Літоўскі воўк
Шрифт:
— Табе справа? — адказаў Людовік і, каб канчаткова замірыць юнакоў, прапанаваў: — Ты ў Кавальца спытай…
Кавалец, які нёс на плячы валізу, і сам сказаў:
— Гэта аканом прычындалле заморскае выпісвае… То плугі мудрыя, летась арху ракой прывезлі… Жыта веяць…
Аблегчаную ландару коні вырвалі з багны, яна пакацілася спраўней, толькі весела падрыгвалі фрэндзлі на заслонах акенец.
Калі ўрэшце перабраліся праз гаць, увязалі па-новаму куфэркі і валізы, сонца навісла над забалотным лесам.
Далей
— Што робіцца? — Стасік падняўся ў вазку на ногі. — Хлопцы, верхавыя… А браткі мае — жандары!
Юнакі прыгледзеліся.
— На ўсіх святых! Гэтыя — новыя! — прашаптаў Стасік. — Не пазнаю, раней не бачыў…
4. Жандары
Некалькі чалавек жандараў конна напраўду перапынілі ландару. Стасік, ад прыроды да немагчымасці цікаўны, пакінуў Людовіка і Кавальца змагацца з вазком і патрусіў да ландары. Яшчэ здалёк убачыў, як жандарскі афіцэр у чыне капітана, у заляпаных балотам нагавіцах, саскочыў са свайго агера, казырнуў, пэўна, прадставіўся. Калі Стасік падбег да ландары, змрочны пан у кацялку паказваў жандарскаму афіцэру паперы.
Жандар разгарнуў пашпарт, прысвіснуў:
— Гм, пашпарт падданага яе вялікасці каралевы Вялікабрытаніі. Ніколі ў руках не трымаў… Так, так… Гандлёвы агент кампаніі «Усямірная сельскагаспадарчая выстава» Джон Лобстэр. Сэр, прашу вашы рэчы да агляду…
Ангелец закапыліў ніжнюю губу і адмоўна пахітаў галавой, даючы знак, што не разумее.
Стасік ад цікаўнасці аж рот раскрыў. Вобыск!
— Гм, гм. У Варшаве, панове, неспакойна… — уздыхнуў жандар, каб патлумачыць свае дзеянні.
— Ну і што, спадар афіцэр? — сказаў Буевіч-старэйшы. — То Варшава, а тут… Ці ў гэтых балотах магчымы, так сказаць, нейкі падкоп пад асновы?
— Гм, прашу паперы, — звярнуўся і да яго жандар. — Гм, так-так, — памыркаў ён, пазіраючы ў дакументы.
Усе адзначылі, што ледзь не кожную фразу капітан пачынаў з гмыкання.
— Гм, ці не тутэйшага памешчыка Буевіча вы сваяк? — паглядзеў ён на Буевіча-старэйшага.
— Сваяк, — весела адказаў Буевіч, — найроднейшы сын. А гэты гімназіст, — паказаў на Стасіка, — другі сын, малодшы. Закрый, браточак, рот, зубы выпадуць.
Стасік ад злосці аж клацнуў зубамі, сашчэмліваючы сківіцы.
— Гм, бачу, што малодшы, — сказаў з іроніяй жандар. — Адкуль васпан едзе?
— Адкуль? З Пецярбурга. Скончыў медыка-хірургічную акадэмію, маю прызначэнне на палкавога лекара. У Закаўказзе, спадар афіцэр.
— Чые гэта рэчы? Вы, пане Буевіч, суправаджаеце груз? А гэта хто? — сыпаў пытаннямі жандар, паказваючы вачамі на паненку.
— Наколькі мне вядома, рэчы належаць пану Ўрбановічу.
— Урбановічу? — перапытаў жандар. — Прашу карэту да агляду.
— А вы маеце права? — роблена здзівіўся Артур.
— Прашу мне не ўказваць мае правы, — абрэзаў яго афіцэр. — Гм, звычайная праверка не павінна вас турбаваць.
Буевіч-старэйшы адышоўся да Стасіка.
— Растлумачце містэру… — больш лагодна сказаў жандар і зірнуў у паперыну: — Містэру Лобстэру, каб дазволіў паглядзець і ягоныя рэчы. Ведаеце, мая ангельская з часоў гімназіі, выбачайце, пакрылася пылам…
— Ну, замежнікаў абшукваць, гэта, выбачайце… — развёў рукамі Буевіч-старэйшы.
— А чаго вы, пане Буевіч, лезеце не ў сваё дзела? — хітра зірнуў жандар. — А раптам у гэтых куфэрках зброя?
Буевіч сказаў некалькі словаў ангельцу па-ангельску. Падданы яе вялікасці каралевы Вялікабрытаніі яшчэ больш насупіўся, адвязаў клетку з індыком, паставіў яе каля ног, залажыў руку за руку. Жандары пачалі тузаць рамяні, якімі былі прывязаны дарожныя куфэркі.
У гэты момант, зусім нечакана, Стасік пачуў шэпт брата:
— Вярніся і скажы хлопцам, каб утапілі ў твань цяжэйшую скрынку.
Стасік агаломшана зірнуў на Артура.
— Мілы браточак, — не мяняючыся ў твары, працадзіў скрозь зубы Артур, — здымі з твару ідыёцкую міну і рабі тое, што я сказаў…
5. Жаноцкія таямніцы-драбніцы
Жандары ператрэслі куфэркі, прывязаныя да запятак карэты. Іх нічога не зацікавіла. Расчынілі саму карэту. Паненка пасунулася наперад, каб выйсці з карэты, адхінула фрэндзлі заслоны, паглядзела ўніз, куды ёй можна ступіць. Да яе жвава падскочыў жандарскі капітан з выстаўленай рукой, але жанчына пашукала вачамі ангельца, той няспешна падышоў, яна абаперлася на ягоную руку і апынулася зне карэты. Ад няёмкасці капітан стаў пашчыпваць свае раўнютка падстрыжаныя вусікі.
Правяральшчыкі зазірнулі ў карэту, выцягнулі з яе невялікі дарожны куфэрак, папрасілі адкрыць яго. Ангелец шчоўкнуў ключыкам, падняў вечка. Сярэдзіна абшыта зялёным сукном. У гнёздах стаялі бутэлькі, віднеліся прышпіленыя лыжкі, відэльцы…
Жандарскі афіцэр гмыкнуў, чым прачысціў горла, загадаў рабіць вобыск далей. Ангелец тым часам зрабіў знак фурману, які быў і за лёкая, і той хуценька перацягнуў куфэрак на невялікую палянку ўзбоч дарогі, распрастаў на траве абрус, вылажыў шынку, хлеб. З бутэлькі ангелец наліў у сярэбраную чарачку паненцы, сабе, нешта сказаў Буевічу.