Грот афаліны
Шрифт:
Радж падчапіў ніць крысам…
Усплываючы следам за дэльфінамі, якія кінуліся да паверхні, штурхаючы сабою і малога, ён начыста забыўся пра парэзаную сетку, пра тое, што пускаў у ход нож. Радасць перапаўняла грудзі, і каб гэта было не пад вадою, то заспяваў бы ці засвістаў.
Вось ужо дэльфіны на паверхні, Раджу відаць, як двое, а потым нават трое, свецячы белымі жыватамі, з бакоў і ззаду, нібы ў ганаровым эскорце, суправаджаюць малога, не адстаючы ні на метр. Калі Радж дасягнуў паверхні, адразу зірнуў за сетку — дзе дэльфінка? І раптам вада ўзбурліла, вялізнае і гібкае цела ўзвілося дугою ўгору і з шумам-плёхатам абрушылася зноў у ваду, але ўжо ўнутры загародкі (Радж ледзь паспеў адхіснуцца, яго акаціла вадою, як з
«Ну і ну, — падзівіўся Радж. — Дзіця даражэй за волю». Але і другому здзівіўся: чаму не могуць прарабіць такі ж Мансур акружаныя дэльфіны, толькі наадварот — сігануць з загародкі на волю? Няўжо для гэтага ў іх не хапае глуздоў? Нават дурная рыба, калі цягнуць невад на бераг, стараецца выскачыць.
— …за борт!!! — пачуў Радж урывак Судзіравай каманды.
Аглянуўся: з сярэдняга, галоўнага катэра скокнулі з абодвух бартоў у ваду двое лаўцоў. З двух крайніх боўтнулі па аднаму чалавеку. Па аднаму кульнуліся і з глісераў, усе былі ў аранжавых надзьмутых жылетах. Лаўцы сталі загоншчыкамі: крычалі, білі рукамі па вадзе, боўталі нагамі ў тых пралазах пад бартамі, дзе сеткі задзіраліся ўгору, — адпужвалі дэльфінаў.
Радж спрабаваў наблізіцца да тых дэльфінаў, што не адыходзілі ад малога. Хацелася лепш агледзець яго, можа, удалося б першага адлучыць і вылавіць, каб хутчэй аказаць медыцынскую дапамогу. Але дарослыя не падпускалі блізка, хутка аддаляліся, робячы чарговы круг уздоўж загародкі.
А неўзабаве ў агароджанай прасторы ўсё забурліла ў паспешлівасці і мітусні. На сярэднім катэры, аказваецца, была яшчэ і шлюп-бэлька, яе «рука» вытыркла над правым бортам, але бліжэй да носа. На стропах замахаўся пад ветрам абвіслы кавалак парусіны. Вытырклі стрэлы таль-блокаў з левага і правага катэраў. Дзіва, Радж не заўважаў, быў такі таль-блок на яго катэры ці не. Можа, яго так павярнулі стралою, што зусім не кідаўся ў вочы. А мо гэта былі якія часовыя прымітыўныя збудаванні, зручныя, каб можна было іх хутка сабраць і разабраць. З гэтых таль-блокаў таксама спускалі стропы з гамакамі-сеткамі, адзін ужо лёг на ваду.
Радж кідаўся на дапамогу то адной групе лаўцоў, то другой, памагаў падганяць дэльфінаў да гэтых палотнішчаў ці падсоўваць палотнішчы пад дэльфінаў. Плюхат, выкрыкі, лаянка… Радж то вымаў загубнік з рота, каб не замінаў, то зноў хапаў яго, калі трэба было паднырнуць пад дэльфіна, прыўзняць яго балонамі над вадою. Часам ныраў без загубніка, а ўсплываў — браў у рот. Ён ужо кашляў — нахапаўся вады, але валтузіцца з дэльфінамі не пераставаў. Вунь ужо завішчалі два таль-блокі пад цяжарам дэльфінаў… Доўгія целы ўздымаліся над вадою марудна, дэльфіны паволі паварушвалі хвастамі.
Судзір раптам вызверыўся з «маткі» на Раджа: — Сваёй справай займайся! Вунь… глядзі!!! І вунь!!! — нібы дзёўбнуў рукою ў адзін бок, у другі. Каля глісераў ліхаманкава скакалі, тузаліся паплаўкі, мабыць, ублыталіся дэльфіны, а лаўцы, што катурхаліся ў вадзе, не звярталі ўвагі — не да таго было. А мо не разумелі скокаў паплаўкоў?
Радж паплыў да той сеткі, што паміж правым катэрам і глісерам. Пачуў зноў брыдкую лаянку Судзіра і азірнуўся: Судзір і сам ужо ляцеў з борта галавою ўніз. Паплыве, мабыць, да левай сеткі. Дурань, не многа зробіш пад вадою без маскі, без акваланга, без нажа.
