Літоўскі воўк
Шрифт:
Гэтым пытаннем паспрабаваў перабіць Аксаніну цікаўнасць. Не хацелася расказваць, што ўцекачамі, а значыць, падбухторшчыкамі былі, уласна, Артур і прыезджы ангелец. Калі расказаць гэта, тады належна расказваць і пра зброю. Ці не звязана з імі сама Аксана, раз Артур ёй цыдулку перадае?
— Дык як правільна: шляхціч ці шляхціц?
Ганна і Аксана перазірнуліся. Не ведаюць. Урбановіч шалясцеў газетай, не адзываўся.
— Вось бы з'ездзіць на возера Свіцязь… Сустрэцца з Верашчакамі… — сказаў Ясь.
— Якое наіўнае хлапчо, — скрывілася Ганна. — Верашчакі — магнацкі род, а мы — шарачковыя.
— Такі ўжо і магнацкі… —
— Дык што? Верашчакі нас і блізка не падпусцяць? — насцярожыўся Ясь. Яму карцела распытаць пра радзіну Міцкевіча, творы якога нядаўна прачытаў.
— Гэта па-першае… — У сваю чаргу не звярнуў увагі на словы меншага брата пан аканом. — Па-другое, у краі неспакойна… Па дарогах жандары… А яны не чыкаюцца з рознага роду асобамі, якія туды-сюды швэндаюцца. Ганна, будзь ласкава, прынясі кавы.
Пакуль Ганна гатавала каву, маўчалі. Слова «швэндаюцца» было адрасавана Ясю, ён гэта адчуў, зразумеў, на што намякаў аканом, таму адразу насупіўся. Ясь не згаджаўся ісці працаваць у эканомію.
Пакаёўка ўрачыста ўнесла тацру, трымала яе высока, на ўзроўні грудзей, удыхала пару ад філіжанак і ўдавала, быццам зараз страціць прытомнасць ад водару кавы. Аксана прыняла з яе рук каву… Яны, Ганна і Аксана, роўныя ростам, вабныя з твару, як з карцінкі. Толькі Ганна ў хустцы, як просталюдзінка.
«Чаму я не закахаўся ў адну з іх, — падумаў Кавалец. — Гора не ведаў бы… А то гэтая Налётка… Фанабэрыстая, з мухамі ў носе. Прысох. І грэшна, і так соладка…»
— Што, братка, — сказаў пан аканом, звяртаючыся да Яся, — каву рэдка п'еш?
— Ну чаму? — паціснуў плячыма Ясь. — Бывае… Але дорага, халера.
— Давай без халераў… — зрабіў заўвагу аканом. — Гэта вядома, што дорага. Яна нам дарагая. А рэч у паўднёвых краінах звычайная. Слухай, Ганна, чаму толькі тры кавы? — сурова глянуў на Ганну. — Дзе чацвёртая?
— Каму, васпане?
— Табе! Што за плябейшчына? Колькі разоў казаць: ты не пакаёўкай сюды ўзята. Ты — Аксаніна каляжанка. Разумееш?
— Я… Я не хачу кавы, пан Ежы, — сказала Ганна. — Яна горкая…
— У семінарыі давялося папіць той кавы… Ды паесці «германцаў» — падсмажанага хлеба, — сказаў Ясь, каб перайначыць гутарку. — Толькі хале… гэта, яна нам рабілася з жалудоў. Тамтэйшыя жыды мелюць жалуды і падмешваюць у тую каву…
— Як падсвінакам… — пырснула Ганна.
Аканом сурова глянуў на Ганну, і дзяўчына закрыла рот ражком хусткі.
— Кава з жалудоў — выдатная рэч, — сказаў аканом. — Ачышчае печань. Па мне, я б піў каву толькі з цыкорыі ды жалудоў і не плаціў бы данцыгскім жыдам золатам.
«Як перадаць цыдулку? — падумаў Ясь. — З рукі ў руку? Каб не заўважыў Урбановіч. Муж усё-ткі…»
Пан аканом выпіў каву, далікатна прамакнуў вусны хустачкай, зноў заняўся газетай… Ну, шалясці, шалясці…
Ясь падняўся, каб узяць кнігі, і ў гэты момант, трымаючы палец на вуснах, перадаў і цыдулку.
6. Згрызоты абражанай душы
Увечары аканом Манкевіцкага землеўладання пайшоў развітвацца з жонкай нанач, а тады і заўважыў, як сужэніца сморгнула рукой пад столік.
