Літоўскі воўк
Шрифт:
Сталі разыходзіцца і іншыя, падаліся ў накірунку да купы людзей, што слухалі прамоўцу. Асобныя словы праз кірмашовы шум даляталі і сюды.
— Цар… Воля… Маніфест… Свабода…
— Цьфу ты, гэта ж прапаганду нехта рэжа… Супраць ураду, далібог, — вылупіў і без таго пукатыя вочы Пратасавіцкі. — Пайду паслухаю… Няўжо Варшава і нам спакою не дасць. Волі ёй захацелася, каб яе трасца.
Пан Пратасавіцкі разгірэчана падняўся з бервяна, каб таксама ісці туды, куды людзі ішлі. Пацягнуліся за ім і астатнія шляхцюкі.
Кавалец ніколі не чуў агітатараў. Развітаўся з Бароўскім і таксама пакіраваўся
— І цар, і паны — заадно, — разважаў гаварун. — Вольнасці нам ніхто не дасць, калі мы ўласнымі рукамі не возьмем яе. Што з тае вольнасці, якая абвешчана царом? Цар не пра селяніна дбае, ён мае клопат пра паноў…
— Не, цар пра мужыка дбае! — крыкнуў загарынскі чорнабароды селянін. Крыкнуў не дзеля праўды, а так, каб пазлаваць агітатара. А мо і дзеля смеху крыкнуў.
— Цар, можа, і думае пра мужыка, але да кожнага мужыка цар не дойдзе. На гэта ў яго ўрад ёсць. Урад з паноў, з чыноўнікаў, і гэтыя чыноўнікі і паны згавораныя з кім? Ну, не з мужыкамі, праўда!
— Праўда, праўда твая! — загулі сяляне. — Урэж ім, дай ім!
— Выходзіць, вы, рукі каторых у мазалях, — дзеля ўраду, а належыць наадварот, мужыкі. Урад дзеля нас каб быў, пра нас дбаў, мужыкі… Не Богам урад заведзены, але людзьмі…
— Вось рэжа праўду, дык рэжа… Яго павесіць мала, — сказаў селянін у новых лапцях, які стаяў побач з Ясем. — Узяць ды на першай асіне павесіць…
— Ціха, дайце паслухаць, — сыкнуў на яго Кавалец.
— Не, што гэта ён гаворыць?! — не сунімаўся селянін у новых лапцях. — Яго павесяць, ей-бо, павесяць. Сколецца…
— Сколецца, — згадзіўся чорнабароды, якога Ясь ужо бачыў каля карчмы. — Жандараў панаехала. Заезджы дом атачылі, у кожную дзірку зазіраюць. А гэты, бачыш, не баіцца, брэша, што той сабака, на вецер.
— …урад трэба самім выбраць… Згодны?
Сяляне загулі, закрычалі, заспрачаліся. Спрачаліся зацята, аж за грудкі хапаліся. Кожны меў сваю праўду і сваю ж крыўду. Кожны адстойваў сваё.
— А зямля будзе? Зямлі дасцё? — разнесліся крыкі.
— Дзела не ў зямлі, а дзела ў вольнасці, роўнасці, — закрычаў агітатар. — Той самай вольнасці, якой вашыя дзеды ды бацькі здаўна ждалі…
— Нашто нам твая вольнасць! — зароў селянін у новых лапцях. — Ты нам зямлі адмерай.
— Кожнаму будзе адмерана так, як ён сам сабе намерыць, — крыкнуў у адказ агітатар.
— А пана куды дзець? Што з панам рабіць?
— З панамі разбярэмся. Калі пан ліхі — пана павесім, як сабаку! Мужык будзе кепскі — то і мужыка павесім…
— Во дае, — паківаў галавой селянін. — Сапраўдны падбухторшчык. Вісельня па ім плача, ой плача.
Шмат хто з сялян, пачуўшы словы «пана павесім», хрысціліся, пляваліся і ішлі прэч. Іх месца займалі новыя. Натоўп то менеў, радзеў, то гусцеў ад прыбылых сялян.
Кавальцу зрабілася нецікава — як гэта, падбухторваць вешаць паноў? Ды яшчэ як сабак. Паны — людзі. І ў паноў душа. Што дзяліць панскую зямлю, калі зямля не ім належыць — Богу. Не, пайду.
