Літоўскі воўк
Шрифт:
Настаўнік залёг у драбінках і сачыў за звярыным царствам, часам затыкаючы нос — надта ж рэзка, аж да свербу ў носе, смярдзела зверам. Скура на ім ад здзіўлення шэрхла. Статак зуброў суседзіў з вывадкам мядзведзяў… Алені, казулі, ласі перамяшаліся ў адзін незлічоны статак… Звяры не звярталі ўвагі ні на людзей, ні адныя на другіх, нібы на нейкі час памірыліся, нібы нейкая бяда, пагроза смерці аб'яднала іх.
Калі праехалі паляны, возчык пагнаў Лізу што было сілы. Ды тая і сама жвава бегла далей ад звярынага паху. Настаўнік не ведаў, што і гаварыць — ехалі моўчкі. Убачанае ўразіла яго да нематы.
Як добра ад'ехаліся і зноў пайшла марочня — рагоз, лазовыя карчы, спытаўся:
— Так кажаш, гэта
Цімох матлянуў галавой:
— Прошча, паночку, прошча. І сюды ніхто не даходзіць.
— Мы ж даехалі!
Цімох абярнуўся:
— Мы, паночку, тут як і не былі… І ніц не бачылі… — У голасе возчыка прагучала тая самая інтанацыя, калі ён абяцаўся «па вухах пугай».
Пад вечар прыехалі да людзей. Іх сустрэлі якраз тыя вугляры, якія працавалі на аканома з Манкевічаў. Чорныя, як чэрці, яны пасміхаліся весела, прыязна, па-людску. Тут, на гэтай вугальнай гуце, і заначавалі.
Ноччу настаўнік ляжаў, а руку трымаў на пісталеце. Глядзеў, як гутары сядзелі вакол вогнішча, на якім каліхаваў здаравенны кацёл, з якога тырчалі тоўстыя косткі невядомай жывёлы. Раніцай, яшчэ не развідняла, Цімох разбудзіў пана і акурат з усходам сонца выехалі да нейкага сяла. Адчувалася прысутнасць вялікай вады. «Пэўна, Прыпяць», — падумаў настаўнік. І напраўду, паехалі ўброд. На здзіўленне, рака ў гэтым месцы была такой плыткай, што толькі ў адным месцы настаўнік ад страху ўхапіўся за біліны. Потым праехалі некалькі вёсак і ўрэшце спыніліся перад чыгуннай літой брамай, якая азначала ўезд у Манкевіцкую эканомію.
— Колькі заплаціць табе, Цімафей? — заклапочана спытаўся настаўнік.
— А ніц, паночку. Вы ўжо заплацілі, — зняў кучомку Цімох. — Хіба, васпане, дайце паправіцца з біклажкі…
Настаўнік адлічыў некалькі рублёў і пачаставаў возчыка кропляй рому — усё выжлукцілі рабаўнікі-пярэваратні. На развітанне пацікавіўся:
— А колькі табе, Цімох, гадоў?
— Васемнаццаць, паночку.
— Васемнаццаць? — ледзь не крыкнуў ад здзіўлення настаўнік.
— Так, паночку, васемнаццаць гадоў, як з Манкевіцкага бровара выгналі. От і цёпаюся без работы…
Раздзел II. На поўдні
1. А цяпер усё правільна
Нецярплівы чытач атрымаў сякія-такія тлумачэнні, гэтак сказаць, прайшоў уводзіны пра падзеі цалкам магчымыя і цалкам, згаджуся, неверагодныя, таму можна вярнуцца і да Друскенікаў. Цяпер зразумела, што ніякі не пан, а воўк, сапраўдны дзікі лясны звер, — каля клеткі так смярдзіць, што хоць не падыходзь, сядзеў у той клетцы, і не чалавек ваўка, але воўк чалавека пакусаў. І не аднаго — дваіх паспеў цапнуць.
Высветліць прычыны здарэння браліся па-рознаму. Адныя казалі, што той пан гаварыў пры ваўку на мове хамаў, ці, калі хочаце, па-ліцвінску, словам, на гаворцы насельнікаў краю, які распасціраецца ад Прыпяцкіх балот да Дзвіны ды Віліі. Пан загаварыў па-ліцвінску, ці русінску, або, як яшчэ казалі — па-беларуску, а воўк нават прыязна прыняў чалавечую гаворку, завіляў хвастом. Тады пан і насмеліўся пагладзіць ваўка. А звер — хоп! — яго зубамі. Удружыў, называецца.
