Крыніцы
Шрифт:
Яны пайшлі па полі. На раўніне Міхась Кірылавіч не адставаў, нават імкнуўся ўперад — пракладваць лыжню, каб лягчэй было Лене. Але яна ўпарта не хацела ісці яго лыжняй i ішла побач. Ішлі i размаўлялі, як добрыя сябры. Лена спытала, калі ён падняўся i абтрусіў снег:
— Міхась Кірылавіч, a хіба ў партызан не было лыж?
— Былі, вядома. Але я служыў у коннай разведцы.
— Раскажыце цікавае пра партызан, — папрасіла дзяўчынка.
Такую просьбу яна выказала ўпершыню. Лемяшэвіч падумаў, што ён дарэмна не выкарыстоўваў такой магчымасці, якая магла б яшчэ больш умацаваць ix дружбу, — ніколі не расказаў пра сваю партызанскую дзейнасць.
— А ведаёш, хто быў адзін з гэтых старых? — У Лены ад цікаўнасці загарэліся вочы.
— Хто?
— Здагадайся.
— Ах! — радасна ахнула яна. — Няўжо Даніла Платонавіч?
Так непрыкметна яны дайшлі да Задуб'я. Лена раптам сказала:
— Давайце зойдзем у вёску. Там мама санабход робіць. Мы знойдзем яе i вернемся дадому разам.
Яны ішлі праз высокія гурбы, якія намяло на вуліцы вёскі за зіму. На выслізганых лыжамі i саначкамі гурбах лыжы раз'язджаліся, коўзаліся ў бакі. Трэба вялікі спрыт, каб не ўпасці. Лемяшэвіч нават падумаў, ці не знарок Лена павяла яго сюдой, каб выпрабаваць на такім небяспечным месцы ці, можа, нават горш: паглядзець, як дырэктар пляснецца на вачах у сваіх вучняў. А на вуліцы ix поўна. Адны, малодшыя, убачыўшы дырэктара, хаваліся i назіралі з двароў, другія знарок ішлі насустрач, ахвотна віталіся, скідаючы шапкі.
Лемяшэвіч, баючыся, што сапраўды можа ўпасці, скінуў лыжы i пайшоў па дарозе, зганяючы ўбок лянівых кароў, што грэліся на сонцы, раўнадушна перажоўваючы жвачку.
Каровы на вуліцы — таксама адна з прыкмет набліжэння вясны.
Наталля Пятроўна ўбачыла мужа i дачку. Але ў яе было яшчэ нямала спраў. Таму Лена пайшла да сваіх аднакласнікаў, a Лемяшэвіч заглянуў у хаты некаторых вучняў — пагутарыў з бацькамі. Толькі пад вечар яны разам рушылі дадому.
Лена ішла па шаране, прыкрытым мяккім снегам, які нацерусіла дні два назад. Яна то аддалялася ад дарогі, то зноў набліжалася, з'язджаючы з узгоркаў, з снежных трамплінаў у равы.
Міхась i Наташа ішлі па дарозе, лыжы ён нёс на плячах; яны любаваліся дачкой, ix дачкой, гаварылі пра яе i пра сябе, пра сваё жыццё.
— Я i не ўяўляла ўжо, што ў мяне можа быць яшчэ столькі шчасця! — сказала Наташа.
— А я сваё шчасце ўяўляў толькі такім, на іншае не мірыўся.
Мацнеў мароз. Пад ix нагамі весела i шматгалоса спявала дарога.
Снежная раўніна на захадзё стала чырвонай, вясёлай, на ўсходзе — пасінела: адтуль надыходзіла ноч.
Яны мінулі лес, перайшлі рэчку каля станцыі. Лена паехала наўпрасткі па лузе. lx шлях ляжаў паўз МТС. І раптам на дарозе яны ўбачылі самотную постаць i хутка ў паўзмроку пазналі Сяргея. Наталля Пятроўна схапіла руку мужа.
— Міша, спыні ты яго, пагутары, нельга ж так.
Калі яны зблізіліся, Лемяшэвіч прывітаўся:
— Добры вечар, Сяргей.
Ён не адказаў. Адвярнуўся i прайшоў міма.
Наталля Пятроўна глядзела яму ўслед i церла скроні, ссунуўшы хустку.
— Божа мой! Што ён думае? Што ён хоча? Гэта ж немаведама што. Больш за месяц — i ніводнага слова. А здавалася, такі спакойны, разважлівы чалавек!..
— Упарты, чорт.