Паглядзеў на Манкевіцкі парк, на сонца. Час падавацца да мілай пані Аксаны. Хутчэй да яе, расказаць, што тут вось чуў. Ёй будзе цікава. Што яна
Праз мястэчка ў эканомію ісці не хацелася. Падумаў — ці не спраставаць дарогу чаўном па затоцы? Каля парку прывяжа човен да вярбіны, паднімецца на гару. Па вадзе бліжэй і зручней. Праўда, панскі парк вартуюць сабакі — даўганогія харты. Ат, не пакусаюць, ведаюць… Яго, Кавальца, яшчэ не пакусаў ніводны сабака. І не пакусае… Хіба што шалёны…
Напаследак азірнуўся і ўбачыў праз урадзелы натоўп не надта высокага, плячыстага прамоўцу — чалавека з шыракаватым валявым тварам, кароткай бародкай. Ясю падалося, што ён недзе бачыў гэтага бессаромніка, які так лёгка распараджаецца, моў сам Гасподзь, чужымі жыццямі. Ад такіх спадароў належыць трымацца як мага далей.
Ясь махнуў рукой, плюнуў, уцёрся рукавом і пайшоў да чоўна.
2. Пагоня
Як адвеславаў ад берага, далей ад людзей, надумаў уважліва разглядзець цыдулку. Толькі намерыўся зрабіць гэта, як пачуў немачны крык, потым нешта гучна ляснула. Звонкі зык адбіўся гучным рэхам ад люстранай паверхні вады. Ясь зірнуў і паспеў заўважыць над галовамі людзей на лодачным кірмашы воблачка сіняватага дыму.
«Страляюць!» — мільганула ў галаве. Схаваў цыдулку, паставіў човен проці цечы і стаў глядзець на гурму людзей. Бегаюць па беразе, мітусяцца, крычаць. Вось некага ўхапілі, валакуць, вось вырваўся, пабег. Тут яму напярэймы бягуць. Няўжо зловяць? Але каго гэта ловяць? Што за камедыя?! Пэўна, таго брахуна па беразе ганяюць. Даілгаўся!
Вось ён ускочыў у лодку, перабраўся ў другую. За ім, пералазячы з лодкі ў лодку гоніцца другі чалавек. У картузе. Ці не прыстаў? А на беразе мітусня, воклічы, гам, рогат. Як цікава! Што ж здарылася?
Вось зноў гучна бабахнула, толькі пошчак пайшоў. І дымок узвіўся. Дык гэта ж напраўдачкі страляюць! Валяць у чалавека! А божачкі!
Кавалец падняўся ў лодцы, угледзеўся. Раптам чалавек у картузе (пэўна ж, сам спраўнік), які даганяў па лодках уцекача, спатыкнуўся, узмахнуў рукамі і боўтнуўся паміж лодак. Пакуль ён выпялёхкваўся з вады, ад берега адскочыла новая вастраносая лодка. Двое людзей з усяе сілы граблі вёсламі. Адзін адмахваў сваім вяслом спрытна, з толкам, а другі хутчэй перашкаджаў рухацца, чым памагаў, бо то пляскаў лапаткай па вадзе, то занырваў ёю так, што лодка заварочвала на адзін бок.
«Ці трымаў калі ў руках гэты чалавек вясло? — падумаў Ясь. — Але што яны за такія?»
Да лодкі было сажняў трыста, яна ўбілася ў струмень ракі, і грабцы нейкі момант натужна вывяслоўвалі супраць цечы. Вось пакалываліся наўкасы па цечы да процілеглага берага. А вунь на беразе крычаць, равуць чагосьці людзі, вунь адчальвае яшчэ лодка, вялікі — у тры пары вёслаў — дубок. Няўжо пагоня? Людзі ў дубку ў шэсць рук лодку на пару вёсел дагоняць умэнт. Ды яшчэ з такім неважнецкім весляром.
З чыстае цікаўнасці Ясь пагнаў свой човен услед за вастраносай лодкай. Праз колькі часу Кавалец пазнаў у адным з уцекачоў Буевічавага Арціка.