Літоўскі воўк
Шрифт:
Тое, што чакаў пан аканом, і адбылося. Ганна, калі ўбачыла крыўдзіцеля, нема раўнула. Ды так дзіка, што пан Урбановіч кінуўся да дзвярэй, быццам хацеў прыкрыць іх уласным целам, каб не было чуваць знадворку. Але енк нечакана сціх. І так стала ціха, што пан Ежы таксама спалохаўся. Прыклаў вуха да дзвярэй. Нічога не чуваць. Прыслухаўся, ледзь расчуў, як Ганна выдыхнула:
— Ты… Ты ж казаў, што любіш мяне…
Тут пачуўся гучны пляск. Такі гук можа быць, калі чалавека пляскаюць у твар наводліў. Мондрык біць дзяўчыну не мог. Выходзіць, Ганна ўдарыла Мондрыка. З усяе сілы. Урбановіч пацёр лоб. Ясна, што біць павінна была
Тым часам фурман грукнуўся каленкамі на падлогу.
— Ганначко!
Пачуўся гучны пляск. З адцяжкай.
— Ты ведаеш, хаме, што я… штаны ўмачыла. Як ты бізуном ударыў… — праказала Ганна.
— Выбач, Ганулько! Я ж не вінаваты, што ў шляхцянак заведзена ў штанах летам хадзіць… — не адчуваючы за сабой віны, балбатаў Мондрык. У ягоным голасе чулася нават іронія, лёгкі прыхаваны здзек.
— На табе… Хам!
Аканом аж уздрыгнуў ад гуку ўдару.
— Мілая… — прастагнаў Мондрык.
«Мілая» яшчэ раз ляснула Мондрыка. Але не наводліў, лягчэй.
— Хочаш, прынясу бізун… Вернеш спаўна, што я табе даў…
«Умачылася, але не прызналася… Вось што значыць парода! — думаў пан Ежы з пачуццём невымернай віны. Каленкі ў яго трэсліся. — Гэта шляхта! Недарэмна стары Вабішчэвіч дамагаецца свайго… Эх, не даможацца… З торбамі пойдуць… Не надумала б яна і мяне таго… Пару разоў свіснуць…»
Аканом прыслухаўся. Нічога не чуваць. Яму карцела паглядзець, што ж там адбываецца за дзвярыма. Пачуў толькі цмоканне, усхліпванне, лёгкую валтузню.
«Мірацца… Слава табе, Усявышні», — аблегчана ўздыхнуў аканом, павярнуўся і пайшоў прэч.
«Пойдуць з торбамі, але гонару не страцяць… Гэта як у Дастаеўскага… Во адкуль ногі растуць у гэтага маскоўскага гардзякі… Ад тутэйшай шляхты…»
У тую раніцу, калі ў лазні аканомаў прыслугач Мондрык абдымаў і цалаваў знявечаную і абражаную дзяўчыну, на беразе Гарыні млявелі ад шчасця чыстай і незаплямленай маладосці маладыя людзі. Далёка адсюль, недзе ў марослівым Пецярбургу цар Аляксандар II ламаў галаву, як быць з чарговай палюбоўніцай. У другім жа баку свету, далёка на поўдзень і на ўсход, пад Каўказ, на чэчэнскіх пагорках пільна сачылі маладыя, з цёмнымі-цёмнымі няскоранымі вачамі чэчэны за сівавусымі расейскімі жаўнерамі… Там, над тымі чэчэнскімі пагоркамі, сонца даўно ўстала, а тут, над Гарынню, толькі-толькі паднімалася. Але святло ягонае бачылі ўсе: і цар-бацюхна ў Пецярбургу, і маладыя чэчэны, і сівавусыя расейскія жаўнеры, і нашы маладыя героі над ракой. І свет, і святло былі, жылі…
Зрэшты, ці мала што дзе па свеце рабілася, а дзяўчына Ганна шляхотнага стану з Заходняга Палесся была адзінай жанчынай на свеце, перад якой у адну раніцу поўзалі ракам і прасілі прабачэння ажно двое мужчын.
Напраўду, ліцвіны — шчырыя людзі.
Раздзел IX. Піва Гінеса
1. Ураган за тонкай сцяной
Пані Цэцыля прывыкла ў сваім маёнтку класціся рана, амаль з курамі. Застолле так стаміла яе, што яна ледзь дачакалася моманту, калі можна застацца адной, з задавальненнем выцягнуцца ва ўвесь рост і паволі патануць у сне.
