Літоўскі воўк
Шрифт:
— Адкуль ты ведаеш? — Кавалец коса зірнуў на Стасіка.
— Я, братко, усё ведаю, — самазадаволена праказаў Стасік.
— Урбановічыха растрындзела? — не адставаў Кавалец. — Прызнавайся, насач!
— Ну ты! — павысіў голас Стасік. — Яна шляхетная пані, а ты — трындзець… Бядуеш, што няўдалы верш згарадзіў. Ды яшчэ, хі-хі, гекзаметр!
— Вось, асталоп, прычапіўся! — буркнуў Кавалец.
— Я асталоп? У-у, святун, свяцька, святух… — стаў дражніцца Стасік.
— Насач, насач польскі! — урэзаў Кавалец.
— Святун, святун… Семінарыст недавучаны,
— Польска дупа! — крыў Кавалец.
— Ды хопіць вам, абармоты! — не вытрымаў Людовік.
— А чаго ён, грубіян гэткі… — пакрыўджана стаў апраўдвацца Стасік. — Хам ёсць хам…
Кавалец тузануў лейцы, спыніў каня і сказаў са злосцю:
— За хама — злазь.
— І злезу. — Стасік спрытна саскочыў з вазка і пайшоў пешшу.
Клунак ягоны і сакваяж усё ж заставаліся ў вазку.
Абапал дарогі пайшоў сасняк, забялелі бярозы, востра запахла жытлом: дымам, гноем. Сярод бярозак з'явіўся раптам на дарозе шэра-зялёны праваслаўны крыж, абвязаны ручнічкамі, далёка між дрэў замільгалі шэрыя стрэхі, неўзабаве з'явілася і першая хата.
Будыніну цяжка было назваць хатай — яна распаўзлася па вуглах, толькі салома наверсе свежая. Ад вуліцы хата адгароджана свежаабчэсанай альховай, а таму аранжава-чырвонай крывой жардзінай. На падворку, за жардзінай, стаяла вялікае, неахайна абстрыжанае дзіця ў адной сарочцы, на прызбе грэлася на сонейку старая жанчына. Чорненькія куркі з вялікімі чырвонымі грабянямі клявалі старэчу ў руку. Пасярод двара стаяў, шырока расставіўшы ногі, карчаваты селянін і ладзіў касу. Калі ўбачыў вазок, няўцямна заўсміхаўся, стаў ківаць галавой у знак прывітання. Дзіця ад сораму, што без штаноў, прысела і нацягнула сарочку на калені.
— Гэта і ёсць, Ясю, твой прадухт? — паказаў вачамі на селяніна Стасік. — Яму трэба пашпарт? У Вену з'ездзіць ці ў Парыж?
— А што ён там забыўся? — спытаўся Кавалец.
— Ён нам дзівіцца, а як ён рот разявіць на карэту з фрэндзлямі, га?
— Мо ён і ракам перад ёй стане, што з гэтага? — агрызнуўся Кавалец.
— Людовік! — усклікнуў Стасік. — Спыні ты гэтага хама. Праўду кажуць: калі з пана пан, то пан, а як з хама пан…
— Ды табе самому зараз у морду дам! — раптам ускіпеў Людовік. — Што ты ўсё папракаеш, што ён з мужыкоў? Вінаваты ён, што бацька мужык?
— А чаго ён…
— Маўчы! — крыкнуў Людовік. — А то зараз выкіну і клункі твае… Пойдзеш дадому пехам…
— Ён павінен быць прыстойным. У яго маці шляхцянка! — не здаваўся Стасік. — Кроў у яго наша, высакародная…
— Глупства гэта ўсё. Кроў у людзей аднаго колеру — чырвоная…
Незадаволены грубасцю, на гэты раз Бароўскага, Стасік адстаў. Праехалі ўсю вёску. Стрэчныя сяляне ў кучомках, насунутых на самыя вочы, і жанчыны, захінутыя бруднымі хусткамі, хоць было лета, сыходзілі з дарогі і згіналіся ў паклонах. У тварах у насельнікаў гэтай забытай цывілізацыяй вёскі адчувалася нейкая немарасць і зблажэнне. Усе хаты абраслі лебядой, лебяда расла нават на саламяных стрэхах. Толькі адна хата была новая, яшчэ мо і не абжытая, — на вільчыку вісела забітая сарока, —
— Гэтым пашпарт трэба, — абрадаваўся Людовік. — Гэта — патэнцыйныя грамадзяне.
