Літоўскі воўк
Шрифт:
Вось пані Аксана ўсунула ключ у замок. У руках у яе была трасучка — не магла патрапіць у дзірку.
Усунула і павярнула, гэта значыць — замкнулася.
«Ага, баішся, хвалюешся, здрадніца… Пачакай, пачакай, будзе табе. У студню пасаджу, на хлеб, на ваду… — мільгалі ў галаве пана Ўрбановіча помслівыя думкі. — Абстрыгу! Я цябе ўзяў з жабрацтва, паіў, карміў, за жонку зрабіў, а ты?!. Няўжо ўсе жанчыны такія, салодкага ім хочацца?»
Праз дзірку, заткнутую ключом, пан Ежы нічога не бачыў. Але паслугачнае ўяўленне жыва намалявала, як ягоную жонку ўсю калоціць перад сустрэчай з каханкам. Урбановіч чуў, як жонка шамаціць нечым, прышэптвае незразумелыя,
О Матка Боская, гэта ж шамаціць адзенне. Тая сукня, якую пашылі з адрэза, што падарыў на гадавіну вяселля. То дарагі, тонкі, прыгожага ткання муар. Ледзь не чысты ядваб… А як пераліваецца ўсімі калёрамі… З гэтага муару ленты-стужкі рабіць… Па рублю кожную можна было б прадаць. З таго адрэза колькі стужак выйшла б? А тут такая сукенка. І як яна сядзіць на ёй, падкрэслівае стрункасць паставы… Венера! А цяпер гэтая Венера — здрадніца!
Пан Урбановіч стоена перавёў дух.
Бач ты яе, не абы-што апранае… Мала таго, пераапранаецца! Значыць — ідзе да каханка.
«Мілая, каханая… — знянацку палезлі ў галаву словы хлопскай песні. — Цьху ты! Яе — любіць?»
Вось Аксана коратка фукнула на свечку… Вось стукнула рама. Вядома, стварэнні, якія здраджваюць мужам, лазяць праз вокны.
Яму хацелася зневажаць, абражаць жонку тымі ганебнымі словамі, якімі халопы пасля карчмы абзываюць сваіх жонак, але не мог сабе дазволіць нават у думках гэтага.
Яшчэ раз ціхенька стукнула рама. Гэта яна знадвору акно прычыніла. Вылезла і прычыніла. Божа мой, Божа! Што робіцца? О літасць Боская! Гэтакая… Такая!..
Гідкія словы самі наварочваліся на язык… Свет разбураўся! Усё, дзеля чаго жыў пан Ежы, імкліва развальвалася на часткі, на дробныя кавалкі, рассякаючы гэтымі кавалкамі, асколкамі, аскепкамі душу… Урбановічу захацелася дзіка завыць, замалаціць кулакамі ў дзверы, за якімі толькі што была ненавісная жанчына… Але ён прыхіліўся лбом да дзвярэй і моцна закусіў руку. Толькі не закрычаць, толькі не даць волю нервам, не заплакаць, як пакрыўджанаму малому. Ну, усё, гэта — канец.
Аканом зайшоў у свой пакой і дастаў з дуэальнай скрынкі вычышчаны і зараджаны яшчэ ўночы пісталет.
Што ж, канец дык канец. Пан Ежы ўтыркнуў пісталет за пояс пад сурдут. Цяпер застаецца разлічыцца за здраду. Парашыць абаіх. Абаіх, з аднаго пісталета? Другі пісталет узяць… І ніякіх дуэляў, двубояў. Гэта глупства. Не той, каб страляцца. Ён не гусарскі афіцэр. Ён стрэльне з аднаго пісталета, а калі той дасць асечку, стрэльне з другога. Можна яшчэ і дубальтоўку прыхапіць, каб дабіць абаіх, звесці са свету здрадлівае племя… Знішчыць, вытруціць… Яна перад Богам клялася, што будзе яму вернай жонкай… У царкве стаяла, пад каронай… Мелі доўгі, бясхмарны год шлюбу… Божачкі, божачкі! Толькі-толькі пачало ўсё наладжвацца як мае быць. Толькі пачалося… Аканом злавіў сябе на тым, што ссёрбвае слёзы з верхняй губы. Слёзы былі не салёныя, як вада, салодкія, хіба што гарачыя.
Дастаў з кішэні звязку ключоў. Выбраў адзін, пакорпаўся ў шчыліне… Не, хітрая. Ключ у замку павернуты. У пакой можна ўлезці толькі знадвору, праз акно.
2. Падкрэслены радок
— Куды яна пайшла? — спытаў аканом у прыслугача, калі выйшаў на ганак.
Прыслужваў пану Ўрбановічу, і то толькі часам, Мондрык, які часцей выконваў абавязкі фурмана. Мондрык няўцямна паўзіраўся на пана.