Другія казалі, што і гэта магла быць чыстая праўда, бо былі сведкі, што і воўк адкрываў пашчу, зяхаў і з ягонага горла выходзілі зыкі амаль чалавечага кшталту. Зрэшты, праверыць такое дапушчэнне няма магчымасці. Звер ёсць звер, з ім трэба мець асцярожнасць, хоць ён і за кратамі. Важней, як сябе паводзілі пакусаныя людзі, паны. Адзін, як ужо гаварылася, страціў ад выгляду крыві прытомнасць. Гэта маладзейшы, а старэйшы — нічога, цярпеў. Увогуле старэйшы салідны быў пан. Прадстаўнічы такі, хоць і не надта высокага росту. Нават
З'явіўся гэты пан на курорце пад ручку з харошанькай дзяўчынай. Злыя языкі казалі, што то ягоная палюбоўніца. Бо ніяк не выглядала на жонку. Нехта заўважыў, што пастрэльвала вочкамі ў бок афіцэраў, што часам з'яўляліся на праменадах. Зрэшты, тыя і самі шукалі моманту, каб зрабіць харашусе знак увагі. Вядома — курорт.
Разам з панам і ягонай маладой пані быў вышэйпамянёны малады вяртлявы пан у крацястых панталонах, а з ім — немаладая асоба нявызначаных гадоў, з далікатнымі рысамі твару і бародаўкай пад вокам. Людзі гэтыя трымаліся самі па сабе, шпацыравалі, пілі ваду, праходзілі лячэбныя працэдуры і ні з кім не заводзілі знаёмстваў.
Толькі ад гасцінічнай прыслугі за рубель падлагоды курортныя заўсёднікі даведаліся, што людзі гэтыя, і паны, і немаладая жанчына, маюць прозвішча Ўрбановіч, што прыехалі з поўдня краю, што немалады пан — аканом буйнога землеўладання, якое колісь належала адной ці то графскай, ці то баронскай фаміліі, а цяпер — дзяржаўнай казне.
Ад той жа прыслугі даведаліся, што маладая дзяўчына — законная жонка пажылога пана. Асоба з бародаўкай была ці то сястрой, ці то цёткай пана аканома, а малады пан — пазашлюбны сын падстаркаватай цёткі, бо жывуць яны ў адным нумары.
Яшчэ заўважылі, што маладую пані ніколі не пакідаюць адну. Каля яе тырчэла то цётка з бародаўкай, то круціўся вяртлявы паніч у крацястых панталонах. Сам пан Урбановіч, калі рабіў з маладой жонкай праходку, не выпускаў яе рукі са сваёй, рыхтык пані хворая і магла паваліцца ўпокат, як толькі сужэнец адпусціць яе. Аднак маладуха не выглядала хворай. Хіба крыху засмучонай.
Адна з паняў, найцікаўнейшая з заўсёдніц Друскенікаў, упільнавала маладую Ўрбановічыху каля вады. Падышла і праказала той некалькі словаў па-французску. Як гаворыцца, пра «прыроду, пагоду і французску моду». На дзіва, дзяўчына адказала па-ангельску. Ангельшчыны пані-выведніца добра не ведала і больш звыкла, па-польску, паспрабавала разгаварыць маладую пані. Уразілася не адказамі, не… Пальшчызна маладой жанчыны гучала настолькі па-кніжнаму, што належала яшчэ здагадвацца, пра што яна гаворыць. Тады пані перайшла на расейшчыну. Здавалася, гэта быў бяспройгрышны варыянт. Хто не ведае такой тутэйшай ламаніны: слова расейскае, слова польскае?! Але маладая асоба зрабіла выгляд, што не разумее пані. Такім чынам, узаемаразумення паміж панямі не адбылося. І адкуль, з якога балота, пан Урбановіч яе такую выкапаў?
Апранута дзяўчына ладна, па модзе. Праўда, такіх падбітых уверх адзаду крыналінаў даўно не насілі. Вядома, пакуль мода дойдзе з Варшавы ці з Вільні, прыпаўзе да краёвых маёнткаў… Што ні кажы, абшары, Літва, глушэча. Гэта не за колішнім часам, калі ў магнацкія палацы адмысловыя ганцы прывозілі проста з Парыжа не толькі найпярвейшыя звесткі пра шырыню падвязак ці даўжыню пальчатак, але і арыгінальныя выкрайкі… Але то быў свой час, свая эпоха…
Таямнічае панства толькі першыя дні прыцягнула да сябе ўвагу і было цікавым некалькі дзён, а далей верх узяла, шчыра скажам, абыякавасць да новых курортнікаў. Потым, праз тыдзень, прыслуга ўжо і без капейкі грошай данесла, што пан сварыцца з маладой жонкай, а жонка плача і патрабуе ехаць дахаты. Яна шляхцянка з бедных, ці не дачка аднадворца. Пан аканом узяў дзяўчыну з літасці і гэтым часта дакарае. Зрабілася таксама вядома з іхніх спрэчак, якія яны вядуць на сялянскай мове, на якой гавораць на берагах Нёмана, Свіслачы, Мухлі et cetera, што ў маладой пані быў раман, пазашлюбныя адносіны. Дзіўным было не гэта, уласна раман, але тое, што сварыліся па-халопску, на хамскай мове, бо дваранства выясняла адносіны звычайна па-польску. Карацей, цікавасць да нецікавых знікла сама па сабе.