Крыніцы
Шрифт:
Ядвіга Казіміраўна не адымала рук ад твару, плечы яе часта ўздрыгвалі, праз пальцы вырываліся пакутлівыя ўсхліпы. Арэшкін, хаваючы вочы, апранаў паліто i 'доўга не мог знайсці рукаў. Такая сцэна цягнулася, пакуль у настаўніцкую не зайшлі Шаблюк i Бушыла.
— Што здарылася, таварышы? — адразу спытаў Даніла Платонавіч. Ядзя адняла ад твару рукі i кінулася да яго, быццам узрадаваўшыся, што прыйшоў чалавек, які можа памагчы ёй у цяжкім горы.
— Даніла Платонавіч… Ён… Ён абяцаў мне… Ён прымусіў… Я ледзь не памерла… А цяпер ён адмаўляецца, цяпер ён гаворыць, што яшчэ невядома, чыё гэта было
Арэшкін зняважліва хмыкнуў, адступаючы за стол пад позіркам Бушылы.
— Што яна хлусіць! Не верце ёй! Істэрычка! Погань…
— Хто погань? — сурова спытаў Даніла Платонавіч.
Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу усё, што трымаў у руках — кнігі сшыткі, лінейку, мел, — i ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Скамячыў барты свайго пінжака, скрыгатнуў зубамі, як ад моцнага болю, прашаптаў так, што жанчыны жахнуліся:
— Хто погань? Хто? — i, мабыць, адчуўшы ў сабе нешта страшнае, крыкнуў на ўсю школу: — Прэч адгэтуль, нягоднік!
Арэшкін адхіснуўся, закрычаў спалоханым, танклявым голасам:
— Ну, ну!.. Лягчэй! Хуліган!
— А-а. — І ў руках Бушылы апынуўся табурэт.
Але Арэшкіна як ветрам здзьмухнула, ён забыўся партфель, шапку i вылецеў у калідор, дзе яшчэ шумелі дзеці. Каб усё здарэнне не было такім сумным, напэўна, многіх бы рассмяшыла, як ён шмыгнуў ад страху. Але было не да смеху. Пачалі суцяшаць Ядзю, якая плакала наўзрыд i бездапаможна, як дзіця, пыталася ў Данілы Платонавіча:
— А што мне рабіць цяпер?
Бушыла ўзрушана хадзіў вакол доўгага стала, перакульваючы па дарозе табурэты, i ўсё яшчэ бушаваў:
— Сукін сын! Скромненькім прыкідваўся! Архіінтэлігентам! Музыкантам! Я яму галаву скручу! І ты — дурища… — крычаў ён на Ядзю. — Каму паверыла? Падлюгу? Паабяцаў… Што ён табе паабяцаў? Залатыя горы?.. Баб'ё бязглуздае!
Гэтая лаянка неяк адразу супакоіла Ядзю. Яна адарвалася ад Данілы Платонавіча, прытулілася плячамі да сцяны i шырокімі спалоханымі вачамі, у якіх слёзы як бы замерзлі, глядзела на Бушылу. І ўсе бачылі, якая яна бледная, змучаная.
Арэшкін зачыніўся ў сваёй бакоўцы i да вечара нікуды не выходзіў. Чакаў, што яго паклічуць абедаць. Не паклікалі. У хаце стаяла цішыня, хоць на кухні, ён чуў, былі i Рая i сама Аксіння Хвядосаўна. Ён увесь час думаў, якое знайсці выйсце з гэтай непрыемнай гісторыі, каб хоць тут, у гэтай хаце, захаваць свой аўтарытэт, павагу да сябе. «Трэба памірыцца з дурніцай, сказаць, што пагарачыўся, яна ўсяму паверыць… Адцягнуць да канца года, а там — у другую школу. Трэба адступаць… раз глупства зрабіў… Аксінні Хвядосаўне растлумачу, яна чалавек практычны…» — падбадзёрыў нахабнік сябе i пачаў пісаць скаргу ў райана: яго абразілі, кідаліся з табурэтамі. «Так, я жыў з Шачкоўскай, але з самым найлепшым камерам i ад намеру гэтага не адмаўляюся. Мы пасварыліся: я быў супроць таго, што яна надумалася зрабіць. Але я ўпзўнены, што мы ўсё ўладзім паміж сабой…»
Здаволены пісьмом, ён хацеў быў выйсці i папрасіць вячэру. Але ў гэты момант у бакоўку энергічна пастукалі i, не чакаючы адказу, штурхнулі дзверы. Ён зразумеў, што гэта гаспадыня, i хутка адчыніў. Аксіння
— Чаго гэта вы замкнуліся ў маёй хаце? Я i не ведала, што вы кручкоў нарабілі, дзверы пагісавалі…
Ён паспрабаваў пажартаваць: расплыўся ва ўсмешцы, пагладзіў сэрца.