Дзе многа рулявых, карабель пападае на мель. А дзе ніводнага няма — садзіцца яшчэ хутчэй. Усе змагаюцца з дэльфінамі, нават крыху ранавата пачалі гэта рабіць, а трэба было звужваць ахоп, вартаваць шчыліны-пралазы да апошняга моманту. Калі вызваліў дэльфіна і ўсплыў на паверхню, на таль-блоках і шлюп-балцы вісела яшчэ па дэльфіну, а лаўцы крычалі адзін аднаму: «Не туды!.. Хутчэй!.. Не пуска-а-ай!!! Уцякаюць!» Выкрыкваў нешта і Крафт, звесіўшыся з борта. А дэльфіны імкліва, як стрэлы-тарпеды, расштурхоўваючы людзей, ляцелі паўз борт «маткі»
А дзе ж Судзір? З лаўцамі яго не было, на катэр не мог так хутка забрацца… Кінуў вокам на сетку між левым катэрам і глісерам — паплаўкі яе бязладна, не ў рытме хваляў скакалі на вадзе. Радж адразу нырнуў і наўкасую паплыў да сярэдзіны сеткі. Убачыў два целы, чалавека і дэльфіна, яны валтузіліся кожны паасобку, хоць і блізка адзін ад аднаго. Спачатку да чалавека…
У Судзіра былі вытарашчаныя ад напругі і страху вочы, перакрыўлены грымасаю твар. Учапіўся спражкаю рэменя за сетку, парэзаў нават пальцы, ірвучы яе — завіваліся струменьчыкі крыві. А зараз спрабаваў расшпіліць рэмень, скінуць штаны, але і гэта не атрымлівалася. Радж вырваў загубнік з рота, паднёс да яго губ. Судзір скеміў: выпусціў паветра з лёгкіх, ухапіў загубнік. Заціснуў сабе нос і зрабіў некалькі глыбокіх, сутаргавых удыхаў І выдыхаў. Але розум яго яшчэ не працаваў як след, бо калі Радж паказаў яму пальцам — «Аддавай назад! Пацярпі, я памагу…», той і не думаў аддаваць загубнік. Радж сам ужо задыхаўся, але яшчэ некалькі секунд выцерпеў бы, каб трэба было толькі ўсплыць наверх і ўсё. Але ўсплыць нельга было, яны былі ўжо ўзаемазвязаны, залежалі адзін ад аднаго. Радж падцяў нагу, выхапіў з ножнаў крыс… Судзір спуджана выпусціў загубнік, і Радж хуценька сам удыхнуў і выдыхнуў два разы. Крамсануў нажом па сетцы, абрэзваючы моцныя ніці, вызваляючы Судзіра. «Наверх!» — штурхануў яго пад зад. Судзір сутаргава запрацаваў рукамі і нагамі — рыўкамі, бязладна, — пачаў усплываць.
Яшчэ раз пусціў крыс у ход, вызваліў дэльфіна. Засеў ён у той дзірцы, што засталася ад дэльфіняці, засеў глыбока — сетка ўелася ў цела паміж груднымі і спіннымі плаўнікамі. Не схацеў цягнуць яго назад у загарадку, ляпнуў па спіне — плыві на волю, герой!
Усплыў наверх, падтрымаў Судзіра: той кашляў і ледзь трымаўся на вадзе.
— Памажы… да катэра… Кепска мне… — прахрыпеў Судзір.
Радж памог яму дабрацца да катэра. Усе ўжо вылазілі з вады па вераўчаных лесвіцах, драўляныя папярэчкі грукалі па бартах, як косткі. Браць, вылоўліваць больш не было каго — дэльфіны паўцякалі.
Зусім блізка ад глісераў раптам вытыркнуўся з вады востры і высокі, загнуты назад плаўнік, пайшоў рэзаць, чарціць ваду вакол сетак і суднаў. Метраў за сто вытыркнуў яшчэ адзін. Акулы… Унюхалі кроў, прымчаліся на свежыну.
Выцягвалі на «матку» правую сетку і выцягнулі… дэльфіна! Ублытаўся і захлынуўся, а ў сумятні і вэрхале ніхто не заўважыў, як трымаюцца на вадзе паплаўкі з гэтай сеткі. Падымалі дэльфіна на борт лябёдкаю разам з сеткаю, ніхто ўжо лезці ў ваду не хацеў. Пакуль даставалі правую сетку з дэльфінам, на левую не глядзелі. А паглядзелі, то жахнуліся: вада каля яе бурліла, раз-пораз вытыркаліся доўгія і крывыя, як турэцкія ятаганы, спінныя плаўнікі. Цягнулі гэтую сетку і ўбачылі, што ў ёй таксама ўблытаўся і ўтапіўся дэльфін. Туша яго ўжо была бясформенная, з вырванымі велізарнымі ямамі, а вада наўкол густа афарбавалася ў цёмны колер. Цела дэльфіна завісла ўжо над вадою, акулы ўсё скакалі і рвалі яго, як сабакі. Адна нават высока падскочыла, загнула нос як мага ўгору, рот з вострымі, як брытва, зубамі ажно вытыркнуўся. Цапнула дэльфіна за бок, сцепанула галавою, Раджу здалося, што нават пачуў сабачае «Р-р-р-р!», боўтнула з кавалкам мяса ў ваду…
Мора кішэла акуламі. Ім на спажыву выкінулі не толькі мёртвых дэльфінаў. Судзір зрабіў рэвізію ўсяму ўлову — сем штук справіліся лаўцы падняць на борт катэраў — і загадаў выкінуць яшчэ аднаго: правы плаўнік амаль адарваны, глыбокая рана на галаве. Дарэмна Радж угаворваў Судзіра, каб пашкадаваў, пакінуў, маўляў, сам дагледзіць яго, вылечыць. Судзір быў бязлітасны і няўмольны: раны зараз апрацаваць не было чым, а пакуль давязуць, то памрэ.
— Усім, усім! — паднёс Судзір да губ рацыю. — Поўны ўперад! — Замяніў рацыю на мегафон і дабавіў: — Зрабіць дэльфінам цянёк! Паліваць няспынна!