Літоўскі воўк
Шрифт:
Слова ўзяў Артур Буевіч. Аканом ведаў, пра што ён стане гаварыць — зусім нядаўна падслухоўваў шчырасці маладога чалавека перад жонкай.
— Панове, грамадзяне, — урачыста пачаў Артур, — абуджаны ў народах дух ужо занадта выразна выступіў на сцэну: там італьянцы вызваляюцца, тут скандынавы і нават немцы, з вечнай паміж сабою грызнёй, гуртуюцца, злучаюцца пад сцягам нацыянальнасці. Розныя братнія атожылкі славян прагна адкопваюць свае родныя памяткі… Веру, у кожным з нас, народжаным у гэтым краі, гарыць сэрца прагай да вольнасці, да асноўнага, чым надарыў чалавека Бог, — гэта быць вольным у вольнай
— Не забывайцеся, малады чалавек, — прабурчэў спраўнік, але яго ніхто не пачуў, бо крыкі «брава» заглушылі ягоныя словы.
Потым, быццам падбадзёраная Артурам, загаварыла пані Валеўская. Гаварыла яна хутка, па-польску, і яе добра разумелі, але тыя, каму не паложана было разумець сэнс яе патрыятычных рэплік, і не разумелі іх.
— Панове, — казала Валеўская, — ці ведаеце вы, што з трох тысяч студэнтаў у Кіеўскім універсітэце — адна тысяча палякаў? У Маскве — шэсцьсот студэнтаў польскага паходжання…
— У Пецярбургу палавіна студэнтаў — выхадцы з Царства Польскага…
— Не ўсе сярод іх палякі, — уставіў рэпліку Буевіч. — З Літвы шмат, нашых…
— Але ўсе яны супраць азіяцкага дэспатызму, згадзіцеся, — бліснула чорнымі вачамі полька. — Нікчэмны расейскі ўрад, ашалелы ад супраціву мучаным праз яго ахвяры — польскім народам, — неўзабаве панясе страшэнную паразу. Бо ніколі не прабачым кроў Прагі, гвалты вуліц Варшавы, лёхі Цытадэлі…
Выпады пані Валеўскай змусілі капітана Фогеля паспрабаваць змяніць рэчышча застольнай гаворкі. Ён пастукаў нажом па краі талеркі, але гэта толькі распальвала патрыятызм варшаўскай госці.
— Нашыя прарокі мерзнуць у снягах Сібіры, а мы тут раскашуем… Лічу, што заклік да зброі, можа, і несвоечасовы, але будзіць люд і Польшчы, і Русі, і Літвы да барацьбы з расейскім барбажынствам — святая справа.
Фогель намысліў маўчаць і слухаць. Патрыятызм, як усялякая жарсць, можа таксама выходзіць за рамкі прыстойнасці. І вось што яшчэ дзівіла капітана жандармерыі — як пані Валеўская глядзіць то на ангельца, то на Артура. Мала таго, яна час ад часу наводзіла позірк на яго самога. Глядзела да таго бессаромна, як каралеўская кобра на ахвяру. Капітан не вытрымліваў яе такога пякельнага позірку, апускаў вочы, і чамусьці чырванеў і думаў: «Уга, гадзюка габонская!»
«Што ж яны там, па сталіцах, жывуць сваім, не надта каб маральным жыццём… — думаў пан аканом, ад увагі якога не прамінуў ні адзін позірк. — Госця прыгожая, яна як добрай пароды жывёліна… Звяжашся — прападзеш! Акруціць, павязе ў Варшаву, зробіць правадыром шайкі бунтаўшчыкоў…»
Пані Валеўская раптам спыталася ў аканома:
— А што гаспадар маўчыць? Ці ён не патрыёт?
2. Сёе-тое з радаводу аканома
Пан Урбановіч сціснуўся. Ведаў, што пра свой патрыятызм патрэбна заявіць, але ж момант вельмі нязручны — спраўнік з прыставам ды яшчэ і жандар сядзяць. Але ж як адмаўчацца? І тут жандарскі афіцэр прыйшоў пану аканому на дапамогу.
— Вы, шаноўны пан Ежы, — сказаў капітан, — тут гаспадар. І гэтага стала, і землеўладання, і, лічыце, гаспадар тутэйшага краю. Падазраю, што вы прыхільна ставіцеся да праблемы сапраўднага патрыятызму.
