Літоўскі воўк
Шрифт:
— Харошы інструмент — гітара, — сказаў Бароўскі. — Замяняе беднай шляхце арфу, лютню, мандаліну. Нават здольна імітаваць віяланчэль.
Цэцыліны дзяўчаты паспявалі дуэтам.
Было ўжо позна. Час разводзіць гасцей па пакоях, думаць, дзе пакласці ангельца, пані Валеўскую, змясціць капітана Фогеля і спраўніка, а таксама прыткнуць прыстава, бо на нагах апошні трымаўся не надта моцна.
5. Каленнае прабачэнне
Пан
Калі засталіся сам-насам, пані Цэцыля сказала:
— Пан Ежы дарэмна ўспомніў пра бацьку. Цяпер жандары будуць ведаць, што ваш продак пайшоў супраць цара, удзельнічаў у паходзе на Маскву.
— А то яны не ведалі?
— Усё ж лішні раз напамінаць не варта. Гэта небяспечна…
— Выбачайце… — толькі і сказаў аканом.
Ну, любіла цётка вучыць людзей жыць.
— Абачлівасць не лішняя ў любым выпадку… І яшчэ: пані з Варшавы падазроная асоба. Занадта патрыятычная…
— Вы паўсюль бачыце шпіёнаў… — уздыхнуў Урбановіч. — Думаю, што Польшча здабудзе волю і незалежнасць, праўда, пані Аксана?
Аксана падыходзіла да іх і пачула апошнія словы.
— Так, Ежы.
Слова «пан» у зваротку адсутнічала. Урбановіч адчуў, як соладка заказытала ўсярэдзіне. Ці гэта не першая ластаўка таго пачуцця, якое намагаўся выклікаць цэлы год?
На развітанне дочкі Цэцылі гукнулі:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь! — весела адказала Аксана.
Пан Урбановіч збянтэжыўся. Што яшчэ за «Беларусь»? Не, трэба распытацца.
— Ежы, — сказала Аксана, — я не хачу спаць. Пайду з Цэцыліхамі сустракаць сонца. Яно вось-вось паднімецца за ракой.
— Ідзі, любачка.
Зрэшты, гэта было не так і важна, што такім сустраканнем будзе парушаны спакойны, размераны лад жыцця. Пан аканом падумаў, што спазнаў самую шчаслівую ноч, якую можа спазнаць жанаты і яшчэ закаханы ў жонку мужчына.
І тут пан Урбановіч успомніў пра Ганну, Зосіну сяброўку. Пакуль ён прымаў гасцей, піў з імі рознае смачнае віно, мянціў языком пра вольнасць Польшчы, словам — сядзелі дружнай, шчаслівай, вясёлай кампаніяй «пад гарэхам», бедная дзяўчына плакала ў вязніцы… Гэта было вычварна. Што ж ён вытварыў, ён, сучасны, адукаваны чалавек?! Учыніў расправу, як дзікі які, старасвецкі, нялюдскі феадал.
Ці ж не хрысціянін ён, ці не мае ў жыцці маральных правілаў? Не, хутчэй бегчы да лазні, выслабаняць Ганну, прасіць прабачэння, пакуль не позна… На каленях поўзаць, каб даравала, не расказала жонцы.
Насамрэч пакуль Аксана і Цэцыліны дзяўчаты сустракаюць сонца, самы час разабрацца з Ганнай. Клікнуў Мондрыка, пайшлі ў лазню.
Пабудавалі яе каля вады ў куточку, атуленым вербамі. Палілі лазню не так каб часта. Можна сказаць, нават зусім не палілі. Панства звычайна мылася ў пакоях, а дворня не была прывучаная да лазняў… Палешуку лазня як пекла, а мыцца ён летам і на вадзе памыецца. Не было лазняў на Палессі. Калі і пыталіся ў людзей, ці мыюцца яны зімой, чуўся звычайны адказ: а колькі той зімы?