— А я баязлівы, Аксіння Хвядосаўна.
— Ды ўжо ж… Мяне баяўся? — i, сашчапіўшы рукі на грудзях, яна пачала голасам, яшчэ больш суровым i ультыматыўным: — Вось што, таварыш Арэшкін… Я вас лічыла за чалавека…
— Аксіння Хвядосаўна!.. І вы паверылі гэтым плёткам! — крыкнуў ён.
— Я нікому не веру… Я сама сабе веру. І прашу вас — ачысціце маю хату. — Яна зрабіла pyx рукой, як бы выкідваючы непатрэбную рэч. — У мяне дачка…
Арэшкін зразумеў, што яму не пераканаць гэтую ўладную i ўпартую жанчыну, i пакрыўджана фыркнуў. Павярнуўся да акна i стаяў, доўгі, ссутулены, расставіўшы ногі, як цыркулі, барабаніў ногцямі па шыбе.
— A калі я не выберуся?
— Я выкіну вашы рэчы! — Яна кіўнула ў бок акна. — На сняжок.
Ён хутка павярнуўся, зразумеўшы, што яна i гэта можа зрабіць.
— Ах, так… Добра ж, — сказаў ён з пагрозай i крыўдай. — Я вам слова благога не сказаў. Дачку вучыў…
— Не трэба маёй дачцэ ваша вучоба. Вучыцель!
— Калі загадаеце выбірацца?
— Каб раніцой твайго духу не было! — ужо зусім груба адказала яна i выйшла, бразнуўшы дзвярамі.
Падмятаючы пакой пасля таго, як Арэшкін выбраўся, Аксіння Хвядосаўна (Рая падмятаць адмовілася) з сялянскай цікаўнасцю праглядала паперы, якія засталіся на стале, у шафе, пад ложкам. Яе ўвагу прыцягнуў пажоўклы канверт у ніжняй шуфлядзе шафы, яна дастала адтуль пісьмо i пачала чытаць:
«Некалі я да цябе звярталася «Дарагі Віця…». Ох, дарагі! Дорага я заплаціла за сваё глупства. Ты ўцёк, схаваўся, забраўся на Палессе, у вёску і, відаць, зноў тлуміш галаву нейкай дурніцы сваёй музыкальнасцю i інтэлігентнасцю… Ты гэта ўмееш… Ты думаў, што я не знайду цябе… Знайшла… Але не бойся! Нічога я ад цябе не патрабую. Я проста хачу паведаміць, што ў цябе нарадзілася дачка, назвалі яе Надзя… Надзея. Мая Надзея, не твая… Але ведай, дарагі бацька, што яна расце… Вось усё, што я ад цябе патрабую… Праўда, хацелася мне вельмі напісаць у школу, дзе ты працуеш цяпер, каб ведалі, што ты за тып, завошта цябе з камсамола выгналі i чаму ты з горада ўцёк… Каб ведалі i асцерагаліся… Але мама мая адраіла: не трэба, кажа. Мама ўсім даруе, добрая душа, нават такім нягоднікам, як ты… Цяпер i я супакоілася — чорт з табой, жыві, як хочаш. Мне нічога ад цябе не трэба… Я працую i зноў вучуся ў вячэрняй школе, канчаю дзесяты клас…»
Пісьмо было двухгадовай даўнасці. Але Аксінні Хвядосаўне стала страшна, яна ажно пахаладзела ўся: якога чалавека яна трымала побач са сваёй адзінай дачкой. Божа мой! Гэта ж яшчэ яны з Раяй шчаслівыя, што не здарылася такога няшчасця, як з Ядзяй. Аксіння Хвядосаўна сціснула кулакі: о, каб ён быў зараз тут, гэты прайдзісвет! Потым ёй стала сорамна, яна бязлітасна лаяла сябе: старая дурніца, век пражыла, a ў людзях разбірацца не навучылася!
Раі пісьмо яна не паказала, а занесла яго Данілу Платонавічу. Той прачытаў i ні словам не папракнуў суседку. Але яна карала сама сябе: