Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Прыдворныя ахвотна паслухалi б яго песеньку яшчэ трыццаць тры разы, але iмператар сказаў, што цяпер трэба выслухаць для параўнання i сапраўднага салаўя. Тут усе азiрнулiся i паглядзелi на залаты шост. Але салаўя там не было. Куды ж ён падзеўся? Нiхто i не заўважыў, як салавей выпырхнуў у адчыненае акно i паляцеў дадому, у свой зялёны лес.
– Як гэта, аднак, разумець?
– раззлаваўся iмператар.
I ўсе прыдворныя сталi бэсцiць салаўя i абзываць яго няўдзячнай жывёлiнай.
– Балазе, лепшая птушка засталася ў нас!
– гаварылi яны, i завадному салаўю прыйшлося
Прыдворны капельмайстар усяляк расхвальваў штучную птушку i запэўнiваў, што яна значна лепшая за сапраўдную i знешнасцю i голасам.
– Я вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, высокi ўладыка мой, i вы, шаноўныя спадары, - прамовiў ён, - што перавага несапраўднага салаўя над жывым неаспрэчная. Як бачыце, маючы справу з жывым, вы нiколi зараней не ведаеце, што яму стукне ў галаву праспяваць, у той час як вам заўсёды вядома наперад, што iменна будзе спяваць салавей завадны. Калi вам захочацца, вы нават можаце разабраць яго i паглядзець, як ён змайстраваны, як размешчаны i дзейнiчаюць усе яго валiкi, шрубкi i спружынкi - вынiк чалавечага розуму i навучонасцi.
– О, канешне, мы таксама так думаем, - згадзiлiся прыдворныя.
А iмператар загадаў паказаць птушку ўсяму гораду ў наступную ж нядзелю.
– Хай i народ паслухае яе, - сказаў ён.
Гараджане з задавальненнем паслухалi i выказалi сваю поўную згоду, быццам iх пачаставалi выдатнай гарбатай, а кiтайцы, як вядома, нiшто так не любяць, як гарбату.
Усе ў адзiн голас усклiквалi "О!", падымалi ўверх указальныя пальцы i хiталi галовамi.
Толькi бедныя рыбакi, якiм даводзiлася чуць сапраўднага салаўя, гаварылi:
– Няблага спявае! Ёсць падабенства з жывым салаўём. Ды ўсё-такi не тое. Нечага не хапае, а чаго - мы i самi не ведаем!
А тым часам iмператар прыняў загад, змацаваны самай вялiкай iмператарскай пячаткай. У гэтым загадзе сапраўднага салаўя аб'явiлi назаўсёды выгнаным з кiтайскай iмперыi. А штучны заняў месца на шаўковай цадушцы каля самай iмператарскай пасцелi. Вакол яго былi раскладзены ўсе падораныя для яго каштоўнасцi, у тым лiку залатая iмператарская пантофля.
Нежывой птушцы далi высокае званне: "Першы спявак iмператарскага начнога столiка з левага боку", таму што iмператар лiчыў больш важным той бок, дзе знаходзiцца сэрца, а сэрца знаходзiцца з левага боку нават у iмператара!
Вучоныя напiсалi пра штучнага салаўя дваццаць пяць таўшчэзных кнiг, дзе было ажно залiшне самых мудрагелiстых i незразумелых кiтайскiх слоў. Аднак усе прыдворныя клялiся, што прачыталi гэтыя кнiгi i зразумелi ад слова да слова, iнакш бы iх празвалi невукамi i адлупiлi б палкамi па пятках.
Так прайшоў год. Iмператар, увесь двор i нават увесь горад ведалi на памяць кожную нотку ў песнi штучнага салаўя. Пагэтаму i падабаўся яго спеў. Усе цяпер самi маглi падпяваць птушцы. Вулiчныя падлеткi выцiналi: "Цёх-цёх-цёх! Клюк-клюк-клюк!". I нават сам iмператар iншы раз напяваў: "Цёх-цёх-цёх! Клюк-клюк-клюк!" Цуд i толькi!
