Літоўскі воўк
Шрифт:
Маладыя людзі перасталі звяртаць на прыстава ўвагу, заняліся сваім. Капітану Фогелю хацелася спаць. Ён адкінуўся на спінку крэсла, заплюшчыў вочы, на секунду, як яму падалося, драмануў… Пракінуўся, нікога няма: франтавата апранутых палячкоў няма, ангелец знік, спраўнік з прыставам таксама некуды падзеліся. Фогель цяжка падняўся. На стале, за якім сядзеў ангелец, стаяў гліняны кубак, з якога ён піў. Нешта пад'юджыла жандарскага афіцэра зазірнуць у гэты кубак.
На дне, на аселай пене было напісана — «Kastu's». Сон як рукой зняло, рэшткі хмелю імгненна выскачылі з галавы. Вось яно што! Адкуль ангелец ведае імя Каліноўскага? Што ён за
Капітан Фогель куляй выскачыў з карчмы.
6. Новыя згрызоты аканома
Ежы Ўрбановіч прачнуўся а дванаццатай. Успомніў учарашняе, соладка пацягнуўся. Як усё добра вырашылася з Аксанай. Але тут пан Ежы ўспомніў і Артура, патрыятычныя гутаркі, мяцежніцкі настрой, урэшце, спіс патрыётаў. Настрой адразу сапсаваўся.
Аканом падняўся, пахадзіў па пакоі. Чым больш ён успамінаў учарашні дзень, вечар, ноч, тым болей хмурнеў. Лепш бы жонка здрадзіла яму. Гэта лягчэй зразумець. Але дзеля Айчыны рызыкаваць дабрабытам — ці не занадта? Што надумалі! Дурні… Дурніца і дурань. Няхай бы яны цалаваліся, абдымаліся, жмякаліся — гэта натуральней выглядала б. Дзве маладыя закаханыя жывёліны. Але яны думаюць пра Бацькаўшчыну, пра незалежнасць краю, пра свабоду, пра волю… Хто, хто ўвёў ім у вушы такія крамольныя ідэі?!
Божа! Дзе той спіс шляхты, якая можа ўдзельнічаць у паўстанні? Ага, схаваў, нічога лепшага не прыдумаўшы, у старую паляўнічую кайстру, якая вісела без ужытку на сцяне паміж сякіх-такіх трафеяў. Тэрмінова перахаваць, крый Божа, знойдуць… Уварвецца жандар, той самы «патрыятычны» Фогель з вобыскам, знойдуць спіс, арыштуюць і яго самога, і людзей па спісе… Бязвінных, непасвячоных…
Што рабіць? Пацягнуў яго чорт за язык прызнавацца ў тым, што ён, аканом манкевіцкага землеўладання Ежы Ўрбановіч, наўпросты нашчадак франдзёра і напалеонаўскага прыслугача. Не, распаўсюджваць гэтую навіну не з рукі, а ўзяў ды і ляпнуў. Так вось неасцярожна. Неасцярожны, як бацька… Бацька рабіў неасцярожна, а цяпер невядома, дзе ягоныя костачкі. Каб жыў ціхамірна, меў бы цяпер восемдзесят гадоў, быў бы мудрым дзедам… Зрэшты, дзедам пакуль не, бо няма ўнукаў…
Успамін пра тое, што ў яго пакуль няма дзяцей, зусім засмуціў пана аканома. Ну, прапаў бацька. А цяпер вось гэтая неўтаймоўная моладзь лезе на расейскія багнеты. Сама лезе і падпіхвае яго, Ежы Ўрбановіча. Глупства, неапраўданае рызыканства. А ў яго ёсць усе шанцы прадоўжыць род, аднавіць яго. Будзе, будзе ў яго зямля, мноства зямлі, цэлы край можна, калі разумна дзейнічаць, прыбраць да рук. Капейка да капейкі, рубель да рубля, а там, глядзіш, і маёнтачак цішком прыкупіць. А тут нечая фантазія, закардоннае падбухторванне, што жывіцца няўрымслівай памяццю пра колішнія часы, якія навек спрахлі, ламаюць ягоныя планы. Наспела інсурэкцыя? Навошта? Дзеля чаго, калі ўсё і так само плыве ў рукі!
Што рабіць? Мо пані Цэцыля дасць рады?
