Літоўскі воўк
Шрифт:
Сказана — зроблена. Скрынку завалаклі за хмызы, знайшлі мокрае месца і прыхавалі — прыкідалі гразёю, прыграблі лісцем. Цягалі-шчыравалі Бароўскі і Кавалец, а Стасік цікаваў, каб не заўважылі жандары…
Калі цягнулі скрынку, разумелі, што можа быць у ёй. Ні на секунду не сумняваліся, што там — зброя. І для чаго гэтая зброя, таксама ведалі.
Толькі паспелі Буевіч-меншы і Бароўскі вярнуцца з хмызоў, як пад'ехалі жандары. Другую скрынку схаваць не паспелі.
— «Здравствуй, племя младое, незнакомое». Чые будзеце? — весела крыкнуў жандарскі афіцэр.
Ён
Гімназісты паназывалі імёны. Кавалец змаўчаў. У зношаным сурдуце з касцянымі патрэсканымі гузікамі выглядаў Бог ведама на каго.
— А гэта… чый чалавек? — спытаўся жандар у гімназістаў.
— Я не чый чалавек, — запярэчыў Ясь, — я — Іяан Кавалец.
У голасе юнака прагучэлі і гонар, і крыўда. Жандар ажывіўся, угледзеўся ў хлопца.
— О-го! Якая фанабэрыя! Іяан?! Ці не сынок таго Кавальца, што ў казённай пушчы гаспадарыць… — Міна добразычлівасці сышла з твару капітана Фогеля. — Знайду я на вас управу…
— Чым васпана ўгневаў? — коса зіркнуў Ясь.
— Паглядзіце на яго. Зіркае, як воўк. Думаеш, калі маці твая шляхцянка, то маеш права так зіркаць?
Конь пад жандарам крутануўся, і мусова было тузануць жывёлу за ўздэчку. Ад гэтага конь ледзь не стаў на дыбкі.
— Тпру! Халера, — крыкнуў капітан, асаджваючы каня. — Не забывайся. Ты — селянін. Да нядаўняга твой бацька лічыўся халопам пана Ліпскага…
— Яшчэ невядома, чыім халопам вашыя…
— Што-о?! — равянуў жандар, і Кавалец асекся. — Глядзі ў мяне. — Жандар прыгразіў плёткай. — Што ў вас тут за скрынка?
Ясь апусціў галаву, закусіў вусны. Ці першы раз церпіць крыўду? Добра, што хоць байструком не абзываюць.
— І заступнік твой, пан Урбановіч, не дапаможа, калі ўлаўлю каторы раз у пушчы са стрэльбай, — з робленым, наўмысным гневам прамовіў жандар, быццам усё не мог супакоіцца. — Гм, Урбановіч таксама невялікая шышка… Не ён гаспадар, гм. Ён толькі ўпраўляе казённым землеўладаннем. І не мае права дазваляць паляванне…
Капітан саскочыў з каня.
— Дык пытаюся — чыя скрынка?
Хлопцы паціснулі плячамі.
— Твая? — насупіў бровы жандар, гледзячы на Яся.
Вядома, ён ведаў, чыя скрынка, — увесь груз належаў Урбановічу, але хацелася прычапіцца.
— Не-е, — адказаў Ясь. — Таго спадара з ландары, чужапанца.
Жандар пастукаў дзяржальнам плёткі па вечку, абышоў вазок.
— «Спадара з ландары», — перакрывіў Яся. — Падыміце вечка…
Стасік ад хвалявання чамусьці засвістаў, Людовік стаў натужна кашляць. Адзін з жандараў палашом падкалупнуў дошку. Юнакі, усе трое, перазірнуліся. Вечка вось-вось падымуць… Што будзе? Калі там зброя, тады Ўрбановіча і Артура… арыштуюць. Несумненна, яны ўдзельнічаюць у нейкай змове, пэўна — у інсурэкцыі… Гэта — Сібір…
Пад вечкам было грубае сукно, пад сукном — укручаныя ў вашчоную паперу бліскучыя прычындалы, складзеная трынога, футаралы. І паўсюль насыпаны вылітыя са свінцу шарыкі.
