Літоўскі воўк
Шрифт:
— Хто распарадчык?
— Няма, васпане… Хто без грошай хоча працаваць?..
— А гэта хто? — Артур паказаў на Цімоха, які стаяў збоку ад сялян.
— Гэта, пане, і ёсць новы распарадчык… Вы ж яго ведаеце… Манкевіцкі ён, Цімох, што з бровара вытурылі…
Цімох, як пачуў, што пра яго гаворка, сцягнуў шапку.
— Ідзі сюды, — раззлавана сказаў Артур. — Ты чаго тут?
— А паночку, а родненькі, — кланяючыся, пачаў прасіцца Цімох. — Куды ж мне падзецца? Не праганяйце… Ваш тата дабрадзей…
— Ціха! — спыніў Артур Цімоха.
Непрыемнае пачуццё нехарошасці і нейкай жыццёвай несправядлівасці варухнулася ўсярэдзіне.
— Што, бацька
— П'е, панічу, яшчэ як… Не п'е, а трубіць… І ўночы, і днём п'е. Спасу няма.
Цімох вырачыўся на Артура і чамусьці няўцямна раскрыў рот. Нейкая раптоўная здагадка варухнулася ў яго галаве. Голас Артура рыхтык падобны на нечы такі знаёмы голас.
— Дзе тата зараз? — спытаўся паніч.
— Спіць. Не будзіце, майце ласку, васпане. Самі ведаеце.
Бацька спаў, спаў і Стасік. Артур абышоў службы. Непарадкаў вялікіх няма, але… Сама атаву касіць, рыжэць пачынае, а касіць няма каму. Сяляне ўвіхаюцца каля свайго. Увогуле з гэтай гаспадаркай нешта не так. Бацька глядзіць за ёю налётамі. Ды і ці выціснеш ты грошы з гэтай нішчымнай зямлі… Працаваць належна, рукі прыкласці да зямлі. Ды і вельмі многа той зямлі.
Пайшоў у дом — доўгую драўляную будыніну з тоўстымі калонамі-бярвеннямі пры фасадзе, які падпіралі нешта падобнае на адкрыты балкон, на якім, па задумцы архітэктара, шчаслівы гаспадар мусіў піць гарбату і пазіраць на «тучныя нівы і шчаслівых дбайствам добрага пана сялян»… На тым балконе ніхто ніколі не сядзеў: цяжка давалася капейка, цяжка вучылася…
Артур выйшаў на ганак, сеў. І тут зноў, у каторы раз за мінулыя суткі, пачуў звон цугляў. Глянуў — так і ёсць, да маёнтка прастуюць жандары. Капітан Фогель і двое падначаленых. Рэшта, пэўна, паехала за ландарай. Будуць сачыць за паненкай.
Артур насупіўся, падняўся і пайшоў у пакоі. Надта важныя госці — жандары. Праз прачыненае акно чуў, як капітан Фогель — ліса хітрая — гаворыць з распарадчыкам Цімохам.
— Прымайце госцяў! — гучна выклікнуў капітан, чапляючы вуздэчку за шула. — Ці можна бачыць памешчыка Буевіча?
— Пан спіць… Крыху буяніў… А цяпер спіць, — нягучна адказаў Цімох.
— Падымайце пана! Пытацьму пра бунтаўшчыкоў.
— Якія бунтаўшчыкі, ваша благародзіе, зроду не было ў нас бунтаўшчыкоў.
— А мне паведамілі, што тут бунт!
— Няпраўда, ласкавы пане, няпраўда…
Артур бачыў, што выгляд у жандара зрабіўся змоўніцкі.
Капітан падаўся да распарадчыка і як бы абыякава прамовіў:
— Па навакольных вёсках выяўлена «Мужыцкая праўда». Чулі пра такую?
— Ніякай такой мужыцкай праўды не ведаем, васпане…
— Бунтаўшчыкі яе чытаюць… Па-тутышняму пісана, польскімі літарамі…
— Чытаць, васпане, зроду не чытаем. Не навучаны… Ды яшчэ, барані нас Божа, польскімі літарамі. Куды нам… — адхрышчваўся Цімох.
— Ну добра, вядзі да пана…
«Не хачу сустракацца з гэтым суконным рылам…» — падумалася Артуру. Ён прыхапіў кайстру, з якой не расставаўся апошнія дні, пайшоў і зачыніўся ў сваім пакоі.
Але Цімох прывёў капітана Фогеля не да бацькі, а да яго. Давялося прымаць няпрошаных гасцей. Артур загадаў пусціць жандарскіх коней на поплаў, афіцэра і ягоных памагатых накарміць і пакласці ў пуню спаць на свежым сене.
— Угэ, — згадзіўся Цімох. — Людэй і конэй шкодоваты трэ, хіба воны е вінавайцы?