— Усё роўна ім далёка да пана, які ў ландары сядзіць, — адазваўся Стасік. — Па ўсім відаць, што варшавянін…
— І па чым гэта відаць? — засумняваўся Людовік. — Паненка — чыстая полька. Так сакатала ў Пінску, што ні слова не зразумець… Цікава, хто яна гэтаму пану?
— Хлопцы, а калі гэта… любоўная пара? Падарожнічае інкогніта? Га? — спытаў Стасік і наблізіўся да вазка. Вёрз ён лухту, бо хацеў паддобрыцца і залезці ў вазок.
— Я пашпарт ягоны бачыў, — адзначыў Кавалец. — Ён не расейскае кароны падданы — вось што.
— Ён на шведа падобны, — заявіў Стасік.
— А ты шведа жывога хоць бачыў? — кусліва спытаўся Кавалец.
— Вось маскоўская варона, — абразіўся Стасік. — Я так кажу. Адным словам — чужапанец. Але ж паненка, халера ясна, і прыгожая.
— А ты яе бачыў? — не змаўчаў, падпусціў шпільку і Людовік. — Яна ж вуалькай закрыта. Бровы толькі і відаць. Ды густыя, як прыклееныя…
— Дапусцім, броўкі ў яе загустыя, але ж гэта так пікантна…
Вёску праехалі, за вазком накульгваў кудлаты чорны сабака. Ён, відаць, нечым правініўся і цяпер шукаў новых гаспадароў. Ясь крыкнуў на сабаку, каб ішоў прэч. Сабака спыніўся, пакрыўджана апусціў галаву.
— Ясь, — запытаўся Стасік, з відавочным жаданнем паддобрыцца, — ці то праўда, што пан аканом выпісаў з Галандыі індыка незвычайнай пароды?
— Праўда… — лагодна, прымаючы Стасікава прымірэнне, адказаў Кавалец. — Вунь у клетцы… Такі ж больбат, як і ты. Ну што глядзіш, як жаба з цэбра, сядай!
Стасік толькі і чакаў гэтага — гэпнуўся ў вазок. Абразу прапусціў міма вушэй.
Насамрэч, да ландары паверх дарожных куфраў была прывязана клетка, у якой сядзеў белы надзьмуты індык. Сярдзіты пан проста тросся над гэтым індыком. Калі карэта запынялася, ён вылазіў і карміў птушку нечым з мяшэчка.
Лес парадзеў, пачалося балота, выехалі на гаць. Колы застукалі па бярвенцах.
— Тут ландара і сядзе, — адзначыў Ясь, азіраючыся. — Тут, браткі, і я, як сюды ехаў, памучыўся…
Ландара ўгрузла адразу, як толькі коні сталі перабіраць нагамі, нібы па клавіятуры, па бярвенцах. Фурман свіснуў пугай. Коні рванулі. Крэк!
Мужчыны выйшлі з карэты, падцягнуліся да яе і хлопцы.
— Адвязвай рыштунак! — скамандаваў Артур Буевіч. — Бярыце скрынкі, валізы і куфэркі ў вазок, перавозьце на грудок, а мы паглядзім, што з ландарай.
Чужапанец панёс на сухое клетку з індыком. Потым разам з Буевічам-старэйшым вынеслі на руках і паставілі на ногі жанчыну, якая божкала і рассыпалася ў падзяках.
Хлопцы пацягнулі з ландары ў вазок дзве доўгія скрыні. Адна — нязвыкла цяжкая, другая — лягчэйшая.
— Ну і ценжар! — крактаў Стасік. — І што тут можа быць? Цвікі, вагі якія?