Начаваць ёй прызначана ў невялікім флігелі ў глыбіні парку. У тым флігелі яна
Пані незаўважна адстала ад маладой кампаніі і стомлена патэпала да флігеля. Цяжкавата без пакаёўкі раздзецца. Пані доўга валтузілася з кручочкамі, аплікамі, матузкамі, гузічкамі. Нарэшце легла і паволі, як усе пажылыя людзі, пачала правальвацца ў сон. Трэск неабмятага свежага сена, якое аблягала пад цяжарам цела, не перашкаджаў. Вось перад вачамі ўзнікла карціна яснага сонечнага дня, пачуліся сялянскія песні, далёкія галасы.
— Гэта застанецца выключна маёй тайнай… — гучаў мужчынскі голас.
— Я буду вернай спадарожніцай вашай тайны, — адказваў яму жаночы. — Але, як да патрыёта, да рыцара свабоды, дазвольце мне мець свае ўласныя пачуцці.
— Адношуся да пачуццяў паненкі з шанаваннем…
— Толькі і ўсяго?
Пані Цэцыля разумела, што галасы, якія яна чула, — гэта праява сну, але чаму яны напоўнены такімі выразнымі інтанацыямі, якіх у сне не бывае? Мала таго, галасы, асабліва голас жанчыны, жыва напаміналі пра людзей, з якімі пані Цэцыля пазнаёмілася толькі сёння, а гэта рэдка бывае, калі толькі пазнаёмішся з чалавекам і тут яго і сасніш.
— Я ў шаленстве, калі вы не хочаце ўбачыць ува мне жанчыну!
Пані Цэцыля расплюшчыла вочы. Гэта ж голас пыхлівай варшавянкі Валеўскай!
— Маё сэрца належыць… другой.
«А мужчына — ці не ангелец? Чаму ён па-польску гаворыць… За вячэрай ані слова не сказаў», — падумала пані Цэцыля. Яе сон як рукой зняло.
— Другой жанчыне? Вы нічога не расказвалі мне пра яе. Раскажыце…
Нельга не пазнаць поўны і чысты голас Валеўскай. Пані Цэцыля зразумела, што трапіла ў нявыкрутку: флігель раздзелены на палавіны, і ў другой палавіне начавалі іншыя людзі. Тое, што рабілася між імі, цалкам іхняя справа, але быць сведкай, няхай сабе і міжвольнай, гэтай справы пані Цэцыля не хацела. Яна намерылася ўстаць, каб ціхенька апрануцца і пайсці. Сена гучна затрашчала пад ёю, галасы за драўлянай сцяной сціхлі. Заціхла, перастала варушыцца і пані Цэцыля.
— Ці можна ўведаць імя гэтай шчаслівіцы? — зноў пачуўся голас Валеўскай.
— Вы хутка пра гэта даведаецеся… — адказаў мужчына.
— О, мой каханы… Вы малады, здаровы, чысты, светлы. Ідэёвы, у рэшце рэшт…
Гэта быў не голас, але стогн. Пані Цэцыля пачырванела. Падслухоўваць чужыя размовы ой як нягжэчна! Гэта — па-першае, па-другое — яна баялася, што ў суседнім пакойчыку вось-вось што-небудзь пачнецца, які-небудзь такі ўраган пачуццяў, якога яна не вытрымае і тут, за сцяной. Яна можа, напрыклад, страціць прытомнасць… Адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі лічыла найвялікшай святыняй, таму быць сведкай гэтых адносін, няхай сабе і выпадковай, — грэх, найвялікшы грэх. Але як пайсці адсюль, калі сена гэтак трашчыць.
— Выбачайце, пані Валеўска. Яшчэ ў Польшчы я зразумеў, што вы ніякая не патрыётка, не вандроўніца…
— А хто ж я?
— Вы — звычайная расейская шпіёнка.
— Што?!
Пані Цэцыля накрыла галаву адразу дзвюма падушкамі, але і пад падушкамі яна чула галасы мужчыны і жанчыны.
— Выбачайце, вы — прайдзісветка. Яны могуць быць сярод полек, расеек, беларусак…
— Не, я люблю цябе, мой любы, харошы. Як жа зваць вашу абранніцу, пане Каліноўскі?
— Беларусь, а як жа яшчэ…