Жандар залыпаў вачыма, не зусім разумеючы. Артур есці разам з жандарам, якому як афіцэру сабралі стол у залі, не стаў, спаслаўся на стомленасць, кепскую ноч пад карчмой, пайшоў распарадзіцца знайсці майстроў рамантаваць ландару. Пасля зачыніўся
3. Сядзіба Кавальца
У першую ж нядзелю пасля прыезду з Пінска Ясь Кавалец выбраўся на кірмаш у Манкевічы. Рыбаку і паляўнічаму, яму было што прадаць. Паўкідаў у човен нашыхаваныя звечара торбы з нізкамі і дубцамі сушаных грыбоў і ўюноў, дастаў з кія на печы футры баравых куніц, якія ніяк не мог збыць яшчэ з зімы, прычапіў да чоўна саж з жывой, не снулай рыбай.
— Ты ж мёду забыўся… — падказала маці.
— Ага…
Прынесла кадаўбец. Старэнькая яна, любая матулька… На што ні пайшла дзеля дзяцей пасля страшнага закалату 30-х гадоў. Завязалася яшчэ раней, калі паганы карсіканец падмануў цэлы край, абнадзеіў, што будзе адноўлена Рэч Паспалітая. Паверылі — і падмануліся… У 30-я пазбаўлены маёмасці, шляхецтва… А што казаць пра тых, хто проста склаў галовы. Матуля адна засталася з маленькім дзіцем на руках. Каб выжыць, пайшла замуж за мешчаніна, Кавальца. Усё зрабіла, каб вывесці ў людзі старэйшага, з першага шлюбу, сына. Ежы вучыўся ў Пецярбургу, у вучылішчы правазнаўства, здаваў экзамены экстэрнам, скончыў з адзнакай. Па выхадзе атрымаў чын і месца ў Міністэрстве юстыцыі. Але доўга там не праслужыў, не захацеў валачы ўсё жыццё чыноўніцкі хамут, пераходзіць з чыну ў чын. Яго не проста пацягнула на радзіму — меў свае планы. Некаторы час служыў у менскім губернскім судзе, потым, калі шляхта зрабіла дастатковую пратэкцыю, а таксама завяліся грошы, каб зрабіць куку ў руку каму належна, стаўся распарадчыкам Манкевіцкай эканоміі, якая належала казне. Пасля гэтага зводнага брата як падмянілі. Што ж, з ваўкамі жыць — па воўчы выць. Вось так і жывуць — ён сабе, яны з маці, з бацькам — сабе.
Ясь прыгладзіў на шырокіх маладых грудзях выбеленую сонцам ляновую вышыванку, кінуў світку ў дубок, адштурхнуўся вяслом…
— Ты, сынок, на людзях будзь рахманы… — папярэдзіла маці. — Не маніся ні перад кім, што мы — шляхта. Якая ўжо мы шляхта…
Юнак кіўнуў галавой:
— Добра, мамо…
— Абяцаеш? Ну, Бог табе ў помач. Сурдут і боты ў мяху…
Сядзіба Кавальца аточвалася з трох бакоў ракой. У вялікую ваду апыналіся рыхтык на востраве. Тут зручна, хоць ворыва і няшмат, дзесяцін сем, але рэшта зямлі лічы што твая. Тут і ляску дзесяцін пятнаццаць, грудковага лугу гэтулькі. І ніхто не перамерае, не адрэжа, бо наўкола балота, старыцы. Прывыклі. Калі лета сухое, нават проса на ўзбалотку сеюць. І вырасце. Тут і сам вырас, як тое Божае проса… Быў Ясюлечкам, матчыным выпесткам, потым стаў Ясюком, далей — Яськам. Цяпер вырабіўся на Яся.
Ад вялікага палатнянага меха несла чэмерам. Кладуць карэнішчы, каб моль не паела сурдут, а жукі-кажаеды не ўсмакавалі боты. Боты ўзяў, бо пойдзе да пані Ўрбановіч. Кніжкі дае. Каб толькі яе мужа аканома, брата свайго, не сустрэць. Не любіць з ім сустракацца. Такі фанабэрны — жах. Без сурдута не паказвайся. А свой жа! Ажанчэлы вырабіўся, распешчаны раскошай. Апошнім часам увогуле на расейца наламваецца… Брат… Брат слова па-людску не вымавіць, га-ва-рыт ды гаварыт… Хоць бы ўжо пшэкаў…
На адкрытай вадзе зрабілася ветрана. Надзеў світку. Світка бацькава, новая, але ўжо з латкай на локці і вялікага зайздроства не выклікала. Але, як кажуць, мілая латка і ад роднага таткі. Хлопцу хацелася пахарашыцца, ды не перад панамі ці паненкамі — перад вясковымі дзяўчатамі.