Не, у яе нічога не спытаеш. Яна, як добрая старая паляўнічая гончая, пачула паляўнічы рог, хоць і без сілы, але стане рвацца ў бой. Для яе Польшча — гэта ў першую чаргу Міцкевіч, пельгрымства, збавенне ад пакутаў. Вось утахтурыў у галаву нехта ідэю, што польскі народ мусіць выпакутаваць сваю волю. Ды якая яна полька, калі зроду тут сядзіць. І прозвішча нават ніякае яе не Ўрбановіч, але Гурбановіч. Ці не з тых, колішніх літоўскіх татараў, Гурбановічаў?
«Нешта будзе», — заключыў аканом, уздыхнуў і пайшоў даваць распараджэнні па гаспадарцы.
Раздзел X. Прапагандыстыя
1. «Цар не ад Бога!»
Артур, як прачнуўся, нідзе не мог знайсці аканома. Пахадзіў па гаспадарскіх службах — няма. Што ж, час ісці дахаты. Усё-ткі слаўная вечарына адбылася, дала гэтулькі надзей на адраджэнне велічы і славы краю, штурхнула да спадзяванняў, што гонар уласны можа быць адваёваны, абаронены. І толькі купай, разам.
Пайшоў праз мястэчка, радасна вітаўся з сустрэчнымі. Усе яны цяпер не проста мяшчане — грамадзяне, браты. Кожны з іх хутка стане свабодным, вольным ад расейскага дэспатызму чалавекам.
Выйшаў за мястэчка, уздыхнуў на поўныя грудзі. Да чаго хораша, радасна! Прырода аж зіхацела: спявалі, галасілі шпакі і валасянкі, буяла трава ўзбоч дарогі. Добра, як добра, што гэтулькі цяпер у яго прыхільнікаў ягонай святой справы. Што ўжо жандарскі афіцэр — капітан Фогель, і ў таго выявілася не проста капяліна, а цэлая бруя патрыятызму. Як не скруціць царскаму арлу абедзве галавы з такімі людзьмі?
Чым бліжэй Артур падыходзіў да роднай сядзібы, тым менеў радасны настрой. І на гэта мелася свая прычына: як зрабіць, каб ягоны бацька, Купрыян Буевіч, стаўся ягоным прыхільнікам? Не такім, скажам, як Аксана ці яе муж-аканом, але хоць бы як прыстаў Вусаціха. Дагэтуль спрабаваў гаварыць, але бацька пакручваў галавой, казаў, што любы, хто ідзе супраць улады, — дурань.
— Мы не настолькі багатыя, каб выдурняцца, Артур. Добра, як у Сібір запратораць, гэта яшчэ паўбяды, тады ты — герой. А як пазбавяць зямлі, шляхецтва ды пойдзеш з торбамі, як Лушчыкі на Неўскім ходзяць?
Жыла ў іхняй мясцовасці шляхта, якая пасля падзей 30-х гадоў паехала ўсёй немалой сям'ёй у Пецярбург дабівацца праўды, там згалелі дарэшты, палавіна памерла, рэшта, каб не пухнуць з голаду, нанялася служыць. Што ж, страта гонару на чужыне не такая балючая, як у родным краі.
Што ж прыдумаць, каб заваяваць давер і прыхільнасць бацькі?
Дома Артур памыўся, змяніў бялізну і накіраваўся ў бацькаў пакой. Настрой меў рашучы.
Купрыян Буевіч з прычыны прыезду старэйшага сына ўжо некалькі дзён жыў суцішана, прыстойна. Нават наймічку Хрысцю адаслаў да бацькоў. Увесь вольны ад гаспадарскіх клопатаў час стары Буевіч, пачапіўшы на нос акуляры, разбіраў старыя літаратурныя альманахі. Рабіў ён гэта і зараз.
Калі сын увайшоў у пакой, стары Буевіч зірнуў на яго і, пэўна, не заўважыў, што сын мае нейкія свае досыць ваяўнічыя намеры.
— У эканоміі гасцяваў? — пацікавіўся бацька.
— Гасцяваў, — адказаў сын. — Хачу, тата, пагаварыць. Тата, пэўна, чулі, што зроблена досыць важнае навуковае адкрыццё пра паходжанне чалавека.
— Не, не чуў. Раскажы…
— Ну, калі коратка, вучоныя адкрылі, што чалавек паходзіць ад малпы, — узяў і вылажыў Артур.
— А малпа ад каго? — хітра прымружыўся стары Буевіч. Выспаны, бацька меў добры настрой.