Грот афаліны
Шрифт:
Паклікалі Судзіра, а не Раджа і не тую цётку, што дзяжурыла ноччу каля малое арэны.
— Радж, а як цяпер будзе? — Янг ляжаў патыліцаю на яго назе, руку трымаў на сумцы — у ёй урна з прахам продкаў, некалькі арэхаў.— Дэльфінарый зачыніцца?
— Не ведаю. Калі не знойдуць дэльфінаў, то ўсё можа быць. А мо новых Крафт раздабудзе.
— А дзе яны прадаюцца?
— Не ведаю. Гэтых, што прапалі, налавілі… Мо зноў нойме людзей, каб лавілі.
— За грошы?
— А хто табе за так што зробіць?
— А раптам у Крафта не хопіць на гэта грошай?
— Адстань! Прыліп… Хай Крафту і баліць галава, а не мне.
Але і Раджу ўжо балела. У такой сітуацыі лёгка застацца без работы. Аднымі надводнымі і падводнымі прагулкамі не будзе займацца Крафт, скажа — нявыгадна… А дзе тады дзецца? Ісці шукаць месца якога пасудамыйніка? Страшны гэты крадзеж і дзіўны. Зладзеі ведалі, што ў гэтую ноч у дэльфінарыі не будзе Раджа. Хто ім падказаў пра гэта? Толькі той, хто ведаў напэўна. А напэўна мог ведаць той, хто працуе ў дэльфінарыі. Падказаць ці нават удзельнічаць у крадзяжы мог толькі зацікаўлены чалавек, а то і падкуплены… Абрахамс адпадае, Малу мёртвы — атруцілі віном. «Ага, яшчэ штрышок! Той, хто ўчаставаў вартаўніка, ведаў яго слабасць. Ды ад чужога, незнаёмага Малу і не ўзяў бы бутэльку, не скаціўся ён яшчэ да такога стану…»
Чым больш думаў Радж, тым больш напрошваўся вывад: ублытаны Судзір. Адны яго практыкаванні з дэльфінамі могуць у любога выклікаць падазрэнні. А размовы з Пітам? Нават з таго, што падслухана, можна зрабіць вывад: падазраваць можна і Судзіра. «Няма прамых доказаў? Хай здабываюць гэтыя доказы… На тое яны і паліцэйскія, следчыя… А калі ў мяне спытаюць, каго падазраяце, што адказаць? А скажу тое, што ведаю напэўна».
— Радж, а калі паліцэйскія і мяне будуць дапытваць, што мне гаварыць? — перапыніў яго думкі Янг.
— А што ты можаш сказаць? Ты нічога не ведаеш… Разумееш? Нічога… Ты ў дэльфінарыі нядаўна. А гэтыя суткі мы былі на Горным. У каго былі, з кім туды плылі, з кім назад, можаш гаварыць. Гэта ты ведаеш. У нас поўнае алібі, не бойся.
— А ў Судзіра няма гэтага алібі?
— Судзір няхай сам выкручваецца. Галоўнае — лішняе не балбатаць.
На здзіўленне, Судзіра трымалі на допыце не вельмі доўга. Выйшаў, пастаяў каля дзвярэй, шукаючы позіркам Раджа. А ўбачыў, то прыплюснуў ненавісна вочы.
— Ты што гэта наплёў пра мяне? Ты бачыў, што я камандаваў, каб дэльфіны выскоквалі на памост? Каб іх бралі гатовенькіх?
— Радж Сінх, зайдзіце! — выкрыкнуў паліцэйскі, прачыніўшы дзверы.
Радж пайшоў проста на Судзіра, ішоў і гаварыў:
— Гэта я бачыў на рэпетыцыях, а не сёння ноччу. На прадстаўленнях… І я сказаў, што цябе дэльфіны слухаюцца больш, чым каго. Дык хіба гэта няпраўда?
Судзір гмыкнуў, падцяў і без таго вузкія губы. Але адступіў улева, даў дарогу Раджу. Радж не бачыў, як паволі апусціўся на траву Янг, той ужо быў зрыхтаваўся кінуцца на дапамогу брату, калі зачнецца бойка.