— Ну, гэта ж немагчыма — такое маўчанне. Няхай бы ён палаяў цябе, мяне, напіўся, вокны пабіў — усё можна зразумець, самае недарэчнае, што можа зрабіць чалавек з-за рэўнасці… Але такое маўчанне… Страшна робіцца. Куды ж ён пайшоў проці ночы?..
— Няхай ідзе.
— Я прасіла Дашу… Ен нікога не хоча слухаць, усіх пасылае к чорту. Кажуць, у МТС грубіць пачаў, калі што не так.
— А я ўеё адно паважаю яго… Глядзі, як ён з гуртком працуе. Я расказваў табе… Некаторыя вучні, мабыць, адчуўшы нелады паміж намі, астылі да гуртка. Ён прыслаў у школу Казачэнку. І гурток працуе па-ранейшаму. Непрыемна толькі, што я не магу хадзіць разам з вучнямі. Баюся, каб яны не бачылі ўвачавідкі гэтую яго варожасць да мяне…
Наталля Пятроўна ўздыхнула.
38
Нечакана захварэла Ядзя Шачкоўская. Увечары яе бачылі ў кіно, a раніцой, на другі дзень, Наталля Пятроўна мусіла выклікаць з райцэнтра «хуткую дапамогу».
— Што з ёй? — Лемяшэвіч знарок прыйшоў да жонкі на ўрачэбны пункт, каб даведацца, ці надоўга яму прыйдзецца шукаць замену настаўніцы. Наталля Пятроўна не адказала ў прысутнасці хворай, якую прымала. А калі хворая выйшла, яна шчыльней зачыніла дзверы i паведаміла, нахмурыўшыся, яўна перажываючы гэтую гісторыю:
— Што з ёй? Аборт — вось што.
— Аборт?! — Лемяшэвіч вельмі здзівіўся. — Такая дзяўчынка… Хто б падумаў!..
— А ты не думаеш, іііто яе змусілі да гэтага?
— Хто?
— Наіўны ты, Міхась! Хто! Мараліст ваш…
— Арэшкін?
— Здагадаўся, дзякуй Богу, — з іроніяй заўважыла Наталля Пятроўна. — Няладна ў вас у калектыве. Аднаго вы залішне апякуеце, а другому — ніякай увагі. А цяпер падлюга гэты, калі хочаш, яшчэ адмовіцца ад усяго. Ядвіга — дзяўчына вясёлая, не прапускала ніводнага вечара танцаў, жартавала з кожным… Гэта яму козыр.
— Ну, не! Я сам з ім пагавару!
Але пагутарыць з Арэшкіным ніяк не ўдавалася — той надзвычай хітра i спрытна пазбягаў такой размовы. Настаўнікі, да якіх таксама дайшла прычына хваробы Ядзі, шапталіся паміж сабой, але ніхто не адважыўся выказацца адкрыта — вельмі ж ужо далікатнае пытанне. Вызвалены ад пасады завуча (цяпер завучам працавала Вольга Калінаўна), Арэшкін забраніраваў сябе крыўдай, хадзіў надзьмуты, афіцыйны, ні з кім у шчырыя размовы не ўступаў.
Тыдні праз два Шачкоўская вярнулася з бальніцы. І ў той жа дзень адбылася развязка. Адчувала яна сябе яшчэ кепска i на работу не з'явілася, але прыйшла ў школу, калі ішоў апошні ўрок. A Арэшкін, на гора сабе, скончыў урок крыху раней, да званка.
Калі зазвінёў званок i ў настаўніцкую адначасова ўвайшлі Кавальчук i Вольга Калінаўна, то першае, што пачулі яны, адчыняючы дзверы, быў страшны шэпт Арэшкіна:
— Сціхні, дурніца! Ты губіш сябе…
Яны ўбачылі спалоханага, збялелага Віктара Паўлавіча, які нервова запіхаў у партфель кніжкі, спяшаючыся пайсці. А на канапцы, закрыўшы твар далонямі, рыдала Ядвіга Казіміраўна.
Натуральна, што настаўнікі збянтэжыліся. Кавальчук застыў каля дзвярэй з вялікім стосам сшыткаў у руках, не адважваючыся наблізіцца да стала. Вольга Калінаўна падышла да шафы, каб палажыць сваё засушанае лісце i кветкі, але так i засталася стаяць там, закрыўшыся дзверкай. Прыходзілі другія настаўнікі i адразу змаўкалі, быццам убачылі нябожчыка. Прыходчанка каля дзвярэй не пускала дзяжурных, якія прыносілі цыркулі, лінейкі, карты, табліцы, — усё забірала ад ix на парозе.