Лазню Ўрбановіч загадаў пабудаваць не так даўно, але палілі яе толькі
Калі адамкнулі дзверы, Ганна паспела прахапіцца, убачыла аканома, перапалохана прыціснула рукі да грудзей і зняможана прысела на лаўку, на якой ляжала. Пэўна, чакала далейшай расправы.
«Біў Мондрык. Можа, няхай ён… Таго… Падлагоджваецца…» — падумаў аканом.
— Ідзі да яе, — шапнуў ён прыслугачу, адступіўшыся за дзверы.
Мондрык хмыкнуў:
— Васпане, выбачайце, але… Яна вочы мне выдрапае…
Пан Урбановіч уздыхнуў, падышоў, нахіліўся над дзяўчынай.
— Ганно, выбач мне. Выйшла памылка.
Дзяўчына заплакала.
— Любачка, злітуйся… Я памыліўся… Ручкі-ножкі буду цалаваць, толькі прабач, не расказвай пані…
Ганна заплакала яшчэ больш, гарчэй, безвыходней, з надрывам.
— Бачыш, Ганначка, і я плачу. Гэта я, такі смехалюднік, вось што вырабіў… Роднай жоначцы не паверыў….
Плач Ганны ўзмацніўся.
— Табе падзякую грашыма…
— Грашыма? — усхліпнула дзяўчына.
— Не пашкадую… — горача шаптаў аканом. — Толькі не расказвай пані Аксане… Богам прашу цябе. Хочаш, на калені ўпаду…
Дзяўчына стала падвываць, пераходзячы на высокія, амаль пранізлівыя ноты. Яна проста выла ад абразы, ад няшчасця, якое з ёю здарылася.
Пан Урбановіч гэпнуўся на калені — у яго не было выйсця.
— Выбач, злітуйся… Больш ніколі, ні з кім такога не будзе… Слова гонару… Ты ж ведаеш, які з мяне пан… Я нікога не караў, я заўсёды ласкай, словам ушчуваў…
Ганна голасна загаласіла. З ёю такое вырабілі, умаралі ў такую няславу, а вось зараз просяць прабачэння, і мала таго, яна будзе змушана дараваць пану аканому, бо ёй проста няма куды падзецца. Праўда, галасіла яна хутчэй больш механічна, ужо без таго пачуцця безвыходнасці. Пэўна, сэнс аканомавых словаў даходзіў да яе, таму яна плакала, а сама кеміла, што ёй рабіць, як больш выгадна выкарыстаць становішча.
— Цішэй, любачка, ну перастань.
Урбановіч нахіліўся над дзяўчынай, паспрабаваў абняць яе, прытуліць, але яна рэзка адхілілася ад пана, плечы яе затрэсліся… Яна плакала нястрымным плачам.
«Істэрыка, — падумаў пан Урбановіч. — Гэта — істэрыка. Што рабіць?!»
Выйшаў з лазні, прычыніў дзверы — крый Божа, пачуюць дзяўчаты, Аксана. Ужо развіднела, але сонца яшчэ не ўзышло.
Мондрык стаяў недалёка, жаваў травіну, крыва пасміхаўся.
— Чаго яна?! — спытаўся Ўрбановіч.
— А таго… — Мондрык перакінуў травіну з аднаго кутка вуснаў у другі.
— Схадзі ты да яе…
— Я?! — Мондрык меў спуджаны выгляд.
— Ты. Цяпер — ты.
Мондрык патаптаўся пад дзвярыма, насмеліўся, наважыўся, пайшоў. Пан Урбановіч шчыльна зачыніў дзверы, стаў прыслухоўвацца. Усё можа быць. Раўці нема пачне… Крычаць «ратуйце»… Не спрычынілася б якая хвароба… Што ёй звар'яцець?! Гэта не халопка, не з сялян. Даліктуся. Пару разоў бізуном палучыла і… Не, халера, шляхта ёсць шляхта. Ад крыўды можа і памерці, усё-ткі кроў паказвае сваё.