— Хм, — здзівіўся жандар, пакручваючы ў пальцах шарык. — Гэта што? Куля? Га?
Студэнты
Жандар спытаўся ў яго, што ў скрыні. Буевіч таксама паціснуў плячыма.
— Гм, раз гэта вязуць пану Ўрбановічу, гм, — сказаў жандар са сваім звыклым гмыканнем, — гэта нешта павінна быць. Але што? Наколькі хапае мазгоў, рыхтык нейкая аптычная прылада… Навошта свінцовыя шарыкі? Хм, ці, можа, машынка якая для хуткаснай страляніны… Паклічце сюды гэтага брытанскага аўсаеда!
Прыйшоў і ангелец, а за ім паненка. Буевіч пераклаў ангельцу, што пан афіцэр патрабуе тлумачэнняў, што за прычындалле ў скрыні. Чужапанец раззлавана стаў нешта гаварыць.
— Калі я не зразумею, што гэта, канфіскую! — заявіў капітан Фогель.
Артур пераклаў, ангелец забурчэў, дастаў са скрынкі трыногу, раскарачыў яе, прыладзіў наверх трубу, прышрубаваў ручку, уставіў у вялікую трубу меншую, прыкруціў да яе знізу бліскучую штучку з футарала. Накіраваў трубу на паўднёвы захад, дзе светла-залатым карасём выплывала з зялёна-блакітнай мулі вячэрніх нябёсаў поўня… Ангелец доўга круціў колца на бліскучай штучцы.
— Please… — жэстам прапанаваў капітану паглядзець у трубу.
Жандар, як звычайна не хмыкнуўшы, зазірнуў у акуляр, зморшчыў нос, зірнуў на тое месца, куды толькі што глядзеў праз трубу. Зноў прынік да акуляра. Дзіўны меў выгляд — увесь утрапёны ў адно, толькі вусікі тырчэлі. Вось жандар працягнуў руку, не адрываючыся, мацнуў паветра.
— Гм, — праказаў, варушачы вусамі. — Месяц дзіравы, як сыр. Ямкі на ім, уга-га!
— Дайце і мне зірнуць, — сказаў Буевіч.
За ім у чаргу сталі Стасік, Бароўскі, Кавалец, некалькі жандараў, але жандарскі афіцэр не адыходзіўся, усё круціў ручкай наводкі на рэзкасць…
— Ах, Божа ж ты, Божа! Ваісціну Тварэц! Колькі жыву, такога не бачыў… Там жа горы! Сапраўдныя горы, даліны…
Ад захаплення жандар расчырванеўся. Зноў глядзеў на месяц то проста вачамі, то ў тэлескоп, вохкаў, цмокаў…
Нарэшце адышоўся, дастаў насоўку, стаў чысціць нос, смаркацца. Гэтым часам па чарзе зірнулі ў тэлескоп Буевіч-старэйшы, Стасік, Бароўскі, а Кавальца цікаўныя жандары сілком адцягнулі ад тэлескопа — ён глядзеў, глядзеў і не мог наглядзецца. А калі адцягнулі — на вачах хлопца макрэлі сцежкі ад слёз. Потым глядзела паненка, потым па чарзе жандары, зноў Кавалец. Падышоў глянуць і фурман ландары. Глянуў і адхіснуўся — спужаўся, схапіўся за галаву. Вось чаму развохкаўся жандарскі афіцэр! На месяцы, як на зямлі…
— Пэўна, там і балоты, там і рэкі… — прамовіў Кавалец.
І доўга яшчэ глядзелі на Палескім тракце пасярод балота ў тэлескоп жандары і спадарожныя, наводзілі то на зоркі, то на месяц, то шукалі Венеру, Марс, Юпітэр…
Навокал кракталі жабкі, дралі горла драчы, на далёкіх, забытых Богам хутаранскіх палетках галасілі перапёлкі, свісталі крыллем у звечарэлым паветры дзікія качкі, а над усім гэтым уладарна ўсходзіла чыстая, раўнакруглая, цяпер ужо ўся белая царыца-поўня.