Грот афаліны
Шрифт:
3
Чутка аб падзеях у дэльфінарыі нейкім чынам распаўсюдзілася па пляжах, па ўсім горадзе. Натоўп цікаўных каля касы і прахадной усё гусцеў і гусцеў. Ва ўсіх раптам абудзілася палымяная любоў да дэльфінаў, навіну абмяркоўвалі на розныя лады. На прадстаўленні з дэльфінамі білетаў не прадавалі, і жадаючых прагуляцца на «Нептуне» ці зрабіць падводную прагулку намнога павялічылася. Раджу давялося ісці ў касу і прыводзіць усё ў нейкі парадак — не мог жа ён разарвацца на кавалкі. Парашыў так: спачатку ён зводзіць дзве пары на
— Паважаны містэр Судзір, з'ездзіў бы і ты разок на «Нептуне», — пайшоў да яго Радж, калі ўбачыў, што Судзір з аквалангам і ластамі таксама з'явіўся на мысе Кіпцюра. — Або вазьмі двух на падводную прагулку… Во гэтых, я іх ужо праінструктаваў.
— Гэта не мой абавязак, — суха кінуў Судзір, сунуў пальцы ў рот і прарэзліва свіснуў. Якраз за рыфамі рабіў разварот глісер выратоўчай службы, і там пачулі яго. Глісер пачаў лавіраваць паміж рыфаў, памалу наблізіўся да берага. Матрос падаў Судзіру руку.
Другі, што сядзеў за рулём, хоць Радж бачыў яго збоку, здаўся знаёмым. Здаецца, гэта быў той вусач, што крычаў: «Ты куды?», калі Радж плыў на яліку шукаць у заходнім сектары падводны грот.
Аб'яўлены графік быў вельмі ўшчыльнены. Яшчэ ні разу Радж не браў такое нагрузкі. Янг паспеў прыбраць у каморы, вызваліць на покуці і ўпрыгожыць галінкамі месца для урны, паставіў туды сасуд. Падабраў касцюмы для чарговай пары, падзарадзіў балоны аквалангаў, а мінут за дзесяць да сканчэння першай прагулкі павёў чарговую пару, у касцюмах ужо, з аквалангамі і ластамі ў руках, на мыс Кіпцюра. Раджу нёс новыя балоны і фляжку з гарачаю каваю. Нёс і паўтараў экскурсантам амаль усё, што пачуў з Раджавых інструкцый. Менш будзе Раджу гаворкі перад пагружэннем.
— За каву ты маладзец, — пахваліў Радж, — і за ўсё маладзец. А гэтых вядзі ў душавую, прывядзі ў парадак іх касцюмы. Ды вы прысядзьце, панове… — звярнуўся да новенькіх, — …і паслухайце, што я вам скажу… — Радж расцягнуўся на гарачым пяску, грэючыся.
— Я ім ужо ўсё расказаў! Вядзі адразу ў ваду, — не вытрываў Янг.
— Я коратка, асноўнае, — Радж не адступаўся ад сваіх правілаў.
Завёў Янг тых, што адплаваліся, у душ, прапаласкаў іх касцюмы, старанна выцер знутры губкаю і ручніком — хутчэй прасохнуць, вынес ускінуць на лаўку. І тут пачуў за шлюзам стук вёслаў. «Абрахамс вярнуўся!» — пабег дарожкаю туды.
Абрахамс ужо выцягваў ялік на пясок, і гэта ў яго ніяк не атрымлівалася. Нібы разгубіў ён сёння ўсе сілы. Падбег Янг, учапіўся за трос, памог.
— Нічога амаль не прадаў. Раздаў так — не выкідваць жа ў мора рыбу… — нібы паскардзіўся ён. — Хай людзі спажывуць.
А Янг ужо не чуў яго, ва ўсе вочы глядзеў на ялік, мацаў барты, абышоў кругом, памяў у руках нейлонавы трос. Тое, што трэба! Лёгкі ялік, зручны, і двум не цесна. На ім і ў мора можна ісці.
— Дзядзька, я яго вымыю, добра?
