Літоўскі воўк
Шрифт:
Ангелец, ці ва ўсякім разе чалавек, які выдаваў сябе за ангельца, парывіста схапіў келіх з віном і стаў піць, быццам гэты занятак мог згладзіць неспадзяванку. Момант быў востры, нечаканы. Шмат хто, лічы, амаль усе заўважылі, пачулі сказаныя словы, але як паводзіць сябе, як рэфлексаваць на гэтыя словы, не ведаў ніхто — усе былі збянтэжаныя.
— Вось што значыць — радзімы кут! — раптам гучна вымавіў Людовік з такім выглядам, нібы гэткую фразу толькі што казаў ён і цяпер паўтарае.
— Drink! — як бы каўтаючы склад, сказаў ангелец
— Пачакайце, — перапыніў чужапанца жандарскі афіцэр, зрабіўшы выгляд, што нічога не адбылося. — Пакуль дрынк, дык я скажу прамову.
4. Радавод жандара
Афіцэр падняў келіх, пастукаў нажом па шкле, хоць у гэтым не было патрэбы — усе і так маўчалі.
— Панове… Ведаеце, Прыпяць зліваецца з Дняпром. Я родам адтуль, з дняпроўскіх кручаў. Такім чынам, я — не масковец.
— А гэта адразу відаць, — сказаў Артур.
— Не перабівайце, хачу заявіць, што паколькі я не масковец…
Прыстаў зрабіў спробу запратэставаць, але жандар падняў на яго нож, маўляў, памаўчы.
— Заяўляю, што дзед майго дзеда, таксама Фогель, быў лепшым сябрам Рэйтана, наваградскага дэпутата на Варшаўскім сойме 1770 года.
— Рэйтан! — выклікнула пані Валеўская і запляскала ў ладкі. — То ж выбітны польскі патрыёт!
— Так, Рэйтан. Як і Рэйтан, мой прадзед належаў да патрыётаў краю. Укаранёны немец, не быў вуніятам ні з праваслаўных…
— Вера не вызначае патрыятызм! — крыкнуў Артур.
— Згодзен, патрыятызм да рэлігіі мае ўскосныя адносіны… Каб вы ведалі, — голас жандара дрыгнуў, — ён расказваў майму бацьку, як Рэйтан падаў у дзвярах падчас сумнавядомых падзей…
— Вы маеце на ўвазе Таргавіцкую канфедэрацыю? — удакладніў Бароўскі.
— Так. Калі Рэйтан патрыёт, мой дзед патрыёт, як вы дапускаеце, што я, іхні крэўны сваяк, не магу быць патрыётам?
— Але што вы разумееце пад патрыятызмам? — спыталася варшаўская красуня, якой, відаць, хацелася чуць і чуць пра патрыятызм тут, сярод палескай роўнядзі, далёка ад цывілізацыі…
— Тое самае, што разумелі пад ім і дзед, і бацька… — сціпла прамовіў жандар.
— То значыць — любоў да радзімы і нянавісць да ўзурпатара? — падказала пані Валеўская.
— Зрэшты, так…
— Брава пану! — крыкнула полька.
Цэцыліны дзяўчаты запляскалі ў ладкі.
— Я разумею, што мы далучаныя да расейскай кароны… Што мы — забраны край… Але — то мінуўшчына, — Фогель расчуліўся. Голас яго перарываўся. — Вы не зусім мяне правільна зразумелі… — Капітан пазіркваў то на прыстава, то на спраўніка. — Панове… хвіліначку, гэта было жыццё, гэтак тварылася гісторыя. Цяпер іншы час, іншыя абставіны… — Голас жандара асекся, ён пракаўтнуў набеглыя слёзы. — Ці варта, ці варта… Выбачайце, панове, пачуцці…
Ён яшчэ хацеў нешта сказаць, патлумачыць, але яму не далі гаварыць. Жандар сеў, дастаў
Цяпер яму ніхто не перашкаджаў і ён з месца гучна праказаў:
— Думаю толькі адно — мы не палякі.
Слабенькія апладысменты былі ўзнагародай Фогелю. І то пляскалі толькі спраўнік і прыстаў.
— Не палякі, так! — крыкнула адна з Цэцыліных дзяўчат. — Але і не рускія.
— Ціха, нягжэчна перабіваць… — цыкнула на дзяўчат маці. — І што за «не палякі»? А хто мы тады?
— Прашу прабачыць, — даволі цвёрда праказаў капітан жандармерыі Фогель. — Уся гісторыя краю сведчыць пра тое, што мы — не зусім рускія, не расейцы.
— Гэтую дурату з галавы належна вычысціць, — абвясціў прыстаў. — Што яшчэ за «нярускія»?
— Ну цішэй вы, — змусіла яго маўчаць Аксана, якая дагэтуль трымалася ў цяні.
Нечакана загаварыў стары Бароўскі. Ён відавочна хацеў згладзіць усе рэзкасці і непрыемнасці, якія маглі ўзнікнуць ад прызнання Фогеля.
— Ці варта варушыць старое? Якая розніца, пад якой каронай жыць: аднагаловай ці двухгаловай? Прыйдуць новыя, нашыя дзеці. Што забудзецца, а што — не. Шмат новай бяды наробіцца, але ж застануцца ў сваіх рэчышчах наша родная Прыпяць і ваш родны Дняпро, адкуль вы, наколькі мне вядома, родам. Застануцца бары і лясы, застануцца хацінкі, фальваркі, маёнткі, і ў кожным — род, люд… Якога не перакруціць ні на польскі лад, ні на расейскі, маю на ўвазе, маскоўскі манер… Чалавечую натуру як ні круці… Бо прырода… Як гэтыя во… вожыкі…
І ў старога Бароўскага пайшла ў ход насоўка.
— Дык мы мусім быць незалежнымі і вольнымі. Нам не хочацца расейскага цара… — узяў раптам і сказаў сваё слова Артур. — Чым хутчэй, тым лепей…
— Крамола, панове, крамола! — толькі і змог сказаць спраўнік.
— Любоў да радзімы — не крамола! — выгукнула Аксана.
— Ціха, любачка, не гарачыся… — стрымаў жонку пан Урбановіч.
Добра, што гэтыя словы прамоўлены пад шум, плясканне ў ладкі.
— Згодзен — не крамола! — згадзіўся спраўнік, і ўсе закрычалі «віват», быццам святкуючы перамогу над апошнім апазіцыянерам за сталом.
— Мы — ліцвіны! — праказаў спраўнік. — Мы ліцвіны і занадта шчырыя людзі. Усё шчыра робім. Гасцей сустракаем — шчыра, у Бога верым — шчыра. Цару служым — таксама шчыра. Усё шчыра робім. Колісь палякаў палюбілі — вось ужо шчырасць была. Усяго свайго адракліся. Вось узяць маіх…
Спраўнік узяўся гучна расказваць жандару пра сваіх продкаў, выводзячы іх з праваслаўнай шляхты, якая жыла на Гарадзеншчыне, недзе пад Сувалкамі. Пабылі і вуніятамі, і каталікамі парабіліся.
З'явілася гітара. Ігралі па чарзе пан Бароўскі, Аксана. Узяла гітару і пані Валеўская. Гітара слаба слухалася яе пальцаў, але спявала яна выдатна і, вядома, нешта патрыятычнае. Праўда, словаў яе песні з моладзі ніхто не ведаў.