— Дык куды пані, кажу, пайшла, ты аглух, ці што?
— У парк, васпане, — адказаў Мондрык. — А я
Перапалоханы, ён выдатна разумеў, што да чаго. Глядзеў на пана са шкадаваннем, з літасцівым спачуваннем. Але і з насцярогай — пад сурдутам нешта тырчэла, і Мондрык быў не дурны, каб не разумець, што ў гаспадара за поясам. Ніколі не бачыў аканома такім рашуча настроеным.
Мондрык — была мянушка фурмана. Звалі яго Кандратам, было яму гадоў пад трыццаць. Чырванатвары, чарнавусы, з густымі чорнымі бровамі, меў прозвішча Гонта, а Мондрыкам празвалі, бо лічыўся з розумам, хоць часам, бывала, выдурняўся, зрэшты, як і кожны нежанаты. За розум, спрыт, талковасць пан Урбановіч трымаў Мондрыка пад рукой, і ён яму не столькі прыслугоўваў, колькі быў распарадчыкам. Злыя языкі ўвесь час тарочылі, што ў гаспадарцы ў Манкевічах усё да ладу дзякуючы Мондрыкавай руцэ. Гэта значыць, за што б ён ні браўся, усё ў яго выходзіла. З гэтымі плёткамі было цяжка не згадзіцца. Калі аканом быў сама лагода, мёд, ласкавасць, Мондрык мог у гневе хвастануць любога работніка плёткай. Калі хто скардзіўся — ішлі да аканома як да ксяндза, — пан прасіў прабачэння за Мондрыка, ад чаго апошняга аж выкручвала ад сораму. Увогуле, Урбановіч нечым выглядаў на ксяндза, — яшчэ пад сорак гадоў у яго з'явіўся жывоцік, плечы меў неразвітыя, рукі — дагледжаныя, белыя. Ён звыкла трымаў іх счэпленымі пад грудзямі, як святар, і, як святар, хутчэй не аддаваў загады па эканоміі, а прасіў. Непрыемныя ці часам нават жорсткія распараджэнні аддаваў праз Мондрыка. Валасы ў пана Ўрбановіча блішчэлі ранняй сівізной. Вочы, пранікнёныя, разумныя, заўжды, як у пільнага і руплівага гаспадара, свіціліся насцярожанасцю. За гэтыя неспакойныя вочкі аканома і баяліся, і не надта каб любілі. Хто любіць разумных, стрыманых, удачлівых і вечна маральных людзей? Гэта ўжо зусім зубожаныя, над якімі пан Урбановіч апекаваў, маліліся на пана аканома, як на абраз.
На цяперашні момант у вачах аканома свіціліся невымоўная пакута, боль аж да шалёнасці, раз'ятранасці. Момант — і ў іх загарыцца пякельнае полымя помсты.
— У парк, кажаш, пайшла. У чым яна?
— Хто?
— Не прыкідвайся дурнем.
— Пані? У чырвонай жакетцы, што пан падарыў на Вялікдзень. І белай сукенцы… З таго белага муару…
Твар пана Ўрбановіча перасмыкнула.
Ён счапіў зубы, буркнуў:
— Цыц! Чаму ты тут, а не каля лазні? Што Ганна?
— А што Ганна? Плакала Ганна цалюткі дзень… Цяпер, кажу ж, спіць.
— Прыедзе пані Цэцыля, няхай з ёй пагаворыць. Зрэшты, не. Я сам пані Цэцылі скажу… А цяпер ідзі са мной.
Аканом абагнуў дом, падышоў да акна, з якога нядаўна вылезла здрадніца.
— Ногі чыстыя? — спытаўся аканом у Мондрыка.
Прыслугач няўцямна паглядзеў спачатку на свае боты, потым на пана.
— Пытаюся, ногі, а не боты, боўдзіла?!
Так пан аканом да службы ніколі не звяртаўся.
— Чыстыя… Днём мыў на рацэ…
— Здымай боты і лезь у акно.
— Добрачка, васпане.
Мондрык скінуў боты, ускараскаўся ў акно. Хітрун. Адчуваў пана, як сабака. Вось залез у пакой, азірнуўся, чакаючы загаду.
— Ідзі да століка…
— Якога, васпане, століка? Іх тут два… тры…
— Эйш! Таго, дзе свечка, бачыш?
Мондрык падышоў да стала.
— Ну!
— Там кніга.
Узяў кнігу, зноў няўцямна азірнуўся.
— Падай яе сюды.
Кніга была французскім раманам. Закладзеным пасярэдзіне сухім зялёным лістом клёна. Пан Ежы адгарнуў, паўзіраўся. У прыцемках не разабрацца, паднёс кнігу да вачэй. Не відаць.