Літоўскі воўк
Шрифт:
2. Кляцьба
Жандары паўзбіраліся на коней, паехалі недзе на Пінск. З вобыскам нічога не выйшла. Праўда, афіцэр набраў у кішэню свінцовых шарыкаў. Патлумачыў — спытае пры выпадку ў манкевіцкага аканома, на якую халеру патрэбна такая процьма свінцу.
Было позна. Моцная поўня адблісквала ў прыдарожных балотцах. Недзе далёка ў альховых лясах вухкалі-рагаталі пугачы. Чужапанец стаў складваць тэлескоп, нешта сварыўся, лапатаў па-ангельску. Гаварыў так хутка і неразборліва,
Падарожныя сталі раіцца, што рабіць. Намерыліся праехаць колькі вёрст, каб дабрацца да Лэйбы.
— Who is Leyba? — пацікавіўся ангелец.
— Карчму трымае на распутку. Гэта каля Рухчы, — адказаў Буевіч па-ангельску. — Там і заначуем… Раніцай як выедзем, да Манкевічаў рукой будзе падаць.
Калі ангелец і паненка пайшлі да ландары, Артур даў каманду выцягнуць схаваную скрыню.
— Чыя скрыня? — спытаўся Стасік. — Не ангельская?
— Вядома, не… — адказаў Артур.
— Хіба тады Ўрбановіча?
— Навошта табе ведаць? — раззлаваўся Артур. — Вязіце скрыню на Стахавецкую грэблю. Да старога млына. Схавайце пакуль там.
— У гэтай скрыні — тэлескоп, а ў той скрыні? — не ўцярпеў і Ясь Кавалец.
— Табе важна, Ясю? — паглядзеў на яго Буевіч. — Ляпнеш каму і падвядзеш нас… мяне пад такі манастыр…
— Каго — вас? — спытаўся на гэты раз Бароўскі. — Увогуле, спадар Артур, ты… вы яшчэ ў Пінску маніліся расказаць тое-сёе пра палітыку…
— Маніўся — дык і раскажу, — адказаў Буевіч-старэйшы. — Бачу, без тлумачэнняў не абысціся… — Ён уздыхнуў. — Слухайце. Спачатку вазьму з вас клятву, што нікому ніколі, ні пры якіх абставінах не раскажаце тое, пра што даведаецеся…
Юнакі маўчалі.
— Ну? — павысіў голас Артур.
— Клянёмся, клянёмся, — бязладна, на розныя галасы пакляліся хлопцы.
Буевіч-старэйшы сабраў іх у гурток, галава да галавы, абняў і стаў шаптаць.
3. Сякія-такія здагадкі
Артур пайшоў паперадзе ландары. Часам на поўню наплывала хмара, і тады рабілася так цёмна, што хоць на ваўка садзіся. Вазок цягнуўся за ландарай, хлопцы ішлі абапал вазка, бо конік за дзень даўся і ўжо толькі рабіў выгляд, што ён усё яшчэ жвавы.
Ішлі некаторы час моўчкі. Усё, што здарылася — жандарскі вобыск, і клятва, і нашаптаныя словы Буевіча-старэйшага, ляжала на душы невыразнай, не зусім асэнсаванай радасцю, урачыстасцю далучэння да нечага грандыёзнага, сапраўднага. Першым не вытрымаў нематы Стасік.
— Выходзіць, — сказаў ён, — мы ўдзельнікі інсурэкцыі?!
— Мо і так, — вяла адазваўся Людовік. — Толькі ты не кажы гэтак. Сказана — канспірацыя! Ніц не кажы, праўда, Ясю?
Кавалец прамаўчаў.
— Арыштуюць,
— Каб нам паваротку на млын не прамінуць, — пераіначыў тэму Людовік. — Ясь, ты як паляўнічы, добра ў цемнаце бачыш, то ўзірайся.
— Яе не прамінеш… — адгукнуўся Кавалец. — Там пясок, з балота калі выедзем. Праваждаліся з трубой гэтай. Каб не жандары, дома даўно поліўку сёрбалі…
— Дык арыштуюць?! — нецярпліва, ні да каго не звяртаючыся, спытаў Буевіч-малодшы.
— Каго? — здзівіўся Бароўскі.
— Ежы Ўрбановіча… Праз кулі?
— Якія гэта кулі? — абурыўся Людовік. — Урбановіч пра сваё дбае. Яму да непадлегласці краю, не пры Ясю будзе сказана…
— Кажы, кажы, — падбадзёрыў Кавалец Людовіка. — Аканом мне хоць і брат па матцы, але дужа запанеў… А як чалавек запанее, то гэта ўжо напалавіну чалавек… Чулі, што Артур казаў пра роўнасць? Няма дваран… Ён мне хоць і брат, але няроўня… А раз няроўня, то якое братэрства можа быць…
— Маеш рацыю, — уздыхнуў Людовік. — Ты яму як парабак. Грошы ён грабе лапатай. Гаспадарку трымае з розумам. Там рубель, там капейка… Цяпер мэблю з лазы, кажуць, пачалі гнуць… Такія крэслы выгібаюць — залюбуешся… У Маскве ды Варшаве нарасхват. Ідуць, быццам венскія.
— Калі што — адкупіцца, — разважаў услых Стасік. — Дасць куку ў руку гэтаму вусатаму афіцэрыку, жандару, а спраўнік у яго даўно куплены. Слухайце, ці праўду кажуць: Урбановіч скарб знайшоў? У падмурках графскага палаца. Цэлую скрыню залатых дукатаў.
— Ты бачыў хоць адзін? — спытаўся Кавалец.
Стасік прамаўчаў. Пайшла цвярдзейшая дарога, неўзабаве колы сталі грузнуць у пяску. Конік ледзь перастаўляў ногі. Ландары не было відаць — ад'ехала далёка наперад.
Пацягнула туманам, сыромляй, і хутка сярод хмызняку паказалася рака ў нізкіх берагах. На яе паверхні затанцаваў адбітак поўні.
— Тут зварочваць, Людовік? — спытаў Ясь і без адказу пацягнуў лейчыну на сябе.
Выехалі на парытую бабрамі грэблю, і неўзабаве конь стаў як укапаны.
— Давядзецца несці, — сказаў Ясь, палазіўшы перад канём. — Тут прамывіна нейкая…
Знялі скрыню з вазка і панеслі ў канец грэблі, дзе віднелася будыніна з чорнай дзіркай праламанага даху. Гэта і быў млын.
— Я не засну, калі не даведаюся, што ў гэтай скрыні, — прамармытаў Стасік, цягнучы скрынку. — Жаба есць ад цікаўнасці.
— Ты брату не верыш? Сказаў, што там…
— Калі на свае вочы не ўбачу, не паверу. Арцік можа выдумаць, ого-го!
— Гэта ты пра сябе?
Але цікавасць брала верх. Намыслілі паглядзець, што ж у скрынцы. Доўга важдаліся, каб падняць вечка. Ясь завіхаўся з сякерай. Урэшце вечка паддалося. Памацалі, бо ў млыне было цёмна, змрочна — у скрыні роўненькімі радамі ляжалі цяжкія, вайсковага ўзору стрэльбы. Узялі па адной, вынеслі на месяц.
— Ангельскія штуцэры… — вызначыў Бароўскі. — Яшчэ змазаныя. Пэўна — проста з факторыі. Ангельцу не хапіла б ніякіх фунтаў адкупіцца, каб жандары трасянулі гэтую скрыню.