I вось аднойчы вечарам птушка-цацка шчыравала перад iмператарам, а ён ляжаў на ложку i слухаў яе. Раптам унутры птушкi нешта зашыпела, затрымцела,
Iмператар ускочыў з ложка i паслаў па свайго асабiстага лекара. Але чым той мог дапамагчы? Ён жа нiколi не лячыў салаўёў - нi жывых, нi падманных.
Тады паклiкалi майстра па гадзiннiках. Той разабраў цацку на запчасткi i доўга разглядаў розныя калёсiкi i падкручваў нейкiя шрубкi. Потым ён зазначыў, што птушка хоць i будзе спяваць, але карыстацца ёй трэба вельмi асцярожна: маленькiя зубчыкi пасцiралiся, новыя ў калёсiкi паставiць нельга. Проста бяда!
Усе былi вельмi расчараваныя. Iмператар выдаў новы загад, у якiм гаварылася, што "Першага спевака iмператарскага начнога столiка з левага боку" дазваляецца заводзiць толькi раз у год, ды i то ненадоўга.
Для супакою гараджан прыдворны капельмайстар выступiў з прамовай, у якой ён з вялiкiм майстэрствам даказваў, што завадны салавей не стаў горшы, чым быў. Ну, а калi гэта сказаў прыдворны капельмайстар, значыць, так яно i ёсць.
Прайшло яшчэ пяць гадоў.
Аднойчы iмператар прастудзiўся i захварэў. Дактары ўжо страцiлi надзею на яго выздараўленне. Мiнiстры i прыдворныя збiралiся абвясцiць новага iмператара, а народ тоўпiўся на вулiцы i пытаўся ў першага мiнiстра пра здароўе старога iмператара.
– Пф!
– адказаў першы мiнiстр i пахiтаў галавой.
Збялелы i пахаладнелы, ляжаў iмператар у сваёй шыкоўнай пасцелi. Усе прыдворныя лiчылi, што ён памёр, i кожнаму не цярпелася прывiтаць на троне новага iмператара. Прыслуга бегала навыперадкi па палацы, каб уведаць апошнiя навiны, цi бавiла час ў балбатнi за кубкам гарбаты. Ва ўсiх залах i калiдорах былi разасланы дываны, каб не чутно было шуму крокаў; i ў палацы стаяла мёртвая цiшыня.
Але стары iмператар яшчэ не памёр, хоць i ляжаў зусiм нерухома ў сваёй пасцелi, пад залатым балдахiнам з залатымi кутасiкамi.
Акно было адчынена, i месяц глядзеў на iмператара i заваднога салаўя, якi ляжаў гэтак жа нерухома, як i сам iмператар, на шоўкавай падушцы каля пасцелi хворага.
Бедны iмператар ледзьве дыхаў, яму здавалася, што нехта вось-вось сцiсне яго за горла. Ён прыадкрыў вочы i ўбачыў, што на грудзях у яго сядзiць Смерць. Яна надзела сабе на галаву карону iмператара, у адной руцэ яе была залатая шабля, а ў другой - iмператарскi сцяг. А вакол, з-пад усiх складак зiхотнага балдахiна, выглядвалi нейкiя страшныя пачвары: адны нахабныя i злосныя, другiя - прыгожыя i добрыя. Але злосных было значна больш. Гэта былi злосныя i добрыя справы iмператара. Яны глядзелi на яго i наперабой шапталi.
– Цi помнiш ты гэта?
– чулася з аднаго боку.
– А гэта помнiш?
– даносiлася з другога.
I яны расказвалi яму такое, што халодны пот прабiраў iмператара.
– Я не помню пра гэта, - мармытаў ён.
– А пра гэта таксама даўно забыўся...
Яму стала так цяжка, так страшна, што ён пракрычаў:
– Музыку сюды, музыку! Бiце ў вялiкi кiтайскi бубен! Я не хачу бачыць i чуць iх!
Але страшныя галасы не змаўкалi, а Смерць, нiбы стары кiтаец, кiвала галавой пры кожным iх слове.