Яшчэ момант:
Аканом сказаў, што калі пані Аксана адпускае, то Ганна можа ісці. Тады адпрошванне не падалося падазроным. Ну якія падазрэнні могуць быць?! Ганна і Аксана раслі разам, жылі душа ў душу. Зразумела, былі ў іх свае сакрэты. Скажам, падлогі мылі разам, памагаючы старой наймічцы. Або разам вучыліся ў аканомавага кухара Гаўрыка гатаваць. І ўсё гэта было ў выглядзе гульні, хаваліся ад яго, аканома, таіліся, баяліся, што будзе сварыцца.
Змест знойдзенай у Ганны цыдулкі не гульня. Да гэтага не паставішся несур'ёзна. Здрада — гэта яшчэ што паробіш, а калі проста распуста, жаданне балаўства?
Прадчуванні былі кепскімі. Успомніўся сон пра лісіцу. Быццам едзе санна з абозам рыбы. А вакол саней бегае ліса, чырвоная, з чорнымі лапкамі… Хаваецца па кусточках, нюшкуе паветра — рыбу чуе… Мужыкі прасілі застрэліць, — якраз і стрэльба была. Адмовіў, сказаў, што лісіца — то частка Божае прыроды, страляць няможна. Мужыкі шчэрыліся ад панскага дзівацтва. Па-іхняму, ліса для таго і ліса, каб застрэліць пані на каўнер.
Папытаў раніцай у фурмана Мондрыка, што значыць, калі сасніш лісу.
— Падман, васпане, — адказаў прыслугач. — Падман і здрада.
Сказаў і непрыгожа ашчэрыўся. Калі аканом пайшоў да пані Аксаны развітацца нанач і заўважыў, як жонка смыкнула рукой, адразу ўспомнілася лісіца. Прыгожая і здрадлівая…
Як падман выкрыўся — Ганну злавілі з цыдулкай, — Урбановічу палегчала. Так бывае заўжды, калі нядобрыя прадчуванні спраўджваюцца. Палегчала, але потым схапіўся за галаву! Што рабіць з маладой, прывабнай, хутчэй пыхлівай, чым ганарлівай шляхцянкай са збяднелага роду? Можа, ён памыліўся, калі выбраў занадта маладую? Але каго браць тады? Са старых дзевак засталіся толькі няўклюды, бо ўсе добрыя даўно пабраныя. Калі іншыя жаніліся, ён вучыўся, служыў, дабіваўся пасадаў. Што яму заставалася рабіць, на добры розум, у сорак пяць гадоў? Не жаніцца зусім? Але пра сям'ю толькі і марылася, дзеля яе будавалася кар'ера, дзеля яе прыніжаўся, цярпеў…
Пан Урбановіч пакутліва перабіраў у памяці ўсіх ваколічных маладых людзей, хто мог быць выбраннікам Аксаны. Першы, хто прыйшоў на розум, — дзіўны настаўнік, выпісаны з Расеі, — Арыстоклій Дастоеўскі… Хм. Адно імя чаго варта. Але настаўнік адпрасіўся ў Вільню купляць падручнікі, а таму Аксана не магла яму пісаць палюбоўную цыдулку. Далей чамусьці прыляпіўся Ясь Кавалец, брат па матцы. Часцей ад усіх бываў тут. Грамату ведае, шрайбае вершы. Па-расейску… Яму не паказваў, але вось Аксане даверыўся… Ці магла Аксана закахацца ў мужычага сына, хоць ён хлопец відны, плячысты, румяны. Нахапаўся французскіх фразаў, кнігі чытае і па-польску, і па-расейску. Сябруюць, бо разам выраслі, у адной вадзе купаны, па адных лужках бегалі… Хм, хм… У адных копах качаліся. Не, Кавалец смаркач яшчэ. Ну які з Кавальца каханак пані Аксаны? Па-першае, на братаву не паквапіцца, не адважыцца, па-другое — замалады, на гады чатыры маладзейшы. Куды яму… Ды і бесталковы… З семінарыі выгналі, у Маскве не змог быць… У семінарыю не ўзялі назад, дарэмна толькі грошы ўпаліў, падмазваючы каго трэба. О, братка, тут жыццё пражыві, каб у людзі выбіцца, даслужыцца. Не любіш кланяцца, жыццё прымусіць.