Паліцэйскія сядзелі за маленькім столікам каля акна, нос у нос. Больш табурэтак не было, дый ніхто і не збіраўся запрашаць
— Я мушу зрабіць заяву, пратэст, — сказаў рашуча. — Для пратакола… Я не сцвярджаў, што Судзір удзельнічаў у крадзяжы, памагаў браць дэльфінаў. І прашу ў гэтым на мяне не спасылацца!
— А хіба я на цябе спасылаўся? — нявінна спытаў афіцэр. Паглядзеў на Раджа знізу ўгору, але ўсё роўна атрымалася, нібы зверху. Верхнія павекі паліцэйскага апусціліся гэтак, што, здавалася, закрывалі і зрэнкі.— Мы ўстанавілі… амаль устанавілі, што ў містэра Судзіра алібі. Ен даў адрас, дзе быў гэтую ноч, засталося толькі пераправерыць, — сказаў той, што вёў пратакол.
— Лепш скажы, што ты ведаеш пра Піта Уілсана, — нібы мімаходзь, кінуў афіцэр.
Радж ажно ўздрыгнуў. «От яно як… Я вагаюся, ці гаварыць, а яны ўжо ведаюць. Сам Судзір сказаў?»
— Я яго добра не бачыў. Голас — чуў… Па голасу мог бы пазнаць. Гэты чалавек некалькі разоў прыходзіў да Судзіра. Мабыць, па просьбе Піта Судзір апошнім часам вучыў дэльфінаў чэрпаць з дна пясок, пераносіць яго ў другое месца. З размовы іх… незнарок падслухалася… я зразумеў, што дэльфінаў хочуць скарыстаць недзе на вялікай глыбіні каля Горнага, штосьці пашукаць з іх дапамогаю.
— Гэта ўсё рыхтавалася з ведама містэра Крафта? — спытаў афіцэр. Умеў ён вылушчваць галоўнае.
— Не ведаю. Быццам бы збіраўся Судзір увесці Крафта ў курс справы. Такі намёк я чуў у размове Судзіра з Пітам.
— Гэты ваш Малу… Ён добра ведаў Піта? — падкінуў пытанне той, што пісаў.
— Думаю, што ведаў. Ён жа некалькі разоў пускаў яго да Судзіра.
— Так, так… Значыць, Піт мог выведаць пра сітуацыю ў дэльфінарыі ад Малу. Ад Піта ён мог і бутэльку з віном атрымаць… — разважаў сам з сабою афіцэр і глядзеў у нізкую столь.
«Не паладзіў Судзір з Пітам… Сам сказаў пра яго паліцэйскім. Хоча ўсе падазрэнні навесці на яго? А якая Судзіру ад гэтага карысць? Без карысці ён жа нічога не зробіць…» — думаў Радж.
— Мы ведаем, што ты быў з братам на Горным, вярнуўся толькі раніцаю, — сказаў той, што пісаў.— З кім туды ехаў і назад, у каго быў там?
Радж сказаў усё.
— Як вы думаеце, кража магнітафона ў Судзіра, кража дэльфінаў і падкінутае Крафту пісьмо не маюць сувязі? — афіцэр загаварыў на «вы». — Судзір казаў, што вы чыталі тую запіску. Не памятаеце, які там указаны тэрмін выплаты? Можа, прайшоў ужо гэты тэрмін? Пагроз у запісцы не было ніякіх?
— Былі пагрозы, здаецца… — Радж сказаў, што ведаў, зноў дзівячыся: «Судзір і пра запіску ім сказаў?! Крафт баяўся нават заікнуцца пра яе, каб не раззлаваць тую трыяду». — Вам лепш з Крафтам пра гэта пагаварыць, — дадаў асцярожліва.
— Пагаворым з Крафтам, пагаворым… Ну, добра, можаце ісці.
Паліцэйскія выклікалі яшчэ да сябе Алі і тую жанчыну, што дзяжурыла ноччу. Доўга іх не трымалі, мабыць, запаўнялі пратакол для фармальнасці.
Хуценька і самі выбраліся з дэльфінарыя. Выгляд у іх быў заклапочаны.