— Вядома, —
— Я ведаю, што можа быць на сэрцы ў выхаванага чалавека, будзьце шчырымі, я не шпіён… А пана спраўніка таксама баяцца не варта, згадзіцеся, тут мы ўсе свае. Я разумею, што маладыя, — капітан паказаў позіркам на Артура, Людовіка, Зосю, — мараць пра свабоду Польшчы, але вы сталы чалавек, мусіце мець больш… правільныя ўяўленні пра сапраўдную свабоду, пра сапраўдны патрыятызм… Ці не так?
— Я чалавек цвярозы, — не без іроніі сказаў пан Ежы і падняў келіх віна, які толькі прыгубляў. — Мне матэрыяльны дабрабыт — аснова жыццядзейнасці. Каб быць вольным, незалежным, належна для пачатку быць багатым.
— Гэта праўда, — згадзіўся прыстаў.
Вусы ягоныя абвіслі, пукатыя вочы блішчэлі. Аматар піць што наліваюць, ён усё ж ацаніў смак віна і піў яго безупынку, маленечкімі глыткамі, моцна абхапіўшы келіх, быццам баяўся, што ў яго гэты келіх адбяруць.
Урбановіч абвёў паглядам прысутных, ацэньваючы іх стан. Ён зразумеў, што надарыўся зручны момант заваяваць сэрца пані Аксаны. Спраўнікам можна пагрэбаваць. Ён выбачыць усё, што ні скажаш. Жандар? Невядома, што гэта за птушка. Але можна рызыкнуць… Пан аканом намысліў не адставаць ад патрыятычнай польскай красуні. Ён наліў келіх, падняў яго і падняўся сам.
— Не ўсе ведаюць, што я не… Урбановіч… — сказаў пан Ежы. — Урбановічы — гэта прозвішча маёй шаноўнай… усынавіцелькі… — Пан аканом пакланіўся пані Цэцылі.
Над сталом запанавала цішыня — усе моцна ўразіліся такім прызнаннем. Тэма ўсынаўлення была настолькі сямейнай, інтымнай, нават, можна сказаць, балючай, што ніколі ні пры якіх абставінах яе аканом не чапаў.
— Такім чынам я, Ежы Ўрбановіч, нашу не ўласнае, не родавае прозвішча. Па дзеду і бацьку я, панове, — з іншага роду. Пан прыстаў ведае, з якога…
Прыстаў згодна кіўнуў і падліў сабе віна, быццам у якасці кампенсацыі за сваю згоду.
— Род наш зусім не багаты і не знатны, — прадоўжыў сваю гаману аканом. — Прадстаўнікі гэтага роду славіліся не столькі сваім патрыятызмам ці там зборам рознай даўніны, якая б нагадвала пра былую веліч нашага краю; найбольшая слава хадзіла аб іх як аб карцёжніках, задзірыстых дуэлянтах, п'яніцах — словам, людзях шырокай душы…
Пан Ежы пазіраў па чарзе то на жандарскага афіцэра, то на пані Цэцылю, якая мела самы разняшчасны выгляд, не разумеючы прычын, па якіх ягонага выхаванца, заўсёды стрыманага, пацягнула на такую шчырасць: аканом заўсёды маўчаў, калі шляхта, нават дробная, хвалілася сваімі продкамі.
— Рэч у тым, адзін прадстаўнік гэтага роду, Казімір, быў у палку Панятоўскага падчас напалеонаўскага… нашэсця… — Урбановіч паглядзеў на жандара. Той паважліва кіўнуў галавой, быццам даючы дазвол на працяг шчырасці. — А вы ведаеце пра ролю войскаў Панятоўскага ў паходзе французаў на Маскву… Выскачка-карсіканец абяцаў нам, палякам, незалежнасць. Многія паверылі яму… Некаторыя склалі на алтар вольнасці айчыны галовы… Загінуў за волю роднага краю і той Казімір, пра якога я расказваю…
Голас пана аканома задрыжэў. Ён дастаў хустачку, выцер вочы. Цішыня перарывалася толькі лёгкім гукам сквірчэння матылькоў, якія наляталі на агонь ліхтароў…