— Зрабі ласку, сынок… А ў мяне сёння ні да чаго рукі не горнуцца. — Абрахамс не забіраў вёслаў, пайшоў да галоўнай арэны, стомлена перастаўляючы ногі.— Паліцэйскіх няма ўжо? — азірнуўся, як спахапіўшыся.
— Не!
Ах, з якою ласкаю Янг яшчэ і яшчэ раз аглядаў ялік!
Бягом да каморы, схапіў вядро і вехаць, бягом назад. Ялік на бераг цягнулі ўдвух з Абрахамсам, а назад на мелкаводдзе сцягнуў адзін. Паставіў на бок, падпёр вяслом… І на ялік нібы абрушыўся вялізны вадаспад — гэтак запрацаваў вядром.
Тут і знайшоў яго Абдула. Ён ужо ведаў пра дэльфінаў і хацеў пагараваць разам з Янгам. Але ўбачыў ялік, і рукі самі расслабіліся, Тота саскаўзнуў на зямлю. Вочы загарэліся — зразумеў усё без тлумачэння!
— Калі?! — кінуў горача толькі адно слова.
— Не ве-да-ю… — расцягнуў адказ Янг, ды так шматзначна, што Абдула скеміў: гэтымі днямі, а мо і раней.
— А гэтыя латкі не паадклейваюцца? — Абдула, стрымліваючы радасць, паказаў на былыя прабоіны ў днішчы.
— Не, — адказаў Янг, хоць у самога такой упэўненасці не было.
— Слухай! Мы і сабаку з сабою возьмем… Я папрашуся ў Тэрэзы паначаваць у цябе ў дэльфінарыі. І выпрашу ў яе трайны сухі паёк! Спатрэбіцца, праўда?
— Яшчэ ж як!
— А я за гэтыя дні такога наеўся! Ажно жывот сапсаваўся… Донна-мадонна паперку бліскучую з рэстарана запрасіла, меню называецца. Там усякіх страў панапісвана — за год не запомніш! Ха-ха, не я ёй слугую, а яна каля мяне выкручваецца: «Выбірай, міленькі! Ну што б ты хацеў з'есці, міленькі?» А я, як паніч, заплюшчу вочы, тыцну пальцам: «Падаць гэта і гэта!» Ха-ха, а рэстараншчыкі і пруць-валакуць. У гэтай Тэрэзы, мабыць, грошай — куры не клююць… Ага, ты еў такое? Малюскі ў какосавым малацэ… Адбіўная з акулы, запечаная ў сярэдзіне плоду хлебнага дрэва… Вараныя біргусы з салатай і гароднінай… Смажаныя бананы ў цёртым какосе з цукрам і разынкамі.
— Хопіць! У мяне ўжо спазмы ў жываце, — не вытрываў Янг.
— Хо, не трэба было кідаць такое месца! Ды я табе назваў толькі тое, што Тота не хацеў есці. А колькі было такога, што і сабаку да смаку, і для маёй утробы даспадобы.
— А ты ж не хацеў ісці ў сабакаводы.
— Клёпкі не хапала. Дай бог здароўя і Тота і італьянцы.
Па дарожцы між кустоў і газонаў шпарка крочыў да іх Абрахамс.
— Радж пад вадою яшчэ? — здалёк спытаў у хлопцаў.— Святы Езус, там Крафт з'явіўся. З галавою ў яго нешта… Сядзіць, як кітайскі бажок, нічога не гаворыць. Бледны як смерць.
4
Раджа вадзіла трохі ў бакі, хоць стараўся ставіць ногі як найшырэй. Здавалася, што калышацца зямля, а цяжар акваланга за спінаю аж гнуў да зямлі. Нават ласты і маска ў левай руцэ здаваліся свінцовымі, як і грузілы на поясе. Думаў, што будзе мець хоць кароткую перадышку перад прагулкай на «Нептуне» (каму прагулка, а каму і работа), а тут Абрахамс прыстаў: схадзі ды схадзі ў дзяжурку, Алі не ведае, што рабіць з Крафтам.
«А што гаварыць таму Крафту, як суцяшаць? Як сябе трымаць?» — даймалі думкі.