінай. Слаі-пласты і шэрыя, і жоўтыя, і рудыя, трохі настармачаныя і пахіленыя набок. Ліўні ці вятры нарабілі ў іх нішаў і нор, і каля гэтых схованак кружацца вастракрылыя, падобныя на вялікіх стрыжоў птушкі.
Янг перавёў позірк на вадзяную гладзь, дзе ярка, толькі дагары нагамі, адлюстроўвалася ўся гэтая круча. Святла тут было больш, чым дзе на востраве, сонца з паўночнага захаду біла промнямі ў гэты бераг-строму, рассыпаючы наўкол залацістыя, святочныя водсветы.
Ціхі ветрык ніяк не калыхаў вады, не сыпаў на яе рабаціння. Але калі паглядзець проста на кручу, а адтуль апусціць пагляд на ваду, можна ў адным месцы заўважыць нейкія няпоўныя кругі-завіткі з агульным цэнтрам. Па гэтых завітках-кругах павольна рухаліся птушыныя пёрцы, лісце. Яшчэ не скеміў, што гэта можа азначаць, а ўжо не вытрываў, паплыў на самы паўднёвы бок вострава, спудзіўшы і тут птушак. У адным месцы на мелкаводдзі ўбачыў патрушчаныя на друз камяні. Пагробся трохі ў іх, паперасыпаў з далоні на далонь, пільна ўглядаючыся. Нічога цікавага…
Паспрабаваў у ластах, расхіляючы гушчэчу зарасніку, выбрацца на бераг. Але падняўся мо метраў на два і адмовіўся: тут і босаму, без акваланга, нялёгка ўзбірацца. З заваяванай маленькай вышыні зноў паглядзеў на тое месца, дзе кружылася вада.
«Ці не там і ёсць той сцёк, праз які вада прападае з возера? Амара ж казаў: калі вада правальваецца, абавязкова кружыцца на тым месцы, можа нават прагнуцца, як лейка… А тут і кружыцца, і прагнулася, здаецца…»
Золата было начыста забыта. У галаву палезла другое: а ці нельга агледзець, абмацаць той сцёк? Што там — яма-калодзеж ці шчыліна ў скалах? Знікае вада, а куды? Недзе там, за кручаю, мора… Дык што — падземная
«Пагляджу… Я ж і хацеў пад гэтым берагам дно агледзець, дык заадно і сцёк пагляджу…»
Ніякай трывогі, ніякага сумнення ў тым, што пагружэнне ў гэтай частцы возера можа быць небяспечным, не адчуваў. Але здагадваўся, што глыбіня возера тут павінна быць намнога большая.
Злез да вады, пашукаў камень-грузіла велічынёю з галаву. «Каб хуценька апусціцца, час не марнаваць…»
…Спуск ішоў імкліва, пад нейкі аднастайны гул. Янг не паспяваў глытальнымі рухамі выраўніваць ціск у вушах, і некалькі разоў балюча кальнула ў перапонкі. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй, вада ціснула на грудзі з такою сілаю, што на кожны ўдых даводзілася траціць вялікае намаганне. Хацелася не на ўсе лёгкія ўдыхаць, а патрошкі і чым найчасцей, каб хутчэй забяспечыць сябе паветрам. Густым і цягучым паветрам… Але помнілася Раджава папярэджанне, што бывае з аквалангістамі, калі дыханне збіваецца на такі рытм.
Таямнічая халодная цемра насоўвалася імкліва, і не вытрываў больш, выпусціў камень з рук. Здалося, што пачуў яго стук аб дно. «Ага, блізка ўжо… Цяпер і без каменя можна пагружацца…» Праплыў трохі ў напрамку кручы, хоць ногі і рукі не вельмі слухаліся, дзеравянелі ад холаду. Увагнуў галаву на грудзі, кінуў уніз рукі, запрацаваў ластамі. Цемра згусцела ўжо так, што дно хутчэй угадалася, чым убачылася. Амаль у той жа момант пальцы драпнулі па дне, адчулі ліпкасць мулу і глею.
Густы і раўнамерны гуд, злавесны клёкат чуліся тут мацней, з-за яго не ўлавіць было булькатання пухіроў выдыхаемага паветра, сіпення і свісту лёгачнага аўтамата. Што там можа так раўці? Хіба які матор працуе ці механізм? Тады, на Біргусе, калі ныралі з Мансурам, пад вадою быў такі грукат, што вушы закладвала. Потым гахнула-бабахнула, і беднага Мансура давялося несці на руках дадому. Можа, і цяпер тут рыхтуецца які выбух?
Слізі і мулу на камянях амаль не было. Дно ўсё апускалася і апускалася, роў вады рабіўся нясцерпны. Янг ужо хапаўся за камяні не для таго, каб падцягнуцца ўперад, а каб стрымацца. Нейкая неадольная сіла адрывала яго, разварочвала і так, і сяк, нават нагамі ўперад. І раптам рукі сарваліся з камянёў, Янга закружыла і панесла па крузе. Супраціўляўся бязлітаснай пачварнай сіле як мага, гроб рукамі і ластамі — чым далей ад гэтага рова, ад гэтага дзікага месца! Наверх! Туды, дзе шарэе вада, дзе павінны быць паветра і сонца! Гарачае, жывое сонца…
На гэты раз Янг гроб даўжэй, над галавою ўжо добра пасвятлела. Яго насіла кругамі, а ён усё гроб і гроб, штурхаўся ластамі. Варта было крыху спыніцца, параўняць ціск у вушах і дыханне, як зноў засмоктвала ў глыбіню. Кругі звужаліся, хуткасць вярчэння ўзрастала, мацнеў роў. Янг ужо здагадаўся, што гэта раве вада, правальваючыся пад зямлю, зразумеў, што і яго можа засмактаць туды. На мяжы жаху і вар'яцтва зрабіў яшчэ адзін адчайны рывок угору і адчуў, як левую лытку паласнуў дзікі боль, нагу падкурчыла сутарга… Збілася і дыханне, яно стала бязладным. Янг ужо задыхаўся без паветра. Можа, з асноўнага балона ўсё выдыхаў? Кінуў руку за карак, намацаў вентыль рэзервовага, крутануў з апошняе сілы.
«Легчы на дно, выраўняць дыханне…» — скрозь роў вады пачуў Раджаў наказ.
Бязладнае, некіруемае кулянне… Глухі звон балонаў, Янга ўдарыла аб скалы, прыціснула да шчыліны дагары. Ляжаў упоперак шчыліны, а яго трэсла, душыла, смактала дзікая сіла. Думаў толькі адно: «Не выпусціць загубніка… Удыхаць — працяжна, выдыхаць — працяжна… Ра-а-аз — два-а-а-а… Ра-а-аз — два-а-а-а… Удыхаць — доўга, выдыхаць — доўга… А колькі там яшчэ паветра, ці хопіць, каб адолець гэты вір? — Янг стагнаў ад болю і дыхаў, дыхаў.— Калі ж тая сутарга адпусціць?»