Літоўскі воўк
Шрифт:
Пан Ежы паслаў ганца на чоўне да пані Цэцылі, добра, жыла недалёка, праз раку, сам надумаў сачыць за паняй Аксанай… Куды пойдзе, дзе іхняе «nasza miesca»? Добра, што Мондрык паспеў перахапіць Ганну, каб не паведаміла пра раскрыццё змовы.
Пану аканому было за сорак, і ён згараў не так ад рэўнасці, як ад абразы. Душу ў маладое дзяўчо ўклаў. Выпісаў гувернанта, якія мусіў далей кшталціць пані Аксану ў французшчыне, пальшчызне… Але неяк не ладзілася ў яе вучоба. Шкада, што пакуль няма дзяцей. Пойдуць дзеці, жыццё стане іншым.
Пойдуць, пасля гэтай цыдулкі пойдуць дзеці?
За
Трэба супакоіцца, прыняць рашэнне на халодную галаву, не з гарачкі. Першае — разлучыць каханкаў. Выслаць пані Аксану ў Вільню, у Пецярбург, у Варшаву… Але ж суседзі спытаюць — чаму, чаго? Адразу скемяць, што нешта не так у сямейным ладзе. Тут належала дзейнічаць неяк іначай, тут варта знайсці іншы прэтэкст…
Ягоны позірк спыніўся на паточаным дыване, прыбітым да сцяны. На ім віселі стрэльбы, штуцэры, старадаўнія фузеі… Не, крый Божа, страляцца… Каго забіваць? Аксану? Яе каханка? Хто ён, гэты каханак?.. Якім страхалюдкам выглядацьме, калі з паляўнічай стрэльбай стане падкрадвацца да каханкаў… Не, гэта ўжо недзе адбывалася. Здаецца, у адной з баладаў Міцкевіча… Цьху ты! Ён — Ежы Ўрбановіч — герой балады. Ніякай дуэлі. Бо з кім? Мо які павятовы пісар-пархуцька? З мястэчка хто? Не, Аксана не звяжацца абы з кім. Толькі са шляхцюком…
Чым больш аканом разважаў, тым у большы шал уваходзіў. Ну, няхай і такі варыянт: ён стрэльне… І што далей? Сібір? І ў Сібіры людзі жывуць… Можа, напраўду дуэль? Усё-ткі ён, Урбановіч, мужчына, дваранін. Узяць пісталеты, (ёсць, сапраўдныя, дуэльныя) і адразу, на месцы, прапанаваць свайму саперніку двубой?! Без секундантаў, без лекара… Пані Аксана будзе і секундантам, і доктарам. Калі ён, пан Урбановіч, заб'е свайго саперніка, то ў Аксаны не будзе выбару…
Аканом дастаў скрынку са старасвецкімі дуэльнымі пісталетамі. Агледзеў інкруставаныя ствалы. Месцамі пабраліся крапінкамі ржы. Рукі самі сталі рыхтаваць набой: насыпаў пораху, пачаў паціхеньку таўчы малатком кулю ў ствол.
«Пані Аксана, — скажа ён, — выбірайце, або я, або ён…»
Калі дурніца выбера таго, невядомага?.. І тады ён, пан Ежы Ўрбановіч, скажа яе выбранніку: «Шаноўны васпане, я паважаю ваш выбар, але на гэтым свеце нам дваім няма месца. Вось пісталеты… Вы можаце адмовіцца, але тады… Тады вашага духу не павінна быць тут… Вы павінны знікнуць адсюль, з берагоў Гарыні…»
Але ж тады Аксана паедзе з ім!
Так, пісталеты зараджаны… Можна страляцца: порах сухі, крамяні цэлыя… А калі той, яе каханак… добра страляе? І што тады? Не, належыць абысціся без дуэлі. Клікнуць надзейных людзей, скруціць абаіх, пасадзіць у склеп… Якім ён будзе дурнем, калі стане страляцца немаведама з кім, страляцца ў сярэдзіне XIX, асвечанага здабыткамі цывілізацыі стагоддзя!
Пісталеты надавалі
Падгледзець, а потым, заспеўшы на месцы, з аднаго ствала крамзель — аднаму, з другога — другой.
Другой? Аксане — кулю? Не! Ён не герой балады. Тут самы момант хітрэй дзейнічаць. Каб быць у яшчэ больш зручным і выгадным становішчы, нягодніцу варта справакаваць. Сказаць, што едзе ў Пінск ці ў Вільню. Тыдзень туды, тыдзень назад. Самому ж паехаць у леснічоўку да Казіка Цярушкі. Крыху пасядзець, а потым — рум! — у аканомства. Добра застаць іх у абдымках. Каб не аспрэчваліся. Тады што? Шабляй засекчы. І выклікаць спраўніка.
Урбановіч адчуў, што ў яго апухла галава. Схаваў скрынку з пісталетамі, зняў сурдут, сцягнуў адзін бот… Класціся спаць? Тут, у кабінеце, на скураной канапе, на якой яму слалі і на якой апошнія дні даводзілася праводзіць ночы аднаму?
Нешта не так… Значыць, належна рабіць не так, як напісана ў баладах. Змірыцца, сціхнуць, сціснуцца. Спакойны выгляд знішчае падазрэнні, гэта так. Але ці не заўважыць яна зменаў?
Пан аканом задумаўся з адным ботам у руках. За шафай шкробалася мыш, грызла нешта так зацята, як аканома грызлі думкі.
Ат, галадранка! Яна крадком палюбіла нейкага нягодніка. Бач ты яе! А такая хванабэрыя ў паставе, рухах, позірку. Як у баранесы! Нядаўна босая да царквы хадзіла, чаравікі праз плячо — і чэша. Перад царквой абувалася… Цяпер глянь. Пані!.. Жонка аканома. Кава з булачкамі раніцай, авохці мне! Плаці за каву і булачкі… Але не тыцнеш носам у яе беднасць. Паспрабуй тыцнуць?! Бедная, а ганаровая. Унурыць вочы ды маўчацьме… І яшчэ больш ненавідзець пачне.
Урбановіч не выпускаў бот з рук, сядзеў і думаў.
Апошнія месяцы жонка, стаў заўважаць, рабілася з нявопытнай правінцыялкі больш падобнай на свецкую жанчыну. Ён думаў, што гэта ягоная заслуга, быў задаволены гэтым… А ён тут ні пры чым… Яна была з ім разам, а думала пра таго, па якім у яе кіпела сэрца…
І тут пана аканома як абухам па галаве стукнула — настаўнік! Малады настаўнік з кусцікам валасоў пад носам! Гэта з першага разу, як убачыў яго, падумаў, што небяспечна мець у доме рыхтык пару ягонай жонцы. На выгляд рахманы, дагодлівы… Такіх жанчыны звычайна і адаруюць…
Не, гэтага немагчыма сцярпець. Арыстоклій! Дастоеўскі?! Канешне ж — ён.
Хоць за акном стаяла глыбокая ноч, пан аканом пачаў абуваць бот.
І трэба ж! А ён-то думаў, што яна гэтак хуценька смарганула рукой пад стол, а ў твары зрабілася лёгкая белата. Любоўную цыдулку хавала! Вось д'яблавыя душы жанчын.
А каб цыдулку не перахапіў? Уласна, не перахапіў, але розумам дайшоў, зразумеў, што маладая жонка здраджвае яму. Цыдулка глупства, усё і так відаць.
Тут Урбановіч успомніў, што настаўніка ў эканоміі няма — паехаў па кнігі. Аж у Вільню.